Вы стварылі дзве невялікія трупы — «Zaleski Dance Design Show» і «Barocco project», якія нечакана аказаліся непараўнальна больш запатрабаванымі, чым канцэптуальныя «D.O.Z.SK.I». Ставіце таксама харэаграфічныя сцэны для шэрагу папулярных тэлешоу (напрыклад, «Танцуй!», што паказвалася на расійскім канале). Але найперш хацелася б запытацца: чаму ўсё ж такі распаліся «D.O.Z.SK.I»?
— Я доўга думаў і ўсё ўзважваў: распускаць — не распускаць. У нейкі момант вырашыў, што калектыў больш не павінен існаваць.
Першая прычына — аб’ектыўная. Восем гадоў мы былі разам. Хтосьці з салістаў сышоў сам. У выніку са «старыкоў», якія танчылі ў нашых пастаноўках (напрыклад, у «Нічога агульнага», адзначанай прэміяй на фестывалі ў Віцебску), застаўся толькі Андрэй Дзмітрыеў. Я зразумеў, што трэба перакваліфікавацца, каб развівацца, каб адкрылася другое дыханне.
Другая прычына — суб’ектыўная. Усім было жахліва шкада развітвацца, але нікога не хвалявала, што апошнія два гады мы не давалі сольных канцэртаў. Калі выходзіць на новы ўзровень — то з дырэктарам, гастролямі, прамоўтарамі. Як гурток «D.O.Z.SK.I» існаваць не могуць. Мне наогул не падабаецца стан сучаснай беларускай харэаграфіі. Надакучыла сядзець у склепе і танчыць у трыко. А наш тэатр хай сыдзе ў беларускую гісторыю і застанецца там пад нумарам адзін. Зрэшты, у мяне ёсць відэа ўсіх пастановак. Калі ў кагосьці паўстане жаданне іх вярнуць на сцэну — калі ласка.
Ці паўплывала на закрыццё праекта «D.O.Z.SK.I» тое, што з 1 студзеня 2013 года калектыў увайшоў у трупу Маладзёжнага тэатра?
— Часткова так. Хоць пра само вырашэнне я не шкадую. Ім я займаўся тры гады, прабіваў у самых высокіх інстанцыях (ад Міністэрства культуры і вышэй). У нас засталіся добрыя адносіны з Віктарам Старавойтавым, дырэктарам Маладзёжнага. Не шкадую, што сышоў. Цяпер у тэатра добры сучасны будынак (былы Дом культуры будтрэста №1 па вуліцы Казлова, 17). Пяць гадоў ішоў рамонт, нарэшце трупа пераехала.
Ёсць яшчэ адзін момант. Нават непаразуменне. Калі я прапанаваў, каб «D.O.Z.SK.I» перайшлі пад дах Маладзёжнага, Воля Скварцова была супраць. Некалькі гадоў таму мы разышліся. Вольга стварыла з нуля сваю групу — «SKVO’S DANCE COMPANY», а я працягваў развіваць наш праект. А як толькі я сышоў з Маладзёжнага, Скварцову адразу ўзялі на маё месца.
Можна лічыць, што ваш раман з айчынным тэатрам завершаны?
— Зараз не хачу ім займацца. Зацікаўленасці беларускага тэатра ў маіх праектах няма. Даводзілася ставіць і паказваць харэаграфічныя пастаноўкі на лепшых сцэнах Масквы і Варшавы. Але некалькі размоваў з кіраўніцтвам нашага Нацыянальнага тэатра оперы і балета так нічым і не скончыліся. Хутчэй ёсць зацікаўленасць канкрэтных людзей. Такіх, як Сяргей Кавальчык (я ставіў харэаграфію ў яго спектаклі «Хітрыкі Ханумы»). Але гэта ўсё ж такі не зусім тое, чым я займаюся.
Так, мне вельмі хацелася паставіць у тэатры нешта сучаснае, але не лёс. Да стварэння спектакля сапраўды сусветнага ўзроўню, які з’яўляўся б на рынку мегаканкурэнтным, не дараслі ні я, ні гледачы. Паказальны прыклад з «Фэйсбуку». Вывешваю відэа са спектакля — пяць падабаек. Выкладваю асобны нумар з новых праектаў — лік падабаек ідзе на сотні.
Колькі ў беларускі тэатр ні ўбухваць грошай, нічога не зменіцца, пакуль няма правільнага разумення культуры. Ва ўсім свеце акцёр — публічны чалавек, зорка. А ў нас жабрацкая пазіцыя: «Прабачце, у нас капеечныя зарплаты». Тады скарачайце колькасць калектываў і зрабіце хоць бы адзін добры тэатр! Але разумею, што апошняе меркаванне — вельмі суб’ектыўнае. Нейкія змены адбываюцца толькі дзякуючы фестывалю «ТЭАРТ». Але мне ўсё адно не зразумела, чаму большасць гледачоў, якія паглядзелі спектаклі форуму, не робяць ніякіх высноў.
Чаму ж вы тады самі не ўдзельнічаеце ў «ПлаSтформе» — Адкрытым форуме пластычных тэатраў?
— Не хачу. У мінулым годзе пытаўся ў арганізатараў, ці запрасілі яны еўрапейскіх менеджараў. У адказ чую: «Не, гэта будзе проста канцэрт». Дык навошта мне тое трэба? На свае выступы я сам змагу сабраць публіку. У Еўропе ўсе менеджары, дырэктары форумаў і імпрэсарыа прыязджаюць на фестывалі за свой кошт. Калі ў калектываў атрымліваецца іх зацікавіць, заключаецца кантракт. На жаль, у Беларусі амаль няма людзей, якія маюць добрую адукацыю менеджара. А тыя, у каго такія веды ёсць, ужо з’ехалі ў Польшчу або іншыя краіны.
Такім чынам, вы вырашылі ажыццявіць перазагрузку і стварыць два праекты. Першы з іх называецца «Zaleski Dance Design Show».
— У назве адразу хацеў пазначыць, што гэта не шоу-балет, а танцавальны дызайн.
Саромеюся спытаць, але што гэта такое?
— Не хвалюйцеся, гэты тэрмін я ўвёў сам. Слова павінна падкрэсліваць, што мы займаемся чымсьці сучасным, стыльным, крэатыўным, што выходзім на новы ўзровень. Раней казалі пра афармленне пакоя, цяпер распрацоўваюць дызайн інтэр’ераў. Раней існавала прафесія прадаўца, цяпер — менеджара па продажах.
Як карабель назавеш, так ён і паплыве?
— Можна сказаць і так.
А як танцавальны дызайн выглядае на практыцы?
— Уявіце прыгарад Парыжа. Восень. Са свайго дома выходзіць элегантна апрануты малады мужчына. На руцэ — дарагі гадзіннік. Мужчына сядае ў машыну і кіруецца ў Оперу Гарнье, каб атрымаць асалоду ад выдатнай музыкі, паслухаць оперныя спевы ці ўбачыць арыгінальны харэаграфічны нумар. Але прыязджае ён не ў Оперу Гарнье, а ў рэстаран. І атрымлівае тыя ж эмоцыі. Хацелася б, каб нас асацыявалі менавіта з такім прыкладам. Бо ў «Мулен Руж» можна піць шампанскае за столікамі. Ніхто не кажа, што сабралася публіка, якая чмякае. А як мы ставімся да выступленняў на вяселлях? Звычайна гучыць пагардлівае «Фі!». А за гэтым стаіць праца велізарных салонаў і мноства агенцтваў. У некаторых мінскіх рэстаранах — «Robinson Club», «Sporting Club», «Сядзіба» (апошняя працуе ў будынку сядзібы Ваньковічаў) — такія пляцоўкі, што ім пазайздросцяць некаторыя канцэртныя залы і тэатры.
«Zaleski Dance Design Show» — гэта збольшага тыя ж «D.O.Z.SK.I», але пад іншай назвай, з вялікім акцэнтам на шоу і з іншымі ўдзельнікамі (з дзесяці чалавек засталося трое). Пры гэтым у абодвух калектывах я займаюся творчасцю. Толькі цяпер атрымліваю большае задавальненне, чым раней. На маю думку, невялікія харэаграфічныя нумары карыстаюцца попытам, а пластычны спектакль на паўтары гадзіны сёння нікому не патрэбны.
А як узнікла другая трупа, «Barocco project»? Яна перасякаецца з «Zaleski Dance Design Show»?
— Гэта зусім розныя калектывы. Акрамя мяне, як кіраўніка, іх звязвае толькі адна ўдзельніца — Алена Падольская.
«Zaleski Dance Design Show» больш статутны, можа быць — пампезны калектыў, у чымсьці звязаны з операй ці балетам. За ім пакуль прыярытэт. А «Barocco project» толькі робіць свае першыя крокі. Гэта хутчэй моладзевы, клубны праект. У ім занятыя чатыры танцоркі — Алена Падольская, Святлана Марцінкевіч, Алена Германовіч, Лізавета Усовіч. Яны скончылі харэаграфічны каледж (а я выкладаў у іх і ставіў нумары), зараз прынятыя ў трупы Опернага і Музычнага тэатраў.
Калісьці я ўбачыў на сцэне ўкраінскі гурт «Kazaky», у якім дзяўчаты і хлопцы танчылі на абцасах. Дык вось, у «Barocco project» выкарыстаны той жа прыём, толькі замест абцасаў — пуанты. Тры дзяўчыны танчаць сучасную харэаграфію (напрыклад, хіп-хоп), але стылізаваную пад класіку. Наогул у нейкі момант хацеў бы прыйсці да стварэння прадзюсарскага цэнтра. Але да гэтага трэба дарасці.
З харэаграфічным авангардам вас больш нічога не звязвае? І на паездках на фестывалі можна паставіць кропку?
— Так, авангард — гэта авангард, а шоу — гэта шоу. Але ніхто не замінае мне ўдзельнічаць у шэрагу іншых праектаў.
Я працаваў на канале СТБ у праграме «Гарады, якія спяваюць», на ўкраінскім шоу «Танчаць усе», якое таксама транслюецца СТБ. Сёлета ў чэрвені скончыўся праект «Танцуй!», які паказваўся ў эфіры расійскага Першага канала (дарэчы, у журы быў Раду Паклітару).
У мінулым годзе быў у Краснаярску, дзе ўдзельнічаў у майстэрні народнага артыста СССР Уладзіміра Васільева, што праходзіла ў рамках Азіяцка-Ціхаакіянскага фестывалю. Акрамя мяне, туды запрасілі яшчэ пяцёх харэографаў. У тым ліку Вячаслава Кулаева, аднаго з рэжысёраў цырымоніі закрыцця зімовай Алімпіяды ў Сочы, і Аляксандра Магілёва, які працуе з шоу «Танцы» на ТНТ. Разам мы паставілі шэсць міні-балетаў, аб’яднаных творчасцю пісьменніка Віктара Астаф’ева, які нарадзіўся ў Краснаярску. Дый цяпер актыўна рэалізую сябе ў шэрагу праектаў. Таму ніякай патрэбы ў дзейнасці калектыву «D.O.Z.SK.I» няма.
Дзяніс МАРЦІНОВІЧ