Таму, мяркую, гледачы сярэдняга і старэйшага ўзросту на прэм’еры «Дзікага палявання караля Стаха» ў Тэатры юнага гледача ўзгадаюць вобразы і з аднайменнага фільма Валерыя Рубінчыка, і з выдатнай оперы Уладзіміра Солтана, якая, перапрашаю за каламбур, папросту аглушае сцэнай палявання. Гэта слушна і натуральна.
Хоцькі-няхоцькі да прэм’еры паводле Уладзіміра Караткевіча ставішся з піетэтам. А вось не схільная да піетэту «Вікіпедыя» сцвярджае, што «сюжэт фільма значна адрозніваецца ад сюжэту рамана, па якім ён быў пастаўлены, і асноўнымі хадамі моцна нагадвае “Сабаку Баскервіляў” Артура Конана Дойла». Уладзімір Караткевіч выклаў адну з народных легендаў Беларусі, заснаваную на гістарычных падзеях, але з сацыяльнай падаплёкай. Можна даведацца, менавіта каму Рубінчыкава стужка нагадвае «Сабаку Баскервіляў»? Мо і «Сонную лагчыну» Вашынгтона Ірвінга? Не друкаваную аўтараву, вядома, а тую, што з Джоні Дэпам? Але пакінем дзіўныя пасажы на сумленні «Вікіпедыі».
Уладзімір Савіцкі ўжо ставіў «Дзікае паляванне...» на Малой сцэне Купалаўскага тэатра. Відавочцы кажуць, што ішлі са спектакля ўзрушанымі. Замкнёная чорная прастора памяшкання надавала дзеянню дадатковага саспенсу. Адны з лепшых сваіх роляў сыгралі ў спектаклі Ганна Хітрык і Раман Падаляка. Мо галоўная праблема тюгаўскага «Дзікага палявання...» якраз у тым, што на акцёраў аніяк не цісне ўвесь бэкграўнд гэтай гісторыі, груз папярэдняга досведу кіна- і тэатральных увасабленняў аповесці Уладзіміра Караткевіча? Яны ўсё пачынаюць з чыстага аркуша.
Чысты аркуш і кароткая памяць — тэндэнцыя. Неяк спытаў у маладога артыста, які рыхтаваў ролю Чацкага, чыё ўвасабленне гэтага вобразу яму бліжэй — Сяргея Юрскага ці, дапусцім, Алега Меншыкава? Каго ён іграцьме — рамантычнага абэлтуха ці сацыяльнага героя? «Ведаеце, — адказаў артыст, — я папярэдніх версій камедыі Грыбаедава не глядзеў, каб яны на мяне не паўплывалі». Праўда, той артыст у тэатры ўжо не працуе.
Мудры Уладзімір Савіцкі на акцёраў не цісне. Аляксандр Гладкі ў ролі Беларэцкага і Марта Шантар у ролі Надзеі Яноўскай — лёгкія, наіўныя і паветраныя. Іх узаемная цікавасць узнікае паступова. Сумесныя сцэны напоўнены трапятаннем. Дубатоўк Ігара Дзянісава разбэшчаны і самаўпэўнены. Усё як мае быць. Але менавіта праз гэта ў нейкі момант становіцца невыносна сумна. Ёсць асобныя, добра і даволі добрасумленна завучаныя ноты, але агульнай акцёрскай музыкі не чуваць. Гульня са святлом, музычнае і сцэнаграфічнае афармленне, выкананыя на бліскучым узроўні, толькі падкрэсліваюць аднастайнасць акцёрскай ігры. Цалкам верагодна, што Тэатр юнага гледача — не тое месца, а «Дзікае паляванне караля Стаха» — не той твор, дзе варта ўпадаць за эксперыментам. Каб пазнаёміцца з мастацтвам тэатра, каб вывучаць і захапіцца творчасцю Караткевіча — спектакль, вядома ж, проста ідэальны. Але мы гутарым, калі дазволіце, па гамбургскім рахунку, памятаючы пра кантэкст, тэндэнцыі і беручы пад увагу тое, што адбываецца наўкола.
Не варта дападаць і да агрэсіі дзеля агрэсіі, якую прадэманстраваў іншы Тэатр юнага гледача ў Мінску на гастролях — маскоўскі. Спектакль «Лэдзі Макбет нашага павету» Камы Гінкаса ўвасабляе, на першы погляд, нарыс Мікалая Ляскова цалкам традыцыйна — калёсы, кажухі, самавар... Марудзіць Валерый Барынаў. Газеллю скача Лізавета Баярская. Але паступова ўзгадоўваецца тая злосная хваравітасць, якую я прыняць ніяк не магу. Гісторыя і без таго беспрасветная (акрамя ўсяго іншага — з дзетазабойствам), а тут яшчэ і Гінкас кажа мне, хітра прымружыўшы вока, маўляў, нікчэмства ты, чалавек...
Тэатр будуецца па цаглінцы. Кожнае пакаленне нясе і мацуе сваю. Можна ўзвесці і асобны будынак па суседстве, але ці доўга ён прастаіць?
Cяргей ПЯТРОЎ