Гутараць кіраўнік кафедры Ігар Духан і выкладчыкі Вольга Бажэнава, Генадзь Козел, Ірына Лобан, Наталля Рачкоўская.
Ігар Духан: Раней місію выставы-конкурсу маладога і нават юнага мастацтва шмат гадоў выконвала «Арт-сесія» ў Віцебску. Яна хутчэй давала панараму тэндэнцый, чым выяўляла актуальна-радыкальныя інавацыі. Сёлета не адбылося маладзёжнай «Арт-сесіі», у якой мы заўсёды прымалі ўдзел, а студэнтам, асабліва першым курсам, было што паказаць. Таму мы вырашылі зладзіць выставу маладой эксперыментальнай творчасці пад назвай «Мастацтва і прастора». Маем намер зрабіць яе штогадовай і пашыраць кола аўтараў.
Мы ўбачылі творы студэнтаў, узровень якіх добра ведалі. Работы з экспазіцыі не з’яўляюцца вынікам працы ў рамках базавых дысцыплін — малюнка, жывапісу, кампазіцыі, праектавання. І ў мяне ўзнікла адметнае адчуванне: мы любім інтэрпрэтаваць працы, зыходзячы з нашага акадэмічнага рэсурсу, эрудыцыі і разумення сучаснага мастацтва, але настае момант, калі хочацца ўбачыць творы, для якіх няма звыклых словаў і гатовых вызначэнняў. Мы ўсе крыху стаміліся ад таго, што называецца сучасным мастацтвам, многія яго формы паступова адаптуюцца да салона. Як некалі ў 1960-я ці ў пачатку мінулага стагоддзя, сёння ў многіх ёсць імкненне ўбачыць мастацтва па-за рытарычнай культурай, візуальнасцю і пластыкай як такіх, мастацтва per ce, для якога цяжка знайсці лагічныя і канцэптуальна выбудаваныя вызначэнні. Маё асабістае прадчуванне з нагоды выставы шмат у чым пацвердзілася.
Вольга Бажэнава: Мае спробы адшукаць патрэбныя вызначэнні для асэнсавання студэнцкіх прац аказаліся марнымі. Мы выкарыстоўвалі слова «метафара», яно на гэтай выставе дарэчнае ў разуменні таго, што могуць і што імкнуцца паведаміць маладыя людзі. Цікавае назіранне: калі адзін студэнт спытаў мяне, што найбольш падабаецца ў экспазіцыі, я паказала на самы вялікі твор — з выразнай формай і чытэльнай тэмай. Потым падумала: а насамрэч жа там ёсць аб’екты, якія хвалююць мяне больш, але я іх не магу пакуль апісаць. Разглядаючы зямны шар, выбудаваны з мікрасхем Дар’яй Пасека і Ірынай Найдзянковай, размешчаны на чорным фоне на некалькіх плоскасцях, я перажывала сітуацыю з Дэтройтам. Аўтаркі стварылі магутную асацыяцыю хаосу гарадоў, «пасадзілі» зямны шар на кропку — частку мікрасхемы. Форма пачынае станавіцца большай за змест. Пасля афіцыйнага абвяшчэння канцэптуальнага мастацтва менавіта змест быў большым за форму.
Ва ўсіх працах мяне вабіла пачуццёвасць. Я разумею мастацкія практыкі як варыянт антрапалагічнага быцця, дзе творчасць — не апісанне, а спосаб...
Ігар Духан: Некалькі разоў прагучала слова «форма», нагадаўшы мне іншае перажыванне, звязанае з тым, што адбываецца ў сучасным мастацтве, і з тым, што я ўбачыў на гэтай выставе. Аб’екты экспазіцыі можна раскласці паводле кірункаў і канцэптаў, але ёсць асаблівая магія антычных словаў, якія мы ніколі да канца не зможам зразумець і трактаваць: яны непазбежна будуць за межамі нашага асэнсавання і жыццёвага гарызонту. Форма, пад якой мы заўсёды мелі на ўвазе нешта структурна выражанае, актыўнае, пасля гегелеўскай тэорыі вобраза ў нас заўсёды асацыявалася з нейкім зместам. Насамрэч форма не прадугледжвае зместу, яе этымалогія ў платонаўска-арыстоцелеўскай канцэпцыі, дзе і ўзнікае гэта катэгорыя, мяркуе цалкам іншы кантэкст — эфект мяжы, здзейсненасці, адбітка эйдасу. Але на выставе было адчуванне, што перад намі нараджаюцца формы. Я б вылучыў працы, якія дэманструюць пэўную спантаннасць нараджэння, і тыя, дзе ёсць праграмна-зместавы імпульс. Да апошніх адношу дыпломную работу, размешчаную перад уваходам: Ганна Лабанок, Ганна Арлоўская, Андрэй Фурманаў і Вадзім Ярмоліч — пластычныя рэкамбінацыі Піта Мандрыяна. Гэта праграмная работа, разважанне над тым, як Мандрыян мог бы прадумаць прасторавую рашотку, калі б яму прапанавалі адпаведны кантэкст. А ёсць працы пазапраграмныя, напрыклад Яўгенii Тумель. Твор выяўляўся пластычна, а пазней да яго былі прыдуманы ідэі. І мне здаецца, што працэс нараджэння работы ад пачатку праз форму назіраўся ў многіх аб’ектах. Вельмі цікавая серыя Ягора Давідовіча, прысвечаная пачуццёвасці цела. Гэта «класічная» тэма для сучаснага мастацтва, але аўтарам яна вырашана надзвычай індывідуальна, зыходзячы з пластычнага запісу ўласных перажыванняў цялеснасці. І іранічна з’яднана з падкрэслена элегантнымі шрыфтавымі кампазіцыямі.
Генадзь Козел: Я не чакаў, што адбудзецца такая творчая акумуляцыя, бо ў матэрыяле былі вырашаны вельмі не простыя сюжэты. Насамрэч мы гуляліся, усё было несур’ёзна. Адсутнасць ціску, пагрозы ацэньвання паспрыяла ўзнікненню сітуацыі, калі вольна раскрыліся і студэнт, і чалавек, і матэрыял. Гульня набыла сур’ёзную форму, а аўтары былі ўражаны зробленым. Маладыя людзі не пабаяліся ўзяцца за нешта немагчымае, за тое, што, здавалася, яны няздольны рэалізаваць. Калі іх памкненні набылі канкрэтныя рысы — атрымаўся нечаканы вынік. Ідэя — напачатку сырая — ускладнялася, калі мастакі адыходзілі ад знойдзеных рашэнняў, і выходзіла на ўзровень, які, меркавалася, не мог быць дасягнуты, але ў выніку ўсё атрымлівалася. Для мяне самога гэта вялікі сюрпрыз. Паміж студэнтамі быў момант спаборніцтва, яны бачылі, што нельга спыняцца, трэба рухацца далей.
Ігар Духан: Выдатны расійскі філосаф Фёдар Гелянок кажа: гісторыя — зала спартыўных практыкаванняў. А філасофія пачынаецца тады, калі ў гэтую залу зачыняеш дзверы, пра ўсё забываеш. Аднак, калі зачыняеш дзверы ў залу спартыўных практыкаванняў, цялесны досвед захоўваецца. Безумоўна, акадэмічная праграма — жывапіс, малюнак, кампазіцыя, праектаванне — вельмі сур’ёзная спартыўная зала, дзе студэнты пераходзяць ад мінімальных да вялікіх нагрузак. Можа, мае сэнс час ад часу замыкаць тую залу і даваць магчымасць вольна гуляць. Гэта вельмі складана, прадугледжвае наяўнасць і досведу, і ўмення рэкамбінаваць. Творчасць — надзвычай складаная свабода. Да яе трэба вучыцца дакранацца, але гэта іншы — мяккі, слабы тып прапедэўтыкі, дзе роля выкладчыка — хутчэй ва ўласным прыкладзе мастацкага жэсту, а не ў паслядоўным працэсе навучання.
Ірына Лобан: На жаль, часам няма што зачыняць. Мне заўсёды не хапала ад студэнтаў радыкалізму, але калі ў нас з’явіўся прадмет «сучасныя мастацкія практыкі» і яго стаў весці Генадзь Козел, усё пайшло іначай. У творах з’явілася свежасць, нечаканасць, дынамічнасць. Але таксама патрэбна гульня і ў маім прадмеце — «акадэмічным жывапісу». Ён выкладаецца па аўтарскай праграме і ў нашым інстытуце цесна звязаны з іншымі важнымі дысцыплінамі: кампазіцыяй, праектаваннем, канструяваннем. Таму многія мае заданні маюць дызайнерскі ўхіл. Трэба старацца, не губляючы акадэмізму, гуляць там, дзе магчыма.
Наталля Рачкоўская: Без фундаментальных асноў гуляць на першым курсе немагчыма — зарана. Калі я вяла ў трэцім семестры сучасныя практыкі, то заўважыла: дзякуючы ім студэнты разняволіліся ды сталі працаваць інакш і ў акадэмічным жывапісе. Сумяшчэнне аднаго і другога — гульні і штудыі — вельмі плённае. У нас тут сабралася каманда эксперыментатараў, праз нейкі час зможам назіраць адпаведныя вынікі. Цікава, што выстава стала асаблівым стымулам для студэнтаў. Яўгенiя Тумель, дарэчы, перарабіла сваю піраміду адмыслова для экспазіцыі.
Ігар Духан: Два гады таму я параіў Яўгенii пачытаць Марселя Пруста, каб яна змагла адчуць, як час можа быць пачуццёвым. Жэня прачытала, зацікавілася. Пасля ўзнікла яе піраміда, якую аўтарка тлумачыла па-рознаму. Тэкст да твора — частка праграмы. Для канцэптуалістаў важна, каб рэалізацыя была не вельмі матэрыяльнай, а ў формах паўсядзённасці. Яўгенiя займела досвед канцэптуальнага асамбляжу, але яе форма аказалася надзвычай прачулай, пачуццёвай, адасобілася ад канцэпту, ад пачатковай ідэі, стала пластычна самастойнай. Мне здаецца, што ў сучасным мастацтве пластычная рэалізацыя часта адрываецца ад спараджальнага эйдасу і пачынае жыць уласным жыццём. Увогуле экспазіцыя па-свойму экзістэнцыйная — у многіх працах выразна выявіліся складаныя творчыя і сэнсава-жыццёвыя перажыванні маладых аўтараў. Шматлікія работы фармаваліся на мяжы жанраў, паміж мастацтвам, дызайнам і тэхналогіямі. Выстава засведчыла: да маладога мастацтва трэба ставіцца даволі сур’ёзна, бо яно нясе новыя, часам невядомыя сэнсы і формы. «Невядомае мастацтва», тое, для апісання чаго яшчэ не знойдзены словы, тое, якое нараджаецца цяпер, — вось што актуальна сёння.