Аматарскі тэатр — гулец з рашучымі намерамі. Сучасны тэатральны працэс паставіў яго ўпоравень з дзяржаўным тэатрам і прыватнай антрэпрызай. Асаблівую важкасць ён набывае ў культурным кантэксце рэгіёнаў, дзе мае свайго адданага гледача.
Тэатр імя Уршулі Радзівіл, ганараваны званнем заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, знаходзіцца ў Нясвіжы, колішняй арыстакратычнай культурнай сталіцы, а сёння — раённым цэнтры па-за бурлівай сацыяльнай актыўнасцю. Нясвіжская трупа імкнецца да пераемнасці мясцовай тэатральнай традыцыі (першы спектакль у горадзе 270 гадоў таму паставіла «адна вучоная літоўская дама», княгіня Уршуля Францішка Радзівіл). Кіраўнік аматараў Яўген Валабоеў — таленавіты рэжысёр, заснавальнік беларускага інтэграцыйнага тэатра артыстаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, лідар сталічнай антрэпрызы «Тэатральны каўчэг» — прапанаваў глядацкай увазе прэм’еру камедыі «Дружная сямейка» па п’есе «Гуляем у дружную сям’ю, або Гарнір па-французску» Марка Камалеці (1923—2003) у перакладзе на рускую мову Дзмітрыя Астроўскага. Камерцыйнай мэце, прадыктаванай жорсткім паўсядзённым выжываннем рэгіянальнага тэатра, драматургія Марка Камалеці надзвычай адпавядае. Менавіта ён — аўтар камедыі «Боінг-Боінг», якая, паводле Кнігі рэкордаў Гінэса, зазнала найвялікшую колькасць увасабленняў на сусветнай тэатральнай сцэне. «Гарнір па-французску» пад назвай «Піжама на шасцёх» не першы сезон падае і Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр; Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа таксама далучыў гэты твор да свайго рэпертуару.
Класічная камедыя становішчаў з неверагоднымі падзеямі, недарэчнымі памылкамі і эратычным флёрам распавядае пра тое, як у заблытаныя дачыненні двух сямейнікаў укручваецца здольны, дасціпны і знаходлівы чалавек збоку — кухарка і афіцыянтка Сюзэта, нанятая Бярнардам, каб прыгатаваць рамантычную вячэру для каханкі Сюзаны. Падабенства імёнаў афіцыянткі Сюзэты і мадэлі Сюзаны (о, Парыж ілюзій і мрояў, дзе кухарку можна зблытаць з манекеншчыцай!) завязвае інтрыгу спектакля. Бясспрэчна, і драматург, і рэжысёр сімпатызуюць Сюзэце з цікавым самабытным характарам, блізкім да персанажаў камедыі дэль артэ. Цягам абставінаў флірт набывае развіццё і новых удзельнікаў: з’яўляецца каханак Бярнардавай жонкі Раберт, а потым і сама жонка. Мужчыны яе падманваюць, змушаючы Сюзэту падыграць. Трыа ў складзе Леаніда Будніка (Бярнард), Максіма Курганскага (Раберт) і Анастасіі Грабаровай (Сюзэта) вынаходліва спраўляецца з няпростымі рэжысёрскімі задачамі. Адметнай можна назваць сцэну алегарычнага танга, калі мужчыны пераапранаюць Сюзэту да вячэры.
Яўген Валабоеў вылучае і падкрэслівае вартасці артыстаў незалежна ад іх прафесійнага ці аматарскага статусу, а паважлівае стаўленне да ўнутранага свету сучаснай жанчыны спрыяе артысткам Анастасіі Грабаровай, Юліі Івашцы (няверная жонка Жаклін), Вользе Кудзін (мадэль і акторка Сюзана) не схібіць у няпростых характарных ролях.
Урэшце за Сюзэтай заязджае муж у выкананні Аляксандра Нялюбіна і яна пакідае сцэну з вялікай сумай грошай — за сваю гульню, вартую «Оскара». А Бернарду і Жаклін, якія загуляліся ў вар’яцкую гульню пад назвай «дружная сямейка», рэжысёр дае шанец паразумецца і «не расплюхаць сямейнае шчасце».
...Праз адметнасці гістарычнага мінулага Нясвіж мае выдатныя перспектывы развіцця — як турыстычны цэнтр. З умовай руплівай працы і дасканалення гэтыя перспектывы падзяляе аматарскі Тэатр імя Уршулі Радзівіл. Прыдадуцца і новыя рэпертуарныя пошукі, бо што-што, а еўрапейскі флірт для Нясвіжа — даўно не навіна.
Дзмітрый ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ