Віктар КУРАШ: "Пад знакам духоўнай еднасці"

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Тэатр, сапраўды, не мае межаў. І гэта хутчэй не прасторавая адметнасць, а пазнака духоўнай еднасці служыцеляў і прыхільнікаў сцэны ва ўсіх кутках свету. Тэатр, на маю думку, павінен апярэджваць час, творча пераасэнсоўваць яго, пераствараць і насычаць дабрынёй.

 /i/content/pi/mast/6/161/Kurash1.jpg
Калі тэатральная дзея ігнаруе жыццё, адстае ад часу, яна няўхільна пераўтвараецца ў бяздумнае відовішча, перастае быць правадніком жывой думкі, носьбітам кранальнага слова і стымулам для стваральнай творчасці. І я проста перакананы, што тэатральны працэс не абмяжоўваецца прасторай нейкай адной дзяржавы. Гэта з’ява сусветная, бязмежная, адкрытая і толькі таму -- самадастатковая і агульнакарысная. Так магутны акіян сілкуюць тысячы невялікіх, але імклівых рэк. І беларускі нацыянальны тэатр, натуральна, займае сваё сталае рэчышча ва ўсеагульным неабдымным тэатральным мастацтве.
Але рух наперад немагчымы без узаемапранікнення і ўзаемаўзбагачэння ўсіх нацыянальных культур. І менавіта гэтую задачу ставіць перад сабой Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва «Панарама», які ладзіцца ў Мінску вось ужо трэці раз. Панарама рэжысёрскіх і акцёрскіх талентаў і здабыткаў, панарама ўсяго адметнага, што ёсць сёння ў мастацтве Мельпамены… І, натуральна, гэта не толькі міжнародная творчая справаздача, але і адмысловая лабараторыя па аналізе, абагульненні і распаўсюджванні досведу, карпатліва
 /i/content/pi/mast/6/161/Kurash2.jpg
назапашанага за апошнія гады тэатраламі самых розных краін, майстар-класы знаных рэжысёраў і драматургаў, «круглыя сталы» па абмеркаванні праблем сусветнага тэатра, сустрэчы з улюбёнымі акцёрамі…
Прымаць «Панараму» ў Мінску не толькі пашанотна, адказна і прэстыжна. Гэта ў першую чаргу карысна для далейшага развіцця і міжнародных стасункаў, і беларускага мастацтва. Фестываль, як і раней, абяцае быць вельмі маштабным: васемнаццаць спектакляў з дзевяці краін, журналісты, тэатральныя крытыкі і майстры сцэны з Бона, Варшавы, Іерусаліма, Стакгольма, Вільні, Таліна, Караганды, Кіева, Масквы, Мінска і Гомеля, сотні ўдзельнікаў і тысячы гледачоў. Задзейнічаны будуць, безумоўна, лепшыя сцэнічныя пляцоўкі нашай сталіцы. Не сумняваюся, беларуская гасціннасць будзе годна пацверджана чарговы раз, а мінскае тэатральнае свята пройдзе пад знакам духоўнай міжнароднай еднасці, пакіне незабыўны адбітак у глядацкіх душах і падштурхне нашых творцаў да новых маштабных ідэй і арыгінальных тэатральных праектаў.
Да сустрэч на «Панараме»!

Віктар КУРАШ,
начальнік упраўлення культуры
Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта