Здавалася, і што тут асаблівага? Вядома, заўсёднікаў імпрэз сімфанічнай музыкі можна падзяліць на дзве катэгорыі. Прафесійныя ці будучыя музыканты і людзі сталага веку, для якіх філармонія — традыцыя, частка ладу жыцця. А дзяцей складана завабіць на такія праекты. Візуальныя мастацтвы правяць баль апошнія два дзесяцігоддзі. Здольнасць зацікавіць новых слухачоў, што праз 5-10 гадоў зробяцца сталымі наведнікамі філармоніі, — задача складаная. Але высакародная і доўгатэрміновая. На адкрыцці сезона яна была выканана з бляскам!
Што прыдумаў Анісімаў? Мультымедыйны спектакль «Ікар на краі часу» створаны па матывах аднайменнай кнігі Браяна Грына і музыкі Філіпа Гласа. У ім выкарыстаны фрагменты фільма рэжысёраў Ала Холмса і Ала Тэйлара. Праект зроблены з густам і разуменнем псіхалогіі. Не надта доўгі, працягласцю 50 хвілін, ён ішоў без перапынку. У якасці эпіграфа -- «Юпіцер» з сюіты «Планеты» Густава Холста. Праз фанфарныя гукі, воклічы труб, агульную музычную плынь паўставаў вобраз таямнічага, велічнага, загадкавага космасу. Дасціпным успрымалася выступленне перад «Ікарам» славутага беларускага фізіка Льва Тамільчыка. Ён папулярна патлумачыў аўдыторыі, якімі бываюць касмічныя хуткасці, што такое нейтронныя зоркі, «чорныя дзіркі» і замаруджванне часу ў іхняй прасторы. Вучоны дакладна акрэсліў жанр спектакля — навуковалі таратурнамузычна-фантастычны. Прастора і час — катэгорыі філасофскія і абстрактныя. Напоўніць іх сэнсам, асацыяцыямі, зрабіць відавочнымі не надта лёгкая задача. Тут яна ажыццёўлена шмат у чым дзякуючы літаратурнай аснове, якую ўзнаўляў — дарэчы, па-беларуску! — чытальнік Дзмітрый Кахно. Кніга Браяна Грына дае сучаснае і актуальнае пераасэнсаванне міфа пра Дзядала і Ікара. Бацька героя — камандзір міжпланетнага карабля «Проксіма». А сам хлопчык жыве на зоркалёце, дзе і нарадзіўся. Калі экспедыцыя набліжаецца да «чорнай дзіркі», Ікар, які вынайшаў апарат, здатны пераадолець яе прыцягненне, вырашае даследаваць малавядомую з’яву. Нягледзячы на забароны камандзіра. Так крылы антычнага Ікара зрабіліся крыламі карабля зоркалёта. Найноўшы Ікар — сучасны хлопчык з тварам юнага інтэлектуала. Драматызм сітуацыі ў тым, што наступствы эксперымента загадзя ніхто не здатны пралічыць. Ёсць верагоднасць знікнуць і згубіцца ў Сусвеце. Трапіўшы ў іншую рэальнасць, Ікар размінуўся ў часе з бацькам і насельнікамі карабля. Ягонае адкрыццё назаўсёды разлучыла яго з блізкімі і роднымі людзьмі. Для чалавецтва ён — герой, але неверагодна адзінокі ў Сусвеце.
Падчас падобных праектаў вельмі важнае суладдзе частак. Іх глыбокая ўнутраная адпаведнасць. Тут яна была дасягнутая. У тым, як аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Анісімава ўвасабляў вострасучасную партытуру Філіпа Гласа. Калі рытм ударных, перазовы струнных стваралі пачуццё трывогі і невядомасці. У тым, як візуальныя эфекты і фрагменты стужкі Ала Холмса і Ала Тэйлара рабілі зрокава дакладнымі вобразы музыкі. Атрымалася займальная пастаноўка, што правакуе непадробны інтарэс да навукі. Захапленне інтэлектам і ягонымі бязмежнымі магчымасцямі. Сам праект успрымаецца як гімн навуцы і фундаментальным адкрыццям.
Праз аўдыявізуальныя складнікі спектакль увасабляе тую ашаламляльную рэальнасць, што здольная разгарнуцца перад чалавекам праз засваенне прастораў космасу. Ён — пра геніяў, якія апярэджваюць свой час. Але і плацяць за тое надта вялікую цану. Мультымедыйныя пастаноўкі такога ўзроўню бачыць і слухаць не стомішся. Гэтыя паказы застаюцца ў памяці. Як мастацкая з’ява, што адкрывае новыя жанры, нечаканыя прынцыпы прэзентацыі філасофскіх ідэй і музычных твораў. «Ікар» пераконвае: мастацтва бязмежнае. Як, дарэчы, і космас.