Раберта Боле — італьянскі танцоўшчык, адзін з вядучых салістаў у знакамітым тэатры «Ла Скала». Праект — частка праграмы музычнага фестывалю, які ладзіцца на «Арэна дзі Верона», адной з самых прэстыжных тэатральных пляцовак свету. Ці не падарунак лёсу?! І ўсяго за 23 еўра. Нерэальна!
У Вероне мяне зацікавіла кожная артыстычная асоба, заяўленая ў праграме (ніхто з іх у Мінску не танцаваў), узровень, рэпертуар, таксама ўражанні ад пляцоўкі, тое, як арганізаваны працэс. Многае інтрыгавала.
«Арэна» знаходзіцца ў цэнтры горада, на галоўнай плошчы Вероны — п’яца Бра. Побач з амфітэатрам у той час месціліся шматлікія фрагменты сцэнаграфіі, патрэбныя для наступных паказаў. Для «Аіды» — фрагменты велічных егіпецкіх пірамід, для «Тоскі» — велізарная скульптура анёла, з вышыні якой гераіня кінецца ў бездань. Агромністыя двухметровыя ружы, прымацаваныя на розных прыступках, упрыгожаць сцэну ў «Севільскім цырульніку». Акрамя гэтых назваў, у праграму фэсту сёлета ўваходзілі «Набука», «Рамэа і Джульета» Шарля Гуно, кантата «Карміна Бурана» Орфа, оперна-балетнае гала, прысвечанае Кармэн. Калі разглядаеш толькі фота ў буклетах фэсту, разумееш, што ўражанне ад «Аіды» ці «Дон Жуана» тут — фантастычнае! Адчуванне тэатральнай умоўнасці знікае — ёсць машына часу, здатная перанесці цябе ў іншую эпоху.
Оперны канцэрн
Эксклюзіўнасць пляцоўкі моцна ўплывае на ўспрыманне. Асабліва, калі памятаць: «Арэна дзі Верона» ўзведзена на пачатку нашай эры. Яна трэцяя па памеры сярод аналагічных рымскіх пабудоў, першае месца належыць Калізею. Арэна выдатна захавалася. На пачатку нашага тысячагоддзя ўвайшла ў спіс помнікаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Выкарыстоўваць яе ў якасці тэатральнай і канцэртнай пляцоўкі пачалі больш за стагоддзе таму. Музычны фестываль ладзіўся тут каля 70 разоў, а ў пэўны момант зрабіўся штогадовым. Тут адзначалі — менавіта «Аідай» — стагоддзе Вердзі. На «Арэне» адбыўся італьянскі дэбют Марыі Калас. Па сутнасці, гэта самы вялікі оперны тэатр пад адкрытым небам і самы маштабны оперны канцэрн, які за год прымае больш за паўмільёна гледачоў.
Велізарны альбом, прысвечаны фэсту, змяшчае пералік спектакляў, пастаўленых на «Арэне», пачынаючы ад 1913-га. Назаву топ-10 опер, якія ўвасабляліся часцей. Гэта паказчык інтарэсу, запатрабаванасці назвы, рэзанансу тэмы і ідэі. Бясспрэчны лідар — «Аіда», задуманая як магутнае відовішча. Не паверыце: 55 разоў яна ставілася ў Вероне! З 2000-х кожны сезон — новая інтэрпрэтацыя. Калі звярнуць увагу на колькасць паказаў, дык гэтая опера Вердзі і тут перамагла з велізарным адрывам — ажно 632 прадстаўленні. Другі радок у спісе — «Кармэн», 24 версіі. «Набука» — 20, «Турандот» — 18, «Травіята» — 14. «Тоска» і «Рыгалета» — па 15 інтэрпрэтацый. «Трубадур» — 13, «Багема» і «Сельскі гонар» — па 11. Праграма фэсту наступнага, 2016 года, ужо вядомая. У яе ўвойдуць «Кармэн», «Аіда», «Травіята», «Турандот» і «Трубадур».
Падушкі, вееры і свечкі
Гала пачынаецца ў 22 гадзіны. Іначай і не магчыма, бо толькі разам з прыцемкамі з’яўляецца нейкая прахалода. На агромністым стадыёне амаль 20 тысяч месцаў, выкарыстоўваецца ўсяго 15 тысяч, але чэргі на ўваход узнікаюць за паўтары гадзіны да пачатку. Ёсць велізарны партэр, ёсць у разы большы амфітэатр з 44 ярусамі. У амфітэатры, дзе атабарылася і я (месцы не нумаруюцца), гледачы сядзяць проста на прыступках, нагрэтых за дзень. На плошчы перад «Арэнай» прадаюць… шматлікія падушкі. Каб не мулялі каменныя сходы. Прыступкі крутыя, парэнчаў няма. Толькі адно іх кола — па крузе, бліжэй да партэра. Таму ўзнікае адчуванне не трываласці, а, наадварот, няпэўнасці і неабароненасці.
Побач са сцэнай — месца для сімфанічнага аркестра (толькі некалькі нумароў будуць ісці ў запісе). Паверхня сцэны шэра-чорнага колеру. Два велізарныя экраны — без іх не абысціся, бо з аддаленага канца амфітэатра ўсіх дэталяў танца можна і не ўбачыць. Таксама чорныя вертыкальныя экраны выконваюць ролю куліс.
Дзівоснае відовішча, калі ўвесь амфітэатр абмахваецца веерамі. Так ратуюцца ад спёкі і задухі. Узнікае ўражанне, што на супрацьлеглы ад мяне бок арэны села вар’яцкая колькасць рознакаляровых матылёў. Святло паступова знікае. Жанчына на сцэне тройчы б’е ў велізарны гонг. Тут зноў здараецца нечаканае. У кожнага гледача ў руцэ аказваецца маленькая свечка. І гэтае мора трапяткіх, мігатлівых агеньчыкаў — цэлы стадыён! — дзейнічае амаль містычна. Цемра — і толькі свечкі. Потым яны знікнуць. Але ўспрымаюцца як рытуал, пазнака пачатку, эмацыйнай гатоўнасці да ўспрымання высокага мастацтва.
Заўжды ведала, што італьянцы — фанаты оперы. Яны любяць класічную музыку, самі спяваюць дзе і калі магчыма. У дадатак італьянская мова як такая спрыяе вакалізацыі. Таму хацелася даведацца, а як італьянцы ставяцца да харэаграфіі? Мо крыху спакайней? Дзе там! Зала ўзрывалася воплескамі, часам літаральна раўла ад захаплення. Ішоў класічны нумар (куды ж без несмяротнага «Дон Кіхота»?!), апладзіравалі кожнаму віртуознаму труку, нечаканай падтрымцы, ланцужку тураў і скачкоў, кожнай балерыне, якая «круціла» свае 32 фуэтэ (сярод іх трапляліся двайныя і трайныя). Сучасныя мініяцюры, што заўжды выклікаюць найбольшы інтарэс, апладысментамі не перарываліся. Бо патрабавалі засяроджанасці. Але, да гонару італьянцаў і гасцей «Арэны», яны правакавалі захапленне не меншае, а часам большае. Час ад часу ў зале, як светлякі, успыхвалі мабільнікі — здымалі! Скажу шчыра, такую колькасць шчаслівых і адкрытых мастацтву людзей я бачыла ўпершыню.
Класікі і «прасунутыя»
Цяпер пра артыстаў і праграму. Спачатку здавалася, што яна не надта вялікая, усяго дзевяць фрагментаў. У нас столькі звычайна змяшчаецца ў адным аддзяленні, на «Арэне» — у два. Праўда, разгорнутыя нумары часам нагадвалі ўрыўкі з балетаў.
Галоўнае ўражанне — адчуванне свежасці і адкрыцця. Бо ўсе выканаўцы — зоркі. Тэхнічныя, віртуозныя — лепшыя з лепшых. Сам Раберта Боле, апроч Мілана, прадстаўляе яшчэ і Нью-Ёрк, Амерыканскі балетны тэатр. Нікалета Мані — калега Раберта ў «Ла Скала». Іржы Бубенічак — з Дрэздэнскага балета. Ягоны брат-блізнюк Ота — са славутай гамбургскай трупы. Мэцью Голдынг, Меліса Гамільтан і Эрык Ундэрвуд — гэта Каралеўскі балет Лондана. Марыя Качаткова — з Сан-Францыска, Ганна Цыганкова — з Амстэрдама.
Адметнасць праектаў, падобных да «Roberto Bolle and Friends», і ў тым, што няма нумароў «зацяганых», якія даўно надакучылі, але ў нас чамусьці крочаць з праграмы ў праграму. Шмат харэаграфіі зусім невядомай альбо малавядомай.
Прысутнічалі класікі — кшталту Джона Наймаера і Кенета Макмілана. Але імёны іншых балетмайстраў таксама гучныя, а самі яны маюць шлейф ранейшых і найноўшых неверагодных творчых здзяйсненняў. Праграма адкрывалася Па-дэ-дэ з балета «Эксельсіёр» на музыку Рамуальда Марэнка і ў харэаграфіі Уга дэль Ара. Яго выконвалі галоўны герой праграмы Раберта Боле і Нікалета Мані. На ўспрыманне асобнага фрагмента ўплывае і тая акалічнасць, што сам спектакль быў пастаўлены ў Палерма, Мілане, Рыме, Неапалі, Вероне і Турыне. Пазней — у Парыжы і Рыме. Хіба не аргумент, хіба не цікава?! У пластычнай мове «Эксельсіёра» адчувалася водгулле «рэтра», вялікага балетнага стылю і адначасова рамантычнай стылізацыі. Дарэчы, у поўным варыянце спектакль запісаны на DVD і неаднойчы выдаваўся.
Наступны фрагмент — Па-дэ-дэ на музыку Джэймса Макмілана — прадстаўляў почырк і стыль Крыстафера Уілдана. «Мастацтва» ў адным з сёлетніх нумароў згадвала балет «Аліса ў краіне цудаў», пастаўлены ім на сцэне Каралеўскай оперы Лондана. Сёння Крыстафер — адзін з найбольш запатрабаваных балетмайстраў свету. Ён галоўны запрошаны харэограф «New York City Ballet». Сусветная крытыка называе яго творчым нашчадкам Джорджа Баланчына. Такая ацэнка дарагога каштуе! Летась Уілдан атрымаў прэмію Леаніда Мясіна ў катэгорыі «харэограф года». Два гады таму — прэмію імя Лоўрэнса Аліўе за спектакль «Aeternum» і прыз Міжнароднай асацыяцыі дзеячаў харэаграфіі «Benois de la Danse» за пастаноўку «Папялушкі» ў Нідэрландскім балеце.
У веронскім гала Па-дэ-дэ, прыдуманае Уілданам (яго танцавалі Меліса Гамільтан і Эрык Ундэрвуд з Лондана), з яго сучаснай і вынаходлівай пластыкай, складанымі падтрымкамі, прымушала згадаць антычную тэму «сатыр і німфа». Але адначасова з вялікай эстэтычнай асалодай усведамляць, у якой ступені шматмерная пластычная мова Крыстафера Уілдана, колькі ў ёй філасофскай глыбіні і канцэптуальнасці.
Яшчэ адно аўтарытэтнае імя — балетмайстар Хасэ Марцінас, вядомы пастаноўкай «Дзеці раю». Гучная прэм’ера спектакля, створанага паводле фільма Марселя Карне, адбылася тры гады таму ў Парыжы, у оперы Гарнье. У веронскім праекце аўтар быў прадстаўлены Сюітай на музыку Дэліба, якую ўвасобілі Ганна Цыганкова і Мэцью Голдынг. Лірыка-камедыйны нумар, здавалася, услаўляў рамантычнасць і ўрачыстасць танца. Праз віртуознасць вярчэнняў, паветранасць скачкоў, карункавасць дробнай пальцавай тэхнікі. І тым апяваў бязмежныя магчымасці выштукаванага чалавечага цела.
Веронскае гала зрабілася для мяне адкрыццём — менавіта пры жывым паказе! — яшчэ аднаго імя ў сучаснай харэаграфіі. Брытанца Уэйна МакГрэгара крытыка лічыць галоўным інтэлектуалам у найноўшым танцы. Ён — пастаянны харэограф Каралеўскага балета «Ковент-Гарден» і першы, хто заняў такую пасаду, працуючы ў мадэрне. Невыпадкова летась Пяты міжнародны фестываль «Дягилев. P.S.» у Пецярбурзе адкрываўся расійскай прэм’ерай брытанскага балета «FAR» у яго пастаноўцы. Пластычная кампазіцыя МакГрэгара «Qualia», увасобленая Мелісай Гамільтан і Эрыкам Ундэрвудам, — складаная пабудова. Яе музычнай асновай зрабіўся сінтэз негрыцянскіх песняспеваў і рок-рытмаў. Пачуццёвы танец перадаваў напружанасць адносін Яе і Яго, складаную дыялектыку відавочнага і прыхаванага, эратычнасці і трывогі.
Класік сусветнай харэаграфіі Джон Наймаер быў прадстаўлены ў праграме толькі адной, але досыць разгорнутай мініяцюрай — «Opus 100 — für Maurice». На сцэне два мужчыны ў чорным. Музыка ідзе ў запісе — гітара і голас. Перад намі разгортваецца карціна ўзаемаадносін чалавека і ягонага двайніка, свядомасці і падсвядомасці. А мо гэта працэс пакутлівага раздваення асобы? Адначасова «Opus 100…» успрымаўся і як вытанчаная пародыя на пафаснасць балетных дуэтаў. Бо ў ім прысутнічалі сцёб і лёгкая насмешка над пластычнымі і сюжэтнымі штампамі, уласцівымі харэаграфіі. Міжволі думалася, што ў Беларусі такі нумар успрымаўся б натуральна толькі ў межах праекта канцэптуальнага, а значыць, адрасаванага невялікай мастацкай тусоўцы («Шырокі глядач гэтага не зразумее!»). А ў Італіі ён прыдатны для «Арэны», дзе 15 тысяч наведнікаў. Вось у чым розніца!
У якасці пластычнага дэсерту, гарэзнага фінальнага клічніка запомніўся імклівы, дасціпны, віртуозны «Canon in D Major» у харэаграфіі Іржы Бубенічыка. Выконвалі яго сам Іржы, знакаміты артыст, які актыўна спрабуе сябе і ў якасці балетмайстра, ягоны брат Ота і ўласна Раберта Боле. «Canon…» прымушаў успрымаць танец як радасць і шчасце. А сцэну — як месца разняволенасці цела і душы. Прастору самавыяўлення, дзе можна падзяліцца неверагоднай энергіяй, якую захоўвае ў сабе пластыка.
Шэкспір жыве і перамагае
І апошні штрых. Адным з самых моцных уражанняў веронскай імпрэзы зрабіўся для мяне славуты дуэт з пракоф’еўскай «Рамэа і Джульеты» ў харэаграфіі Кенета Макмілана. Сапраўды, грэх таму, хто складаў праграму харэаграфічнага шоу, не згадаць менавіта ў Вероне шэкспіраўскіх каханкаў! Калі я бачыла гэты ж дуэт у Мінску, у межах фэсту «Уладзімір Співакоў запрашае», ён не надта запомніўся. Рамэа танцуе, Джульета часцей назірае… І гэта лічыцца класікай?! Неяк нават смешна! На «Арэне» ўсё атрымалася іначай. Мо таму што Мелісе Гамільтан і Раберта Боле сапраўды вельмі імпанавалі гэтыя партыі. Яны здолелі напоўніць танец адухоўленасцю, рамантычнымі пачуццямі, трымценнем сэрца. Мо іх натхняў дух горада. Але ж моцы выступленню дадало і дакладнае выкарыстанне асаблівасцей сцэны, быццам створанай для гэтага балета. «Арэна» па форме нагадвае авал, эліпс. Адно з закругленняў аддадзена гледачам, другое — свабоднае. У той частцы, дзе артысты выходзяць да публікі, ёсць вялікая пляцоўка, узнесеная над плоскасцю сцэны. Менавіта там і апынуўся балкон Джульеты-Гамільтан. Адтуль яна спускалася ў сад да каханага, туды па крутых прыступках уздымалася напрыканцы адажыа. Але ўвесь нумар выконваўся з такім эмацыйным напалам, што стаўся сэнсавай кульмінацыяй праекта.
Увогуле прысутнасць спадара Уільяма і яго герояў у Вероне адчуваеш увесь час. Побач з чыгуначным вакзалам указальнік на італьянскай: «Мантуя — 40». Горад, куды быў сасланы Рамэа. І адкуль імчаў на кані, даведаўшыся пра смерць каханай. Дом, дзе жыла сям’я Капулеці, на картах пазначаны як «Casa di Giulietta». Цяпер гэта месца паломніцтва. Яно ў цэнтры горада, недалёка ад плошчы Эрбэ. Плынь турыстаў няспынная — не прабіцца! Сцены ўнутранага дворыка распісаны так, што няма вольнага месца. Пажаданні, замовы, якія, лічыцца, павінны абавязкова спраўдзіцца.
Сам дворык утульны. Як і ўслаўлены Шэкспірам балкон, на якім стаяла красуня. Тры паверхі пакояў сям’і Капулеці можна агледзець усяго за 6 еўра. Дарэчы, пакоі не надта вялікія па сучасных мерках, хоць столь і высокая. Вынаходлівыя італьянцы ўмела выкарыстоўваюць шалёнае і татальнае захапленне турыстаў шэкспіраўскімі каханкамі. Якраз насупраць вялікая сувенірная крама. А з балкона добра праглядаецца тэатральная пляцоўка, дзе ладзяцца камерныя спектаклі. Афіша паведамляла пра адзін з іх — «Heart of J». Назву можна перакласці як «Сэрца Дж». Або душа?.. Партрэты ўдзельнікаў развешаны ў адным з пакояў. Так што Джульета па-ранейшаму натхняе! І тых, хто трапіў у яе родны горад упершыню, і артыстаў на сцэне амфітэатра.
На мяжы магчымага
Пабачыўшы рэакцыю італьянскіх гледачоў (уявіць, што ўвесь стадыён заняты турыстамі, калі б і хацела, дык не змагла), змяняеш уласныя ўяўленні і разумееш многія глабальныя рэчы. Тое, што для нас здаецца экзальтаванасцю, празмернай эмацыйнасцю, — для італьянцаў рэакцыя натуральная. Гарачая, самаадданая, пафасная. Але менавіта такіх якасцей патрабуе прырода гэтага віду мастацтва. Акурат напал эмоцый, вастрыня канфлікту (на мяжы магчымага!) уласцівы іх нацыянальнай оперы і яе самым запатрабаваным у свеце творам аўтарства Расіні, Вердзі, Пучыні, Масканьі, Леанкавала. Гэтыя якасці прывабліваюць фанатаў і меламанаў на працягу ўжо многіх дзесяцігоддзяў у розных краінах. Нечакана прыходзіш да высновы: такія сачыненні маглі нарадзіцца менавіта тут, на гэтай зямлі, шчодрай на сонца і эмоцыі.
Звярнула ўвагу на рэкламу ў буклеце, прысвечаным веронскаму фестывалю. Лепшыя гатункі віна, дарагія гатэлі, «крутыя» маркі машын і гадзіннікаў... Опера і наведванне яе ўспрымаюцца як мерапрыемства статуснае, адзнака і атрыбут прэстыжу.
Падчас веронскага гала разважала: ці рэальна на стадыёне «Дынама» (напрыклад, пасля яго мадэрнізацыі) або на «Мінск-арэне» ладзіць падобныя відовішчы, запрасіўшы зорак з усяго свету? Мо, і рэальна, але залу наўрад ці збярэм. І сваіх фанатаў столькі не будзе, і ў турыстаў, якія да нас трапляюць, няма падобнай завядзёнкі. Думала і пра тое, чаму фрагменты з пастановак самых «прасунутых» харэографаў свету можна пабачыць, толькі выехаўшы за межы ўласнай дзяржавы? Так, ёсць Інтэрнэт і відэа на YouTube, а калі ўжывую?.. Шкада, што мы і тут не паперадзе планеты ўсёй. Зразумела, такіх салістаў, як на «Арэне дзі Верона» хацелася б вітаць і ў Мінску. А падобны фестываль пабачыць цалкам. Спадзяюся, калі-небудзь мне зноўку пашчасціць.