Хачу патлумачыць, што яе «гарызантальны» вектар дасылае да шырокай душы, умення яднаць людзей усіх пакаленняў, сацыяльных саслоўяў, сфер кінамастацтва — незалежнага і дзяржаўнага сектараў. Ала Бабкова на роўных і з аднолькавай павагай, як сапраўдны інтэлігент-«шасцідзясятнік», размаўляла з людзьмі розных прафесій, пакаленняў, сацыяльных сфер. Міжволі ўспамінаецца вядомы выраз «чалавек-свечка». Такая асоба сагравае вялікую прастору вакол сябе, запальвае іскрамі і грэе доўгім, працяглым цяплом сваіх сяброў і калег.
Для ўсіх беларускіх кінематаграфістаў імя Алы Бабковай асацыюецца з паняццем «сумленне», яно гучыць як камертон этычнасці і высокага прафесіяналізму. Ёй была ўласцівая дакладная грамадзянская пазіцыя, якую немагчыма зрушыць у бок кампрамісу. Яна ўмела спрачацца і аргументавана пярэчыць нават такім прызнаным мэтрам айчыннага кіно, як Віктар Тураў. Ён, дарэчы, пасля ўскосна прызнаваў яе рацыю. У Чэхава ёсць радкі пра тое, што за дзвярыма кожнага шчаслівага чалавека павінен стаяць нехта са званочкам і перыядычна нагадваць, маўляў, некаму вельмі патрэбна твая дапамога. І надзвычай важна чуць гэты званочак. Думаю, Ала Бабкова для многіх кінематаграфістаў і была гэтым няўрымслівым званочкам, які нагадваў аб прафесійным і чалавечым сумленні.
Імя «Ала» наогул сугучнае са словам «алмаз», так шмат у ім граняў. Нашая Ала была выдатным архівістам, у якога дома захоўваецца велізарная колькасць папак з матэрыяламі па гісторыі беларускага кіно. Усе беларускія кінакрытыкі ведалі, што Бабкова заўсёды можа даць інфармацыю пра любы айчынны фільм — дата стварэння, аўтары, узнагароды і многае іншае. Па колькасці і якасці сабранай інфармацыі пра кіно, па глыбіні яе аналітыка-публіцыстычнага асэнсавання Ала Бабкова выконвала функцыі мабільнага аддзела навукова-даследчага інстытута.
Цяпер стала модна лаяць крытыкаў як творчых асоб, якія не адбыліся. Ала Пятроўна была кінакрытыкам самай вышэйшай пробы, як разумеў гэтую прафесію, да прыкладу, Вісарыён Бялінскі. Ён не столькі крытыкаваў, колькі аналізаваў творы, становячыся на бок аўтараў, разумеючы іх задумы і з вялікім спачуваннем спрабуючы ўдасканаліць іх работы. Дастаткова ўспомніць, як Бабкова абараняла незаслужана раскрытыкаваны фільм Вячаслава Нікіфарава «Абочына» і вызначыла яго «фільмам будучыні». І сапраўды, час паказаў, што карціна прадбачыла новыя рэаліі нашага жыцця. У кінакрытычным цэху такімі аднадумцамі Бабковай былі яе сябры і калегі Алена Сцішова, Эльга Лындзіна, Леанід Паўлючык.
Пры моцнай волі Ала Бабкова мела пяшчотную і трапяткую душу. Дастаткова было трапіць на пасяджэнні нашай гільдыі кіназнаўцаў і крытыкаў, каб адчуць іх хатняе цяпло. Менавіта Ала была душой і завадатарам гэтых вячорак, праводзіла віктарыны і латарэі. Магутны выбух рогату скалануў будынак Музея гісторыі беларускага кіно, калі, напрыклад, найстарэйшы кіназнаўца Анатоль Красінскі выцягнуў у якасці прыза доўгі крывы агурок. Знакамітыя бліны a la Bobkovaўвайшлі ў віртуальную кулінарную кнігу Саюза кінематаграфістаў, у такой ступені яны ўсім палюбіліся, прычым з рознымі дадаткамі — ад смятаны да кабачковай або асятровай ікры. Гэтымі блінамі яна частавала калег, родных, суседзяў, усіх гасцей свайго ўтульнага дома.
Маючы за плячыма моцную адукацыю — журфак Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ала Бабкова стала прызнаным лідарам найважнейшага кірунку сучаснай айчыннай публіцыстыкі — кінажурналістыкі, а калі казаць шырэй — экраннай журналістыкі, паколькі пісала не адно пра кінематограф, але і пра тэлебачанне, сеткавыя арт-праекты і многае іншае. Яе шматлікія артыкулы ў публіцыстычных, навуковых, грамадска-інфармацыйных зборніках і часопісах на тэрыторыі многіх краін — Расіі, Украіны, Кіргізіі — безумоўна заслугоўваюць выдання асобнай кнігай, якая зможа даць цэласнае ўяўленне пра ўнікальны і шчодры
талент.
Антаніна КАРПІЛАВА