Маладое пакаленне прысвяціла свае работы вобразнаму асэнсаванню знакавых падзей у культурным развіцці нашай краіны ХV—ХVІІІ стагоддзяў. Сярод тых, хто не толькі стварыў унікальныя скульптурныя, жывапісныя, графічныя кампазіцыі, але і захапіў ідэяй маляўнічага падарожжа вучняў у мінулае, — маладыя мастакі, выкладчыкі Іван Арцімовіч, які першым прапанаваў канцэпцыю культурнай ініцыятывы (ён прадставіў работу «Станіслаў Кішка. Сармацкі партрэт»), Піліп Басалыга (ягоны жывапісны «Мірскі замак» успрымаецца як пазачасавы сімвал), Вольга Гардзіёнак-Кірэева (аўтар містычных па гучанні палотнаў «Майстэрня», «Гальшаны»), Наталля Шыбко (прэзентавала выкананую ў змешанай тэхніцы графічную серыю «Легенда аб камянях»), Павел Лявонаў (кампазіцыя «Залатое стагоддзе» з аб’яднанымі ў адзін праваслаўным і каталіцкім крыжамі), Паліна Пірагова і Васіль Цімашоў (кампазіцыя «Алмаз»).
Для азначэння кананічнай формы сармацкага партрэта мастацтвазнаўцы вынайшлі выдатны тэрмін — «закансерваваны рух». Навучэнец трэцяга курса Ян Леўша (кіраўнік Іван Арцімовіч) у сваёй працы «Астафій Багданавіч Валовіч» перадаў гэтую асаблівасць у скульптуры, так бы мовіць у 3D. Плоскаснасць фігуры, аб’ёмнасць твару, сімвалы ўлады і да таго ж вельмі дасціпная канцэпцыя, паводле якой кампазіцыя пабудаваная па прынцыпе сармацкага партрэта, характэрнага для той эпохі.
Творы вучняў (самым юным удзельнікам па 11 гадоў) ніяк не назавеш чыста ілюстрацыйнымі. Нават архітэктурныя помнікі — Камянецкую вежу, Мірскі замак — кожны ўвасобіў па-свойму. Адны згадвалі гістарычныя бітвы і паляванні, другія — легенды, трэція спрабавалі выявіць асоб таго часу. Разглядаючы работы, я лавіла сябе на думцы, што ў 1970-я іх аднагодкі не здолелі б так жыва перадаць дух часу магнатаў. Што б мы ні казалі, а вывучэнне гісторыі і культуры дае свой плён.
І яшчэ пра адно. Сёння шмат пішацца пра дынастыі. Сапраўды, калі культура перадаецца не толькі ад настаўніка да вучняў, але найперш ад бацькоў дзецям — гэта самы моцны пасыл у будучыню. Згадаем, што Рафаэль быў мастаком у сёмым пакаленні. У каталогу выставы «Час магнатаў» можна сустрэць некалькі вядомых прозвішчаў — гэта прадстаўнікі творчых дынастый. Юны скульптар Ян Басалыга (унук, сын, пляменнік нашых вядомых графікаў) стварыў геральдычную кампазіцыю «З нашай гісторыі». Дачка скульптара Дар’я Лявонава назвала свой жывапісны твор «Паядынак». Адбываецца своеасаблівы дыялог пакаленняў. Так выкладчыца Наталля Стрыжнёва ўвасобіла ў гіпсе і шамоце вобраз высакароднай Боны Сфорцы, а яе дачка пяцікласніца Паліна — самотнага воіна (гліна, «Пасля бою»). Гэта і ёсць вялікая гісторыя, якая, як падкрэсліў Іван Арцімовіч, складаецца з асобных гісторый.
Што ж даюць падобныя праекты яго ўдзельнікам?
Вольга Гардзіёнак-Кірэева лічыць, што цікава было паназіраць, чым інтрыгуе іх «залатое стагоддзе»: «Кожны з юных мастакоў меў магчымасць уявіць сябе ў тых абставінах, папрацаваць са сваім выкладчыкам, як калега з калегам, без праглядаў, адзнак, адчуць асалоду самога працэсу творчасці».
Калі тыя, хто ідуць за намі, ведаюць гістарычных постацей, якія падтрымлівалі і стваралі палітычную, эканамічную, духоўную, мастацкую культуру, што дазваляе нам сёння з годнасцю называць сябе еўрапейцамі, то нам лёгка будзе гаварыць і пра выхаванне, і пра захаванне годнасці — як народа, так і кожнага з нас асабіста.
Галіна БАГДАНАВА