Гэтая каманда мастакоў заўсёды дае якасны і цікавы матэрыял, адпаведны актуальным патрэбам, і рэагуе на агульнапрынятыя грамадскія нормы з пазіцыі шматбаковага падыходу. «Сацыяльная рашотка» — не выключэнне: элегантны візуальны шэраг, разнастайны па «тактыльным», фактурным успрыняцці пластыкі, мастацкай мовы і падыходу. Выстава, як шматгалосы хор, гарманічна распавядае наведніку пра ўключэнне і выключэнне чалавека з паўсядзённага жыцця, пра рытуалы асацыяльвання і няўлоўныя ці яўныя межы, якія ставіць грамадства, бы ў друшляк прапускаючы індывіда для агульнага выраўноўвання і пэўнага абмежавання.
Тэма, паднятая куратарам і разгледжаная творцамі, няхай і не надта прагаворана на нашай арт-тэрыторыі, але ў дастатковай ступені прапрацавана замежнымі праектамі ды ініцыятывамі. Па ўсім свеце мастакоў цікавіць і сам факт існавання межаў, і тое, як яны ўплываюць на чалавека ды яго светапогляд. Мяжа між бачным і рэальным, рэальным і віртуальным, міфам і побытам выяўляецца за кошт іх узаемадзеяння, як сутыкненне двух цячэнняў дае бурлівую белую хвалю ў моры. Такой пеністай мяжой і стала выстава «Сацыяльная рашотка», створаная, каб «прадэманстраваць некаторыя агульныя судакрананні грамадскай і прыватнай прастораў, якія валодаюць разнастайнасцю дыскурсаў і функцыямі для іх рэпрэзентацыі», — кажа прэс-рэліз праекта.
Сама архітэктура экспазіцыі выглядае даволі рашуча — пазбаўленая лішняга, стрыманая, ахраматычная, ясныя лініі пабудовы і сціплыя вобразы. Глядач рухаецца ад твора да твора, бы па мапе ці схеме, знаёміцца з інструкцыямі і вывучае сябе — паўнавартаснага дзеяча жыцця ці выпадковага закладніка сістэмы, якая пазбаўляе надзеі на любога кшталту свабоду і перамены. Архітэктоніка ўтворана з дапамогай вялікай колькасці сценаў, што прыемна змяняюць прывычны простакутнік галерэі і ўбудоўваюць у агляданне элементы квесту, праходу абмежаванняў, раз’ядноўваюць, ствараюць адначасова і фактар перашкод, і спробу ўтварыць асобныя кабінеты, малыя зальчыкі, дзе можна заставацца сам-насам з канкрэтным пытаннем. Мабільнасць, безумоўна, адзін з вялікіх плюсаў прасторы галерэі «Ў», якая смела называе сябе сучаснай выставачнай пляцоўкай.
У інсталяцыі «Трое кратаў» сацыяльны аналітык Аляксандр Сарна разам з Ілонай Дзяргач прааналізаваў дзве суполкі з «Укантакце»: «Пеўні Мінска» і «Курыцы Мінска». На думку вядомага псіхатэрапеўта і блогера Марка Сандамірскага, сацыяльныя сеткі — форма народнай псіхатэрапіі. А таму «куратнік» за сеткай — толькі спроба вызначыць дыягназ. Такі спосаб фармавання паралельнай рэальнасці, дзе губляецца мяжа адэкватнага ўспрыняцця чалавека і яму надаецца статус «курыцы» альбо «пеўня», становіцца нормай. Гэта, з аднаго боку, ёсць спробай аб’яднання на базе агульных інтарэсаў, а з другога — адкрывае праблему ўнутраных кратаў і абмежаванняў, якія ствараюцца сацыяльным атачэннем ды пазіцыянаваннем у мас-медыя.
Жанна Гладко канцэнтруецца на «сямейных рашотках», якія ўжо сталі яе візітнай карткай і раскрыліся найбольш поўна ў праекце «Inciting force», дзе мастачка працавала над размежаваннем рэчаіснасцяў на прыкладзе ўласных адносінаў «дачка — бацька». Сённяшняе грамадства — прастора раз’яднаных. Вельмі шмат людзей жывуць у стане адзіноты, і гэтае пачуццё так ці інакш прыпудрываюць сацыяльныя сеткі, але ва ўласнай кватэры ды агульнай сямейнай гісторыі ўнутраная адзінота і непаразуменні выкрываюцца ў фармаце розных рэальнасцяў, дзелячы як саму прастору, так і звязаны з ёй аповед на вызначаныя прыватныя зоны. Разабранае піяніна не ў стане выдаць ніводнага гарманічнага гуку — шкілет узаемаадносінаў, размежаваны гранямі пэўных правілаў, застаецца толькі наборам дэталей, не здольных стаць цэльным арганізмам.
Аляксей Талстоў зрабіў інтэрактыўную працу пра немагчымасць карыстальнікаў аспрэчыць умовы і правілы Інтэрнэту: выйсці за рамкі сістэмы, на думку мастака, нельга. Паводле нядаўніх даследаванняў гарвардскіх навукоўцаў, на грамадскую думку блогі ўплываюць у постсавецкіх краінах больш, чым у любой еўрапейскай дзяржаве або ЗША. І гэты ўплыў можа быць карысны для фармавання свядомасці, грамадзянскай пазіцыі ў пытаннях выбару і падпарадкавання. У той жа час імклівае развіццё інтэрнэт-тэхналогій робіць складанай маніпуляцыю людзьмі, з’яўляецца, па ўсёй бачнасці, ускосным сведчаннем калі не злому вектара дэградацыі чалавецтва, дык прынамсі яго прабуксоўкі. Аляксей элегантна фіксуе простыя, нават механічныя дзеянні чалавека пры карыстанні сацыяльнымі рэсурсамі Інтэрнэту, праграмамі, якія нам прапаноўвае сістэма, і канстатуе нашу лагоднасць да хаця б мінімальнага кіравання і падпарадкавання.
Аляксей Лунёў звяртаецца да тэмы selfie, якая нівелюе індывідуальнасць у рэальным свеце. Сеткавыя зносіны дапамагаюць задаволіць і іншую персанальную патрэбу: імкненне быць заўважаным, жаданне, каб твае думкі і перажыванні прачыталі, працытавалі. Усё гэта з’яўляецца адгалоскамі жадання быць папулярнымі ды вядомымі, што, без сумневу, ёсць дыягназам вострай праблемы самаідэнтыфікацыі. З гэтай задачай, вядома, спраўляюцца блогі: ведучы блог, чалавек імкнецца прыцягнуць увагу да сваёй персоны, падкрэсліць унікальнасць сваёй асобы, праблема (а гэта сапраўды ўжо стала праблемай) аўтапартрэтаў больш падобная да эпідэміі, калі мы гаворым пра «Сацыяльную рашотку» як пра спробу фіксавання хваробаў грамадства. Стаўленне соцыуму да дасягненняў чалавека, што фармуецца за кошт штодзённага фіксавання самога сябе альбо прадуктаў сваёй жыццядзейнасці, — традыцыйны стымул да развіцця, і калі ён так дэфармуецца, наступствамі могуць быць неўрозы, неадэкватнае ўспрыманне і пракрастынацыя.
Сяргей Шабохін аналізуе сувязі прыватнага і грамадскага жыцця, выяўляе тэмы ўзаемадзеяння дзяржавы і асобы, схаванага і публічнага. На вялікай графічнай мапе з мноствам візуальнай і тэкставай інфармацыі, створанай накшталт вялізнай газеты, спрацоўвае прынцып фармавання «кліпавага» мыслення: людзі ўсё менш здольныя засяродзіцца на доўгім тэксце, поўнаметражным фільме, сур’ёзным абмеркаванні. Фармат зносін у сацсетках — гэта кароткія пасты-паведамленні, каментары, загалоўкі, карцінкі і г.д. Усё гэта — «малыя формы», якія не маюць нічога агульнага з грунтоўнымі размовамі, доўгімі лістамі і тэлефоннымі званкамі ды сустрэчамі з псіхатэрапеўтам. Сяргей прымусіў выслухаць свой маналог з вялікай колькасцю складнікаў, скарыстаўшыся нашым новаздабытым уменнем счытваць візуальныя шаблоны ды моўныя стэрэатыпы.
Постмадэрністычны прыклад візуалізацыі кратаў і рашотак стварыў Сяргей Кірушчанка. Знакаміты здольнасцю мадыфікаваць прастору на свой лад, умешвацца ў катэгорыі ўзаемаадносін рэальнай, жывапіснай і абстрактнай прастораў, мастак шырока ілюстраваў зададзеную тэму ды дазволіў гледачу максімальна разнастайна інтэрпрэтаваць грані і межы, якія ставіць перад ім жыццё.
Праблемы грамадства і стан індывіда наўпрост карэлююць адзін з адным. І, мяркуючы па іх вастрыні і маштабу, можна сказаць, што гэты стан далёкі ад нармальнага. Але што ёсць норма? Інфармацыя пра старажытныя цывілізацыі ды сапраўдную гісторыю чалавецтва дазваляе прыкладна ўявіць, якім быў, якім павінен быць і можа быць чалавек. Каб вырашыць назапашаныя пытанні, трэба вярнуць асобу ў нармальны стан, пры якім ён быў бы здольны рэагаваць на ўсё, што падрыхтаваў для яго заўтрашні дзень. І магчымасці інтэрнэт-тэхналогій ды сацыяльныя сеткі могуць добра дапамагчы ў развіцці, у задавальненні надзённых турботаў, аднаўленні страчаных здольнасцяў, гарманічным суіснаванні з прыродай і, як следства, аздараўленні грамадства ў цэлым.