Унікальную методыку гэтага віду тэатра, які паўстаў на стыку псіхалогіі, педагогікі і ўласна відовішчаў, вынайшаў бразільскі тэатральны актывіст Аўгуста Бааль пры канцы 1960-х. У спектаклі бяруць удзел і гледачы, бо менавіта ад іх рэакцыі залежаць вырашэнні сцэнічнага канфлікту. Калі Бааля, ужо сусветна вядомага тэатральнага дзеяча, абралі дэпутатам, ён карыстаўся вынайдзенымі арт-метадамі для прасоўвання важных сацыяльных законапраектаў. Дзякуючы «Новым абліччам» з 2004 года форум-тэатр асталяваўся і ў Беларусі.
Айчынныя форум-тэатры ўстурбавалі вострыя тэмы: «БАСС» распавядала пра адаптацыю ў грамадстве людзей з інваліднасцю і праблемы білінгвізму; эксперыментальны тэатр «EYE» (Мінск) разбіраўся, ці можа чалавек нестандартных жыццёвых перакананняў паводзіць сябе ў адпаведнасці з грамадскімі нормамі; маладзёжны тэатр «Кола» (Віцебск) разблытваў таямніцы сямейных дачыненняў; тэматычны форум-спектакль прадставіў Цэнтр падтрымкі і рэабілітацыі анкапацыентаў. «Новыя абліччы» зладзілі важную ўводную лекцыю пра сутнасць і методыку форум-тэатра і прапанавалі эксперыментальную пастаноўку, каб усе ахвочыя (і гледачы, і прафесійнікі) мелі магчымасць папрактыкавацца.
Пераважная частка размаітай публікі (па ўзросце, перакананнях, светапоглядзе) трапіла на форум-тэатр упершыню, але не вымыкалася з працэсу гульні, дыскутавала і не вымагала заахвочвання. Напрыклад, спектакль Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання пад назвай «Мова» — пра дзяўчынку, якая хоча размаўляць і вучыцца па-беларуску, чым правакуе неадназначнае стаўленне раўналетак і дарослых, — выклікаў актыўныя спрэчкі і абмеркаванні, згадкі з уласнага досведу і настолькі моцны саўдзел, што дзесяціхвілінная пастаноўка доўжылася дзве гадзіны і нагадвала спраўны дыскусійны клуб. Такім чынам, галоўная мэта сустрэчы — папулярызацыя форум-тэатра — была дасягнута хутка і без асаблівых намаганняў.
Форум-тэатр — метад мінімалістычны. Ён амаль не вымагае дэкарацый, не маюць вялікага значэння гукавыя і светлавыя эфекты, што робіць форум-спектакль, так бы мовіць, «лятучай» тэатральнай формай. Асноўны цяжар прыпадае на акцёрскае выкананне, таму поспех альбо правал форум-пастаноўкі вырашае ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Айчынныя калектывы мусяць вельмі ўважліва ставіцца да распрацоўкі характараў персанажаў, да дэталяў, да імавернасці прапанаванай сітуацыі, бо калі яна акрэсліваецца ўмоўна ці намёкамі, персанажы робяцца двухпамернымі, надзеленымі хіба адной пераважнай рысай і няздольнымі да псіхалагічнай гнуткасці. Дый Джокеру — медыятару паміж гледачамі і артыстамі, які кантралюе працэс заменаў і абмеркаванняў, — даводзіцца трываць падвоеную нагрузку, кампенсуючы выдаткі акцёрскага выканання.
На гэтыя акалічнасці трапна звярнуў увагу рэжысёраў заслужаны тэатральны прафесійнік, знаны рэжысёр Георгій Баравік, які наведаў фестываль у якасці гледача. Дарэчы, ён быў не адзін. А гэта сведчыць пра тое, што беларускі форум-тэатр дасягнуў мэты запавету Аўгуста Бааля: каб замест муроў будаваліся масты.
Уладзімір ГАЛАК