Пешшу і ў экіпажы

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Мінск пачатку ХХ стагоддзя... Конкі, дамы ў капелюшах, гарадскія ліхтары... Вобразы, што нібы сышлі са старых паштовак або даўніх фотаздымкаў, з адзнакамі павольнасці і нетаропкасці тагачаснага жыцця. Усё гэта -- у новай серыі Уладзіміра Тоўсціка «Горад».

 /i/content/pi/mast/7/163/Pesshu1.jpg
Мастак сузірае, і яго вока фіксуе дробязі і адзначае дэталі. Ён, як сказалі б стагоддзе таму, -- фланіруе, атрымліваючы асалоду ад уласнай свабоды. Фланёрства стала адным з сімвалаў эпохі
fin de siecle, супярэчлівай і неадназначнай па сваёй сутнасці. Гарадская прастора для творцы -- карта жаданняў, непарыўная знакавая паверхня, тапаграфічная праекцыя плыні ягонай свядомасці. Класічны «маршрут» у горадзе -- сады, бульвары. Яны нагадваюць аб першапачатковай вясковай ідыліі, нездарма рэгулярныя прагулкі пешшу і ў экіпажы доўгі час заставаліся абавязковым рытуалам свецкага жыцця. Але, як сапраўдны фланёр-гараджанін, мастак ахвотней выбірае ажыўленую вуліцу, якая наталяе яго прагу да назіральнасці падгледжанымі на ёй тыпажамі людзей.
Сённяшні чалавек жыве ў іншым свеце. Сярод тратуараў, якія робяцца ўсё вузейшымі, пад’ездаў, зачыненых на кодавыя замкі, пры няўхільным згасанні жывой гаворкі. Па сутнасці, усё гэта вядзе да таго, што жыццё гараджаніна, з дня ў дзень паскараючыся, не пашыраецца ў свет, а сціскаецца да межаў цела, часам -- твару або нават сацыяльнай маскі. Невыпадкова прыцягальнымі на такім фоне становяцца тэндэнцыя вяртання да былой заспакоенай засяроджанасці ў мастацтве, да перадачы тонкіх і няўлоўных станаў і сітуацый, рамантызавана-настальгічны зварот да гарадскіх рытмаў мінулага стагоддзя.
 /i/content/pi/mast/7/163/Pesshu2.jpg

Уладзімір Тоўсцік валодае рэдкім талентам напаўняць гарадскі матыў глыбокім пачуццём і зместам, амаль аповедам. Яго творчасці ўласцівы тонкае каларыстычнае майстэрства, свабоднае валоданне рознымі жанрамі і тэхнікамі выяўленчага мастацтва. Удала знойдзеныя колеравыя суадносіны, якія або тонка спалучаюцца, або дадзены ў кантрастных проціпастаўленнях, ствараюць праўдзівы і разам з тым абагульнены вобраз горада. Кампазіцыйныя прыёмы, якія выкарыстоўвае мастак, досыць неадназначныя. Хтосьці лічыць, што яны пабудаваны выключна па тэатральных прыёмах з падначаленымі неабходнай дынаміцы гарызанталямі. Хтосьці знаходзіць непасрэдную пераемнасць прынцыпаў жывапісу ХІХ ст. -- з абавязковым уваходам у плоскасць палатна. Мне думаецца, што на самай справе як каларыстычнае, так і кампазіцыйнае рашэнне кожны раз дыктуецца аўтару аб’ектам выяўлення, натурай, да якой мастак па той або іншай прычыне робіцца неабыякавым і якую, праламляючы праз ўяўленне, імкнецца паказаць нам найбольш ярка.


Наталля Шаранговіч