А яшчэ выступленні рэжысёраў і акцёраў і абмеркаванні ў прэс-цэнтры, якія сёлета былі асабліва прадуктыўнымі ды прыязнымі. Не стамляюся здзіўляцца і глядацкім пытанням. Увогуле «Маладосць на маршы», на мой погляд, існуе як маленькая дзяржава ў дзяржаве, дзе жыхары асабліва адчувальныя да новага, нават калі гэта парасткі і дыханне доўгачаканай свежасці.
«Чаму мы больш не ўсміхаемся?..»
Такім пытаннем задалася Фані Ардан у «Дакучлівых рытмах» — стужцы аб тым, як сыходзіць каханне. Кіназорка называе свой твор фільмам «з любоўю, з яе запалам, радасцю і пакутай». Цікава, як гэта: быць вялікай актрысай і рэжысёркай-пачаткоўцам? Быць такой прыгожай і цярпліва выслухоўваць кампліменты, хоць фільм ніякай узнагароды не атрымаў: ён сапраўды з ірваным рытмам, з фарсіраванай акцёрскай гульнёй, якая, на маё вока, магла быць больш выверанай. Але затое ёсць адчуванне выдатнай Італіі, яе не схаваеш, нават калі вельмі хочацца, а Фані хацела. Хацела паказаць месца без выразнай ідэнтыфікацыі, толькі як фон «для гісторыі кахання». Актрыса выступіла тут і аўтаркай сцэнара — літаратурная праца ёй спадабалася, асабліва той факт, што «пра тэкст можна спрачацца, як пра футбол». Сцэнар і праца мастака, на маю думку, асабліва ўдаліся. Трывожнае «Чаму мы больш не ўсміхаемся?..» можна адрасаваць некалькім стужкам: «Лета Сангайле», «Смага», «Спакой нам толькі сніцца». Калі кожная з іх прадставіла сваю інтэрпрэтацыю адзіноты, адзіноты ўдвох, утрох і г.д., то «Сямейны фільм» жорстка гэтыя калізіі працытаваў. Так, бацькі і дзеці могуць ненадоўга разлучыцца, але дзіця рызыкуе трапіць у бальніцу. Так, дарослыя могуць дазволіць сабе гламурнае падарожжа «на выспы» да Каляд, але з морам не жартуюць, і выспы, да жаху, часам толькі бязлюднае, з бураломам і ледзяным ветрам месца. Нават клапатлівы, інтэлігентны брат можа апынуцца бацькам твайго дзіцяці, і «дзякуй яму за гэта, бо ён падарыў нам сына і выратаваў наш шлюб».
Не ясна, ці выратаваны шлюб «Чалавека ў сцяне» — фільм не стаў фаварытам збольшага праз завышаныя чаканні: заяўлены як «камерны трылер», сюжэт сапраўды развіваўся па гэтым шляху аж да самай развязкі. Але драматургія, як на мяне, зрабіла занадта рэзкі спуск: трылер апынуўся бытавой гісторыяй, дзе ўсё скончылася выкрыццём нявернай жонкі. Фінал, праўда, вяртае напал — жорсткае разбіральніцтва ледзь не сталася забойствам, разрыў, спроба самагубства і спроба даравання. Але для таго, каб разгарнуць гэты фінал належным чынам, часу (напрыклад, другой серыі) не хапіла. Атрымалася страшнаватая інтрыжка, у якой, пры цікавых рэаліях жыцця сучаснай гарадской сям’і не хапае лёгкасці, як гэта сапраўды часта адбываецца ў драмах аднаго дома і аднае ночы.
Усе фільмы праграмы досыць яркія і цяжкія па светаўспрыманні. Ніхто, акрамя лесбіянкі, не ўважлівы да дачкі шчаслівых бацькоў («Лета Сангайле»). Не пакідае шанцаў сваім героям «Смага»: яны змагаюцца з неабходнасцю і шукаюць шчасця, але са складанай канструкцыі адносін дзвюх сем’яў выпадае адно звяно — гіне сабака — і тут жа ўся камбінацыя распадаецца, аж да смерці герояў.
А візуальна кожны з твораў — проста свята, гэта відавочна моцны бок маладога кіно.
Не хапіла паветра
Тут хачу распавеcцi пра стужкi, добра прынятыя гледачом, цікавыя, але настолькі сацыяльна пазнавальныя, пагружаныя ў пабытовыя рэаліі, драмы і сувязі, што ніякай прасторы для ўяўлення, для глядацкага палёту ўжо не застаецца.
Такі «Будан»: у казахскай глыбінцы маладыя людзі, здольныя да любові, толькі падманваюць, крадуць, б’юць адзін аднаго, крычаць — і гэта норма жыцця, ніякі не экстрым.
Такія, на мой погляд, «Піянеры-героі», карціна, што атрымала прыз «За лепшы фільм конкурсу ігравога кіно «Маладосць на маршы» імя народнага артыста СССР кінарэжысёра В.Т. Турава» і прыз «За лепшы акцёрскі ансамбль». Безумоўна, яркая стужка, знятая па выразных рэжысёрскім і сюжэтным сцэнарам, з выдатнай працай артыстаў. Правільна зробленая, з грамадскім пасылам і стратэгіяй. Рэжысёрка і выканаўца адной з вядучых роляў Наталля Кудрашова — вучаніца Анатоля Васільева, яна сама прадставіла карціну і выслухала прадказальныя падзякі публікі. У фільме ёсць адзін вельмі каштоўны і адказны момант: увага да лёсу маленькага чалавека, яго глыбіннага вектару. І трывога герояў, вонкава паспяховых людзей, у жыцці якіх няма чагосьці галоўнага, вядома, падкупляе. Адказ ляжыць на паверхні: няма сям’і, няма веры... Але занадта шмат сацыяльнага апускання, занадта відавочная праблематыка.
«Ну, не хапае паветра», — усё, што можна было б дадумаць у зададзеных абставінах, відавочна акрэсленых сюжэтам. У гэтым плане характэрныя каментары рэжысёркі, маўляў, у нас у Маскве ўсе звяртаюцца да псіхатэрапеўтаў, а тыя людзям не дапамагаюць, толькі грошы выпампоўваюць... Вось для добрай актрысы праца ў серыялах не тое, чым можна займацца сур’ёзна... І гэтак далей. Але ж кіно — не відэаілюстрацыя грамадскай праблемы.
Мне здалося дзіўным, што такая сацыяльная прыхільнасць праявілася ў маладых аўтараў (на шчасце, не ўсіх). Магчыма, гэта пошукі кампрамісу з мэйнстрымам. Хоць у выніку гледачы аддалі перавагу эпічным абагульненням і метафарам. Неадменнай гармоніі чалавечага і прыроднага, разумнага і інтуітыўнага пачаткаў — з прыярытэтам апошняга. Увогуле рамантыцы...
Патрэбныя смеласць і лёгкае стаўленне
Зусім іншая лінія, акурат з дыханнем, з мастацтвам непрадказальным, як само жыццё. «Бараны» («Прыз глядацкіх сімпатый», Ісландыя наогул выходзіць у топ найцікавейшых кінадэбютаў) і «Венсан» (мой выбар) зробленыя на зусім рознай фактуры: пажылыя браты-фермеры ў Ісландыі і маладая пара ў французскай правінцыі. Але творы гэтыя не пра авечак і каханне з прыгодамі, а пра цывілізацыйныя зрухі, да якіх мы ці гатовыя, ці не.
«Бараны» — гісторыя вельмі моцная, глыбока чалавечная, з першага кадра ўздымаецца да абагульнення. Архетыповыя лініі: два браты заўсёды побач і заўсёды ў сварцы, асаблівы чалавек у гарах, асаблівы чалавек з жывёламі, чалавек у цяжкай штодзённай працы. Гэткі лад жыцця вытрымае не кожны. Але свет, уладкаваны так трывала, так даўно, у такой гармоніі і з такой логікай, аказваецца ўразлівым. Больш за тое: ілюзія, што героі маюць права нешта зрабіць для яго выратавання, прыводзіць да згубы. Прычым літаральна, і ўжо не толькі авечкі гінуць згодна з правіламі ветэрынарнага каранціну, але і людзі, замірыўшыся ў бядзе і схаваўшыся пад снегам. Мяне да гэтага часу пераследуе думка, што сівыя галовы Гумi і Кiдзi навекі засталіся са сваімі дзіцячымі імёнамі.
А вось «Венсан — чалавек-амфібія без лускі» — зрух радасны, зрух да неверагоднай цывілізацыі, якая, напэўна, прыгожая і трохі палохае, але дакладна не банальная. Рэжысёр і суаўтар сцэнара Тама Сальвадор выконвае галоўную ролю, акрамя таго ён альпініст і каскадзёр. Ягоны герой — сціплы чалавек з узрушальнай пластыкай, бо мае асаблівае сваяцтва — з вадой. Ён можа бясконца доўга плыць, і робіць гэта, імкліва апярэджваючы ўсё, з чым можна было б параўнаць хуткасць. Нават выліўшы на сябе ваду з бутэлькі, ён знаходзіць невытлумачальную сілу. Але, дапамагаючы сябру, Венсан выдае сябе, і да гісторыі падключаецца паліцыя. Ён становіцца ізгоем. Верагодна, гэта адбываецца не першы раз, таму што ні зрабіць кар’еру, ні ажаніцца ніяк не атрымліваецца. Бо ёсць вада і яе таямніца. Гісторыя — не без дапамогі закаханай дзяўчыны — заканчваецца шчасліва: атрымаўшы гідракасцюм, герой хаваецца і выплывае, мяркуючы па пейзажы, дзесьці бліжэй да скандынаўскіх астравоў. Неяк выбіраецца на бераг, па-ранейшаму вольны, і цяпер ён сярод нас, непрыкметны чалавек, у якога асаблівыя стасункі з вадой.
***
...На мой погляд, «Маладосць на маршы — 2015» атрымалася як праграма аб паветры, якога ці не хапае, ці дастаткова. Па якой шкале вымяраць прастору жыцця, фантазіі і неабходнага дыхання? Не ведаю, але ўсё гэта патрэбна, інакш тое і не кіно.
Любоў ГАЎРЫЛЮК