Сам Суцін ніколі не пісаў ні пра сваіх родных, ні пра стаўленне да радзімы, наадварот, канчаткова заблытаў даследчыкаў, распавядаючы, што нарадзіўся ў Вільні, бо патлумачыць, дзе знаходзяцца Смілавічы, было цяжка. Доўгі час існавала меркаванне, што Суцін, з’ехаўшы ў Парыж, абарваў усе сувязі з радзімай: ніколі не ўвасабляў Смілавічы, не вёў перапіскі са сваякамі, не любіў згадваць дзіцячыя гады.
Міфалагізацыя дзяцінства Суціна распачалася яшчэ пры яго жыцці: занадта прываблівала французскіх даследчыкаў магчымасць падкрэсліць кантрасты лёсу — галечу і ганенні, непрыняцце сям’і і сусветную славу ў Парыжы. Такой схемы жыцця «незразумелага на радзіме генія» часта прытрымліваліся журналісты і творцы, якія ведалі Хаіма Суціна асабіста. Умацавалася гэтая версія і ў кнізе Марыі Сцябельскай-Вараб’ёвай (Марэўны), мастачка кантактавала з Суцінам у 1930-я. У 1974-м яна напісала кнігу ўспамінаў «Маё жыццё з мастакамі “Вулля”». Шрайга Царфін (1900—1975), сам родам са Смілавіч, быў адзіным, хто апісаў месцазнаходжанне бацькоўскага дома Суціна.
Новыя дадзеныя, сабраныя ў апошнія гады архівістамі, краязнаўцамі і мастацтвазнаўцамі, развеялі некалькі міфаў і легенд, якімі напоўнена ранняя біяграфія Хаіма Суціна.
Міф першы: Смілавічы — глухое літоўскае мястэчка, адзінай славутасцю якога была пажарная вежа.
Гэтая сентэнцыя вандруе з кніг у артыкулы заходніх ды расійскіх даследчыкаў і журналістаў. Гісторыю Смілавічаў (ад балцкага «smilga» — заліўныя лугі) можна прасачыць з ХVІ стагоддзя. Тады яно належала магнатам Агінскім, якія пабудавалі тут велічны касцёл місіянераў, зафіксаваны Напалеонам Ордам. У 1860-я будынак быў пераасвечаны ў праваслаўную Траецкую царкву, што прастаяла некранутай амаль да канца 1920-х. Пасля фальварак перайшоў да дзеда знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі, а напрыканцы ХІХ стагоддзя ў якасці пасагу жонкі — да роду Ваньковічаў. Апошні гаспадар сядзібы, Леон Дамінік, ці Леў Львовіч Ваньковіч, быў практычным і энергічным чалавекам. Маёнтак пры ім расквітнеў і прыносіў нядрэнны прыбытак — 3000 рублёў срэбрам. Суцін часта маляваў на вуліцах мястэчка і ў парку, уладкаваўшыся пад вербамі. Легенда кажа, што Леў Львовіч, убачыўшы маленькага мастака, даў яму грошай на фарбы.
Касцёл і будынкі сядзібы ў стылі псеўдаготыкі, аточанай цудоўным паркам, поўным рэдкіх дрэў і кветак, і фруктовым садам, былі галоўнай славутасцю Смілавічаў. Велічная архітэктура не магла не паўплываць на ўразлівую душу юнага творцы, які пісаў эцюды ў парку на беразе Волмы.
Міф другі: Смілавічы — тыповае богам забытае яўрэйскае мястэчка ў рысе аселасці ў Літве.
Гэта так адно збольшага. Сапраўды, ужо з XVІІІ стагоддзя, у часы Рэчы Паспалітай, Смілавічы былі важным цэнтрам яўрэйскай рэлігійнай культуры: тут была рэзідэнцыя Верхняй акругі групы яўрэйскіх кагалаў. У 1847 годзе тут пражывалі 1053 яўрэі. У дзяцінстве Суціна там налічвалася 3133 жыхары, сярод якіх пераважная большасць — 2094 — былі яўрэямі. І ўсё ж Смілавічы адрозніваліся ад іншых мястэчак рысы аселасці: тут знаходзілася саборная мячэць — другая пасля Мінскай. Назва «Татарская слабада», дзе кампактна жылі татары, бытуе ў мястэчку і дагэтуль. Там дружна жылі людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў: палякі, беларусы, татары, яўрэі, рускія. У Смілавічах былі тры сінагогі, 12 малітоўных дамоў, мноства хедэраў, у адным з якіх вучыўся Суцін, і, акрамя мячэці, дзве царквы і касцёл.
Мястэчка цяжка назваць закінутым: тут працавалі суконная фабрыка і некалькі гарбарных арцеляў, былі свая пажарная дружына і пажарная каланча. Па пятніцах жыхары павольна шпацыравалі па вузкіх вясковых вуліцах, дзе было мноства маленькіх крамаў. З раніцы жыццё віравала на кірмашы, традыцыйна размешчаным на рынкавай плошчы, па вечарах — у шынках. Жыхары лічылі Смілавічы райскім кутком з ідылічнымі краявідамі.
Міф трэці: Суцін паходзіў з вельмі беднай сям’і, у якой ямуцяжка жылося. Сям’я не падтрымлівала яго захапленне жывапісам.
Суціны (Сучыны) з XVIII стагоддзя былі прыпісаны да Пухавіцкага кагалу, і менавіта таму гэты род архівісты доўга не маглі знайсці сярод смілавіцкіх яўрэяў. Бацька Суціна, называны то Борухам, то Саламонам, апісваецца як бедны штопальшчык, які латаў вопратку. Але старажылы ў сваіх успамінах запэўніваюць, што Залман Майсеевіч, народжаны ў 1858 годзе, быў жаночым краўцом, абшываў мясцовую шляхту. Любіў прыгаворваць: «У маёй сукенцы паненку і ў труну пакладуць, зносу не будзе».
Залман Суцін быў вельмі рэлігійным чалавекам, па некаторых успамінах — нават памочнікам рабіна. Шмат часу праводзіў у чытанні Талмуда і ў гутарках з іншымі знаўцамі Торы. У адказ на апавяданні эмансіпаванага суседа, бацькі Царфіна, захопленага новымі імёнамі рускай літаратуры — Купрыным, Чэхавым і Талстым, «частаваў яго гісторыямі з Талмуда». Маці Суціна, Сара Хламаўна, была занятая клопатамі аб вялікай сям’і. У перанаселеных Смілавічах працы ўсім не хапала. Старэйшыя дзеці хутка сыходзілі на свой хлеб: сёстры выходзілі замуж, браты з’язджалі ў іншыя мястэчкі, а то і ў Амерыку. Так, разам з мужам у ЗША адправілася старэйшая сястра Мэры (Метка). Хаім нядоўга пражыў у бацькоўскай хаце, ужо ва ўзросце 10 гадоў бацька аддаў яго ў навучанне да аднаго са старэйшых братоў — краўца, у хаце якога будучы слынны мастак пражыў тры гады, не выявіўшы ніякай цікавасці да кравецкага майстэрства. Суцін бясконца маляваў — сябе, сваіх сясцёр, маці, рабіна. Гэта не заахвочвалася ў рэлігійных сем’ях яўрэяў, і Хаім зведаў шмат непрыемнасцяў, звязаных са сваім дарам. У розных крыніцах пераказваецца легенда аб тым, як пляменнік рабіна збіў яго за партрэт дзядзькі. Бацька — артадаксальны яўрэй — тым не менш абараніў сына: звярнуўся ў кагальны суд, які прымусіў крыўдзіцеля сплаціць кампенсацыю ў 25 рублёў — немалыя тады грошы, на іх, нібыта, мастак адправіўся ў Вільню. Насамрэч гэтая гісторыя выглядае больш праўдападобнай у пераказе Шрайгі Царфіна. Сыны 85-гадовага старога, партрэт якога пісаў Суцін, схлусіўшы, што робяць гэта па ўказанні прыстава, моцна пабілі Хаіма кіямі. Бацька Суціна падаў на іх скаргу. Міравы суддзя, высокаадукаваны немец, прысудзіў вінаватых да выплаты штрафу ў 15 рублёў. Суцін быў у захапленні, бо гэта дазволіла купіць палотны і фарбы, а таксама заплаціць за невялікі пакойчык, які ён здымаў у мястэчку пад майстэрню.
Бацька не перашкаджаў 15-гадоваму Хаіму навучацца ў мастацкай школе Янкеля Кругера ў Мінску. З дапамогай абшчыны Суціну ўдалося знайсці месца памочніка рэтушора, і ён мог зарабляць на сябе сам, нават адпачываў «на Балтыцы». Калегі па школе Трутнева ўспаміналі ягоны заўсёды чысты і акуратны мундзір.
У пачатку 1930-х, калі да Смілавічаў дайшлі чуткі пра поспехі Хаіма ў Парыжы, бацька перадаў яму праз Сэма Царфіна ліст, у якім прызнаваў, што біў Хаіма, але, відаць, гэта пайшло яму на карысць — ён стаў панам. Бацька раіў не транжырыць, а збіраць грошы, прыехаць і дапамагчы сям’і, купіць лодку, адрамантаваць дом. Хаім некалькі разоў высылаў грошы сям’і, але так і не прыехаў на радзіму праз страх быць не выпушчаным назад. Сям’я захоўвала работы Хаіма: даваенны аўтапартрэт, партрэты маці і сястры Мэры ў пенснэ віселі ў хаце малодшай сястры Этэлі, у сям’і якой у 1930-я дажывала свой век Сара — маці. У літаратуры згадваюцца лісты Суціна на ідыш з Вільні да сям’і, дзе ён скардзіцца на нацыянальны прыгнёт у школе Трутнева. Хаім Суцін вёў перапіску з маці, малодшай і старэйшай сёстрамі. Кэнет Грогер, унук Мэры, наведаў Смілавічы і ўспамінаў, што бабуля неадкладна паслала яму запрашэнне ў ЗША, калі пачалася акупацыя Парыжа. Суцін адмовіўся ад эміграцыі.
Міф чацвёрты: Суцін — лядашчы эпілептык з пашкоджаным вокам.
Суцін быў дзясятым з адзінаццаці дзяцей шаўца — дзіўны і не падобны да іншых ужо з дзяцінства. Увесь час уцякаў з дому ў лясы, не быў прыстасаваны да рамесніцкай працы. Гэта прызнаюць усе, хто яго ведаў. Царфін казаў, што «ён быў занадта незвычайны нават для Парыжа». Часта яго апісваюць як маленькага вырадка — з пашкоджаным левым вокам, хліпкага, кволага і хворага, схільнага да невытлумачальных прыпадкаў, «з вачыма зацкаванага звера», як выказаўся Ілля Эрэнбург. Некалькі ранніх гратэскавых аўтапартрэтаў Суціна сведчаць пра незадаволенасць ім сваёй знешнасцю. Партрэты Суціна пэндзляў Мадзільяні, Кікоіна, Марэўны, Крэменя і фатаграфіі 1920-х фіксуюць іншае: прысадзістую моцную постаць, зусім не семіцкую знешнасць, зграбныя рукі з тонкімі пальцамі, жывыя, вясёлыя, праніклівыя вочы. Ні зацкаванага выгляду, ні пашкоджання вока на гэтых партрэтах не відаць, хоць сапраўды, па ўспамінах, у Суціна быў нервовы цік левага вока. Ён, безумоўна, быў чалавекам багемы, але з абаяльнай знешнасцю. Многія адзначаюць Хаімаву сарамлівасць, якая сумяшчалася з харызматычнасцю і ўменнем дамагацца свайго: пасля правалу на ўступных іспытах ён здолеў атрымаць другі шанец і паступіць у школу Трутнева, са слязамі молячы выкладчыка Івана Рыбакова аб пераздачы іспыту. Пра яго абаяльнасць сведчыць і ўвага некалькіх неардынарных жанчын; у адданых і багатых сябровак у яго не было недахопу, нават калі ён быў бедны. А калі ён стаў багаты і завёў кватэры ў Парыжы, якія пастаянна мяняў, аўтамабіль з кіроўцам, прэтэндэнтак на ягонае сэрца было дастаткова. Суцін, некалькі разоў адпрэчаны ў юнацкасці, не ажаніўся, бо меркаваў, што не можа мець дзяцей. Аднак адна з яго каханак — Дэбора Мельнік — нарадзіла яму дачку Эмэ, якую ён так і не прызнаў. Толькі страх пераследу падчас Другой сусветнай вайны і абвастрэнне язвы змянілі яго характар і знешнасць да горшага, але ж у той час яму было ўжо амаль 50 гадоў.
Міф пяты: Суцін не атрымаў прыстойнай мастацкай адукацыі на радзіме і сфармаваўся як мастак у Парыжы.
Суцін прыехаў у Парыж пасля чатырох гадоў сістэматычнага навучання. Гэта, кажучы сучаснай мовай, сярэдняя мастацкая адукацыя — на ўзроўні вучылішча. Школа Кругера ў Мінску, у якой Хаім правучыўся ўсяго некалькі месяцаў, мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу. Мастацкая школа акадэміка Івана Трутнева давала ўрокі моцнага рэалістычнага жывапісу. Суцін быў адным з лепшых вучняў гэтай школы. Раннія працы Хаіма Суціна (да 1915 года) невядомыя. На аўкцыёнах у Парыжы былі выстаўленыя некаторыя раннія творы, выкананыя ў духу Каро, у мяккай жывапіснай манеры. Спрабаваў Суцін пісаць карціны на яўрэйскую тэматыку, пра што расказваў Кікоін, які пазіраваў яму ў якасці мерцвяка на белых прасцінах. Вялікую ролю адыграў дух старога горада, куды Суцін трапіў пасля Мінска і дзе пражыў 4 гады. Вільня ўражвала яго не толькі барочным абліччам шматлікіх сабораў і вузкіх вулачак, але і выставамі мастакоў розных напрамкаў, перш за ўсё сімвалістаў і «міріскуснікаў»-рэтраспектывістаў. У 1911-м адбылася пасмяротная выстава Мікалая Чурлёніса, у 1909-м — Мсціслава Дабужынскага. Суцін быў заўсёднікам галёркі тэатра, вечна закаханым у акцёрак і спявачак. Так што культурны шок, які быццам бы перажыў мастак з-за пераезду ў Парыж з богам забытых Смілавічаў, моцна перабольшаны.
Бясконцае наведванне Луўра ў Парыжы, прыватныя акадэміі, уплыў больш падрыхтаваных сяброў і атмасфера свабоды (яе часта апісваюць як «неба Парыжа») завяршылі жывапісную адукацыю Суціна.
Міф шосты: усе сваякі Суціна загінулі ў яўрэйскім гета ў пачатку вайны.
Доўгі час лічылася, што сям’я Суціна загінула ў Смілавіцкім гета ў 1941 годзе. Аповеды пра тое вандруюць па беларускіх яўрэйскіх выданнях. Гэта не так. Паводле дакументаў з сямейнага архіва роднай пляменніцы мастака Ніны Ферапонтавай, дачкі малодшай сястры Этэль, бацька майстра памёр у 1932 годзе, праз некалькі гадоў — старэйшы брат Янкель. Маці Суціна пасля смерці мужа жыла ў доме Этэль, дзе і памерла ў 1938-м, на два гады перажыўшы сваю дачку. Усе чацвёра пахаваныя на яўрэйскіх Смілавіцкіх могілках. Сярод ацалелых надмагілляў 1930-х гадоў валанцёрам з Кіева ўдалося знайсці магілу Залмана Суціна і дзве безыменныя побач, магчыма, яго жонкі і малодшай дачкі.
Іншыя сёстры і браты Суціна і іх дзеці, якія жылі ў Смілавічах, здолелі своечасова эвакуявацца дзякуючы мужу малодшай сястры Суціна Шалому Цукерману. Ён працаваў у сельсавеце і здолеў здабыць падводы з коньмі ўжо ў першыя дні пачатку вайны. Ён і вывез сваякоў жонкі са Смілавічаў у Ташкент. У Хаіма Суціна мусіла быць каля дваццаці пляменнікаў. Сумнеўна, каб ён ведаў імёны ўсіх. Лёс раскідаў іх па ўсім свеце.
Міф сёмы і апошні: у жывапісе Суціна, у адрозненне ад твораў Шагала, не ўтрымліваецца згадак пра радзіму.
Гэты міф абвергнуць цяжэй за ўсё: сярод назваў карцін Суціна, сапраўды, ні разу не сустракаюцца ні Смілавічы, ні іншыя геаграфічныя месцы Беларусі. Кантраст з Шагалам, які да канца дзён захоўваў у памяці родны Віцебск і натхняўся дзіцячымі і юнацкімі ўспамінамі (не пажадаўшы, аднак, наведаць пасляваенны Віцебск і магілы родных, каб пазбегнуць стрэсу), відавочны. У Суціна і не магло быць карцін з адсылкамі на радзіму: ён меў іншую, чым у Шагала, мастакоўскую ментальнасць. Ён умеў пісаць і пісаў толькі з натуры. Але на ягоных карцінах рэальнасць настолькі трансфармаваная, што нагадвае гратэск. Талент Суціна грунтаваўся «на воку», а не на ўяўленні. Фантастычны, дзіўны па насычанасці суцінаўскі колер ішоў выключна ад асаблівага бачання натуры, няхай тое будуць гладыёлусы, аўтапартрэт, памочнік кухара ці бычыная туша.
Гэтае бачанне натуры і ўспрыманне колеру набываецца ў дзяцінстве ці дадзена ад прыроды? Усмоктваецца з першымі ўражаннямі — у драўляным доме сярод лясоў і палёў. Псіхааналітыкі нездарма шукаюць дзіцячыя траўмы ў незвычайных паводзінах дарослага чалавека. Чаму выдатныя каларысты — Шагал і Суцін — выраслі сярод беларускай прыроды, дзе паўгода зімы і ўсё замешана на шэранькіх ахраматычныя тонах? Рэакцыя на шэры — прага актыўнага яркага колеру?
Часта цытаваныя гісторыі з пратухлымі акрываўленымі тушамі ў майстэрні, якія мастак не дазваляў выкідаць, нягледзячы на смурод, зразумелыя. Ён быў моцна прывязаны да натуры, да яе плоці. З такога пункту погляду, як ні дзіўна, Хаім Суцін паводле метаду — рэаліст-артадокс.
У Суціна няма кампазіцый і сюжэтных карцін у агульнапрынятым сэнсе гэтага слова, а ёсць толькі постаці, партрэты і прырода як падстава для эмацыйнай колеравай жывапіснай разрадкі — фантастычнай па энергетыцы. Многія матывы ягоных карцін — сублімаваныя ўспаміны дзяцінства пра бедны дом і раскошны палац з паркам дзесьці побач: гладыёлусы, палацы, дзеці, што бягуць ад навальніцы... А галоўнае — дрэвы, на якіх, паводле ўспамінаў, ён уладкоўваўся ў дзяцінстве, уцякаючы з хаты. Яны як жывыя істоты. Хаіма Суціна называюць экспрэсіяністам («экспрэсія» — бурны рух) праз завірушны бурлівы жывапіс, дынамічны мазок, то-бок дынаміку працы пэндзля.
Рэпрадукцыя не перадае эфекту колеру карцін Суціна. Іх трэба бачыць жыўцом, у паўцёмнай музейнай прасторы, асветленай скіраваным святлом. Кажуць, у зале, дзе работы Хаіма Суціна вісяць сярод прац іншых мастакоў, да яго палотнаў цягне як магнітам.
Суцін — творца складаны для разумення. Ягоныя карціны не радуюць, хутчэй уражваюць. Шчасны фінал кар’еры жывапісца і трагічная гібель ад хваробы ў акупаваным фашыстамі Парыжы ў росквіце мастацкіх сілаў, багемны стыль паводзінаў спарадзілі шмат легенд ад сучаснікаў. Само жыццё стала легендай. Дэміфалагізацыя біяграфіі Суціна, асабліва ранняй, пошук новых дакументаў і сведчанняў — важная задача даследчыкаў.
Надзея УСАВА