Лёс і трагедыя маленькага чалавека

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

У нацыянальным акадэмічным тэатры оперы адбылася прэм’ера двух аднаактовых спектакляў — «Рыта, або пірацкі трохкутнік» Г.Даніцэці і «Нататкі вар’ята» В.Кузняцова (рэжысёр — заслужаны дзеяч мастацтваў РБ М.Ізворска-Елізар’ева, мастак- К.Булгакава, музычны кіраўнік і дырыжор — заслужаны дзеяч мастацтваў РБ Л.Лях).

У.Громаў (Папрышчын). 
У.Громаў (Папрышчын).

«Нататкі вар’ята». Сцэна са спектакля.
«Нататкі вар’ята». Сцэна са спектакля.

АБЕДЗВЕ ОПЕРЫ аднаактовыя і вылучаюцца аўтэнтычнасцю пастановачнага вырашэння. «Нататкі вар’ята» В.Кузняцова — прынцыпова новае для беларускага опернага рэпертуару стылістычнае рашэнне жанру. Прэм’ера паказала шырокія магчымасці камернага музычнага тэатра, пра неабходнасць стварэння якога гаворка ішла даўно (публікацыі на старонках «Вячэрняга Мінска», «ЛіМа»). Быў і невялікі досвед(рэжысёр С.Штэйн). І вось пастаўлены адразу дзве камерныя оперы! Сваім прачытаннем М.Гогаля опера В.Кузняцова развівае лепшыя традыцыі сучаснага опернага жанру, што выявілася ў тыпе драматургіі, у характары вакалу, у суадносінах яго з аркестрам. Кампазітар прапанаваў слухачу творчае праламленне прынцыпаў новай музыкі, абапіраючыся на лепшыя традыцыі сучаснай опернай класікі.
 
Творчасць геніяльнага сатырыка ўражвае сілай мастацкага абагульнення. У сваёй аповесці ён падвергнуў вострай крытыцы «гаспадароў жыцця» — чынавенства, знаць, «уладу маючых», стварыўшы... вобраз дробнага службоўца з дзіўным прозвішчам Папрышчын. Гогаль намаляваў свайго героя ў цеснай сувязі з ягоным асяроддзем, што сталася знакам непазбежнасці, аканаванасці лёсу і прычынай трагічнай смерці няшчаснага чалавека. Ягоны вобраз узбуйніўся, выступіўшы носьбітам лёсу
цэлага сацыяльнага пласта. Пісьменнік пабудаваў унутраную калізію на пакутлівай апазіцыі ўзаемавыключальных пачуццяў — нянавісці і ў той жа час глыбокай, поўнай пашаны любові героя да арыстакратыі. Бо прамое супастаўленне «маленькага чалавека» з «гаспадарамі жыцця» выглядала б занадта простым. Менавіта дзякуючы супрацьпастаўленню рэалій жыцця з марамі і ілюзіямі трагедыя зняважанага і самотнага летуценніка вырастае ў высокагуманістычную тэму спачування простаму чалавеку.
 
«На Гогаля» пачаў пісаць яшчэ М.Мусаргскі, потым — Д.Шастаковіч, Р.Шчадрын, Ю.Буцько. І вось мы сведкі «прачытання» рэалістычнай прозы вялікага рускага пісьменніка беларускім кампазітарам. Музычны матэрыял оперы дае магчымасць разважаць пра яе сувязі з традыцыямі М.Мусаргскага — Д.Шастаковіча — С.Пракоф’ева і пра навізну музычнага стылю кампазітара, які заўжды адчуваў піетэт да авангарднай гукавой эстэтыкі.

В.Кузняцоў сам склаў лібрэта (што здараецца не надта часта), пабудаваўшы сюжэтную лінію аповесці ад разгубленасці душы героя да трагічнага памутнення яго свядомасці. Сцэнічнасць оперы адчуваецца як у дакладна вывераным драматургічным рашэнні, так і ў строгай разлічанасці агульнай кампазіцыі: усе эмацыйныя і сэнсавыя кульмінацыі апраўданы логікай развіцця сюжэта. Музычная мова «Нататак вар’ята» — гэта «амузычненая проза», дзе выразныя інтанацыі, не звязаныя з
ладатанальнай логікай, не толькі збліжаюцца з размоўнай гаворкай (а нярэдка ёю і з’яўляюцца), колькі няўлоўным чынам перадаюць настрой героя — яго ўнутраную занепакоенасць, нервовасць і глыбокі смутак.

Дзякуючы інтанацыйнаму малюнку ствараецца псіхалагічны партрэт «тытулярнага саветніка», які пакутуе ад думак пра бязрадаснае існаванне. Кампазітар абапіраецца на формаўтваральныя магчымасці дынамікі твора. Усе эпізоды-карціны пабудаваны па прынцыпе нарастання к фіналу. Такім чынам, аднаактовая структура прадэманстравала гнуткасць драматургіі і кампазіцыі, нягледзячы на абмежаванасць часу.

У інтанацыйным вырашэнні оперы знайшлі адлюстраванне як унутраная сутнасць Папрышчына, так і яго эмацыйныя парывы. Вобраз прыніжанага чалавека, у гаворцы якога адчуваюцца ня ўпэў не насць, ня сме ласць, страх, увасоблены з дапамогай вузкіх інтэрвалаў, перарывістай рытмікі, кароткіх манатонных інтанацый. Там жа, дзе Папрышчын уявіў сябе іспанскім каралём, у інтанацыях адчуваюцца сіла і ўпэўненасць, гучаць харал і маршавыя рытмы.

Аднак мелодыка рэчытатыўна-дэкламацыйнага плана, не здольная ў поўнай меры абагульніць эмацыйны стан, фіксуе толькі дадзены душэўны рух. Таму аркестр нярэдка выконвае ролю псіхалагічнага пачатку, які паглыбляе перажыванні героя. Гэтая роля — у выразных падкрэсліваннях асобных слоў тэксту, у экспрэсіі ўдарных інструментаў, асабліва ў завяршэннях эпізодаў. Сродкамі аркестравага нарастання і своеасаблівага тэмбравага crescendo вырашаецца і кульмінацыя. Выразнасць гэтай сцэны
— ва ўдала знойдзеным сінтэзе драматычнага і музычнага тэатраў. Узбагачэнне мовы оперы сродкамі драматычнага тэатра, у прыватнасці, драматычнай дэкламацыяй — адна з тэндэнцый сучаснай оперы.

Музыка В.Кузняцова збліжаецца з мовай Гогаля і сваёй драматычнай сілай, і праўдзівым адлюстраваннем псіхалагічнага стану героя, і ўвасабленнем трагічнага праз фантасмагорыю і рэальнасць падсвядомага. У перадачы трагічнай  карціны чалавечай пакуты вымалёўваецца духоўнае і эстэтычнае адзінства літаратурнай першакрыніцы і яе музычнага ўвасаблення.
ТАЦЦЯНА МДЫВАНІ