У 2015-м увесь свет адназачае 120-годдзе кiно, якое вядзе сваю храналогiю з першага кiнапаказу, зладжанага братамі Люм’ер у Парыжы. Не мог застацца ў баку ад гэтых святкаванняў i «Лiстапад»: дэвiз фестывалю — цытата з кнiгi класiка менавiта французскага кiно Франсуа Труфо «Асалода для вачэй» (так рэжысёр называў мастацтва кiно), а самай вялiкай зоркай фэсту сёлета стала муза Труфо, французская актрыса Фанi Ардан. Цiкава, что прыезд у Мiнск спадарыні Ардан быў не толькi вiзiтам ветлiвасцi: фiльм «Дакучлiвыя рытмы», зняты ёю ў якасцi рэжысёркі, прыняў удзел у фестывальным конкурсе «Маладосць на маршы». Яшчэ адзiн госць «Лiстапада», якi зышоў на форумную сцэну проста з нябёсаў вялiкага кiно, — фiлiпiнскi рэжысёр Брыльянтэ Мендоса. Пачаўшы здымаць кiно толькi 10 год таму, у 45-гадовым узросце, сёння Мендоса — уладар вышэйшых узнагород самых прэстыжных кiнафэстаў свету: Лакарна, Берлiна, Канаў, Венецыi... Ён лiчыцца адным з найбольш уплывовых рэжысёраў, якi адкрыў новую мову кiно ў той час, калi (як падаецца) усе адкрыццi ўжо былі зробленыя. У Мiнск спадар Брыльянтэ прывёз стужку «Пастка», што сёлета на Канскiм фестывалі атрымала спецыяльную ўзнагароду Экуменiчнага журы. Тое ўжо другi вiзiт фiлiпiнскага майстра на «Лiстапад»: гэтым разам, акрамя прэзентацыi свайго кiно, Мендоса правёў майстар-клас, на якiм прадэманстраваў фiльм аб працэсе стварэння «Пасткі», а таксама адказаў на пытаннi аўдыторыi. Такiмі асабiстымі сустрэчамі наш фэст дае сваёй публiцы сапраўды ўнiкальную магчымасць атрымаць не толькi асалоду для вачэй, але i эксклюзiўныя веды пра кiно. Менавiта з адукацыйнай мэтай у гэтым годзе ў рамках «Лістапада» ўпершыню пачала працаваць «Iндустрыяльная панэль» — пляцоўка, закліканая даць маладым кiнематаграфiстам магчымасць атрымаць прафесiйныя веды з першых вуснаў: цi ад адборшчыка фiльмаў на Берлiнскi мiжнародны фестываль Мiкалая Мiкiцiна, цi ад уплывовых прадзюсараў Сiмонэ Баўман (Германiя) i Сiльвена Бiгелейсэна (Бельгiя) ды iншых. На жаль, ёй скарысталася няшмат маладых беларускiх кiнадзеячаў. Але, безумоўна, наяўнасць майстар-класаў — прыкмета таго, што «Лiстапад» спадзяецца не толькi забаўляць публiку, але i гадаваць маладую кiнаэлiту.
Святло ў цёмным пакоi
Цiкава, што нават пры такой насычанай разнастайнай праграме, як у сёлетняга «Лiстапада» (6 конкурсных i 2 пазаконкурсныя блокi), найбольшую цiкавасць гледачоў выклікаў нацыянальны конкурс, якi праводзiцца ў межах фестывалю ў другi раз. «Калi летась мы абвясцiлi нацыянальны конкурс, было адчуванне, што мы ўваходзiм у цёмны пакой, — кажа Iгар Сукманаў. — Нас шмат крытыкавалi за ўзровень фiльмаў у гэтай катэгорыi. Таму мы наўмысна стварылi асобную нiшу для новых беларускiх стужак, не ўключалi iх у асноўныя блокі. Дарэчы, такiм самым чынам працуе i селекцыя Канскага кiнафестывалю: ёсць асноўны конкурс i паралельныя праграмы. Але, ведаеце, як бы мы ні ставiлiся да мастацкага i прафесійнага ўзроўняў фiльма, калi ён збiрае поўную залу, калi гледачы звяртаюцца з просьбай зрабiць яшчэ 2-3 паказы — мы не маем права iгнараваць такiя карціны». Дадам: гаворка iдзе пра стужку «ГараШ» Андрэя Курэйчыка, узровень якой быў раскрытыкаваны прафесiяналамi, але якую вельмi горача прыняла маладая глядацкая аўдыторыя.
Тут варта адзначыць: нацыянальны конкурс «Лiстапада» фармуецца праз фiльтр адборачнай камiсii — прафесiяналаў. Сёлета на конкурс было пададзена каля 100 ігравых, дакументальных i анiмацыйных твораў. Пераможцам стала стужка «Беларускi псiхапат» маладога рэжысёра Мiкiты Лаўрэцкага, працы якога, па словах Iгара Сукманава, знаходзяцца па-за межамi сучаснай класiфiкацыi кiно: i не прафесiйнае, i не аматарскае — нейкi суцэльна новы погляд. Па каментар пра неабходнасць конкурсу нацыянальных фільмаў у межах мiжнароднага фестывалю мы звярнулiся да старшынi журы кiнапрэсы Сяргея Трымбача — прэзiдэнта Асацыяцыi кiнакрытыкаў Украiны i старшынi Нацыянальнага саюза кiнематаграфiстаў Украiны:
— Сёння ва Украiне ладзяцца два буйныя мiжнародныя кiнафестывалi: «Молодiсть» у Кiеве i Адэскi кiнафэст. Кожны з iх вялiкую ўвагу надае маладому ўкраiнскаму кiно. У Беларусi мне перш за ўсё цiкава пабачыць менавiта беларускае кiно, а не французскае альбо нямецкае. Таму вельмi важна, каб ваш нацыянальны конкурс меў далейшае развiццё. Думаю, яшчэ два-тры гады — i на Беларусi можа з’явiцца звышмоцнае кiно. Але яно павiнна «зварыцца» тут, у сваiм асяроддзi. I конкурс у межах «Лiстапада» — гэта менавiта той магнiт, якi здольны згуртаваць вакол сябе маладых рэжысёраў.
Лепшы ўрок «Лiстапада»
Як мы памятаем, доўгi час галоўным журы нашага кінафоруму былi самi гледачы. Менавiта на падставе глядацкага галасавання вызначаўся пераможца фестывалю. Цяпер права вырашаць лёс золата «Лiстапада» належыць прафесiйнаму журы, якое сёлета ўзначалiў вядомы расійскi рэжысёр Вадзiм Абдрашытаў. Калi кінааматары адзначылi найбольшай колькасцю галасоў iсландскую стужку «Бараны», то афіцыйнае журы аддало перавагу балгарскай драме «Урок», такiм чынам яшчэ раз адзначыўшы тэндэнцыю адраджэння балгарскага кiнематографа.
У 2015-м балгарскае кiно святкуе 100-годдзе. І велiзарны поспех стужкi «Урок» на кiнафэстах ва ўсiм свеце — здаецца, лепшы падарунак да гэтай круглай даты. Перамога дэбютнай працы Крысцiны Грозевай и Петара Вылчанава на мiнскiм фестывалі — заканамернасць: лёс «Урока» нагадвае леташні трыумф украiнскай карціны «Племя». Амаль на ўсiх кiнафорумах свету фiльм Грозевай і Вылчанава атрымаў вышэйшыя ўзнагароды! Прэм’ера стужкi адбылася на фестывалі ў Таронта, дзе яе адразу закупілі для пракату ў Канадзе i ЗША. Потым трафеi былi здабытыя ў Токiа, Салонiках, Варшаве, Варне... На фэсце ў Сан-Себасцьяне «Урок» атрымаў Гран-пры як лепшы поўнаметражны дэбют, а ў Гётэборгу — узнагароду iмя Iнгмара Бергмана. Сёння з такой багатай калекцыяй вышэйшых адзнак карціна лiчыцца адной з самых паспяховых балгарскiх кiнастужак за апошнiя два дзесяцiгоддзі.
Чым так уражвае «Урок» гледача i прафесiйных крытыкаў? Фiльм заснаваны на рэальных падзеях: аўтары прачыталі газетную нататку пра настаўнiцу з правiнцыi, якая абрабавала банк. Усе абставiны напярэдадні злачынства i тое, што адбылося далей, сцэнарысты i рэжысёры дадумалi, ставарыўшы сапраўды ўнiверсальную гiсторыю пра добрага i прыстойнага чалавека, якi быў даведзены абставiнамi да крайнасцi. Карціна знятая ў распаўсюджанай цяпер манеры, калi кiнакамера працуе не статычна, а паўсюль рухаецца за галоўным персанажам, быццам звычайная відэакамера або нават камера назiрання, што дае гледачу адчуць эфект непасрэднай прысутнасцi ў жыццi гераiнi. «Урок», паводле задумы аўтараў, з’яўляецца першай часткай будучай трылогii пра жыццё людзей у сучаснай Балгарыi ва ўмовах, калi чалавечнасць становiцца ўсё больш рэдкай якасцю.
Мёд цi дзёгаць?
Аўтарытэты свету кiно, запрошаныя на «Лiстапад-2015», аднагалосна адзначаюць высокi ўзровень праграмы фестывалю, аднак не пакiдаюць без ўвагi недахопы арганізацыйныя. Напрыклад, якасць сцэнароў цырымонiй адкрыцця i закрыцця форуму, на падставе якіх было створана амаль двухгадзiннае дзейства, што сваёй маруднасцю i працягласцю нагадвала партыйнае паседжанне савецкiх часоў. Так, дырэктар Варшаўскага мiжнароднага кiнафестывалю Стэфан Лаўдын адзначыў:
— У нас на фестывалі цырымонii адкрыцця ўвогуле няма! Ёсць толькi фiльм, якiм адкрываецца форум. Час ад часу да нас прыходзяць мiнiстр культуры i мэр Варшавы. Нiякiх прамоў яны не кажуць. Мэр сёлета толькi прамовiў: «Фестываль адкрыты!» — i ўсё. Тое ж самае з закрыццём фэсту: некалькi гадоў таму цырымонiя закрыцця Варшаўскага кiнафестывалю доўжылася 21 хвiлiну — гэта быў рэкорд! За гэты час мы паспелi ўручыць 14 узнагарод.
Вы не першы раз гасцюеце на «Лiстападзе». Якое ўражанне пакiнуў сёлетні форум?
— «Лiстапад» — гэта патаемны скарб. Калi б толькi людзi за межамi Беларусi ведалi, што тут ладзiцца фэст такога ўзроўню, яны б прыязджалi да вас з усiх куткоў свету! На мой погляд, у фестываля ёсць вялiкая праблема з пiярам. Лiчу, што вам патрэбна неадкладна заявiць пра сябе, а для гэтага дастаткова запрасiць журналiстаў i кiнакрытыкаў з уплывовых спецыялiзаваных выданняў кшталту «Variety» або «Screen». Яны не застануцца абыякавымi да пабачанага тут, бо праграма «Лiстапада» сапраўды вельмi моцная. Я шмат разоў бываў у журы розных кiнафэстаў: часам ты глядзiш дзявяты з дзесяцi фiльмаў конкурсу i яшчэ не маеш нiводнага кандыдата на ўзнагароду. А ў Мiнску мы толькi палову праграмы праглядзелi, як у нас ужо было 5-6 iмёнаў, якiя б мы хацелi адзначыць.
Цi атрымалася ў вас пабачыць беларускае кiно?
— Не, але я вельмi хацеў бы! Я прапанаваў стваральнiкам форуму зрабiць у наступным годзе беларускi дзень i даць магчымасць замежным гасцям пазнаёмiцца з вашай кiнаiндустрыяй. Фестываль — вельмi значная платформа для прасоўвання нацыянальнага кiно. Я, напрыклад, магу шмат чаго зрабiць для польскiх кiнематаграфiстаў, але не магу паглядзець польскае кiно вачамi замежнага гледача. Дзеля гэтага мы запрашаем у Варшаву агентаў па продажах, адборшчыкаў i пракатчыкаў з усяго свету. I таму польскiя фiльмы ўвесь час не сыходзяць з экранаў. Я памятаю, што ўкраiнская стужка «Племя», леташні трыумфатар, была прадстаўлена на Варшаўскiм кiнарынку яшчэ не дарэшты скончаная. Яе блiскучая гiсторыя пачалася менавiта з Варшавы. Таму я раю вам паказваць беларускае кiно.
Настасся КАСЦЮКОВІЧ