То-бок хвосткая, дзёрзкая, здзеклівая да выкрыцця пастаноўка ўспрынялася поўхаю не адно грамадскім, але і асабістым глядацкім упадабанням. Шкада, за «Птушкамі» ў лісце нават не мільгануў Арыстафан. Тады б і гісторыка можна было выправіць — як мага далей, аж да руплівых філолагаў. І першым сярод роўных у нашай справе паўстаў бы Віктар Ярхо, выбітны знаўца-класік. Доследы Віктара Ноевіча, спецыяліста па старажытнай грэцкай драме, выключна даходліва і выкшталцона патлумачылі асаблівасці Арыстафанавай спадчыны, давялі: са стагоддзя ў стагоддзе яна не губляе надзённасці і спрыяе нашаму паразуменню са светам, тым, што ўжо за пластыкавымі вокнамі.
Афіны часоў Арыстафана дужа ганарыліся заможнай уладарнасцю і пазіралі на суседзяў, як кандыдат гістарычных навук з Масквы. Арыстафанавы «Птушкі» (414 год да н.э.) наляцелі на суайчыннікаў, калі тыя ўсур’ёз меркавалі пашыхтаваць «на зважай» усё, што на захадзе ад Міжземнага мора, а следам і Сіцылію з Карфагенам. Але — перадусім і за адным разам — забаранілі выводзіць у камедыях палітычныя падзеі.
З антычным класічным тэкстам «Птушак» рэжысёр Аляксей Ляляўскі абышоўся так, каб не наракаў глядач-сучаснік: актуалізаваў, дадаўшы да перакладу вершы (Бродскага, Валошына, Гарадніцкага), а да літаратурных адметнасцяў — сучасную манеру разумецца. Зрэшты, персанажы Арыстафана таксама не канчалі акадэмій, перш як рушыць з улюбёных Афінаў да птушынага цара (той калісьці быў чалавекам, але гэткае шчасце яму моцна абрыдла) ды клясці амбітных суграмадзян, якія не цэняць трывалага жыццёвага спакою. У спектаклі яны працуюць толькі жывым планам і нават не звяртаюцца адно да аднаго па імёнах, характарна адрабляючы іх красамоўнасць: прасцякаваты верыць, не пабачыўшы ды не пераканаўшыся, а хітраваты патрапляе з нічога зрабіць нешта. Не змагары, але й не падступныя здраднікі. Звычайныя. Шараговыя. Выдатныя хіба доўгацярпеннем і лаканічным расповедам: пакуль панаязджане дамагаюцца роўных правоў, грамадзянам дзяржава збрыдае праз бясконцыя «трэба», «мусіш», «павінен». Збрыдае да таго, што ад сваіх талентаў і падаткаў яны пазбаўляюць радзіму: Тэры Гільям пераязджае з Амерыкі ў Вялікабрытанію, а Жэрар Дэпардзье — з Францыі ў Расію. Але Арыстафан і Ляляўскі даюць сваім персанажам куды большыя магчымасці: адбудаваць дзяржаву паміж небам і зямлёй ды жыць, як той казаў, з транзіту — чалавечых малітваў ды ахвярапрынашэнняў, з аднаго боку, боскіх выпраў па зямныя прыгоды — з другога.
Пераконванне птушынага хору афінскімі ўцекачамі вырашана як прамова з трыбуны (можна ўявіць, што гэта агон, дзе ў старажытным тэатры адбывалася спрэчка); два склады артыстаў па-рознаму даводзяць пра тое, што птушынае прызначэнне — валадарыць светам. Хітраваты красамоўца Аляксандра Казакова выдае боязь і хваляванне, сам агаломшаны вынікам; упэўнены прамоўца Цімура Муратава дасягае нахабства, сам сябе падбухторвае і цешыць. Партнёр ля трыбуны мусіць падтакваць, але для прасцяка ў выкананні Уладзіміра Грамовіча адкрываецца новы свет. Птушкі, пераймаючы ваяўнічую афінскую амбітнасць, вядуцца на прамоўніцкі запал: жыццё страціць значэнне, калі яны не возьмуць уладу! Вядома, і зверху, і знізу не пагодзяцца, зробяць захады супраціву. Тады творцы птушынае незалежнасці ўмацуюць дзяржаву сцяной! І былым суайчыннікам добра натаўкуць у каршэнь — няма чаго цягацца ды квапіцца на птушыныя правы.
Каб дасягнуць спакою, колькі трэба зазнаць неспакою? Страху? Раздражнення? Аляксей Ляляўскі правакуе нават глядацкі нюх — сутаргавыя ўцёкі з Афін тхнуць туманамі з дымавой машыны, усталяванне дзяржавы Нефелакакігіі (назву крэсляць на транспаранце) пахне нітрафарбай з балончыка і дужа нагадвае падлеткавы страйк; складнікі для духмянай печанай яешні дастаюцца з гары скрыняў, якія наседжвае (кантралюе) прасцякаваты афінянін. Але ж пакуль тыя скрыні грувасцілі адна на адну, з апантанай паслядоўнасці панабеглых і прагных да спакою паўставала... яшчэ тая дыктатура! З публічным чвартаваннем натуральна ссінелай тушкі незадаволенага!
У мастачкі Людмілы Скітовіч вынаходліва грае ўсё — ад электрычнай гітары (яна імпэтна суправаджае расповед) да антычных калон (на іх трапляюць праекцыі лясоў ды космасаў). Да птушыных выяваў і муляжоў артысты ставяцца як да прадметаў, аб’ектаў і нават аксесуараў, ужываюць птушыныя маскі, фарбуюцца пад птушак і кантрастам да штучнага (скульптурнага), боскага дэманструюць натуральнае птушынае цела (марожаную курыцу). На пяцёх артыстаў прыпадае за дваццаць персанажаў, але нават хору яны даюць рады; рэплікі пераразмеркаваны трапна, асноўныя вобразы падаюцца ў развіцці. Рэжысёрскае абыходжанне з матэрыялам п’есы па-добраму ўражвае паважлівай грунтоўнасцю, а мастакоўскія прыёмы — дасціпнасцю. Пэўны «дыктатурны» час дзеянне як бы прыціскаецца да аван- і ар’ерсцэны, то-бок як мага набліжана і аддалена ад глядзельні: кожны з былых афінян вядзе сваю лінію: адзін утрапёна і выразна, другі — баючыся схібіць. Задача колішніх уцекачоў — не зблоціць сваё шчасце. Яны не заглыбляюцца ў роздум, затое хор у складзе Валерыя Зяленскага, Іллі Соцікава і Дзмітрыя Чуйкова пад гітарныя запілы карыфея (кампазітар Леанід Паўлёнак), ціліўканне, шчыканне, свіст выдае так званую парабасу — развагі пра свет і ягонае выключнае птушынае паходжанне. Так што нават алімпійскія багі мусяць нешта рабіць. Яны кіруюцца ў Нефелакакігію, эгаістычна занятыя сваімі персонамі. Пасейдон (антычны бюст з рыбіным хвастом), Геракл, чыю старажытную выяву дапаўняе прыстасова для сілавых практыкаванняў з выніковай пародыяй на бодзібілдара, і нейкі варварскі Трыбал, маўкліва заглыблены ў сузіранне. Таргавацца з такім пасольствам можна бясконца і бяспечна — выпатрабаваць Зеўсавы скіпетр, «сімвал улады над зямлёй і небам», ды Зеўсаву дачку Базілію за жонку хітраму дыктатару (яе Арыстафан прыдумаў). Пакуль сцэна набывае падабенства апартаментаў у стылі хай-тэк, паненку дасылаюць у апячатанай дашчанай скрыні — выбітны ўзор абезгалоўленай грэцкай прыгажосці. Абрад вяселля завяршае чырвоная фарба на бялюткім мармуровым целе...
Паколькі драматургія антычная, паўсюль чакайце алегорый. Арыстафан у гэтым сэнсе бязлітасны, Ляляўскі — паслядоўны. Сціслы пералік пытанняў «птушынага» тэатра прыкладна такі: як са сціплых, законапаслухмяных грамадзян (яны ўсяго толькі прагнулі спакою!) утвараюцца дыктатары? Як дэмакратычная дзяржава робіцца ваяўнічай? Колькі важаць словы, прамоўленыя публічна? Як праз іх не патрапіць у які-небудзь закалот? І дзе той птушыны цар, што легкадумна дапусціў прайдзісвета балабоніць з падданымі? Ці не ён фігуруе ў эпілогавым вершыку Якава Палонскага, чытаным мілым дзіцячым галаском? Там пра чалавечую зайздрасць да спеўнай палявой птушачкі...