Параўнанні і змест
Паколькі давялося пабачыць і мінулагодні, і сёлетні харэаграфічныя форумы, параўнанні напрошваюцца самі. У «Балетным леце — 2014» гасцей-танцораў, як і прывезеных спектакляў, было больш, а таксама моцна выяўляўся «грузінскі след». Аднаактовыя пастаноўкі, прадстаўленыя артыстамі Тбіліскага тэатра оперы і балета імя Паліяшвілі, давалі разгорнутае і вычарпальнае ўяўленне пра трупу і яе салістаў, асаблівасці пошукаў, разнастайнасць стыляў. Адметнымі атрымаліся імпрэзы харэаграфіі Джорджа Баланчына і Іржы Кіліяна, у якіх удзельнічалі госці з Грузіі ды нашыя артысты.
Сёлета фэст аб’яднаў сем вечароў. Сярод паказаных балетаў пераважалі рэпертуарныя пастаноўкі нашай жа афішы (але з запрошанымі салістамі). «Гасцявы» спектакль толькі адзін — «Рамэа і Джульету» на музыку Пракоф’ева прэзентаваў Санкт-Пецярбургскі тэатр балета імя Леаніда Якабсона. Магчыма, на невялікую колькасць гасцей паўплываў фінансавы складнік. І шмат прэм’ер, паказаных тэатрам на працягу сезона, прычым адна па адной. А сярод іх — густанаселеныя оперы «Царская нявеста» і «Кармэн». Колькі там касцюмаў і пераапрананняў — страшна падумаць!
Саліруюць госці
Цікава, што ў «Балетнае лета — 2015» арганізатары запрашалі толькі жанчын-салістак. З розных труп, гарадоў і краін. Іхнімі партнёрамі выступалі нашы салісты-мужчыны. Як заўважыў беларускі танцоўшчык Антон Краўчанка (Іван-Царэвіч у «Жар-птушцы»), гэта надзвычай карысна. Калі на сцэне паўстае новая пара, у адносінах заўжды з’яўляецца агеньчык, іскры шчырых пачуццяў. А калі ўлічыць, што паклікалі лепшых, дык натуральнае памкненне гаспадароў — аказацца адпаведнымі!
Прыма маскоўскага «Крамлёўскага балета» Аляксандра Цімафеева станцавала ў Мінску Адэту-Адылію ў «Лебядзіным возеры» і Жар-птушку ў аднайменным спектаклі. Партыі ў балеце Чайкоўскага яна рыхтавала са славутай Кацярынай Максімавай. Маладая артыстка лічыць, што знакаміты педагог, з якой пашчасціла займацца ажно дзевяць гадоў, шмат у чым дапамагла ёй спасцігнуць сцэнічную і наогул тэатральную культуру. А вось над вобразам Жар-птушкі Аляксандра працавала непасрэдна з Андрысам Ліепай, які аднаўляў балет з харэаграфіяй Міхаіла Фокіна.
Лалі Кандэлакі, салістка Тбіліскага тэатра оперы і балета (і адначасова запрошаная прыма Каралеўскага балета Швецыі), выступіла ў галоўнай партыі «Лаўрэнсіі». Артыстка вучылася ў Вахтанга Чабукіяні, у чыёй версіі спектакль ідзе ў Тбілісі і Мінску. Лалі лічыць ягоныя пастаноўкі блізкімі, яна адчувае гэтую складаную і віртуозную харэаграфію. «Лаўрэнсія» — балет, не надта распаўсюджаны ў свеце. На радзіме Кандэлакі — адзіная выканаўца ролі гордай іспанкі. А для выступлення ў Беларусі салістцы давялося прыехаць загадзя і шмат рэпеціраваць, бо ў Мінску ідзе рэдакцыя балета, адрозная ад грузінскай. Цікавасць да артыста заўжды падаграецца яго творчай біяграфіяй. У Лалі яна сапраўды фантастычная. Бо, акрамя згаданых труп, спадарыня Кандэлакі — прыма Турэцкага тэатра оперы і балета, вядучая салістка трупы сучаснай і неакласічнай харэаграфіі ў Будапешце. Гастралявала ў Вялікабрытаніі, Паўднёвай Карэі, ЗША, Японіі.
Яшчэ адно знаёмае імя прываблівала балетаманаў — Кацярына Борчанка, якая выконвала галоўную партыю ў фестывальнай «Жызэлі». Чатыры сезоны Кацярына была адной з вядучых салістак нашай трупы і паспела станцаваць ці не ўсе вядучыя партыі. З 2008 года перабралася ў Пецярбург, там працуе ў Міхайлаўскім тэатры, «прасунутым» калектыве, якому ўласцівы пошук адметнага рэпертуару і запрашэнне сусветна знакамітых харэографаў. Кацярына па-ранейшаму тэхнічная, танютка-празрыстая, з прыгожымі, падоўжанымі лініямі пластыкі. За той час, пакуль мы не бачылі артыстку, яна развівалася, шмат гастралявала, імкліва набірала новы рэпертуар. Невыпадкова славуты Нача Дуата, з якім мараць працаваць самыя значныя салісты, менавіта для Борчанка сачыніў галоўную партыю ў балеце «Nunc Dimittis». Сярод партнёраў Кацярыны — Томаш Надзь, прэм’ер Галандскага нацыянальнага балета, і Роберт Боле, вядучы танцоўшчык «Ла Скала» і Каралеўскага балета «Ковент-Гардэн».
У люстэрку крытыкі
Адной з адметнасцей сёлетняга танцавальнага форуму было запрашэнне ў якасці крытыка азербайджанскай мастацтвазнаўцы Улькяр Аліевай. Яна ўвечары глядзела спектаклі, а назаўтра раніцой яе рэцэнзіі з’яўляліся на сайце тэатра. Спадарыня Улькяр — доктар мастацтвазнаўства, аўтар чатырох кніг, апошняя з якіх выдадзена ў Германіі і ўвайшла ў каталог «Вынаходніцтва ў музыцы». Зайздросная аператыўнасць госці прымусіла мяне згадаць рэцэнзіі расійскіх балетных крытыкаў, якія на пачатку ХХ стагоддзя друкаваліся ў ранішніх пецярбургскіх і маскоўскіх газетах наступным днём пасля спектакля. Пра такі тэмп і хуткасць выказвання — у якасці ўзору — я пісала неаднойчы (у сувязі з перманентнымі праблемамі беларускай крытыкі). Напэўна, у бліжэйшы час мы так не здолеем. І аўтары не спяшаюцца, і выданні. Хоць з развіццём Інтэрнэту і парталаў, звязаных з культурай, — усё магчыма.
Тэксты спадарыні Аліевай я ўважліва чытала. Зроблены яны прафесійна. Такога дэталёвага разбору партый гледачам і артыстам, вядома, не хапае. Прычым аналізаваліся не толькі вядучыя, але і эпізадычныя партыі. Іншая справа, што статус госці ад пачатку абумоўлівае выключна добразычлівае стаўленне да кожнага спектакля (Улькяр пакрытыкавала толькі аркестр на паказе «Жызэлі»). Думаю, яе ацэнкі ў нечым перабольшаныя, хоць і сагрэлі шмат сэрцаў. Але ўвогуле сама практыка падобных разглядаў вартая ўсялякай падтрымкі і працягу.
Аднойчы ў Вероне
Як бы мы ні захапляліся віртуознасцю і майстэрствам салістаў (нашых або запрошаных) у вядомых спектаклях, нават самы яркі артыст не здольны прынцыпова змяніць агульную мастацкую канструкцыю пастаноўкі. Таму спынімся на дзвюх найбольш адметных, на мой погляд, падзеях форуму. Гэта паказ «Рамэа і Джульеты» Пецярбургскім тэатрам балета імя Леаніда Якабсона і заключнае гала, што сабрала артыстаў з многіх краін свету.
Некалькі сезонаў таму згаданая трупа прыязджала ў Мінск, прывозіла сатырычную пастаноўку «Клоп» і вядомыя «Скульптуры Радэна». Пры ўсёй павазе да выканаўцаў, уражанні засталіся супярэчлівымі. Так, гэта было рэха гісторыі, даніна павагі знакамітаму харэографу. Але не больш за тое. Новая версія балета Пракоф’ева пакінула непараўнальна лепшае ўражанне. Мы пабачылі фактычна другую прэм’еру і таму, што спектакль свежы, і таму, што лібрэтыст Ігар Каняеў ды харэограф Антон Піманаў прапанавалі нечаканую версію балета.
Твор не мае відавочна выяўленай часавай прыналежнасці, у любым выпадку гэта не Італія эпохі Адраджэння. Тут змагаюцца і супернічаюць не старадаўнія магутныя кланы, а дзве трупы — «Capulet Classic Ballet Theatre» і «Montague Modern Dance Theatre». Джульета (Ала Бачарова) — адна з салістак тэатра класічнага танца, якім валодаюць яе бацькі. Маці — педагог-рэпетытар, карміцелька — канцэртмайстар. Рамэа (Ігар Ечмянёў) — саліст трупы сучаснай харэаграфіі, якой кіруюць ягоныя бацькі. Меркуцыа (Марат Нафікаў) — сябра і таксама танцор. Артысты, асабліва маладыя, выглядаюць тэхнічнымі і віртуознымі. Кантраст і непрымірымасць дзвюх мастацкіх школ выяўляюцца і ў візуальным абліччы герояў. Класічныя пачкі ў балерын трупы Капулеці, джынсавыя касцюмы ў танцораў трупы Мантэкі.
Як бачым, шэкспіраўскі сюжэт прыдатны да такіх радыкальных сэнсавых і часавых трансфармацый. Амаль усё сышлося! Будуючы разгорнутыя дуэты галоўных герояў, харэограф яднае класіку і сучасны танец. Яны знайшлі паразуменне! А чаму дзве харэаграфічныя плыні не могуць? У апошнім адажыа істотным для ўспрымання было светлавое рашэнне, якое прымушала ўбачыць Рамэа і Джульету амаль як біблейскіх герояў. Найменш пераканаўчым аказаўся вобраз пастара Ларэнца, тут балетмайстру не хапіла багацця лексікі і ўцямнасці думкі.
Тэатр імя Леаніда Якабсона шмат гастралюе, такія калектывы звычайна вандруюць без аркестра, таму музыка Пракоф’ева ішла ў запісе. Але нават у такім варыянце партытура ўспрымалася адным з самых магутных складнікаў пастаноўкі. Сцэнаграфія Вячаслава Окунева, мастака, які доўгі час супрацоўнічаў і з нашым тэатрам, таксама разлічана на гастрольныя паказы. Яна лаканічная і ёмістая. Люстэркі рэпетыцыйнай залы ствараюць адчуванне таямнічасці. У іх цьмяным ззянні адначасова адбіваецца глядзельная зала, балконы, бельэтаж. У прынцыпе, такі прыём не новы, але ён заўжды дзейнічае. Здольнасць да незвычайнага прычытання сюжэта, канфлікту робіць гэты спектакль цікавым сучаснаму гледачу.
Зоркі і зорачкі
Бясспрэчным плюсам апошняга «Балетнага лета» я назвала б і наяўнасць у афішы твора айчыннага кампазітара. Гэта балет «Хто я?», пастаўлены Юліяй Дзятко і Канстанцінам Кузняцовым на музыку Сяргея Картэса. «Мастацтва» пісала пра спектакль у адным з апошнім нумароў, таму не будзем засяроджвацца на назве. Але хацелася, каб нацыянальны вектар і далей прысутнічаў у «Балетным леце».
Аматары харэаграфіі па-рознаму ставяцца да канцэртных праграм. Канцэптуалісты і прыхільнікі рэжысёрскага тэатра лічаць наведванне такіх мерапрыемстваў бессэнсоўным марнаваннем часу. Ёсць у падобных думках рэзон. Але часам між фрагментаў традыцыйных зазіхацяць настолькі нечаканыя мастацкія знаходкі, што запомняцца надоўга. Пра іх і пагаворым.
Падбор нумароў шмат у чым залежаў ад рэжысёра, харэографа Вольгі Костэль. Тут ёй трэба паапладзіраваць. Сабраць сапраўдных зорак, з’яднаць іх выступленні і арыгінальныя нумары — дорага каштуе. У гала, акрамя нашых артыстаў, удзельнічалі прадстаўнікі Азербайджана, Германіі, Расіі, Фінляндыі, Швецыі, Эстоніі. Ці не самай шыкоўнай падалася мініяцюра «Балет 101», якую выконваў Уладзіслаў Марынаў, саліст з Берліна. Зала проста заходзілася ад смеху. Выяўляецца, каб так уразіць, не патрэбныя ні «навароты», ні дарагія, расшытыя аздабленнямі касцюмы. Усё проста і нават элементарна — толькі віртуозны танцор і славуты дыванок. А галоўнае — ідэя! «Закадравы» тэкст, рэакцыя, нечаканы фінал...
Моцнымі аказаліся нумары ў выкананні Алега Габышава, аднаго з вядучых салістаў трупы Барыса Эйфмана. Мінск бачыў яго ў партыях Трэплева, Міці Карамазава. Мініяцюра «Фаўст» пастаўлена для Габышава Вольгай Костэль, а вось «Ахвярапрынашэнне» — самім Алегам. З нагоды апошняй падумалася, што творчыя кантакты з Барысам Якаўлевічам спараджаюць «вірус» сачыніцельства. Абодва творы экспрэсіўныя, шматслойныя, калі кожная дэталь мае сэнс.
Бязмежнай дасціпнасцю і зайздроснай балетмайстарскай фантазіяй вызначаюцца Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, пастаноўшчыкі і выканаўцы нумароў «Спатканне» і «Fado». З дзвюма мініяцюрамі, якія прыдумала зноў-такі Вольга Костэль, выступілі Алена Шкатула і Дзяніс Клімук. Творы цікавыя пераасэнсаваннем міфалагічных сюжэтаў і герояў. У «Нашым Эдэме» панавалі гумар і вынаходлівасць, у «Лебедзі і Ледзе» — стан пачуццёвасці і адначасова іранічны фінал, што быццам дае погляд з дня сённяшняга.
Прыгажосцю ліній, стыльнасцю ўзрадавалі маладыя салісты нашай трупы, Яна Штангей і Ягор Азаркевіч, у Гранд-па класік на музыку Абэра. Разгорнутыя адажыа з балетаў Валянціна Елізар’ева «Рамэа і Джульета» і «Спартак» (яны з радасцю і сапраўды натхнёна выконваюцца з канцэрта ў канцэрт) нараджаюць крамольную думку, што, магчыма, нічога больш маштабнага на айчыннай харэаграфічнай сцэне з часу даўніх прэм’ер і не нарадзілася. Такім складаным ды небанальным дагэтуль здаецца іх пластычны малюнак.
Адзінай лыжкай дзёгцю на гала і папярэдняй вечарыне, дзе паказвалася праграма «Танец у плыні часу», успрымалася вядучая Кацярына Зіноўева-Правалінская. Слова на музычнай сцэне, дзе адна хвіліна спеваў або танца змяшчае безліч пачуццяў, мае іншую важкасць, чым на драматычнай. Маналогі вядучай здаваліся бясконцымі, пафас — надуманым і нават фальшывым. Сукенка бліскучая, дзяўчына прыгожая, але, калі ласка, наступным разам без яе!
А якія перспектывы?
Зразумела, падрыхтоўка кожнага чарговага фестывалю — вялікі клопат. Творчы, арганізацыйны, фінансавы. Але калі глядач прызвычайваецца, што ў пэўны час у пэўным месцы павінна адбыцца штосьці эксклюзіўнае і нечаканае, збіраць аўдыторыю прасцей. Сёлета залы былі паўнюткія, хоць квіткі аказаліся не надта танныя — ад 500 тысяч да 1,5 мільёна беларускіх рублёў.
На прэс-канферэнцыі напярэдадні «Балетнага лета — 2015» я запытала арганізатараў: што плануецца ў праграме наступнага? І пачула адказ: у яе ўвойдуць тры новыя спектаклі, якія цягам сезона з’явяцца на афішы. «Маленькі прынц» (музыка Яўгена Глебава) у пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай. Спектакль «Маленькая смерць» (з харэаграфія Іржы Кіліяна) хутчэй за ўсё будзе ўвасабляць тая ж пастановачная брыгада, што ажыццяўляла ў Мінску «Шэсць танцаў». Апошняя назва — «Любоў і смерць» (музыка Палада Бюльбюль-аглы, харэаграфія Вольгі Костэль).
Ужо цяпер пачаліся перамовы з зоркамі балета, якія прымуць удзел у наступным фэсце. Яшчэ адна яркая падзея чакае аматараў харэаграфіі ў 2016-м. У лютым, падчас фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае», пройдзе вечарына знакамітай Ульяны Лапаткінай, прымы Марыінскага тэатра. А наконт уласна «Балетнага лета», дык арганізатары абяцаюць, што раней ці пазней да яго дадасца міжнародны конкурс артыстаў і харэографаў. Думаю, тое станецца вяртаннем (або адраджэннем?) фестывалю «Я люблю балет», які ў 1990-я ўспрымаўся маштабнай з’явай у культурным жыцці краіны. Напярэдадні Новага года меламаны прызвычаіліся чакаць Калядны форум і міжнародны конкурс, што існуе ў яго межах. Летам, пры канцы сезона, уласнае месца ў афішы (і свядомасці грамадства) заняў фестываль харэаграфічны. І як не вітаць імкненне да раўнавагі ды гармоніі ў сучасным трывожным і неспакойным свеце?..
Удзельнікамі сёлетняга «Балетнага лета ў Вялікім» былі вядомыя салісты з многіх краін свету. Але гэтым разам падрабязна хацелася б пагутарыць з двума. Алена Шкатула і Дзяніс Клімук — прадстаўнікі айчыннай балетнай школы, выхаванцы нашага харэаграфічнага каледжа. Абодва працяглы час танцавалі галоўныя партыі ў Нацыянальным тэатры оперы і балета, а цяпер актыўна будуюць міжнародную кар’еру. Алена — вядучая салістка Нацыянальнай оперы «Эстонія». На працягу апошняга сезона Дзяніс з’яўляўся салістам гэтай жа трупы, хоць і не развітаўся з Мінскам.
Алена Шкатула: «Адкрываю сябе...»
У мінскай трупе вы танцавалі шэраг вядучых партый — Дзяўчыну ў «Балеро», Ганну ў «Страсцях». Што для вас было асноўнай матывацыяй, каб памяняць калектыў? Замала галоўных роляў?
— Не. Думаю, наступнае развіццё ў Мінску было б актыўнае і цікавае. Акрамя згаданых партый, выконвала Марыю ў «Бахчысарайскім фантане». Але хацелася паспрабаваць чагосьці новага. Планавала паказацца не толькі ў Таліне, аднак на сустрэчы з кіраўніцтвам папрасілі далей не ехаць (смяецца). Адразу прапанавалі годны кантракт у якасці вядучай салісткі.
Як вас сустрэлі ў Таліне — прахалодна, радасна, спакойна?
— Вельмі цёпла. Трупа пакінула прыемнае ўражанне. Атмасфера ў калек- тыве сяброўская і ўсяляк спрыяе творчасці. Цяпер у мяне дзве радзімы. У Таліне я паступова заваёўвала любоў і давер публікі, тое быў дастаткова доўгі шлях, не ўсё адразу атрымлівалася. Глядач насцярожана ставіцца да новых выканаўцаў, але цяпер я для яго «свая». Першай маёй партыяй у Эстоніі была Адэта-Адылія ў «Лебядзіным». Прычым у Мінску гэты спектакль я не танцавала.
Цікава, які з тых сімвалічных вобразаў вам бліжэй?
— Мне даспадобы гераіні з ярка акрэсленым характарам. Таму, відаць, Адылія.
А на якой мове камунікуюць у талінскай трупе?
— Трупа інтэрнацыянальная, уласна эстонскіх артыстаў усё менш. Ёсць прадстаўнікі Шатландыі, ЗША, Англіі, Францыі, Італіі, Іспаніі. Мова стасункаў англійская. У каледжы я вывучала нямецкую, таму англійскай авалодвала ў працэсе, усяляк яе «падцягвала». Эстонскую разумею, але пакуль на ёй свабодна не размаўляю.
Не ўсе могуць рашуча мяняць свой творчы лёс. Пачынаць у новай трупе складана. Магло ж і не скласціся...
— У мяне не было сумненняў. Чамусьці адчувала: усё атрымаецца. Самая вялікая знаходка — педагогі, з якімі цяпер працую. Уражанне, нібы ўвесь час адкрываю сябе, свае магчымасці. І мне вельмі падабаецца, што гэтае развіццё не спыняецца.
У чым адрозненні балетных калектываў у Мінску і ў Таліне? Рэпертуар, праца з рознымі харэографамі?
— Вы ўжо самі адказалі. У Эстоніі трупа, вядома, меншая. Разы ў два. У Еўропе, напэўна, няма такіх вялікіх труп, як у Мінску. Але ўсё роўна мы ставім значныя спектаклі — «Лебядзінае», «Спячую красуню», «Баядэрку». І разнастайнасць накірункаў сапраўды ёсць. Напрыклад, у 2014-м адбылася прэм’ера балета «Медэя» (я танцавала ў ім вядучую партыю). Харэографам выступіў італьянец Джанлука Скьявоні, запрошаны з «Ла Скала». Гэта была сусветная прэм'ера.
Сярод вашых партый Манон, Аўрора, Жанна Эбютэрн у балеце «Мадзільяні — акаянны мастак», Таццяна ў «Анегіне»...
— Прасцей пералічыць, што не танцую. Бо занятая ва ўсім рэпертуары. Дадам Нікію ў «Баядэрцы», Машу ў «Шчаўкунку». Ёсць спектаклі, у якіх танцавала, але яны амаль сышлі з афішы.
Сёлета ў маі я апынулася на некалькі дзён у Таліне. Скажу шчыра: перапаўняў гонар і за беларускае мастацтва, і за вас асабіста. У цэнтры горада, на будынку тэатра «Эстонія» ўбачыла велізарны банер, кадр з балета «Папялушка». Галоўная гераіня (Алена Шкатула) выходзіць з шыкоўнай машыны...
— Гэта прынц выязджае на сцэну на электрамабілі. А Папялушка прылятае на паветраным шары. У кадры — загадка для гледача. Лёгкая інтрыга...
Якую з партый у Таліне лічыце самай значнай? Якая патрабавала найбольш намаганняў?
— Думаю, у кожнай я раскрывалася па-рознаму. Але самай складанай аказалася Манон. Танцую яе на працягу трох гадоў і адчуваю, што да вобраза дадаюцца новыя штрыхі і якасці. Гэта партыя, пра якую мараць усе балерыны свету. Бо, акрамя іншага, яна дае і вопыт драматычнай актрысы. «Манон» таксама паказвалі ў Мінску, падчас гастроляў «Эстоніі». Сустрэча з калектывам, дзе раней працавала, заўжды хвалюе. Я разумела: гэта экзамен! Усе будуць глядзець і ацэньваць. Тое моцна «ціснула» на псіхіку. Таму павінна была выкласціся ажно на 300 працэнтаў. «Адхадняк» доўжыўся потым, пэўна, месяцы два. Але столькі сяброў, калег, педагогаў было на паказе! Шмат хто падыходзіў пасля спектакля. Шкадую толькі, што не змагла пагаварыць з кожным так, як хацела.
Якія пастаноўкі будуць у бліжэйшым сезоне? Ці часта гастралюе эстонская трупа?
— Наступнай вясной з’явіцца новая рэдакцыя «Лебядзінага возера». Ранейшая належала Ціту Хярму (ён быў танцоўшчыкам, а потым дырэктарам трупы да 2009-га). Над цяперашняй версіяй працуе мастацкі кіраўнік Тоомас Эдур. Што да гастроляў... Ездзім не надта часта. Працэс «прасоўвання» любога калектыву доўгі. З папярэднім дырэктарам вандровак было замала. Новы больш актыўна займаецца гэтымі пытаннямі. Ездзілі ў Венецыю, выступалі ў тэатры «Ля Фенічэ». Летась гастралявалі ў Севільі, дзе танцавалі «Шчаўкунка». Неўзабаве зноў выправімся ў Венецыю з «Баядэркай». Але невялікая колькасць вандровак трупы кампенсуецца тым, што мы з Дзянісам Клімуком часта ездзім на фестывалі як танцавальная пара.
Хто з вядучых балетных артыстаў вам цікавы? Чые выступленні ўжывую або ў запісах глядзіце з інтарэсам?
— Імкнуся не зацыклівацца на пэўных салістах, не ствараць сабе куміраў. Калі працую над партыяй, не гляджу нікога. Ты павінен сам зразумець уласны вобраз. Дайсці да яго... А потым убачыць у некага цікавыя нюансы. Часта падчас рэпетыцый нават пастаноўшчыкі просяць не знаёміцца з відэа іншых артыстаў. Бо міжволі пачынаеш штосьці пераймаць. Але калі працавала над знакамітым «Лебедзем» з харэаграфіяй Міхаіла Фокіна, глядзела розныя запісы — Маі Плісецкай, Ульяны Лапаткінай.
Эстонія ўсё-такі бліжэй да Заходняй Еўропы, чым Беларусь. Гэта дае магчымасць падарожнічаць, атрымліваць новыя мастацкія ўражанні...
— У плане геаграфіі, лагістыкі Талін месціцца вельмі ўдала. Ёсць 2-3 выхадныя або святочныя дні — значыць, можна праз дзве гадзіны быць у Мілане, Лісабоне ці Рыме. Нават калі вольны дзень адзін, яго дастаткова, каб выправіцца ў Стакгольм. Горад вельмі натхняе. Ноч на пароме — туды, ноч — зваротны шлях. А дзень ходзіш, набрыньваеш уражаннямі. І потым вяртаешся акрылены. Каб думаць толькі пра танец...
Дзяніс Клімук: «Быць свабодным...»
У Мінску вы былі адным з вядучых салістаў трупы, мелі велізарны рэпертуар. За дзесяць гадоў станцавалі літаральна ўсё! Бліскуча дэбютавалі ў партыі Ціля Уленшпігеля. Далей — Юнак у «Вясне свяшчэннай», Бог і Адам у «Стварэнні свету», Тыбальд і Парыс у «Рамэа і Джульеце». Яраполк, Спартак, Драсельмеер, Трыстан, Хазэ, Залаты раб… Але, напэўна, артыстам надакучвае танцаваць адное і тое ж? Што сталася матывацыяй перайсці ў знакамітую трупу Барыса Эйфмана?
— Шмат прычын майго «нізкага старту». Сапраўды, адчуваў пэўны творчы застой, хоць і засвоіў дастаткова вялікі рэпертуар. Але і раней думаў пра трупу Эйфмана. Глядзеў запісы ягоных балетаў — і заўжды здавалася, што гэта маё. Супрацоўніцтва з калектывам Барыса Якаўлевіча ўзнікла нечакана, хоць ягоны дырэктар тэлефанаваў, яшчэ калі я першы ці другі год танцаваў у Мінску. Але ў той час я лічыў, што павінен быць тут. Не ўсё зрабіў у роднай трупе.
У адным з балетаў Эйфмана, «Ганне Карэнінай», вы танцавалі мужа галоўнай гераіні. Але вашай індывідуальнасці, на маю думку, бліжэй вобраз Вронскага. Як у Эйфмана ідзе размеркаванне партый?
— Гэта працэс вельмі складаны. Яго не заўсёды можна патлумачыць логікай. Здаецца, балетмайстар бачыць выканаўцу ў пэўнай ролі. Пачынаюцца рэпетыцыі — і назаўтра ты пераходзіш у іншае амплуа.
Партыяй Карэніна-мужа дасталіся задаволены?
— Мне не хапіла колькасці спектакляў. Яны ішлі на гастролях, з інтэрваламі. Паралельна танцаваў іншыя балеты. З ролі «выпадаеш», потым да яе вяртаешся. Але ўсё роўна рады: у трупе Барыса Эйфмана ўвасобіў усё, што хацеў. Увесь бягучы рэпертуар. Станцаваў Івана Карамазава, Чэкіста ў «Чырвонай Жызэлі». У «Анегіне» — Генерала, мужа Таццяны. Балетмайстар зрабіў яго сляпым.
У Барыса Эйфмана харэаграфія вельмі складаная па малюнку і тэхніцы, а ў нечым і траўматычная. Менавіта таму не прадоўжылі кантакт?
— Не, гэта не пужала. Хоць наша прафесія ў прынцыпе траўматычная. Прычына досыць банальная. Паглядзеў расклад спектакляў на будучы сезон і зразумеў, што буду мала танцаваць. Частка пастановак з маім удзелам паступова сыходзіць з рэпертуару. Пачаліся рэпетыцыі балета «Up&Down», які Эйфман потым павёз у сусветнае турнэ. Спектаклі, дзе я быў заняты, можна пералічыць на пальцах. А хацелася больш танцаваць. Калі артыст не выходзіць на сцэну, сэнс ягонай працы губляецца.
Адзін час у трупе гэтага балетмайстра танцавала шмат нашых. Амаль усе мужчыны-салісты — Аляксей Турко, Ігар Сядзько, Мікалай Радзюш, Юрый Кавалёў, вы...
— Мы з Радзюшам разам сыходзілі. Цяпер ён саліст у Будапешцкай оперы. Ігар Сядзько ў трупе толькі сезон працаваў. У Эйфмана зараз выступаюць два беларускія артысты — Любоў Андрэева і Дзмітрый Лунёў (апошнія два гады ён займаўся ў Акадэміі рускага балета).
А як пачалося супрацоўніцтва з тэатрам «Эстонія»?
— Калі беларускі балет ездзіў на гастролі ў Талін, мы паказвалі «Шэхеразаду». У тым спектаклі ў мяне была дастаткова яркая партыя Залатога раба. Думаю, менавіта тады мастацкі кіраўнік балетнай трупы звярнуў на мяне ўвагу. Узнікла размова пра супрацу. Напрыканцы мінулага сезона мы з Тоомасам Эдурам дамовіліся, што ўвосень 2014-га я да іх прыеду.
Здаецца, у эстонскай трупе вас бачаць зусім іначай...
— Абсалютна!
У Мінску вы танцавалі пераважна балеты Елізар’ева. Сучасную пластыку, яе экспрэсіўнасць вы ўвасаблялі надзіва натуральна. Для танца некласічнага патрэбная неверагодная энергетыка выказвання, павышаны градус пачуццяў. А класіка — гэта элегантнасць, дакладнасць. Вас не надта «пускалі» ў яе. У Таліне нечакана выявілася, што вы цудоўны прынц у «Спячай красуні» і «Шчаўкунку». Вашыя героі стыльныя, вытанчаныя, сапраўды арыстакратычныя...
— З аднаго боку, я быў не гатовы да такіх герояў. З другога — усё жыццё хацеў паспрабаваць, каб даказаць — сабе і іншым, — што магу. У Мінску мяне лічылі некласічным танцоўшчыкам. Шкада, калі навешваюць ярлык, ад яго потым цяжка пазбавіцца. Неяк змірыўся з гэтай думкай. Сапраўды мне больш падабаюцца партыі драматычныя. Калі разважаць пра прынцаў, дык яны даволі стрыманыя. У іх псіхалагічным абліччы павінна быць пэўная халоднасць, захаванне свецкага этыкету. Спадзяюся, у наступным сезоне будзе Прынц у «Лебядзіным возеры».
На жаль, я пакуль не глядзела талінскага «Анегіна». Але ў «Фэйсбуку» выкладзена шмат фота са спектакля. Узрушальна! Складана было ўявіць, што вам так пасавацьме гэтая партыя сусветнага балетнага рэпертуару. Пераконвае нават візуальны вобраз героя. У ім — рамантычнасць, напал высокіх эмоцый, якіх так не хапае сучаснаму чалавеку.
— Не ведаючы загадзя гэтага балета, думаў, што будзе нешта старое. Магчыма, не надта цікавае. Тым больш пастаноўка 1965 года. У чым тады актуальнасць спектакля?! Але насамрэч балет неверагодны! Яго можна шмат танцаваць і кожны раз адкрываць для сябе новыя пачуцці і адценні. У спектаклі музыка Чайкоўскага, але не з оперы, а іншых твораў. Фінальнае па-дэ-дэ ў 3-й дзеі — з «Франчэскі да Рыміні». Яго немагчыма глядзець без хвалявання! Харэаграфія Джона Крэнка. Фонды, што займаюцца спадчынай славутых балетмайстраў, імкнуцца да поўнай адпаведнасці з першакрыніцамі. Сочаць, каб артысты ўзнаўлялі харэаграфію максімальна блізка. Будзеце смяяцца, але нават крокі на сцэне лічаць...
Вы абсалютна сучасны чалавек, а тут — ХІХ стагоддзе. Як шукалі пункты судакранання з героям?
— Для мяне «Анегін» — твор актуальны, бо ў гэтай гісторыі кожны знойдзе сугучнае свайму жыццю. Мне іншым разам складана адлюстраваць на сцэне эмоцыі, якія адчуў у рэальнасці і не хацеў бы перажываць наноў. Прасцей увасобіць пачуцці, не зведаныя наяве. У Мінску вельмі падабалася танцаваць Хазэ: шторазу ўнутры мяне адбываўся літаральна выбух эмоцый. Але ў жыцці такога не было. А што да Анегіна, дык без самааналізу гэтай ролі не адолець.
На мінскім фестывалі «Балетнае лета ў Вялікім» вы з Аленай Шкатула танцавалі мініяцюры «Наш Эдэм», «Лебедзь і Леда». Дасціпныя, арыгінальныя...
— Яны пастаўлены беларускім харэографам Вольгай Костэль, яна спецыяльна прыязджала да нас у Талін. Гэта эксперыментальныя працы. Мне падабаецца арыгінальнасць яе мыслення, зварот да міфаў, магчымасць насыціць пластыку мноствам сэнсаў.
Дзяніс, калі артыст мае магчымасць танцаваць у розных краінах і тэатрах, яго самаацэнка прынцыпова мяняецца?
— Вядома! Мне здаецца, гэта адзін з самых каштоўных момантаў для творчай асобы. Важна быць свабодным. Мець магчымасць шмат бачыць. Сустракацца з людзьмі, якія ўвасабляюць розны менталітэт, належаць розным культурам. Тое вопыт, які немажліва здабыць, жывучы ў адным горадзе...