Мастацкае шкло

№ 9 (390) 01.09.2015 - 01.01.2005 г

Паглынанне і адлюстраванне, або Феномен празрыстасці
Фізіка і хімія святла заўсёды абуджала думку старажытных і сучасных філосафаў, навукоўцаў ды мастакоў. Многія канцэпцыі стварэння сусвету грунтуюцца якраз на гэтай сустанцыі.

Празрыстасць — сябра абсалютнага «нішто», глыбіня прасторы, праз якую зрок выхоплівае існасці. І гэ­та толькі бачны край вызначэнняў паняцця. Яно пера­асэнсоўваецца на працягу стагоддзяў, эпох, стыляў, па­літычных платформ і эканамічных сістэм.

Праглядальнасць як асноўная характарыстыка празрыс­тасці актыўна прысутнічае ў асяроддзі чалавека не толькі ў форме шкляной архітэктуры і ўжытковага дызайну. Тэрыторыя жыццядзейнасці ў цэлым сёння выглядае скрозь збаўленай ад сакрэтнасці: позірку паслядоўна і падрабязна раскрываецца віртуальны сусвет, даступнасць-недаступнасць інфармацыйных сістэм, табуява­ных тэм. Пранікненне «праз», да ўзроўню фіксацыі хут­кас­ці руху нейронаў, адкрывае тайны, асалода ад няве­дан­ня якіх такая прыцягальная.

Фізіялогія ўспрыняцця оптыкі светлавых патокаў да­зваляе зрокава-тактыльным рэцэптарам бачыць колер, фактуру, аб’ём, форму. Здольнасць адлюстравання светлавых прамянёў у той ці іншай ступені належыць амаль усім матэрыялам У гэтым кантэксце ўзаемадзеянне аб’ек­та з промнем святла можа разглядацца з пункту гле­джання яго светаправоднасці: аб’ект ці паглынае прастору, ці адбівае яе. Але не так усё проста!

Асаблівасці візуальнага ўспрымання формы і прасторы значна пашырылі спектр тлумачэння гэтай высновы. З таго моманту, як празрыстасць сама стала аб’ектам рэфлексіі, пачалося асэнсаванне гэтага феномену на канцэптуальным узроўні. Ідэя празрыстасці разгортвалася не столькі пры апісанні канкрэтных адзіночных аб’ектаў, колькі ў маштабе прасторы існасцяў і ўнівер­салій. Аб’ектыўнасць рэальнасці і адлюстравання, пры­сут­насці-адсутнасці, наяўнасці-ўяўнасці стала адной з цэнтральных тэм мастацкіх практык, сінонімам адкры­тасці, публічнасці альбо непранікальнасці, пустэчы і ілюзорнасці. Вопыт оп-арту толькі ўскосна, сваёй формай, кранаецца гэтай з’явы. Скандальна вядомы Алег Кулік у свой час развіў тэорыю празрыстасці і пустэчы. Яго папярэднікі — не адно пакаленне мысляроў-мадэрністаў, якія схіляліся да абсурдысцкага «нішто» ў сва­ім светаўспрыманні: Іў Кляйн, Феліні, Сэмюэль 
Бэкет...

Пустэча дыхае эзатэрычнымі прадчуваннямі трывогі і спусташэння. Але сама оптыка прасторы насычана біпалярным сэнсам. З аднаго боку, прынцыпы пра­зрыстасці праяўляюцца як знак «мінус», як адыманне з матэрыяльнай рэальнасці рэчы ці паняцце. З другога — яе фізічныя параметры паўнавартасна разгортваюцца, няхай сабе і ў ілюзорнай прасторы рэчаіснасці.

Стваральная энергія оптыкі святла нараджае феномен празрыстасці. Празрыстасць — псіхадэлічная міфа­лагема. У выпадку, калі не толькі паверхня, але ўсё ну­т­ро аб’екта здатнае паглынуць светлавыя прамяні, факусаваць і рассейваць святло, канцэнтраваць колер, маем характарыстыку светаўспрымальных матэрыялаў. Гэта не толькі лёд, вада, каштоўныя камяні, геалагічныя пароды, шкло, крышталь, разнастайныя віды пластыку. Нанатэхналогіі пакрысе ўводзяць ва ўжытак прынцыпова новыя формулы рэчаў. Лазер, празрысты бетон ужо ўспрымаюцца як звыклыя, зразумелыя, амаль натуральныя матэрыялы і з’явы.

Фізіка адлюстравання оптыкі светлавых патокаў сустра­каецца ў штодзённым калейдаскопе ілюзорных выяў. Дзякуючы гэтай асаблівасці маецца магчымасць бачыць прадметы і разважаць пра ідэалістычны Свет Ідэй. Адлюстраванне таксама звязана з паняццем непра­нікальнасці. Фармальна люстэркавасць у такім выпадку робіцца адбіткам рэчаіснасці.

Абсалютнай празрыстасці не існуе. Але пара — «празрыс­тасць-шкло» ўпарта прыцягвае чалавека. У мастацкіх практыках шкло з’яўляецца медыумам кантэксту і мае непасрэднае дачыненне да празрыстасці як феномена. Паводле прыродных якасцей шклу і праўда нібы прызначана стаць увасабленнем нескажонага, прамога сэнсу. У той жа час шкло, як нішто іншае, здатнае да ілюзорнасці і аптычных эфектаў. Значна пашырыўшы і ўзбагаціўшы свае пластычныя магчымасці ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, абапіраючыся на прынцыпы абстрактнага геаметрызму і оп-арту, шкло стала адным з цікавейшых сродкаў мастацкай рэалізацыі. Імкненне атрымаць святло сакральнай чысціні стала адной з важных нагод прымянення шкла ў вітражным мастацтве. Прагнучы вынайсці склад, блізкі па чысціні да святла, шкло амаль што стала закладнікам свайго перфекцыянізму. Барацьба за ідэю і сёння кожнадзённа вядзецца ў самых прагрэсіўных лабараторыях тысяч прадпрыемстваў і студый па ўсім свеце.

Шкло здатнае як прапускаць прастору праз сябе, так і абмяжоўваць яе. «Скура» шкла з’яўляецца і паверхняй, і абалонкай-мяжой, і лініяй, што нівелюе перашкоды. Шкло, па сутнасці, — расплаўлены пясок, цякучы камень. І ў гэтай супярэчнасці закладзены той патэнцы­ял увасабленняў, які запатрабаваны ў асэнсаванні рэча­існасці і феномену празрыстасці.

У дачыненні да эксперыментальных мастацкіх практык тэрмін «празрыстасць» стаў адыгрываць ролю свое­асаблівага каталізатара — ажно да парушэння матэ­рыяльнасці аб’ектаў, да дэструкцыі яго цэльнасці.

Алена АТРАШКЕВІЧ-ЗЛАТКАВІЧ