1. Няведанне фармату дзейнасці галерэі
Азнаёміцца з фарматам можна, папросту кінуўшы вокам на сайт установы, але часцяком аўтары не абцяжарваюць сябе і такім заняткам. Разаслаўшы некалькі дзясяткаў лістоў з прапановай разгледзець працы і зладзіць адзін-два сумесныя праекты, мастакі праяўляюць пэўную ступень непавагі, калі не знаходзяць часу на знаёмства з шэрагам папярэдніх выстаў, спектрам дзейнасці галерэі і яе канцэпцыяй. Перш чым звярнуцца да дакладнай інстытуцыі, даведайцеся, ці сугучнае ваша партфоліа асноўнаму кірунку галерэі.
2. Адсутнасць выразнай пазіцыі і ідэі
Галоўная фраза безыдэйнага мастака — «А што б вам было цікава выставіць? Што вы хочаце, тое і зраблю». Бескаркасная пазіцыя выглядае горш за відавочна слабыя працы. Тут напаказ усе хібы: непрафесіяналізм, нізкая самаацэнка, няздольнасць да ўзаемавыгаднай работы. Да таго ж, калі нейкая іншая ўстанова прапануе лепшыя ўмовы, такі мастак хутка перанакіруецца туды з каронным «што б было цікава вам», зніштажаючы і свой аўтарытэт, і выдаткаваны галерэйнымі супрацоўнікамі час.
3. Візіты без папярэдняй дамоўленасці
Яшчэ горш — візіты без папярэдняй дамоўленасці з вялікімі тэчкамі прац і ўпэўненасцю, што калі ўжо вы прыйшлі і прынеслі свае работы, вас абавязкова павінны прыняць і выдаткаваць неабходны для прагляду і кансультацыі час. Адзінае, што вы можаце зрабіць без дамоўленасці, — патэлефанаваць адміністратару і спраўдзіць, ці не трапіў у тэчку «Спам» ваш ліст, што вы дасылалі два тыдні таму, са спасылкамі на ваша партфоліа і шчырай удзячнасцю за хвіліны, якія галерысты правялі, разглядаючы вашу творчасць.
4. Занадта доўгія лісты
А таксама занадта цяжкія файлы, часцяком яшчэ і заархіваваныя, якія могуць заблакаваць працу паштовай скрыні і адбіваюць усякае жаданне з імі знаёміцца.
5. Неадэкватнае ўспрыманне працы галерэі
Стандартная сітуацыя: прынесці партфоліа за месяц ці два да меркаванага мастаком адкрыцця, а даведаўшыся, што планы галерэі распісаныя на год, а то і на два наперад, — моцна здзівіцца.
6. Адсутнасць прэзентацыйных навыкаў
Перш чым прызначаць сустрэчу або запрашаць на прагляд работ у майстэрню, вам неабходна падрыхтаваць шэраг характэрных работ у электронным выглядзе для папярэдняга прагляду, пасля знаёмства з якімі галерыст зможа скласці сваё меркаванне аб мэтазгоднасці сустрэчы, візіту ці нават выставы. А часам не блага б было мець уласнага менеджара: як правіла, таленавіты мастак не здольны ў дастатковай ступені прасоўваць сябе, і камунікацыя «мастак — галерыст» нагадвае размову двух разнамоўных іншапланецян. Таму са свайго каўчэга выпускайце наперад голуба, і няхай ён вяртаецца з добрымі навінамі.
7. Адначасовае супрацоўніцтва з некалькімі галерэямі
У гэтым пункце гаворка не ідзе пра камерцыйны фармат супрацоўніцтва. Аднак і пры варыянце супрацы праз продаж твораў нельга хлусіць пра наяўнасць вашых работ у іншых галерэях горада і дакладна нельга прапаноўваць да рэкламавання адны і тыя ж працы ў розных установах.
Многія мастакі, плануючы выставу ў адной галерэі, праводзяць яшчэ некалькі выстаў у іншых за адзін перыяд. Гэта непрафесійна — ніводная з інстытуцый не зможа ўзяць на сябе адказнасць за ўнікальны піяр і вы папросту застаняцеся без добрай рэкламы і без чарговых прапаноў да працы.
8. Зносіны праз «агента»
Сітуацыі, калі замест мастака прыходзяць сваякі юных і не вельмі дараванняў і шчыра не разумеюць, чаму тварэнні іх дзіцяці/мужа/сястры нельга выставіць у галерэі, пакідаюць непрыемнае адценне ва ўспрыманні асобы мастака і яго прац. Калі ласка, забараніце сваім бліжнім і сябрам «прасоўваць» вас любымі спосабамі, акрамя набыцця вашых работ ва ўласную калекцыю.
9. Неэтычныя паводзіны
На адкрыцці выставы іншага мастака ў галерэі або ў якім-небудзь публічным месцы прапанаваць галерысту абавязкова паглядзець працы з просьбай тэрмінова зрабіць выставу, пытацца, колькі трэба заплаціць, каб зладзіць праект у галерэі, крытычна казаць пра папярэднія выставы і мастакоў, з якімі працавала і працуе галерэя, спрабаваць прадаць работы, выстаўленыя ў галерэі, у абыход галерэі і г.д. На жаль, спіс можна працягваць бясконца.
10. Скандальная характарыстыка
Часы, калі эпатажныя паводзіны падымалі продажы і збіралі натоўпы аматараў, прайшлі. На сённяшні дзень скандалы толькі замінаюць дбайнай працы куратара, а цэтлік «складаны аўтар» прымушае адмаўляцца нават ад сапраўды цікавых праектаў.
Аднак амаль на ўсе пункты лёгка заплюшчыць вочы, калі прадастаўлены матэрыял сапраўды варты.
Таму не суцяшайце сябе думкай, што ваш ліст згубіўся ці галерэя папросту шукае вам найлепшае месца ў сваім графіку, — калі вам не адказалі, відаць, вы не падыходзіце.
Але не губляйце надзеі, нават калі вы абышлі ўсе айчынныя галерэйныя ўстановы і атрымалі адно адмоўныя адказы, вас чакае бясконцасць варыянтаў замежных інстытуцый галерэйнай скіраванасці.