Шырлі, ведаю: вы былая артыстка Нідэрландскага тэатра танца (NDT). Як вы прыйшлі ў гэты калектыў і ці доўга там выступалі?
— У балетнай школе ў мяне была мара патрапіць у трупу Nederlands Dans Theater. Тэатр знаходзіцца ў Гаазе, а я якраз з гэтага горада. Калі прайшла адбор і мяне прынялі ў калектыў, мой настаўнік дастаткова моцна нерваваўся і нават раззлаваўся, бо заўсёды бачыў мяне класічнай балерынай, а не танцоркай contemporary. Вучылася чатыры гады ў малодшай трупе, потым мяне ўзялі ў вялікую трупу. Але ўсё-такі хацелася танцаваць і на пуантах, паспрабаваць сябе ў класічным балеце. Таму на год з’ехала працаваць у балет Монтэ-Карла, аднак потым вярнулася ў NDT. Мне вельмі спадабалася ў Францыі, але наш тэатр па духу бліжэй, чым класічны.
Я танцавала ў NDT да сезона 2009/2010. Сёння працую з кіліянаўскімі балетамі ў розных краінах — Англіі, Латвіі, Расіі. Ставіла «Шэсць танцаў» у ЗША. Яшчэ некалькі балетаў Кіліяна паставіла ў Чэхіі і Францыі. Пасля прэм’еры ў Мінску буду рабіць спектакль у Монтэ-Карла. Паколькі Іржы Кіліян больш не з’яўляецца дырэктарам Nederlands Dans Theater і не прывязаны да пэўнай трупы, ён працуе па свеце — у Германіі, Даніі, Францыі, дзе кіруе пастаноўкамі ўласных твораў. Некалькі новых праектаў ён падрыхтаваў з былымі артыстамі Нідэрландскага балета. У Nederlands Dans Theater ён не працуе, там абсалютна новы рэпертуар, і, на жаль, не ідуць ніякія спектаклі Кіліяна.
Мне падабаецца дапамагаць пры стварэнні пэўнага балета, працаваць коўчам, асістэнткай харэографа — як педагогу мне ёсць што даць артыстам. Таму выкладаю ў некалькіх харэаграфічных школах — у Нідэрландах і іншых краінах.
Творы вядомага майстра, перанесеныя вамі на беларускую сцэну, уваходзяць у праграму «Чорна-белыя балеты» Іржы Кіліяна, якая ўвогуле складаецца з сямі невялікіх спектакляў. Ці танцавалі вы самі ў дадзенай праграме?
— Я танцавала ва ўсіх спектаклях праграмы, акрамя аднаго, які пастаўлены выключна для мужчын і называецца «Сарабанда». Мы прадстаўлялі «Чорна-белыя балеты» ў Галандыі і ў гастрольных турах па ўсім свеце.
Што аб’ядноўвае «Шэсць танцаў» і «Маленькую смерць»? І чым яны адрозніваюцца?
— Гэта дзве зусім розныя пастаноўкі, іх складана параўноўваць. Першы балет вельмі дынамічны, у якім ад саліста патрабуецца нават больш акцёрскай ігры, чым танца, патрабуецца ўменне прадставіць камічнага героя або адмоўнага персанажа, пры гэтым вельмі хутка рухаючыся. У той час як «Маленькая смерць» больш лірычны, чысты. У гэтай пастаноўцы вельмі высокія стандарты класічнага руху. І справа не толькі ў тэхніцы выканання. Артысты павінны шмат рухацца і ведаць, як расслабляць уласнае цела.
«Шэсць танцаў» — досыць смешнае, камічнае прадстаўленне, але толькі на першы погляд. У спектаклі закладзена нямала глыбокіх ідэй. Вядома, дзеянне адбываецца ў часы Моцарта, але калі паглядзець на сюжэт, можна сказаць: балет адлюстроўвае і сённяшняе жыццё ў сучасным тэатры. Спектакль пра тое, што адбываецца за кулісамі якога заўгодна тэатральнага калектыву: раманы, здрады, плёткі, канкурэнцыя. Жыццё ўнутры трупы абыграна цікава і з гумарам.
«Маленькую смерць» (словазлучэнне «Le Petit Mort» у французскай мове іншасказальна азначае аргазм — заўв. рэд.) часта называюць эратычным балетам, але гэта занадта прамалінейнае вызначэнне. Я б сказала, што харэограф вытанчана і далікатна паказвае пачуццёвыя адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі. Кіліян ствараў гэты балет не для таго, каб увасобіць эротыку, таму не варта акцэнтаваць на гэтым. У першую чаргу — пачуццёвасць. Гэта балет, які з добрым густам распавядае пра жыццё і адносіны.
Як працуе з танцоўшчыкамі ваш настаўнік Кіліян?
— Ён вельмі крэатыўны з артыстамі, ніколі не скажа, маўляў, трэба рабіць так, і не іначай. У яго заўсёды ёсць новыя ідэі, якія ён абмяркоўвае з артыстамі: «О, давай паспрабуем!» Іржы Кіліян тлумачыць, што яму падабаецца ці не падабаецца, ён раіць, як лепш рухацца, але ніколі не камандуе. Рэпетуе з кожным артыстам, і таму атрымліваецца супрацоўніцтва. Гэта фантастыка! Не ўсе харэографы працуюць так. Яму імпануюць асобы. Для яго важная непаўторнасць, індывідуальнасць выканаўцы — не толькі прыгожыя фігура і цела, але тое, як выяўляе сябе кожны канкрэтны саліст.
Па якіх яшчэ крытэрыях адбіраюцца танцоўшчыкі?
— Кіліян працуе з класічнай тэхнікай, з прыгожымі лініямі і рухамі. Яго спектаклі ў стылі contemporary ўсё роўна заснаваныя на класіцы. Калі ў Іржы ёсць час, ён прыязджае на прэм’еру ці за тыдзень да яе парэпетаваць з артыстамі на сцэне ці ў студыі, адшліфаваць пэўныя нюансы. Безумоўна, я б хацела, каб ён прыехаў у Мінск, але на гэты раз у яго не атрымалася. Тым не менш мы былі ў кантакце ўвесь час, і Кіліян вельмі цікавіўся, як ішоў працэс падрыхтоўкі спектакля.
Колькі тэатраў балета ў Нідэрландах?
— Галоўная з класічных кампаній — Нацыянальны балет Нідэрландаў у Амстэрдаме. Затым NDT. Існуе таксама некалькі недзяржаўных балетных труп, якія займаюцца contemporary, іх было болей, але пасля крызісу многім давялося зачыніцца. Усе тэатры фінансуюцца дзяржавай.
Як вы лічыце, балет цяпер такі ж актуальны, як раней?
— Думаю, вельмі важна захаваць класічную школу, класічны танец. Але маладое пакаленне не надта хоча хадзіць у тэатр і глядзець толькі класіку. У вас, у Беларусі, традыцыйна шануюць класічны танец і музыку. У Галандыі досыць складана завабіць моладзь на класічны балет. Ім падабаюцца вулічныя танцы, хіп-хоп, брэйк-данс — усе танцы і шоу, якія прымушаюць людзей рухацца, зараджаюць драйвам, але гэта відавочна не класіка. І такая тэндэнцыя не толькі ў нас, але і ва ўсёй Еўропе.
Ёсць вялікая цікавасць да танца, але не да тэатра. Таму тэатр пастаянна думае пра тое, як прыцягнуць новае пакаленне. У сувязі з гэтым тэлебачанне прапануе сёння вялікі выбар танцавальных конкурсаў, што, вядома, выдатна, бо гэта стымулюе цікавасць да розных відаў танца. Аднак каб паглыбіцца ў сутнасць, стаць прафесіяналам, трэба доўгія гады трэніроўкі. Але не ўсе сучасныя танцоўшчыкі гатовыя выдаткаваць восем гадоў на вучобу, як гэта было раней.
У тэатр, дзе пануе contemporary, напэўна, прасцей прыцягнуць новае пакаленне гледачоў?
— Не ўпэўнена. Многія не разумеюць і не могуць ацаніць сучасны танец — гэта для іх занадта складана. Больш дарагімі становяцца квіткі ў тэатр. Мы багата гастралюем у нашай краіне, ставім шмат розных спектакляў, ды толькі не магу сказаць, што залы поўныя заўсёды. Але падчас гастроляў у іншых краінах залы распрададзеныя цалкам. Трэба памятаць: сучасны танец не такі грандыёзны, як вялікія класічныя балеты. Гэтым моцныя танцоўшчыкі рускай школы, на класіцы яны ўдала спецыялізуюцца. Таму такім поспехам карыстаюцца ў еўрапейскіх балетаманаў гастролі расійскага і беларускага балетаў.
Як вам працавалася з беларускай трупай?
— Была рада бачыць артыстаў, з якімі мела справу раней, падчас пастаноўкі «Шасці танцаў». Салісты прафесійна выраслі за тры гады, і гэта вельмі прыемна назіраць. У новай пастаноўцы ўдзельнічаюць Такатошы Мачыяма, Надзея Філіпава, Канстанцін Кузняцоў, з якімі мы працавалі ў «Шасці танцах». І выдатна, бо я ведаю індывідуальны стыль кожнага з іх. Але для «Маленькай смерці» я паспрабавала знайсці таксама і новыя імёны. Натуральна, хацелася мець нашмат больш часу для падрыхтоўкі прэм’еры. Але гэта заўсёды пытанне занятасці, маёй і артыстаў.
Беларускія танцоры маюць выдатную класічную тэхніку, якая сведчыць пра вельмі высокі ўзровень прафесіяналізму. У класічным танцы выканаўцы заўсёды прыгожыя, вытанчаныя, а ў contemporary часта трэба крыўляцца, быць смешнымі ці нават выродлівымі. У акадэмічным танцы артысты прызвычаіліся да абсалютна іншых рухаў, прывыклі пазіраваць. Калі ў класічным спектаклі танцоўшчыкі бягуць, яны робяць гэта, таксама выразна пазіруючы, а ў contemporary трэба бегчы больш натуральна, як быццам ты даганяеш аўтобус. Таму я ім кажу: часам будзьце непрыгожымі. Бывае, ад танцора патрабуецца нават больш акцёрскай ігры, чым уласна танца: увасобіць камічнага героя ці адмоўнага персанажа. Пры гэтым яны павінны хутка рухацца.
Вядома, ёсць людзі, у якіх атрымліваецца смяшыць лепш, чым у іншых — гэта ад прыроды. А некаторым даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў, пераадольваць уласную сарамлівасць. Я заўсёды спрабую ставіць балет як мага бліжэй да арыгіналу — у спектаклі ўсё адбываецца вельмі хутка. З іншага боку, у класічных танцоўшчыкаў шмат пераваг у параўнанні з трупамі, дзе выконваюць толькі contemporary, бо ў балеце «Маленькая смерць» дастаткова класічнай лексікі. Магу памыляцца, але мне здавалася, што вашы артысты атрымлівалі задавальненне ад нашых рэпетыцый.
Беларускія гледачы гадаваліся на класіцы, гэта вашы карані. Думаю, новая пастаноўка павінна спадабацца беларускім тэатралам, бо гэты спектакль, з’яўляючыся сучасным, мае ў пластычным малюнку шмат класічных элементаў. Ён лірычны — і па харэаграфіі, і па змесце.
Вольга САВІЦКАЯ