56-е Ве­не­цы­янскае бі­ена­ле

№ 9 (390) 01.09.2015 - 01.01.2005 г

Кава, «Капітал» і архіўная фатаграфія
Кожны раз перад тым, як акунуцца ў мастацкае асяроддзе біенале, я іду ў маю ўлюбёную кавярню непадалёк ад моста Рэалто і выпіваю кубак кавы — свайго роду рытал.

Дзень у Венецыі звычайна і пачынаецца з кавы: праўда, людзі не расцягваюць гэты занятак, выпіваюць кубак і перадаюць эстафету іншым, усё як і ў ранейшы мой прыезд. Вось толькі цяпер кошт напою раптам прымусіў адчуць рэальнасць быццам бы непрыкметнага на першы погляд паняцця «капітал». Два гады таму за філіжанку кавы я мусіў аддаць паўтара еўра, а сёння — тры. Відавочна, зварот капіталу ў Венецыі расце, а з ім расце і кошт наведвання біенале. Цана за любы пакой, калі яшчэ пашчасціць яго знайсці, на час фестывалю ўзлятае да ўзроўню дарагіх гатэляў. Вядома, для арт-прафесіяналаў выдаткі на паездку аплачваюцца арганізацыяй, якая іх адправіла. Але для мастака ці вольнага куратара біенале становіцца свайго роду інвестыцыяй.

Фэст, безумоўна, дае магчымасць пазнаёміцца з бягучымі з'явамі сучаснага арту. Аднак нідзе, акрамя Венецыі, не ўбачыш нацыянальных павільёнаў, хоць гэтае паняцце — «нацыянальны павільён» — часта ставіцца пад пытанне. Напрыклад, два гады таму нямецкая і французская пляцоўкі памяняліся месцамі. На нямецкай былі прадстаўлены працы Анры Сала, выхадца з Румыніі, а на нямецкай — інсталяцыя Ай Вэйвэя, кітайскага мастака з амерыканскай адукацыяй.

Каб паспець усё паглядзець, патрабуецца некалькі дзён. Таму рыхтуюся загадзя і набываю даведнік. Сёлета біенале прадставіла 138 аўтараў, а таксама мноства групавых праектаў — у дадатак да больш чым 100 нацыянальных павільёнаў. Шмат работ in situ і перформансаў.

На час адкрыцця ў Венецыю збіраецца ўвесь art world. Мясцовыя жыхары спрабуюць, падобна, яго ігнараваць і не бянтэжацца вывешваць памытую ніжнюю бялізну з вокнаў паміж дамамі. Традыцыйны аперытыў вене­цы­янцаў — кактэйль «Спрытц» — стаў напоем біе­нале. З яго пачынаюцца не толькі венецыянскія вечары, але і ўсе прыёмы ў нацыянальных павільёнах.

Акрэдытацыя — справа вельмі простая і не займае шмат часу. Потым іду ў Арсенал, каб убачыць як мага больш і набрацца ўражанняў.

Назва «All the World's Futures», што ў перакладзе значыць «Усе лёсы свету», мяне інтрыгуе. Куратар Арсенала і італьянскага павільёна Джардзіні —Окві Энвезар, з якім мне давялося пазнаёміцца на біенале ў Стамбуле ў 2007-м.

Каб асэнсаваць творы прадстаўленых мастакоў, неабходна пазнаёміцца з агульнай канцэпцыяй, звычайна працы ўяўляюць з сябе непасрэдны адказ на зададзеную тэму.

Галоўнай ідэяй гэтага біенале, як фармулюе сам куратар, з'яўляецца свайго роду адкрытая пляцоўка для мастакоў, своеасаблівая сцэна, дзе разгортваецца спектакль: «Які матэрыял, сімвалічны ці эстэтычны, якія палітычныя ці сацыяльныя дзеянні з'явяцца ў гэтай дыялектычнай прасторы, каб надаць форму выставе, што адмаўляецца быць збудаванай у межах звычайных выставачных па­ка­заў? Як мастакі, мысляры, пісьмен­нікі, кампазітары, харэографы, спе­вакі і музыкі праз выявы, аб'екты, словы, рухі, дзеянні, тэкст, гук мо­гуць прымусіць грамадскасць удзельні­чаць, глядзець, слухаць, адчуваць?»

Катарына Гросэ адказвае наўпрост: праца з прасторай — гэта яе дэкараванне. Больш цікавыя, але і больш аўтаномныя творы не выкарыстоўвалі гэты прынцып і сталіся незаўважнымі, такое адчуванне, што ім не хапіла месца, бо ў аснову праекта пакладзена ідэя сцэны, дзе адмыслова запрошаныя мастакі, рэжысёры, харэографы, выканаўцы, кампазітары, пісьменнікі мусяць працаваць з публікай. Паводле канцэпцыі, галоўнай задачай і ёсць гэты ўдзел.

У першы вечар я адпраўляюся на прыём у галандскі павільён, які адбываецца на выспе. Месца абрана мастаком з Галандыі Херманам дэ Фрызам. Тут ён паказвае і некаторыя са сваіх прац. У 1423-м на гэтай выспе быў адкрыты першы ў свеце каранцінны шпіталь для людзей, якія хварэлі на чуму. У 2004 годзе тут знайшлі каля 1500 шкілетаў. Прыём з drinks and finger food у гэтым кантэксце, трэба сказаць, выглядаў дзіўнавата. Вечар, пасля некалькіх гадзін гутарак і знаёмстваў, працягнуўся ў бары з запрошанымі бельгійскімі дзіджэямі.

На наступны дзень як заўсёды кава — і на агляд галоўнай экспазіцыі.

У італьянскім павільёне Джардзіні нас папрасілі не размаўляць гучна, каб не замінаць перформансу. Заслона — свайго роду сцяна, якая падзяляла выпадковых гледачоў і ўдзельнікаў, але ў той жа час можна было чуць га­ворку, а ў самой выставачнай зале яшчэ і сачыць за тым, што адбывалася на сцэне, праз манітор і відэа. Мне прыйшлося паглядзець у праграмку, каб зразумець: дзея завецца «Капітал. Чытанне ўжывую», рэ­жы­сёр — брытанскі відэамастак Айзек Джуліен. Прачытваю канцэпцыю: «Ня­гле­дзячы на бязладны стан рэ­чаў, ёсць адна зацікаўленасць, якая знаходзіцца ў самым цэнтры ці сэрцы нашага часу. Гэта захапленне прыродай капіталу... Капітал — вялікая драма нашай эпохі...

Эксплуатацыя прыроды праз камер­цыялізацыю яе рэсурсаў, узрослая структура няроўнасці і паслабленне сацыяльнага кантракту апошнім часам спараджае попыт на змены.

З моманту публікацыі Карлам Марксам працы “Капітал: Kрытыкa палі­тычнай эканоміі” ў 1867 годзе структура і прырода капіталу паланіла мысляроў і мастакоў, а таксама натхняла палітычных тэарэтыкаў, эканамістаў і ідэолагаў па ўсім свеце».

У гэтым праекце Айзека Джуліена і Окві Энвезара хутчэй увасобілася тое, што адбываецца з актуальным дыскурсам у сучасным мастацтве. Ён з'яўляецца часткай Капіталу, дзе ўсе ўдзельнікі — ад гледачоў да актараў —ствараюць, як вызначае сам куратар, state of thing, стан рэчаў...

На наступны дзень я запланаваў наведванне беларускага павільёна.

Кава з раніцы and go. Наша пляцоўка знаходзіцца па дарозе ў Джардзіні, і яе лёгка ўбачыць з вуліцы, што, безумоўна, добра, бо многія праекты на гэтым фэсце могуць быць прапушчаны гледачамі праз тое, што часам цяжка некуды дабрацца.

Памяшканне невялікае, галоўнае месца займаюць сталы з канцылярскімі тэчкамі і крэслы (першы варыянт экспазіцыі павільёна. — Рэд.). На адной са сцен вісіць чорна-белая фатаграфія. Аляксей Шынкарэнка вядзе мяне па выставе, распавядае пра задуму... Мяне просяць выбраць фатаграфію і пакінуць каментары. Гэта — частка праекта. Справа няпростая, бо трэба азнаёміцца з усім архівам.

Moй выбар паў на адзін са здымкаў, на ім — афіцэр з фотакамерай. На іншым беразе ракі — група салдат. У гэтай кам­пазіцыі цікава тое, што афіцэр стаў аб'ектам фатаграфавання. Перад тым, як зрабіць здымак і націснуць на кнопку, фатограф быў «падстрэлены» іншай камерай. Такое рэдка можна ўбачыць, бо ваенная фатаграфія звычайна мае прапагандысцкую функцыю...

Іншае фота дэманстравала архіў куль. Кулі прадстаўлены як матэрыял,  зда­быты ў целах і падчас раскопак. Тут цікава, што аб'ект, мэта якога —знішчэнне, робіцца дакументам вайны. На фатаграфіі табліца з кулямі навочна паказвае, як куля разрываецца, як выглядае ў момант фатальнага трапляння ў цела.

Пратакольнае даследаванне і канцылярскае прадстаўленне з’яўляецца адметнасцю беларускага праекта. Калі задума Окві Энвезара — месца/сцэна, на якой разгортваецца дзеянне, то ў беларускім павільёне гэтае месца за сцэнай, дзе адбываецца падлік.

У любым выпадку, кава і мастацтва не абыходзяцца без падліку, і можна ўжо з упэўненасцю сказаць, што нашыя наступныя павільёны будуць ладзіцца з адсылкай на ўзровень 2015 года.

Аляксандр КАМАРОЎ