З усіх прыбалтыйскіх краін Эстонія для нас найбольш загадкавая: на памяць прыходзяць кананічныя кнігі па шрыфтавым мастацтве ад легендарнага Вілу Таотса, дэкаратыўныя працы Вівэ Толі, заснавальніцы цэлага напрамку ў графіцы. Куратар Лойт Йыекалда, які сам з’яўляецца вядомым графікам і ўдзельнікам выстаўкі, адабраў для экспанавання 108 графічных твораў 44 мастакоў.
Свае працы майстры стварылі ў фармаце малых формаў — зыходзячы з памеру рамак 35х30 см. Аднак здавалася, што залы галерэі былі проста перапоўнены свежым паветрам і прасторай, тымі фарбамі — блакітнай марской, суворай, тарфянай чорна-карычневай, някідкай хваёва-мохавай зялёнай.
У артыкуле мастацтвазнаўца Вапу Турлаў адзначаў, што «характэрны стыль эстонскіх графікаў кажа пра медытатыўнасць, глыбіню ўжывання ў вобраз, вернасць натуральным рухам рукі мастака».
«Нават тыя графікі, якія выкарыстоўваюць лічбавую тэхніку, выпрацавалі адметны стыль самавыяўлення, заснаваны ў асноўным на пэўных тэхнічных прыёмах. Так працуюць у студыі лічбавага друку мастакі Пэтар Лаўрытс і Эркі Мерыла, а эстонскія аматары мастацтва беспамылкова пазнаюць эфектныя работы Мал Нуке, аздобленыя ліставым золатам», — падкрэсліў мастацтвазнаўца.
Арабскія літары і лічбы Мае Хельм, незвычайны, празрысты «Горад ля Міжземнага мора» Марэ Шруба, эфектна-загадкавыя гісторыі з «Трох колераў» Кадзі Курэма, складанаарыстакратычны паводле структуры і гармоніі каларыту «Каляровы» трыпціх ужо добра знаёмага мінскім гледачам па сваёй персанальнай выставе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва некалькі год таму Ілімара Паўла...
Але па асаблівым ўздзеянні вылучу праставаты на першы погляд блок-прынт «Снег» Ану Кальм. На беласнежным фоне трох аркушаў з пэўнага ракурсу можна ўбачыць эфектную і трохі іранічную гульню аўтара з нашым традыцыйным позіркам на прастору твора. Гульню, пабудаваную, як і ўсё геніяльнае, на простых прыёмах.
Выстава «MINIPRINT Талін — Мінск 2016» мела безумоўны поспех сярод абазнаных гледачоў. У сацыяльных сетках спіс прывезеных імёнаў нават выклікаў вострае абмеркаванне наконт крытэраў выбару і адсутнасці тых персаналій, якія, на думку дыскутантаў, павінны былі б абавязкова прысутнічаць у любой рэпрэзентацыі сучаснай эстонскай графікі. Але ж найноўшы арт — гэта поле суб’ектыўнасці крытэраў і свабоды куратарскага выбару. Трэба падкрэсліць, што асаблівае захапленне выстава выклікала менавіта ў прафесійным асяроддзі беларускіх графікаў. Нашы мастакі, якія адначасова з’яўляюцца і выкладчыкамі Акадэміі мастацтваў, скарысталі магчымасць правесці ў прасторы экспазіцыі адкрытыя ўрокі для студэнтаў першых курсаў творчай ВНУ, каб распавесці на навочных прыкладах аб культурных узаемадзеяннях мастакоў.
Андрэй Янкоўскі