І па сюжэтах, і па маштабах паднятых праблем, і па сіле аўтарскіх выказванняў. І па эмоцыях — на большасці конкурсных паказаў у несентыментальнага аўтара гэтых радкоў літаральна сціскалася сэрца. Практычна ўсе з 12-ці стужак уяўлялі з сябе больш чым кіно — жыццё, падзею, эпоху.
Вось так, ад прыватнага да агульнага, ад лёсаў канкрэтных людзей да лёсаў краін і чалавецтва ў цэлым, ішлі аўтары конкурсных фільмаў. Амаль усе неігравыя работы гэтага «Лістапада» мелі два адрозненні — выкарыстанне архіўнага матэрыялу і / або вельмі працяглы (да некалькіх гадоў) перыяд працы. Як, напрыклад, у карціне-пераможцы — «Братах» Войцеха Стараня. Па словах рэжысёра мантажу, які разам з адным з галоўных герояў — Альфонсам Кулакоўскім — прадстаўляў яе на «Лістападзе», фільм здымаўся на працягу васьмі гадоў, з іх цэлых два заняў уласна мантаж. Канчатковы варыянт стаў толькі адным з магчымых спосабаў прадстаўлення гэтай неверагоднай гісторыі на экране. Стужка складаецца з шэрагу эпізодаў з жыцця двух братоў, якія ўжо ў сталым узросце перабраліся з былога СССР на сваю гістарычную радзіму ў Польшчу.
У вельмі глыбокай і пранікнёнай карціне багата ўжываюцца аматарскія здымкі аднаго з персанажаў. Яны з’яўляюцца своеасаблівымі інтэрмедыямі — успамінамі паміж эпізодамі, знятымі ў ваколіцах мазавецкага Ольштына, дзе разгортваецца асноўнае дзеянне. Практычна ўсё жыццё браты Альфонс і Мечыслаў Кулакоўскія пражылі ў Савецкім Саюзе. Войцех Старань выкарыстоўвае толькі некаторыя, але незвычайна яркія і важныя фрагменты з іх новага, еўрапейскага жыцця. Аператар з першай прафесіі, Старань не імкнецца перагружаць свой фільм наратывам, сінхронным тэкстам. Вельмі многія дэталі дзіўнай біяграфіі братоў Кулакоўскіх у выніку застаюцца за кадрам. Узамен глядач атрымлівае філасофскі, пераважна візуальны эцюд пра лёсы непасрэдных удзельнікаў гісторыі ХХ стагоддзя. Фактычна цэлага пакалення, на долю якога выпалі войны і рэпрэсіі.
Прыезд у Мінск Альфонса Кулакоўскага без перабольшання можна лічыць адной з галоўных падзей «Лістапада-2015». На жаль, многія іншыя карціны не прадстаўляў ніхто. Магчыма, гэта і паўплывала на рашэнне журы даць Гран-пры менавіта «Братам»?
Зрэшты, член журы фестывалю, дыстрыбутар са Швецыі Барыс Шульман сказаў у інтэрв’ю, што разрыў паміж фільмамі быў зусім невялікі і пераможцу выбіралі прыкладна з пяці карцін. Упэўнены, сярод гэтых пяці была і «Падзея» Сяргея Лазніцы, чарговае выказванне вядомага таксама сваімі ігравымі стужкамі рэжысёра аб прыродзе гістарычных катаклізмаў. На фестывалі фільм атрымаў спецпрыз журы.
Як і ранейшыя поўнаметражныя дакументальныя работы Лазніцы, «Падзея» змантавана з хранікальных кадраў. Знятыя 19-21 жніўня 1991 года аператарамі Ленінградскай студыі дакументальных фільмаў, яны нідзе і ніколі раней не выкарыстоўваліся. Шматфігурная, шматэпізодная кампазіцыя дае магчымасць сучаснаму гледачу адчуць пульс тэктанічнага зруху планетарнага маштабу.
Характэрна, што «Падзея» была створана са значным удзелам беларускіх спецыялістаў. Найвядомейшы гукарэжысёр Уладзімір Галаўніцкі фактычна стаў суаўтарам Сяргея Лазніцы, з самага пачатку склаўшы гукавую карту фільма. Гук у «Падзеі» адыгрывае ролю не меншую за выяўленчы шэраг. Беларускі гукарэжысёр агучыў сінхроннымі шумамі ўсе эпізоды, па-майстэрску ўжыўшы ў іх сапраўдныя дыялогі, запісаныя аператарамі ў жніўні 1991-га, фрагменты радыёперадач тых дзён, выступленні прамоўцаў і іншыя аўдыясведчанні эпохі.
Дадамо: фільм Лазніцы не адбыўся б без намаганняў мінчука-дакументаліста Уладзіміра Кучынскага — пастаяннага памочніка рэжысёра на, бадай, усіх фільмах, і без працы беларускіх тэхнічных спецыялістаў, якія давялі да належнага ўзроўню якасці старую архіўную плёнку, што праляжала на складзе чвэрць стагоддзя.
Яшчэ адной унікальнай стужкай, паказанай у дакументальнай секцыі «Лістапада», стала дацкая «Флатэль Еўропа» Уладзіміра Томіча. Гэты дзіўны твор таксама змантаваны з хронікі, толькі знятай не прафесіяналам, а аматарам на пабытовую відэакамеру ў 1992—1994 гадах на плывучым гатэлі-прытулку на адным з каналаў Капенгагена, у якім мясцовыя ўлады размясцілі бежанцаў з ваюючай Югаславіі. Аўтары фільма прыдумалі закадравую гісторыю, што дазволіла звязаць кадры запісаў у адзіны сюжэт. У выніку атрымаўся вельмі пераканаўчы аповед адразу пра тры драмы — асабістую драму сталення хлопчыка з сям’і ўцекачоў, драму яго родных, вымушаных кінуць родную зямлю і блізкіх, а таксама драму краіны і нацыі, якія на вачах гледача знікаюць не толькі з карты свету, але і са свядомасці людзей.
Архіўныя дакументы, на гэты раз фатаграфічныя, ляжаць і ў аснове літоўскай карціны «Майстар і Таццяна» Гедрэ Жыкітэ аб складаным і супярэчлівым жыцці і каханні фотамастака Вітаса Луцкуса. Узорная па якасці выкарыстання фотаматэрыялаў стужка стваралася на працягу трох гадоў з пастаянным фінансаваннем з боку Міністэрства культуры Літоўскай рэспублікі. Украінскі фільм «Жывы агонь» Астапа Касцюка здымаўся ў Карпацкіх гарах цягам чатырох гадоў па заказе адпаведнага дзяржаўнага агенцтва па кінематаграфіі.
Сваю карціну «Беларусь. Найноўшая гісторыя» Галіна Адамовіч, адзіная ўдзельніца міжнароднага конкурсу ад нашай краіны, зрабіла вельмі хутка, за некалькі месяцаў. Але перыяд, паказаны ў стужцы, ахоплівае апошняе дваццацігоддзе і праілюстраваны кадрамі з фільмаў студыі «Летапіс» ды інтэрв’ю іх герояў і аўтараў. На фоне астатніх твораў фестывальнай праграмы гэтая карціна моцна вылучалася сваім тэлевізійным фарматам. Думаецца, пару ёй магла скласці стужка-пераможца дакументальнай секцыі нацыянальнага конкурсу «Лістапада» «Госці» Андрэя Куцілы — рэгламент большасці фестываляў не забараняе паралельны ўдзел работ у нацыянальнай і міжнароднай секцыях.
Праграма «Лістапада-2015» дэманстравала фільмы, рэжысёрскія прыёмы ў якіх не зусім супадаюць з тэндэнцыямі апошняга дзесяцігоддзя. Ці значыць гэта, што ў свеце неігравога кіно складваецца новы трэнд? Тым не менш у конкурсе было некалькі стужак, знятых у тыповай для апошніх гадоў вострамоднай манеры дакументальнага сінема верытэ: «Дзіўныя часціцы» дэбютанта Дзяніса Кляблеева (вучня знакамітай майстэрні расійскага рэжысёра Марыны Разбежкінай), румынская карціна «Тато і яго сёстры» Аляксандра Нанеу і неверагодны «Кітайскі мэр» Чжоў Хаў.
Апошні фільм быў цалкам годны галоўнага прыза. Яго аўтарам удалося падабрацца на мінімальную адлегласць і пражыць некалькі месяцаў побач з кіраўніком буйнога індустрыяльнага горада — адной з культурных сталіц старажытнага Кітая. Менавіта пра культуру клапоціцца мэр, які вырашыў аднавіць у цэнтры гістарычную гарадскую забудову: «Калі мы прыязджаем у Парыж ці Лондан, то бачым не заводы і фабрыкі, а культуру», — кажа ён на нарадзе. «Кітайскі мэр» дзівіць не толькі вельмі напружаным і цікавым сюжэтам, але і самім сэнсам аўтарскага выказвання пра прыроду палітычнай улады і яе рухаючую сілу. Улічваючы тэму, у гісторыі дакументалістыкі гэты фільм з’яўляецца ўнікальным выпадкам.
Уласна, як практычна кожны твор «Лістапада-2015». Бо, у адрозненне ад ігравога кіно, дакументалістыка — гэта яшчэ і рэальныя гісторыі, абсалютна непаўторныя сітуацыі. Якраз сёлета такія фестывальныя гісторыі былі найбольш важныя і паказальныя.
У канцы варта выказаць крамольную думку. Дакументальная секцыя прысутнічае на большасці фэстаў сусветнага ўзроўню. Але па-сапраўднаму важныя для дакументальнага кіно форумы спецыялізаваныя. «Лістападу» даўно наспела пара вызначыцца з фестывальнай стратэгіяй. Прынамсі ў гэтым годзе дакументальная секцыя Мінскага міжнароднага цягнула на паўнавартасны фестываль.
Антон СІДАРЭНКА