Тым не менш непрыкметна, незаўважна мілая і сціплая Каця Алейнік ператварылася ў яркую і ўпэўненую ў сабе прыгажуню. Адна з вядучых балерын Нацыянальнага тэатра оперы і балета, яна запатрабаваная ў многіх замежных трупах. Як адбылася такая метамарфоза? Пра гэта я паспрабавала даведацца падчас гутаркі з вядомай артысткай.
Кацярына, калі вы заканчвалі вучобу ў нашым харэаграфічным каледжы, уяўлялі, што будзеце танцаваць у ЗША, Эстоніі, Францыі? Ці па прыродзе вы рэалістка, а не летуценніца?
— Яшчэ якая летуценніца! Але не будую «паветраных замкаў». Мае мары — гэта мэты, якія дасягаюцца. У дадатак не люблю доўга знаходзіцца на адным месцы, гэта не спрыяе прафесійнаму росту. Як творчая асоба я ўвесь час у пошуках натхнення і новых праектаў.
У вашым рэзюмэ велізарная колькасць перамог на міжнародных конкурсах: Хельсінкі, Пекін, Берлін, Джэксан (ЗША), Сеул, Масква, Будапешт, Шанхай, Варна... Вам нехта дапамагаў у гэтых паездках — чыста арганізацыйна?
— Збіраючыся на конкурс, шукала ў Інтэрнэце ўмовы, асаблівасці канкрэтнага спаборніцтва. Рыхтавала дакументы, займалася анкетамі, візамі, квіткамі. Напэўна, магу ўжо ў турыстычным бізнэсе працаваць (са смехам).
Гэта значыць, ніякіх агентаў у вас няма?
— Не. Усё сама. Сама шукала партнёраў. Спачатку танцавала сола. Потым мне падказалі, што лепш выступаць дуэтам. Калі ты адна на сцэне, то варыяцыя доўжыцца хвіліну. А ў дуэце можаш паказацца больш разнапланава. У па-дэ-дэ ёсць і адажыа, і варыяцыі. І лірычныя тэмпы, і хуткія.
Бачыце, колькі тонкасцей! Пакуль «не нырнеш» у гэтую прастору, то не зразумееш і не здагадаешся!
— З кожным конкурсам адкрывала нешта новае для сябе. У журы заўсёды хапала легендарных асоб, знакамітых артыстаў: Юрый Грыгаровіч, Мая Плісецкая, Валянцін Елізар’еў, Уладзімір Малахаў, Ніна Ананіяшвілі, Сяргей Філін, Андрыс Ліепа — гэта толькі невялікі спіс зорак балета, перад якімі мы выступалі. Табе падказваюць, штосьці рэкамендуюць. І да такіх парад заўсёды прыслухоўваешся. На конкурс прыязджае шмат яркіх выканаўцаў. Ты вучышся, калі бачыш, што і як танцуюць салісты з розных краін.
На конкурсе ў праграме ІІ туру трэба выконваць нумар сучаснай харэаграфіі. Пажадана новы і арыгінальны. З кім вы часцей супрацоўнічалі з нашых ці замежных балетмайстраў?
— З Раду Паклітару, Дзмітрыем Залескім, Дзмітрыем Куракулавым. Кожны раз гэта была, як правіла, мая ініцыятыва. Шмат чаго падказваў Канстанцін Кузняцоў, які быў маім партнёрам на некаторых конкурсах. У яго багаты вопыт супрацоўніцтва з сучаснымі харэографамі, ён неаднаразовы лаўрэат конкурсаў, цяпер спрабуе сябе як пастаноўшчык.
На адным з маіх першых спаборніцтваў параілі, што да выбару нумароў сучаснай харэаграфіі трэба падыходзіць надзвычай адказна. З таго часу я так і рабіла. У Варне ў 2006 годзе ўбачыла нумар «Мы танцуем Пергалезі» ў харэаграфіі Раду. Яго вельмі добра прымала публіка. У ім былі і свежасць, і гумар, і нечаканы фінал. Папрасіла Раду станцаваць яго (разам з Ягорам Азаркевічам) на конкурсе ў Маскве. Акрамя гэтага нумара, танцавала і «Мазурку», таксама ў харэаграфіі Паклітару.
Мініяцюра «Крохкі вечны рай» сачынялася Дзмітрыем Куракулавым для спаборніцтва ў Джэксане (гэта 2010 год). На амерыканскім конкурсе яна зрабіла літаральна фурор. У 2012-м у Хельсінкі я ездзіла з яркім нумарам Дзмітрыя Залескага «Ma Benz». Уражанне ад яго ў публікі і журы засталося вельмі моцнае. Фактычна ён быў прызнаны лепшай харэаграфічнай мініяцюрай конкурсу.
А музыку для нумара самі шукаеце?
— Звычайна мне прапаноўвалі. Лічу, балетмайстар лепш ведае, на якую музыку ён хацеў бы паставіць. Сучасная харэаграфія развіваецца вельмі хутка. Калі з нумарам, які выклікаў захапленне, выступаеш праз два гады, то ён успрымаецца як звычайны. Маўляў, нічога асаблівага!
Значыць, гледачу ўжо не хапае вастрыні ўспрымання, новых падыходаў. Цікава, калі нумары рабілі на вас, харэографы прыходзілі з гатовым малюнкам або ў зале вы разам вырашалі: падыходзіць або не, атрымліваецца — не атрымліваецца?
— У большай ступені шукалі. Таму што ў нас няма моцнай падрыхтоўкі ў сучасным танцы. Спачатку было вельмі цяжка...
Таму што ўсё іншае — рух ног і рук, цела...
— Нумар «Крохкі вечны рай», які ставіў Дзмітрый Куракулаў, мы ездзілі рэпетаваць у Гродна, дзе ў харэографа свой калектыў. Спачатку Дзмітрый даваў нам з Косцем Кузняцовым асобныя камбінацыі рухаў, каб убачыць, што мы можам зрабіць і наколькі арыгінальна гэта выглядае. А потым гэтыя камбінацыі ён неяк хутка звязаў у нумар. Падчас працы з Залескім над «Ma Benz» таксама прыходзілі, спрабавалі-спрабавалі. Нешта пакідалі, нешта змянялі.
Да якога ўзросту артысты балета ўдзельнічаюць у конкурсах?
— Звычайна да 26 гадоў. Але ўсе конкурсы, на якія хацела патрапіць, я наведала. Калі пабываеш на балетных спаборніцтвах у Маскве і Варне, па сутнасці эпахальных, даўно створаных, то разумееш, што астатнія конкурсы менш значныя.
Чый балетмайстарскі стыль вас вабіць?
— Было б цікава танцаваць харэаграфію Фарсайта, Кіліяна. Паспрабаваць стыль Джона Кранко, Кенета Макмілана, Джэрома Робінса. Калі іх яшчэ можна назваць сучаснымі пастаноўшчыкамі, бо гэта хутчэй ужо «новая класіка».
Цікава, як узнік кантракт з Вашынгтонскай балетнай трупай? Пасля прыза, атрыманага на конкурсе ў Джэксане?
— Гэтыя падзеі не звязаны адна з адной, але конкурс дапамог. Мяне заўважылі і парэкамендавалі. Я не ведала дырэктара гэтай кампаніі, мяне ўзялі ў трупу нават без папярэдняга прагляду, хоць ужывую не бачылі наогул, а запрасілі выключна па відэа і рэзюмэ. Зразумела, што такога досведу ў трупы раней не было.
У Вашынгтоне я выступала адзін сезон. Калектыў мае своеасаблівы рэпертуар, для мяне незвычайны і нязвыклы. У беларускай трупе я танцавала пераважна класічныя балеты, а сучасную харэаграфію — часцей на конкурсах. Там давялося працаваць з contemporary dance. Спачатку было складана, але я паступова ўцягнулася. У канцы сезона ўсё наладзілася, нават шкада было з’язджаць. Але сумавала па нашай сцэне, па тым рэпертуары, які ідзе ў Мінску. Таму вырашыла: больш разумна перабрацца ў Еўропу, арыентавацца на еўрапейскія кампаніі і захоўваць сувязі з беларускім тэатрам.
Вашынгтонская трупа мае ўласную сцэну і будынак?
— Яны выступаюць у «Кенэдзі-цэнтры». Акрамя балета, там месцяцца Нацыянальная опера і Нацыянальны сімфанічны аркестр. А рэпетуюць балерыны і танцоўшчыкі ў студыі, якая знаходзіцца на прыстойнай адлегласці ад сцэнічнай пляцоўкі. У «Кенэдзі-цэнтры» некалькі сцэн, розныя спектаклі могуць ісці паралельна. У рэпертуары нашай трупы былі балеты «Шчаўкунок», «Жызэль». Дастаткова арыгінальнымі аказаліся спектаклі «Рустэр» на музыку «Ролінг Стоўнз» і дзве пастаноўкі на «Бітлз». Гэта «A Day in the Life» (харэаграфія Трэя Макінтайра) і «There Where She Loved» (харэаграфія Крыстафера Уілдана).
Ведаю, што Вашынгтонская трупа працуе па сістэме стаджоне. Гэта значыць, спектакль зрабілі, пракатваюць, потым здымаюць з рэпертуару. І пачынаюць рыхтаваць наступны. У чым плюсы і ў чым мінусы гэтай сістэмы? У рэпертуарным тэатры артыст, калі ён выконвае пэўную партыю раз на месяц ці раз на некалькі месяцаў, паспявае нешта падзабыць у пластычным малюнку. Потым на рэпетыцыях успамінае. У гэтым хараство навізны, вяртання. Калі кожны дзень ідзе той самы спектакль, не надакучае салісту раз за разам выконваць адну і тую ж ролю?
— Для мяне гэта было крыху дзіўна, паколькі ў рэпертуарным тэатры кожны раз — новыя вобразы і новыя пачуцці. У Амерыцы мне не хапала адчування сцэны. Калі ў Мінску лічыцца нармальным як мінімум два выхады на сцэну ў месяц, то ў Вашынгтоне мы маглі месяц толькі рэпетаваць і не мець ніводнага спектакля. А для артыста сцэна — як паветра, як наркотык, без якога жыццё быццам губляе фарбы. Згодная, калі пастаноўка ідзе кожны дзень, ёсць у гэтым і элемент механічнасці. Мне здаецца, там няма такога паняцця, як у нас, — танцаваць з адкрытай душой.
«Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» вы танцуеце ў розных краінах. І ўсюды розныя рэдакцыі, розная чарговасць рухаў. Як не заблытацца? Бо ў свядомасці танцоўшчыкаў канкрэтная музыка з’яднаная з пэўнай пластыкай.
— Калі прыязджаю ў Мінск, то «выключаю» іншыя рэдакцыі. Калі прыязджаю ў Талін, то свядома забываю тое, што рабіла тут. Улічваю і тое, што сцэна ў Таліне меншая, чым у Мінску.
Калі танцуеце ў «Лебядзіным возеры», то якая з гераінь вам псіхалагічна бліжэй — трапяткая і пранікнёная Адэта або эфектная і бліскучая Адылія?
— Дарэчы, пасля апошняга «Лебядзінага» ў Мінску мне задавалі гэтае пытанне. Думаю, усё залежыць ад настрою. Тыя, хто ішлі на мяне глядзець, думалі, што і ў жыцці я — «белы лебедзь».
Але да безабароннай ахвяры вы не надта падобная. Або да чалавека, які залежыць ад абставінаў. З такім характарам! Бо сваю жыццёвую лінію ведзяце дакладна і паслядоўна.
— Мабыць, той, хто пытаўся, не да канца мяне ведаў...
Яркі кантраст жаночых вобразаў ёсць і ў «Баядэрцы». Тады хто вам бліжэй — Нікія, храмавая танцорка, якая гіне ў выніку інтрыг, або Гамзаці, усёмагутная дачка раджы?
— Нікія цікавей — разнастайнасцю эмоцый, багаццем пластыкі. А ў партыі Гамзаці мне не хапае развіцця.
Чый уплыў на вас — у сэнсе і балетнай тэхнікі, і прыёмаў працы над вобразамі — апынуўся самым значным?
— У каледжы гэта, вядома, Вольга Лапо. У тэатры над класічнымі партыямі са мной шмат працавала Таццяна Яршова. Вядучыя ролі ў балетах «Карміна Бурана», «Бахчысарайскі фантан» я рыхтавала з Таццянай Шаметавец. Многаму вучылася і падчас паездак, глядзела, як займаюцца ў іншых трупах. Там іншыя ранішнія класы, іншая школа. Глядзела і імкнулася ўсяму вучыцца, пераймаць самае каштоўнае.
Станцаваўшы ў Мінску шэраг вядучых партый, вы адправіліся ў Талін. Гэта значыць, бягучы сезон у вас беларуска-эстонскі. Але згадвалі і пра супрацоўніцтва з французскай трупай.
— «Le palais d’hiver» — прыватная кампанія, яна ўзнікла ў верасні 2014-га. Знаходзіцца ў Тулузе, але паказвае пастаноўкі па ўсёй Францыі. Летам і восенню мы далі некалькі спектакляў «Маленькі прынц». Гэта разгорнуты балет у дзвюх дзеях, пастаўлены французскім харэографам Франсуа Мадзьюі. Ён вучыўся ў Парыжы, працаваў у трупе Марыса Бежара, ва ўсіх буйных французскіх кампаніях. Музычнай асновай «Прынца» сталі фрагменты з класікі, але пластычная мова спектакля сучасная. У балетмайстра вельмі цікавы стыль. У дадатак з ім лёгка і прыемна працаваць. Я выконваю ў пастаноўцы дзве партыі, Зоркі і Змяі.
А як справы з французскай мовай?
— Вучыла яе ў школе, штосьці ўспомніла. Знаходзячыся ў пэўным моўным асяроддзі, пачынаеш арыентавацца. Пасля працы ў Амерыцы ўзнікла звычка многае ўспрымаць з лёту. Слухаеш, разумееш — і ўжо можаш пакрысе размаўляць.
А ці ёсць нейкія планы, сумесныя з французскай трупай?
— Так. Але, шчыра кажучы, баюся пра іх казаць. Бо ўсё мяняецца. Планавалі «Лебядзінае возера», «Даму з камеліямі». Але планы паказу спектакляў перайначыліся.
Напэўна, пасля выбухаў і тэрактаў?
— Цяпер французскія гледачы не хочуць ісці ў тэатры, купляць квіткі. Напэўна, павінен прайсці нейкі час, каб гэты страх забыўся.
І ўсё ж мне здаецца, што па характары вы аптыміст. І на сумныя думкі ў вас проста няма часу.
— Так. Але калі «накрывае», спрабую сябе вывесці з такога стану. З дапамогай пазітыўнага настрою. Бо я згодная з Паўла Каэлья, які казаў, што ўсё заўсёды сканчаецца добра, а калі ўсё скончылася дрэнна, значыць, гэта яшчэ не канец.