У ходзе прэзентацый прагучала некалькі азначэнняў. Напрыклад, маладыя — «гэта не тыя аўтары, якія робяць адзін праект у 10 гадоў» (Андрэй Лянкевіч) або «нам удалося адысці ад фатаграфіі эмоцый да выразных гісторый» (Вольга Шпарага). Або вось гэта: «Калі аўтар не разумее і не можа растлумачыць тое, што ён робіць, ён дэквалiфiкаваны для нас як фатограф» (старшыня журы Ганна Шпакава). Мне здаецца, гэта вельмі выразныя тэзісы, з якіх вынікае: новая генерацыя прыйшла, ёй яшчэ трэба падужэць, але яе актыўна фармуюць, да яе прад’яўляюць пэўныя патрабаванні. Не бачыць гэтага сёння, працягваючы азірацца на традыцыю і класіку, — значыць быць недальнабачным або перадузятым.
У каго ж моцныя пазіцыі ў новым пакаленні?
У таго, хто добра вучыўся і хто не адчувае сябе рамеснікам. Пачаць варта было б з некалькі курсаў куратара Надзі Шараметавай і майстроў рэпартажнай фатаграфіі Андрэя Палiканава, Таццяны Плотнікавай і Юрыя Козырава (усе — з Расіі). Ёсць сярод маладых фатографаў тыя, хто займаліся ў Маскоўскай школе фатаграфіі і мультымедыя імя Родчанкі, некаторыя называюць сваімі настаўнікамі Цэнтр фатаграфіі (Мінск) і Андрэя Калеснікава асабіста. Хтосьці ездзіць на партфоліа-рэвю — важна, што фатографы, якія прыходзяць у сучасную арт-сферу, маюць магчымасць вучыцца мастацтву, а не толькі тэхналогіям.
Другі прынцыповы момант: ці можна паказаць у Беларусі выніковыя праекты? Звычайныя навучальныя курсы іх наогул не робяць. Хоць Аляксей Навумчык і назваў маладзёжнае фатаграфічнае асяроддзе свайго роду гета, некаторым усё ж удаецца прарвацца на галерэйныя пляцоўкі. І гэта не толькі «ЦЭХ» («Працэс»), але і НЦСМ («Анатомія. Ідэальнае цела», «Артэрыя»), і галерэя «Ў» («Вымярэнні пустэчы»), і персанальная выстава Віктара Гiлiцкага «Апошні візіт» у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.
Кніжны фармат таксама адкрыты: у праекце «By now» заяўляўся ўзроставы цэнз. Акрамя яго, варта назваць конкурсы з міжнародным журы і альбомы «Stand by», «Прэс-фота Беларусі». Апошнія выдаваліся ў 2010—2015 гадах з некаторымі перапынкамі і таксама паслядоўна фармавалi кола маладых аўтараў: многія працуюць у медыя-рэсурсах. Не апошнюю ролю ў падтрымцы маладой фатаграфіі адыгрывае інтэрнэт-часопіс «Imbalance»: рэдактарка Аляксандра Салдатава штоквартальна заяўляе ідэю выпуску, праводзіць строгі адбор.
Падзей было значна больш, галоўнае, што новае пакаленне ўжо добра відаць. Хоць у шырокім коле аматараў мастацтва могуць не ведаць гэтыя імёны і праекты, бо часта яны дэбютныя. Тым не менш назавем: Аляксандр Васюковіч, Аляксандр Міхалковіч, настойлівы даследчык маладога Мінска Аляксей Наумчык, вельмі тонкая і ўдумлівая Вольга Савіч, Аляксандра Салдатава, Максім Сарычаў, Аляксей Шлык. Як правіла, вылучаюцца віцебскія аўтары: Аляксандр Веледзiмовiч, Кацярына Смурага, Таццяна Лісоўская. Некалькі асабняком у гэтым шэрагу стаяць працы Жанны Гладко, заўсёды цікавыя, але яна, безумоўна, не столькі фатограф, колькі прадстаўнік актуальнага мастацтва. Нельга не заўважыць Алену Пратасевіч і Сяргея Лескеця, якi прымусіў гаварыць пра сваю серыю «Agro».
Нарэшце, лаўрэаты «ПраФота-2014»: Аляксандр Міхалковіч з праектам «Прымусіць інтэрнэт памятаць Халакост» і Святлана Ярковіч з «Паміж лесам і ракой». А ў 2015 годзе пераможцамі сталі Максім Сарычаў — «Прывітанне, зброя!» — і Аляксандр Васюковіч і Дар’я Царык — «Кожная трэцяя».
Моцны бок маладой фатаграфіі — ён жа і яе абмежаванне: арыентацыя на сацыяльныя праблемы. І ў гэтай частцы самае цікавае — іх непраяўленыя дагэтуль аспекты. Так, можна наракаць на бясконцае паўтарэнне тэмы арміі, ветэранаў, закінутых і жывых яшчэ вёсак, гендарнай ідэнтычнасці, фізічных абмежаванняў, субкультур, гвалту — заўсёды з намі «памяць і траўмы». Але з’яўляюцца час ад часу «Навука» Аляксандры Салдатавай і «Прымусіць інтэрнэт памятаць Халакост» Аляксандра Міхалковіча — яны ўжо іншыя. Прыкладаў можа быць больш, але для журы значна важней іх асэнсаванне аўтарамі, абмеркаванне, рэзананс у аўдыторыі гледачоў. Праява ўсё новых рэалій грамадскага жыцця, рух сацыяльных працэсаў. Згодна з куратарам, першасная ідэя, але не эстэтыка і правільнасць традыцыйнай фатаграфіі, з яе акцэнтам на кантакт з рэальнасцю. І ўжо не так важныя стылістычныя і жанравыя вынаходствы — як і тэхналогія, яны выбіраюцца ў адпаведнасці з канцэптам.
У выніку фотаздымак сапраўды шматвымерна ўяўляе сённяшнюю Беларусь, і ў лепшых выпадках гэта вострая фатаграфія з болевымі пунктамі і пранізлівы позірк.
«Толя, ты маё шчасце». Гэтае ананімнае пасланне я ўбачыла на фатаграфіі — ці надпіс на плоце, ці цыдулка на халадзільніку. Я пра «фатаграфіі эмоцый»... Відавочная праблема конкурсу «ПраФота» — арт-фатаграфія. Хоць падзел на дакументальную і мастацкую фатаграфію яшчэ прысутнічае, але словы тыя нават ніхто не кажа. З сацыяльных кантэкстаў узятыя тлумачальныя тэксты — часам зусім далёкія ад візуальнага шэрагу, часам з гісторыяй. Гэта дае магчымасць дасягнуць канцэптуальнай цэласнасці, на якой па-ранейшаму настойваюць куратары. Ганна Шпакава: «Мы шмат працавалі з аўтарскімі тэкстамі, прасілі перапісваць, таму што прынцыпова важна, каб чалавек здымаў асэнсавана».
Магчыма, арт-фатаграфіі, пры адпаведных устаноўках і складзе журы, было проста мала прадстаўлена на конкурс, магчыма, селекцыя была спецыфічнай. Парадокс у тым, што да «арту», да інтэрпрэтацыі факта як такога імкнуцца многія дакументалісты — і «новыя дакументалісты», і нават рэпартажныя фатографы. Я б адзначыла гэтую тэндэнцыю ў конкурсе «Прэс-фота Беларусі — 2015», прычым як у адзінкавых здымках, так і ў серыях. Мяжа вельмі тонкая.
А ёсць яшчэ папулярны напрамак — праца з архівамі, тут у аснове відавочна ляжыць асабліва дакументальны падыход. Яму верыш, таму што не было раней нашых маніпуляцый, цытавання, звароту да канатацый і аўтарытэтаў. Аднак маем добры прыклад: Андрэй Лянкевіч, які прайшоў шлях ад рэпартажнага фатографа да аўтара праекта «Бывай, Радзiма!», дзе калажы і рэканструкцыя прывялі да прэстыжнай і фінансава значнай прэміі «Восеньскага салона». Вось і праца з памяццю, траўмай, архівам, ідэнтычнасцю і іншае. І адказ на пытанне пра трансфармацыі, адзін з адказаў, вядома. Бо няма цяпер раз і назаўжды ўсталяванага правіла жыцця ў жанры «хто мы» і «куды ідзем».
Агульны трэнд адзначылі эксперты Бі-бі-сі, назваўшы яго павольнай фатаграфіяй, што, як я разумею, выключае імгненнае рэагаванне на патрэбу дня. Гаворка ідзе пра доўгатэрміновыя праекты, якія здымаюцца на гранты, у працяглых камандзіроўках, што прадугледжвае не столькі сацыяльнае расследаванне (гэтым займаецца фотажурналістыка), колькі мастацкае абагульненне.
Справа ўвогуле за малым — сама фатаграфія павінна быць пераканаўчай, і маладым аўтарам хочацца пажадаць не пакідаць гэты клопатны занятак.
Любоў ГАЎРЫЛЮК