Цудоўная пастаноўка, што за паўтара дзесяцігоддзя заслужыла высокія ацэнкі тэатральных крытыкаў і мела захапленні гледача па ўсім свеце, годна «выправілася адпачываць». Філасофскі ж парадокс фестывалю ў наступным: тут паўстае асоба ў безасабовым свеце, што выклікае ўзрушальную шчырасць пачуцця і цела.
Погляд на танец, які знішчае стэрэатыпы мыслення, ставіць іншыя сацыякультурныя акцэнты ў мастацтве наогул, тут грае на філасофію «цела ў прасторы». Ён «прыдумляе» для аўтарскага выказвання новыя/авангардныя формы і спосабы ўзаемадзеяння з рэальнасцю, і праз іх дакладна адгадваюцца эмоцыі, пачуцці і намеры.
Вядома, эстэтыка сучаснай харэаграфіі выкарыстоўвае часам самыя дзіўныя тэндэнцыі сумежных мастацтваў. Тут і музычныя фолк, класіка і мадэрн, і эфекты лазернага і светлавога шоу, і сучасны жывапіс ці ф’южн-адзенне, а таксама эфектныя маўленчыя ды галасавыя практыкі. Адпавядаючы патрабаванням вытанчанага густу, яна, эстэтыка, падахвочвае думаць, дадумваць, імправізаваць. Хто можа быць больш патрабавальным за ўдзячнага гледача!
Як пісаць пра сучасны танец? Не існуе адназначнага «кананічнага» адказу на гэтае пытанне, бо танец у такой ступені відазмяніўся, што, мабыць, тут страчана паняцце «мастацтва». Харэографы і танцоўшчыкі, імкнучыся адысці ад звычайнага прачытання тэмы, прыходзяць да псіхалагічнага мадэлявання рэальнасці на сцэне, арыентуючы гэтую рэальнасць на ўнутраны свет чалавека. Акцэнт сёння зроблены на інтравесійны складнік героя і раскрываецца ў дынаміцы танца і пантамімы. Характэрна: амаль заўсёды герой не атаясамліваецца з вобразам, ён ператвараецца ў Чалавека з яго штодзённымі пытаннямі спасціжэння сябе ў свеце і свету ў сабе. Тут не дамінуе традыцыйная рэжысура, бо Чалавек выяўляцца не праз маску, але праз сваю існасць. (Гэта датычыць і ўжо згаданага спектакля «ДК Данс — Рытуал развітання» Вячаслава Іназемцава, і пастаноўку «Пакой 40» польскага харэографа Мацея Кузьмінскага.) Адсюль узнікае патрэба агалення, шчырасці цела: яго прыгажосці або звыродлівасці, натуральнасці эмоцый і глыбіні пачуццяў.
Так нараджаецца і глядацкі адказ. Калі адчуваем, што паказанае нас бянтэжыць, або, наадварот, захапляемся гэтай адкрытасцю. І разам з танцоўшчыкам генерыруем у сабе жаданне сузіраць, удзельнічаць, атрымліваць асалоду (пастаноўкі «Ніжынскі. Свята сноў» Томаша Выгоды і «Insight» Януша Орліка). Думаю, таму вызначэнне «перформанс» найбольш актуальнае для гэтага віду мастацтва, яно гнуткае і дапускае шматпланавасць танца/пантамімы, іх псіхадэлічную напоўненасць.
Артысты ўвасабляюць простыя жыццёвыя тэмы, пазбаўленыя ўсякай надуманай манернасці. Жыць — і «выжыць, або перамагчы»; любіць безумоўна або расчароўваючыся (праекты «Блізкасць» студыі «Skyline» і «Паравіны года» тэатра-студыі Дыяны Юрчанка); звар’яцець ад агрэсіўнасці знешняга свету або стварыць свой свет, здольны зрабіцца магутнай сілай («Stalking Paradise» Люблінскага тэатра танца, «Было — не было» ад гродзенскай «Галерэі», «Зерне» — праект мінчаніна Сяргея Паяркава).
Ствараецца адчуванне, што і пастаноўшчыкі, і артысты не хочуць «грымас на публіку», яны ўвесь час залучаюць гледача ў дыялог, дзе ўсё натуральна: бруд, мыла, ускудлачаныя валасы, пот, цяжкае дыханне і, вядома, гукі. Пра гэта прымушаюць падумаць такія спектаклі, як «Смерць 24 кадры ў секунду, або Зрабі мне так, як у сапраўдным фільме» Агаты Сінярскай, «Стыгма» Кіт Джонсан, «Intro» Тэатра танца «Адлюстраванні»). Тут няма спаборніцтва сярод сцэнічных прачытанняў — кожнае ўспрымаеш нібы новы раздзел Боскай інтэрпрэтацыі жыцця. Такая прэм’ера «I’m OK» магілёўскага калектыву «Laboratory Figures Oskar Schlemmer». Акцёрскія працы, несумненна, вартыя захаплення!
Асаблівасць сучаснай пластыкі, на мой погляд, у вытанчанай, амаль непрыкметнай для вока імправізацыі. Яна, напэўна, і з’яўляецца рухавіком танца як асновы пластычнай драмы. Імправізуючы, перформер наўмысна адыходзіць ад «бачнага» канону, акцэнтуе не шаблон, але волю, не розум, але пачуццё, не дэкарацыю, але ўласна цела. Такім чынам узаемадзейнічаюць лёд і полымя. Думаецца, «фішка» мадэрну менавіта ў сінергізме — сцэны і аўдыторыі, у захапленні тым пачуццём агульнасці, даступным абсалютна любому гледачу. Менавіта таму, што ён — Чалавек!
Падзяка арганізатарам і ўдзельнікам фестывалю. Асобная падзяка гасцям-крытыкам — Ганне Круліца, Ядвізе Грабоўскай, вядучым танц-майстар-класаў Агаце Сінярскай, Янушу Орліку, Мацею Кузьмінскаму, Хігіну Дэлімату, Аўроры Любас.
Марына МДЫВАНІ