Ён заўжды выбіраў спектаклі на свой густ і рызыку (амаль кожны трэці быў знакавым), зважаў на доўгатэрміновую працу з гледачом — і дамогся незвычайнага выніку. Глядзельні, больш выхаванай і падрыхтаванай за берасцейскую, у краіне няма. Яна апаноўвала цэнтральную гарадскую плошчу, каб пільнаваць жыццё вялікага кабзара (спектакль Львоўскага духоўнага тэатра «Уваскрасенне» ў пастаноўцы Яраслава Федарышына), шчамілася на малую сцэну дзеля двух выканаўцаў спектакля «Маручэла» Тэатра «Nikoli» з Кракава ў стылістыцы нямога кіно і фільмаў Федэрыка Феліні, журылася з «Султанам Бейбарсам» (Казахскі акадэмічны тэатр імя Мухтара Аўэзава) па страчанай радзіме і вітала надзвычайную баявую пластыку масоўкі...
Спектакль «Ю» «Невялікага драматычнага тэатра» з Санкт-Пецярбурга фестывальныя заўсёднікі вылучылі адным з найлепшых.
Мастацкі кіраўнік тэатра Леў Эрэнбург (прыз фэсту ў 2014 годзе «За лепшую рэжысуру») вядомы сваімі кідкімі пастаноўкамі з заглыбленнем у псіхалогію персанажаў, рэзкай арытміяй дзеяння і моцнымі акордамі фінальнага ўздыму. Дзеянне «Ю» Вольгі Мухінай адбывалася ў савецкай камуналцы, чые няпростыя пабытовыя ўмовы адпавядалі складанаму ўнутранаму жыццю персанажаў: усе яны любяць, але не заўжды разумеюць, каго менавіта. Эмацыйна-пачуццёвая вяршыня спектакля — Жанчына (Хельга Філіпава); яе першы выхад выклікаў глядацкую гідлівасць, а фінальны — захапленне. Ліхую часіну акружэння, палону, савецкіх лагераў ёй асветліла каханне, надаўшы моцы ды нязломнасці.
Поспех пастаноўкі Роўненскага музычна-драматычнага тэатра «Апошні тэрмін» паводле Валянціна Распуціна ў рэжысуры Уладзіміра Петрыва (прыз фэсту ў 2014 годзе «За лепшы спектакль малых формаў») не змог бы прадказаць ніхто. Ён суправаджаўся аўтэнтычнымі ўкраінскімі песнямі і быў пабудаваны як песня, даючы шырокую прастору для акцёрскага самавыказвання паводле законаў усходнеславянскага псіхалагічнага тэатра.
Вяршыняй леташняй «Белай вежы» зрабілася «Кніга Ёва» («Гран-пры» фестывалю) тэатра «Meno Fortas» у пастаноўцы Эймунтаса Някрошуса, дзе за чалавека змагаліся Бог і Д'ябал, пры гэтым Бог выявіўся агрэсіўным, а Д'ябал — вынаходлівым. На сцэне вяла рэй складаная сістэма метафар: вялікі крыж укрываў героя, вузкая брама прачыняла шлях у рай. Кожнае выпрабаванне ставіла перад перад Ёвам праблему выбару на экзістэнцыйным узроўні. Ён страчваў багацце, дабрабыт, рыхтаваўся ахвяраваць дзецьмі... Дзе пакладзена мяжа чалавечаму цярпенню і стойкасці? Артыст Рэмігіюс Вілкайціс зрабіўся вартым паплечнікам вялікага Някрошуса: ягонае выкананне зазнала ўплыў тэатра абсурду і адначасова яго можна было аднесці да вышэйшых дасягненняў тэатра псіхалагічнага. Грандыёзнасць мастацкай ідэі і яе магутнае ўвасабленне прымусілі схіліць галаву перад літоўскім тэатрам.
Леташні «ТЭАРТ», дыхтоўна апрацаваны часам, з’явіўся найсаліднейшым міжнародным тэатральным форумам, чые спектаклі-ўзоры апынуліся адно ў міжнароднай праграме. Нацыянальны славенскі тэатр вельмі здзівіў мінскага гледача ўвасабленнем авангардысцкай п’есы Станіслава Віткевіча «Шалёны лакаматыў», гісторыяй захопу цягніка двума крымінальнымі суб’ектамі з глыбіннай барацьбой дабра і зла, жорсткасці і чалавечага спачування. Вялікі рэзананс выклікаў спектакль Ліепайскага тэатра (Латвія) паводле Марыны Крапівінай «Ставангер (Pulp people)» у пастаноўцы Канстанціна Багамолава, вядомага «разбуральніка класічнага тэатра» і майстра эпатажу. Нягледзячы на панаванне ненарматыўнай лексікі, агрэсіўную дэманстрацыю сэксуальных сімвалаў, павышаную ўвагу да нізкіх праяў людскай натуры, рэжысёр патрапіў стварыць абагулены вобраз сучаснага свету, дзе асоба адчужана ад сваёй чалавечай сутнасці. Праз агіднае, якім рэжысёр час-почас злоўжываў, у сцэнічным творы ўзнікла натуральная прага прыгажосці і людскасці, пацвярджаючы неабходнасць існавання сучаснага тэатра са звышзадачай змагання за чалавечую годнасць.
Найярчэйшы эксперымент, які можна лічыць сцэнічнай інавацыяй, — спектакль дацкага тэатра «Атэль ПраФорма» паводле рамана Уладзіміра Набокава «Смех у цемры». У ім панаваў гук (не музыка!) — крокаў, капяжу, аўтамабільнага рухавіка; пасля аварыі кожны жэст і кожны гук ставалі асобнымі мастацкімі знакамі. П’еса (Могенс Рукаў) і ўвасабленне (ідэя і рэжысура Кірстэн Дэльхольм) прымусілі задумацца аб нерэалізаваных магчымасцях сцэны, аб невычэрпнасці тэатра як віда мастацтва.
Магілёўскі «М.art.кантакт» вядомы на тэатральнай прасторы СНД як маладзёжны і эксперыментальны конкурс. Сярод найлепшых прапаноў дзясятага форуму (2015 год) — гарэзлівы, іскрысты спектакль Драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі (Беласток) «Шэкспір» па п’есе Даны Лукасінскай, дзе пытанне існавання Шэкспіра суседзілася з крыважэрнымі ўспамінамі каралевы Лізаветы, палітычныя інтрыгі — з жыццём сучаснага тэатра і нават псеўдапошукамі «геніяў рэжысуры»... Вынаходлівасць рэжысёра Агаты Бізук, арганічнасць акцёраў і па-майстэрску ўжытыя прыёмы тэатра перажывання ўтварылі глыбокую праблематыку пастаноўкі, якая здалася ажурнай, лёгкай, вытанчанай.
У тэатры «На Ліцейным» (Санкт-Пецярбург) інсцэнізавалі аповесць Івана Буніна «Міцева каханне», што само па сабе няпроста. Але рэжысёр Андрэй Сідзельнікаў пераўтварыў класічную прозу ў яркую, дынамічную дзею з дакладнымі акцэнтамі. Спектакль завяршаўся трагічна (і гэта выклікала непрыняцце многіх маладых гледачоў), але з прафесійнага пункту гледжання стаўся мастацкім дасягненнем.
Найлепшым быў названы спектакль у рэжысуры Вячаслава Чабатара «Аднойчы мы ўсе будзем шчаслівыя» Тэатральнага цэнтра імя Усевалада Меерхольда (Масква): дзве дзеўчынёхі, ад якіх сорак пяць хвілін немагчыма адвесці вачэй. Аляксандра Кузенкіна — далікатная, жаноцкая — і Анастасія Проніна — рэзкая, бескампрамісная — бліскуча дэманстравалі здольнасці акцёрскай трансфармацыі і ўзаемадзеяння.
Неўзабаве новыя і найноўшыя спектаклі павядуць рэй на айчынных форумах і заваююць сімпатыі. Але будзьма ўдзячнымі гэтым — за падтрымку і дасканаленне нашых мастацкіх арыенціраў.
Вадзім САЛЕЕЎ