10 запаветаў фатографа-пачаткоўца

№ 10 (391) 01.10.2015 - 31.10.2015 г

Паводле круглага стала «Эканомiка поля фатаграфii» ў рамках «Месяца фатаграфіі»
Удзельнікі сустрэчы — прадстаўнікі суседніх краін, маладыя фотамастакі, персанальныя праекты якіх бяруць удзел у «Месяцы фатаграфіі ў Мінску»: Артур Бондар (Украіна), Аксана Юшко (Расія), Рафал Мілах (Поль­ шча), Яна Раманава (Расія), Аляксандра Салдатава (Беларусь); мадэратар — Вольга Шпарага. Пытанні, узня­ тыя ў абмеркаванні, закраналі сітуацыю сучаснага рынку і поля фатаграфіі, а менавіта яго эканоміку і ўмовы працы фатографаў, супрацоўніцтва са СМІ, уключанасць у арт­рынак, стварэнне і друк фотакніг і самвыдат,


Аб’яднанне фатографаў у калектывы і звязаныя з гэтым магчымасці і абмежаванні. А па факце, праз шчырыя распове­ ды практыкуючых і ўжо паспяховых маладых фотааўтараў сустрэча стала добрай базай для фармавання 10 запаветаў маладога фотамастака: культурна­эканамічная сітуацыя суседніх краін i розная ступень уцягнутасці ў механізмы фота­ індустрыі задае прастору для плённага і крытычнага абмеркавання і выяўляе эфектыўныя, спецыфічныя і агульныя напрамкі працы фатографаў на глабальным рынку і ў полі мастацтва. Незалежна ад краіны і яе стаўлення да развіцця арт­фатаграфіі, ёсць з дзясятак пунктаў, выкананне каторых прапісана кожнаму, хто мае намер заявіць пра сябе як пра мастака фатаграфіі.

1. Вучыце замежную мову

Падаваць заяўкі на гранты, якія падтрымаюць персанальныя праекты, — ці не гэтага ўсе жадаюць і ці не да гэтага ўвесь час імкнуцца маладыя і ўжо знакамітыя мастакі? Па словах герояў сустрэчы, вывучаць англійскую мову фотамастакі па­ чалі тады, калі ўзнікла магчымасць паўдзельнічаць у замежных праграмах і атрымаць пэўную матэрыяльную падтрымку. Каб мець стасункі, трэба быць зразумелым. Не грэбуйце ведамі, навучайцеся не толькі мовам, але і здольнасці самастой­ на запаўняць фармуляры, складаць «сіві» ды падаваць партфоліа.

2. Не разлічвайце на структуру

Развіццё інстытуцыянальнай інфраструктуры фатаграфіі — адно вынік работы сталай і сур’ёзнай супольнасці прафесі­
яналаў. Нармальны мастацкі працэс утрымлівае самыя розныя структурныя праявы: інстытуцыі і ініцыятывы ўсіх відаў, разлічаныя на адукацыю, развіццё, падтрымку мастакоў, пашырэнне аўдыторыі, стварэнне будучыні гэтай плыні і дасяг­ ненне канкрэтных планаў. На досведзе Санкт­Пецярбургскага інфармацыйнага цэнтра «ФотаДэпартамент» удзельнікі круглага стала праілюстравалі відавочныя змены не толькі аднаго горада, але цэлай хвалі наступстваў, якія нарадзіла гэтая ініцыятыва. У Польшчы ёсць некалькі сур’ёзных інстытуцый і галерэй, што займаюцца фатаграфіяй і падтрымлі­ ваюць любыя пачынанні. Беларускія творцы з зайздрасцю паглядаюць у бок еўрапейскага суседа — школы, курсы, інсты­ туты, выставачная дзейнасць. Але, як усклікае сам Рафал Мілах: «Ці не бачыў я запал і агонь у вулічных ініцыятывах, што не маюць ніякай матэрыяльнай ці інстытуцыянальнай падтрымкі? У Кіеве, Адэсе, Мінску? Ці не ёсць гэта пачаткам, базай для ўтварэння трывалых стасункаў, падтрымкі, вызначаных пазіцый?» Працягвайце тое, што робіце, і структура выбудуецца вакол вас.

3. Паважайце сябе

Здараецца, аўтарскія праекты прапаноўваюцца да друку ці экспанавання, але ганарар за працу сумна­смешны або яго
зусім няма, што на пачатковых этапах суцяшальна, бо ўзамен малады творца атрымоўвае рэкламу, прэстыж, глянцавыя старонкі публікацыі. Сёння мы маем вялікія магчымасці ў плане распаўсюду сваёй дзейнасці: вы здольныя свабодна пра­ паноўваць сваю творчасць, праяўляць ініцыятыву і дасылаць партфоліа самым розным установам. Галоўнае — разумна скласці прапанову і вызначыццца з умовамі ды ўласнымі прынцыпамі.

4. Пашырайце аўдыторыю

Для добрага развіцця і напаўнення любой структуры павінна расці крытычная маса тых, хто цікавіцца з’явай. Тут рэч не толькі ў росце маладых кадраў, сталенні і прафесійным узросце, але і ў евангелізаванні справы фотаарту сярод мэтавай аўдыторыі. А гэта любы чалавек, здольны ўспрымаць і адчуваць. Нельга сказаць, што ў Беларусі адсутнічае такі глядач — у нас даволі неблагая напаўняльнасць любых ініцыятыў: майстар­класаў, курсаў, лекторыяў. Але часам уражанне, нібы
95% кніг друкуюцца і выдаюцца выключна для іншых фатографаў, а рынак расце адно за кошт мастацкага асяродку. І добра, калі нехта з хатніх возьме ў рукі куплены вамі альбом і пагартае старонкі. Магчыма, гэта максімум з таго, што вы робіце, каб напаўняць шэрагі патэнцыяльных спажыўцоў вашай дзейнасці вернымі прыхільнікамі. Але існуе безліч ва­ рыянтаў, як рабіць гэта паспяхова і цэнтравана — ад друку танных паштовак з выявамі твораў да арганізацыі ўнікальных вялізных праектаў, што на цэлы месяц займаюць усе магчымыя выставачныя пляцоўкі горада і становяцца штогадовай традыцыяй з мноствам суправаджальных мерапрыемстваў, падрыхтаванай камандай і дбайнай арганізацыяй.

5. Кааперыруйцеся

Першыя крокі самыя складаныя. Часам неабходная падтрымка больш свядомых ці папросту падзел важных для праекта

абавязкаў сярод такіх жа, як ты, — маладых і неспрактыкаваных. З аднаго боку, калі працуеш у калектыве — губляеш адна­ асобнае аўтарства, але атрымоўваеш досвед і задавальненне ад працэсу. З другога — мастацкае бачанне твайго паплечні­ ка можа моцна не супадаць з тваім і гэта таксама пляцоўка для разыходжанняў, але і крыніца цікавых ідэй ды школа для шырокага ўспрымання рэчаіснасці. Не ўсе ўмеюць ствараць калектыўна і часам галоўным дасягненнем становіцца той факт, што каманда не пазабівала адно аднаго ў працэсе працоўных спрэчак. Але ў той жа час перамога, якая становіцца здабыткам калектыву, памнажае колькасць радасці прапарцыянальна колькасці ўдзельнікаў. Супрацоўнічайце.

6. Навучайцеся і навучайце

Патрэбныя людзі, што б маглі ахвяраваць дзеля справы ўсім — часам, грашыма, сваім камфортам. Магчыма, гэта вы.
Існуе нямала прыкладаў, калі персанальная ініцыятыва, памножаная на канкрэтны план, станавілася базай для развіцця і пашырэння справы. Фонд «Аб’ектыўная рэальнасць» Лізы Фактар, анлайн­курсы для фатографаў, школа візуальных мастацтваў на Вінзаводзе — расійскія ўдзельнікі абмеркавання, не без гонару пералічвалі паспяховыя ўласныя праекты. Ці можам мы пахваліцца выніковай аўтарскай ініцыятывай, што мае патэнцыял стаць культавай? Магчыма, гэта якраз ваша ініцыятыва.

7. Зарабілі — зрабіце праект

Матэрыяльную падтрымку маюць тыя, чые задумы супадаюць з жаданнямі і мэтамі ўстановы, ад якой гэтую падтрымку
чакаюць (ці не будзе тое занадта дзіўна — перабудоўваць сваю дзейнасць, каб спадабацца мецэнату). А больш вольныя спосабы (гранты ды інстытуцыі) мы ўжо апісалі раней. Таму самым правераным і працоўным спосабам застаецца фор­ мула: хочаш зрабіць добра — зрабі гэта сам. Ладная частка нават знакамітых творцаў мае дадатковую прафесію ці заня­ так, каб аплачваць уласныя праекты. Працягвайце тое, што робіце, і ніколі не шкадуйце сродкаў, каб ваша справа расла і пашыралася.

8. Зацікаўлівайце

Галоўная задача мастака — зачапіць свайго гледача, знайсці яго сярод іншых і зразумець, што вы зразумелі адно аднаго.
Не ашчаджайце сродкаў і імпэту, стварайце ўмовы для таго, каб мастацтва працавала. Якасны і запамінальны здымак можа стаць пачаткам персанальнага даследавання, пошуку патрэбнай інфармацыі і пазіцыянальнага самавызначэння ў гэтым пытанні. Нярэдка кранальныя здымкі сусветных з’яваў і працэсаў робяцца мастком для адукавання і ўласнага выбару. Заставайцеся цікавай і запамінальнай асобай.

9. Не разлічвайце на канкрэтны вынік

Парадокс аўтарскага праекта ў тым, што меркаванне гледача зрэдку супадае з мастацкім. На прыкладзе серыі «Чакан­
не» Яны Раманавай, паказанай не толькі ў рамках «Месяца фатаграфіі ў Мінску», але прэзентаванай на розных пляцоў­ ках і нават вірусных забаўляльных сайтах. Для аўтаркі было дзівам выявіць, што праект не пакінуў абыякавым нікога, але цікаўнасць выклікала не паднятая мастачкай стратэгія, а фактар банальнага перасуду — у якіх ложках ляжаць героі праекта, як яны выглядаюць і чаму ў іх такая бялізна. Нам нічога не застаецца, як верыць, што тысячы тых, хто крыты­ куюць не саму з’яву і не паднятую тэму, а вонкавыя падрабязнасці жыцця герояў, — адно частка агульнай аўдыторыі і, дзякуючы такому піяру, фотаздымкі ўбачылі тыя людзі, якіх кранула візуалізацыя чакання і яе канцэптуальная падача.

10. Эксперыментуйце

«Вось я лічу Рафала знакамітым аўтарам, — кажа Аксана Юшко, — але выйдзі зараз на вуліцу і спытай, хто ведае гэтае
імя. Ніхто!» Суполка знаёмых са справай аўтарскай фатаграфіі настолькі малая, што ніякія званні і рэгаліі не маюць важкасці ў свеце, дзе масавая культура заняла ўсе вольныя нішы. Магчымасць стаць бліжэй да спажыўца праз выданні ды публікацыі сутыкаецца з праблемай: узровень і складанасць прац фотамастака крыху (ці не крыху) больш за той фармат, на які разлічваюць канкрэтныя медыя і іх аўдыторыя. «Гэта, канешне, крута, але давай папрасцей», — можна пачуць у адказ на аўтарскія рэпартажныя здымкі. Няхай бар’ер зразумеласці не становіцца ў вас на дарозе, эксперыментуйце, не падпарадкоўвайцеся ўмовам. Стварайце свае правілы, будзьце сабой. І — поспехаў!