Тут знайшлi зручныя маршруты раварысты і будучыя спартоўцы, якія вучацца скалалажанню. І вось пачаўся наступны этап гісторыі: некалькі будынкаў адрэстаўраваны, а музейная экспазіцыя сядзібнага комплексу XVIII—XIX стагоддзяў адкрыта. Людзей тут па-ранейшаму шмат, водгукі гасцей цалкам добразычлівыя, хоць прыкметныя і недапрацоўкі: мінчукі актыўна абмяркоўваюць іх пры любым згадванні Лошыцы, яе гісторыі і новай старонкі жыцця, ужо ў якасці філіяла музея гісторыі Мінска.
Каласальная праца даследчыкаў і рэстаўратараў не падвяргаецца сумневу. Але мне захацелася зразумець, як гэта ўсё адбываецца на практыцы, як складаецца лёс закінутых сядзіб, якіх у Беларусі даволі шмат. Ці ёсць у іх перспектывы? Для адказу на гэтае пытанне мне спатрэбілася дапамога двух экспертаў: Уладзіслава Руты і Віталя Жукава.
Уладзіслаў Рута — спецыяліст у галіне рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. У нядаўнім мінулым начальнік аддзела навукова-праектных работ і рэстаўрацыйнай вытворчасці Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры. Мае досвед працы ў «Белрэстаўрацыі», калі пры рэканструкцыі Траецкага прадмесця адрабляліся прыёмы, якія потым былі выкарыстаныя для праекта рэстаўрацыі Верхняга горада — дзеля яго выратавання.
— Для вядзення работ на гiсторыка-культурных каштоўнасцях Міністэрства культуры прызначае навуковых кіраўнікоў з ліку рэстаўратараў. Таму што ў такіх выпадках патрэбен свайго кшталту наглядчык, які адсочвае методыку рэстаўрацыі і нясе за гэта персанальную адказнасць. Заказчык жа, атрымліваючы ўнікальны будынак у горадзе, часта хоча выціснуць з яго ўсе сокі — напрыклад, надбудаваць два паверхі звыш дазволенага. Мы ж хочам і помнік зберагчы, захаваўшы яго дух, genius loci, і ўдыхнуць у яго новае жыццё. Інакш ён памрэ, як пустая абалонка.
Мяне цікавіць лёс гістарычнага будынка, яго перспектывы ў нашы дні. Часта ён становіцца музеем? Ад чаго гэта залежыць?
— Першая перспектыва — яго прызнаюць аварыйна-небяспечным, нерэнтабельным для аднаўлення і знясуць. Другая — ён застанецца ў руінах, у кансервацыі і будзе адрэстаўраваны, калі знойдуцца сродкі.
Трэці варыянт — стане ўласнасцю інвестара, які хоча зрабіць на сваім аб’екце тое, што прыносіць прыбытак. Прыгожы будынак у цэнтры, чаму не? Музеі за свой кошт у нас, на жаль, ніхто не стварае, за выключэннем падзвіжнікаў-самародкаў, такія я бачыў у Міры і Гродна.
Наогул колькасць музеяў і галерэй на душу насельніцтва ў Беларусі адна з самых нізкіх у Еўропе. Хоць у Літве, напрыклад, ёсць невялікія прыватныя музеі — прывідаў, бюстаў Леніна... Стварэнне ўласнага музея — даволі няпростая ў нас працэдура, для прыватнай асобы амаль нерэальная.
Хоць ёсць прыклад Дудутак, дзе прыватны ўладальнік Яўген Будзінас з паплечнікамі на роўным месцы стварыў актыўны, пазнавальны музейны цэнтр для баўлення вольнага часу.
У Брэсце з’явіўся цікавы аб’ект — Брэсцкі музей чыгуначнай тэхнікі, дзе выстаўлены паравозы, лакаматывы, вагоны, прычым можна пракаціцца на дрызіне з дзецьмі. Добрая ініцыятыва! У Віцебску летась выставілі на агляд старадаўні трамвай. Але гэта аб’екты гісторыі, а музей — усё-такі нешта большае! Рэч у тым, што музей не прыносіць прыбытку, музею патрэбен мецэнат, падзвіжнік. Яскравы прыклад: самая лепшая ў Мінску пляцоўка для сучаснага мастацтва каля цырка — месца з 200-гадовай гісторыяй, з брукам на вуліцы Захар’еўскай, з першай мінскай электрастанцыяй 1895 года. У пагоні за інвестарамі яна была аддадзена першаму, хто патрапіў. І што? Аб’ект архітэктуры так і не нарадзіўся. Наконт гэтай сітуацыі згадваюцца словы Гоі: «Сон розуму нараджае пачвараў». Я б дадаў: і сон грамадзянскай культуры таксама. Разбураны мікракосмас гарадской культуры, дзе можна было б узнавіць гэтую прастору — фантасмагарычную, парадаксальную, але тое быў бы цэнтр мастацтва, з выхадам у парк... Аднак вось пытанне: хто за гэта заплаціць? Дзяржава гатовая ісці на ахвяры. У такіх выпадках я думаю: каб пабудаваць цэнтр Жоржа Пампіду ў Парыжы, таксама прыйшлося знесці пару гістарычных будынкаў. Так, заўсёды цэнтр горада прыцягвае інвестыцыі, але няхай жа яны будуць з сэрцам! Пытанне тут нават не ў майстэрстве архітэктара, але ў вышэйшай культуры заказчыка.
Разам з тым, напрыклад, рэканструкцыя пад гасцініцу кляштара бернардзінцаў у Мінску, прымеркаваная да Чэмпіянату свету па хакеі. Хоць і сварымся за спешку пры рэстаўрацыйных працах, але вось на архітэктурным форуме ў верасні яна адкрыла свае дзверы для стасункаў і экспазіцый. Гэта вельмі добры знак.
Наогул складваецца так: лепшыя пляцоўкі гарадоў часта аддаюцца пад бізнэс і гандлёвыя цэнтры, якія ніяк не звязаныя з мастацтвам. Значыць, не час яшчэ.
Зрэшты, я надоечы быў на перамовах з новым уласнікам руінаў старажытнага бровара ў 70 кіламетрах ад сталіцы. Дык вось, новы гаспадар, чыё дзяцінства прайшло ў вёсцы паблізу, будзе яго аднаўляць і варыць піва! Рэспект!
Канцэпцыя стварэння «аб’екта паказу» вырашае праблему. На пачатковым этапе. Давайце разгледзім удалыя і няўдалыя прыклады, як захоўваецца і застаецца ў сферы культуры гістарычны помнік — у свеце і ў Беларусі. Але спачатку трэба вызначыць, што мы лічым удалым, а што не. Напэўна, трэба мець на ўвазе не толькі архітэктурныя вартасці аб’ектаў, але і іх сацыяльную значнасць. Не толькі мемарыяльныя аспекты, але і патэнцыял для развіцця сучасных кантэкстаў.
— Самым удалым лічыцца прыстасаванне пад роднасныя ці блізкія функцыі. Напрыклад, старадаўнi млын добра было б прыстасаваць пад булачную, бровар, піўную...
Трэба разумець, што, калі помнік проста стаіць без справы, ён памірае... А ўдыхае жыццё менавіта інвестар.
Прывяду некалькі прыкладаў прыстасавання да сучаснасці старажытных сядзіб у краінах з блізкай да нас эканомікай. Варыянт, убачаны мной у Аргенціне: старадаўнюю закінутую ферму «Карлас Кін» небагаты муніцыпалітэт прыстасаваў пад шматфункцыянальны цэнтр. Будынкi захаваны, часткова іх аддалі народным рамёствам, ёсць магчымасць правядзення канферэнцый і ўрачыстасцяў, пракат для роваратурыстаў. Усё вельмі спакойна, інтэлігентна, з узрушальнай унікальнай атмасферай.
Другі прыклад — з В’етнама. Ініцыятыва зыходзіла ад калекцыянера садовай скульптуры: ён атрымаў закінутую сядзібу з усходнім садам. Уся тэрыторыя была насычана яго калекцыяй садовай скульптуры. Кожны квадратны метр прапрацаваны пачуццёва і гарманічна. У самой сядзібе прадстаўлены яго ўласны жывапіс, але ўсё арганічна, не дакучліва, глядзіцца суцэльным аб’ёмам. На адной з сажалак зроблены вадзяны тэатр, гэта калі лялькаводы рухаюцца пад вадой, трымаючы над паверхняй сваіх персанажаў. В’етнам не самая багатая краіна, але чалавек, атрымаўшы аб’ект, паклаў жыццё на тое, каб у ім стаў адчувацца праславуты Геній месца. Цяпер за невялікую плату сюды могуць прыходзіць усе жадаючыя. Калі сябры мяне туды запрашалі, то нават не маглі нармальна патлумачыць, што гэта такое — музей, майстэрня, парк, вадзяны тэатр. Проста месца, дзе ёсць і тое, і іншае, і ўсё як трэба.
Яшчэ прыклад — Фігерас у Іспаніі, глухi ў мінулым горад, у якога былі ўсе шанцы стаць трушчобай. Але муніцыпальныя ўлады зразумелі, дзе іх шанец. Рэч у тым, што 11 мая 1904 года ў Фiгерасе нарадзіўся вялікі Сальвадор Далі. Улады прынялі яго праз гады, калі мастак прыйшоў як інвестар. Яму далі паўразбураны тэатр у цэнтры горада, дзе ён зрабіў свой музей — фантастычны, сюррэалістычны, куды сёння рвуцца эшалоны аўтобусаў з экскурсантамі.
Існуе такі тэрмін — «аб’ект паказу», крыху расплывісты. Гэта яшчэ не музей, а толькі зародак, «месца, дзе цікава», i гэта лепш, чым нічога.
У Беларусі павінны быць музеі палеакультуры, бо на нашай тэрыторыі ёсць старажытныя руднікі, стаянкі. Мы ведаем, як такімі аб’ектамі распараджаюцца ў Англіі і Шатландыі — іх там вельмі шмат. У Германіі маюцца цэлыя музейныя вёскі: там жывуць людзі (большай часткай нефармалы), займаюцца старымі промысламі на радасць гледачам. Турысты могуць правесці тут некалькі дзён, усё памацаць, можна пажыць у старых хацінах.
У нас нешта падобнае атрымаецца пры рэалізацыі грандыёзнага праекта «Мінскае замчышча», часова адкладзенага праз крызісную сітуацыю ў свеце. Гэта будзе інтэрактыўны музей, дзе ўжо ўлічаны вядомыя памылкі, якія праявіліся ў Археалагічным музеі «Бярэсце» на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, адзіным у Еўропе музеі сярэднявечнага ўсходнеславянскага горада XI—XIII стагоддзяў. Па вуліцах старажытнага гарадзішча хочацца пахадзіць і, можа, застацца на некалькі дзён у гатэлі, а не назіраць яго за шклом. У музей трэба ўдыхнуць жыццё, ён павінен быць інтэрактыўным. Для дзяцей у музеях археалогіі зараз робяцца пляцоўкі, дзе можна пакапацца і самім «знайсці» археалагічныя артэфакты. У «Мінскім замчышчы», спадзяюся, будуць рэалізаваны самыя сучасныя музейныя тэхналогіі.
Раскажыце пра ваш новы праект. І паколькі наша гутарка звязаная з рэтраспектывай, давайце ўспомнім тое, што вы ўжо зрабілі.
— Цяперашні рэстаўрацыйны праект прысвечаны імёнам князёў Раманавых з рускай царскай дынастыі. Гэта іх маёнтак у вёсцы Старабарысаў Мінскага раёна. Інвестар — расіянін з беларускімі каранямі ды з аўстрыйскім прозвішчам нашчадка салдата арміі Напалеона. Па іроніі лёсу ў гэтым маёнтку якраз і спыняўся Напалеон Банапарт. Цагляная каробка без вокнаў і дзвярэй была раней і сельскім тэхнікумам, і вясковым клубам, і канторай. Увогуле будынак скажалі як маглі, ягоны стан быў блізкім да руінаў. Як помнік ён адносіцца да пачатку ХХ стагоддзя, стыль — позні мадэрн. Сядзібны комплекс уключае ў сябе шмат пабудоў, якія цяпер належаць розным уласнікам, таму наперадзе вялікая праца па іх аб’яднанні. Акрамя таго, наперадзе распрацоўка «Зонаў аховы гiсторыка-культурнай каштоўнасці» для выяўлення і захавання цэласнасці помніка архітэктуры.
З цiкавых аб’ектаў мінулых гадоў: мне давялося ўдзельнічаць у рэстаўрацыі сядзібы ў вёсцы Чырвоны Бераг, францысканскага кляштара ў Гальшанах, касцёла езуіцкага калегіума ў Мінску, ратушы ў Шклове, палацы Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, палацы Пацёмкіна ў Крычаве.
Ці правільна я разумею, што мінская Лошыца — у святле таго, што вы распавялі, — знаходзіцца ў вельмі выгодным становішчы?
— Вядома! Па-першае, размяшчэнне: сядзіба стаіць у горадзе, але на ўскраіне, у парку. Па-другое, Лошыца засталася ў муніцыпальнай улады, і гэта ўсё-такі музей.
***
Сённяшняя Лошыца сустракае гасцей не проста ў сядзібным доме: адноўлена поўнае генеалагічнае дрэва яе ўладальнікаў, пачынаючы ад князя Васіля ў 1576 годзе і да Друцкіх — Горскіх — Прушынскіх — Любанскіх у пачатку XX стагоддзя.
За апошні час былі страчаны ўвесь інтэр’ер, паркет і мэбля, аднак трывае адчуванне, што жыццё гэтага дома ўсё ж не вычарпалася. Сцены тыя ж, па чарцяжах і апісаннях адноўлена гістарычнае прызначэнне залаў і пакояў. Матэрыялы і дэкор — таксама не самадзейнасць: гэта калекцыйныя крышталь, бронза, бурштын. Цікава, што сучасныя кубкі з зялёнага шкла — рэпліка часоў ВКЛ, а люстры зроблены паводле старадаўніх эскізаў у Лідзе.
Ва ўспрыманні турыста або мінчука-фланёра лёгка злучаюцца срэбны кандэлябр галандскага майстра XIX стагоддзя, партрэтныя рамкі пецярбургскай майстэрні Баравікова і печ, частка якой — новая дызайнерская вітрына. Нават фікусы былі вельмі распаўсюджаныя тады, яны і цяпер прыўнеслі жывую інтанацыю ў міфалогію сядзібы, у яе настальгічны настрой.
Няма чалавека, які б не спыніўся перад чайнымі прыборамі, шчыпцамі для пірожных і вытанчаным посудам для кампоту. Мода на гістарычны стыль трывала, як і эклектыка. Таму гэтыя ж прадметы цалкам маглі знаходзіцца ў Эрмітажы або палацы князёў Юсупавых — іх сапраўднасць і якасць рэстаўрацыі не выклікаюць сумневаў спецыялістаў.
Другі паверх сядзібнага дома заняла рэтра-калекцыя вясельных сукенак, але яшчэ больш цікавы мемарыяльны зал, прысвечаны Пладаагародніннай даследчай станцыі ў Лошыцы, дзе ў свой час паспяхова працаваў выбітны батанік і географ, акадэмік Мікалай Вавілаў. Вось гэта было для мяне адкрыццём: Мінская школа гароднінаводаў, калектыўныя партрэты супрацоўнікаў, копіі дакументаў, фатаграфіі вінаградніка, клубнічнага поля, новых гатункаў яблыкаў і парэчкі (1949—1957).
У давяршэнні да ўсяго — вітрыны з археалагічнымі знаходкамі. Даследчык і гісторык Юрый Заяц прысвяціў Лошыцы многія гады, і цяпер мы можам бачыць, напрыклад, бронзавыя жаночыя ўпрыгажэнні (X—XIII стагоддзяў), прасніцы ды іншае, што вяртае нас яшчэ да адной лошыцкай тэмы — містыка, сімвалы, здані.
Так, гэта не куратарская праца з архівам, якую мы шукаем у сучасным мастацтве. Але падагульнім: хіба ўсё гэта ў комплексе — не прыклад таго, як турыстычная прывабнасць ратуе сядзібы ад разбурэння? Хіба не доказ, што культура сапраўды падтрымлівае беларускую ідэнтычнасць?
Мастацтвазнаўца, калекцыянер Віталь Жукаў — аўтар канцэпцыі і экспазіцыі двух залаў «Лошыца па дарозе скрозь гады», дзе выстаўлена яго асабістая калекцыя.
— Для мяне вельмі важнымі сталі словы Ірыны Антонавай, кіраўніцы расійскага Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна з 1961 года, на Міжнародным форуме, прысвечаным музеям XXI стагоддзя. Яна сказала, што не так важна, якім будзе музей будучыні, — важная яго мова. А мова музея — мастацкая калекцыя. Калі музей валодае якаснай калекцыяй, гэта будзе выразная мова. А канцэптуальныя вынаходствы застаюцца на другім плане.
Доўга не мог зразумець, чаму мне не цікавы футурызм, але так захапляюць сляды мінулага... Мае пошукі атмасферы, рамантыкі мінулага — заўсёды варыяцыі на тэму, як магло б быць... Бо практычна ўсё ў Лошыцы страчана, фактаў вядомых вельмі мала. Я маю на ўвазе візуальныя дакументы, саму прастору. А гэта апошнія старонкі гісторыі губернскага Мінска і ўзорна-паказальная гаспадарка губерні — чаго дамагаліся ўладальнікі, перабудоўваючы сядзібу, афармляючы розныя памяшкання ў розных стылях, збіраючы экзатычныя расліны для парку. Усё магчымае для аднаўлення інтэр’еру канапавай гасцёўні я зрабіў. Пастараўся расказаць гісторыю прадметамі калекцыі, адпаведнымі той эпосе: шафка, буфет і посуд (Кузняцоўскi фарфор), сярэбраны кандэлябр галандскай працы, падстаўка пад падсвечнік, рамы для партрэтаў пецярбургскай майстэрні Баравікова.
Мне падалася вельмі сімпатычнай гаспадыня дома, яе лёс... Ядвіга Любанская мне здаецца беларускай Ганнай Карэнінай, толькі праз 30 гадоў. Яна таксама была ахвярай намоў, раздзіралася паміж домам і грамадствам, шлюбам і каханнем. Свецкае жыццё таго часу была насычаным, хоць мы кажам аб правінцыі, аб памежжы імперыі. Упэўнены, што своеасаблівы глянец тут прысутнічаў: перадваеннае красаванне літаратурных гурткоў, мастацкіх гасцёўняў. Ужо былі пабудаваныя гасцініца «Еўропа», канцэртная зала «Парыж». А Ядвіга Любанская была, дарэчы, не толькі дачкой маршалка дваранства, маладой жонкай і аматаркай тэатра, але і дырэктаркай Турэмнага жаночага камітэта: ён аказваў дапамогу зняволеным жанчынам, тут клапаціліся пра іх дзяцей, пра атрыманне дапамогi.
У рэканструкцыі партрэтаў мой пошук быў інтуітыўным, прытым што візуальнае прадстаўленне сямейнай пары Любанскіх вельмі важна. І калі фатаграфію Яўстафія Іванавіча можна было аднавіць больш-менш дакладна, то аблічча Ядвігі прыйшлося дапаўняць — прычоску, сукенку, футравы паланцін. Істотна, што іх партрэты сустракаюць наведніка музея так, як бы гаспадары сядзібы сустракалі гасцей.
Любоў ГАЎРЫЛЮК