Сямнаццаць праектаў мастачак з адзінаццаці краін стварылі калектыўнае выказванне, якое закранала хвалюючыя творцаў праблемныя зоны.
Для арганізатараў галоўным стаў абмен вопытам паміж аўтаркамі розных пакаленняў і сацыяльных кантэкстаў, аб'яднаных досведам трансфармацый, што адбыліся ў постсавецкіх краінах. Куратары імкнуліся стварыць бяспечную прастору, у якой мастачкі, не асцерагаючыся абясцэньвання сваёй дзейнасці, змаглі б сустрэцца, пазнаёміцца, падзяліцца ідэямі і прадэманстраваць уласныя работы.
Задума нарадзілася пасля таго, як у кастрычніку 2014 года мяне запрасілі паўдзельнічаць у мерапрыемствах, звязаных з выставай жаночай сацыяльнай графікі «Фемінісцкі аловак — II» у Маскве. Гэта быў паралельны праект V Маскоўскага біенале сучаснага мастацтва. Мерапрыемства мяне ўразіла, а тое, што адбывалася вакол яго, збянтэжыла перадузятым стаўленнем да жаночай творчасці. Я зразумела: тэму трэба працягваць. У Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў стаўленні да жанчын мы падхапілі эстафету.
Чаму праект назвалі менавіта «Фемінісцкая (арт) крытыка»? Фемінізм — гэта пункт гледжання, у тым ліку і на мастацтва, які дазваляе распазнаваць механізмы ўлады, выключэння, маргіналізацыі і выкрываць заганныя прынцыпы нашай культуры і мыслення, якія ўяўляюцца непарушнымі, непахіснымі.
На вернісажы выступілі арт-група «Coolturistes» (Вільнюс) і жаночы ансамбль шумавой музыкі «PRIPOY/ ПРИПОЙ» (Масква).
«Coolturistes» паўстала ў 2005 годзе ў Вільнюсе як ананімная група мастачак, што ствараюць правакацыйны арт, перапрацоўваючы ідэі, узятыя з псіхааналізу, неамарксізму і постмадэрнісцкага фемінізму. Назва адсылае да паняццяў «культура», «турызм» і «жаночы бодзібілдзінг». На нашым мерапрыемстве група паказала перформанс «Crime Scene» («Месца злачынства»), здзейсніўшы інтэрвенцыю ў выставачную прастору. Адна з удзельніц паведаміла, што ў зале адбылося злачынства і гледачы павінны заставацца на сваіх месцах у якасці сведкаў. Іншыя акцёркі ў зялёных камбінезонах і масках сталі агароджваць зоны злачынства адмысловай стужкай і абводзіць крэйдай. Некаторым гледачам, якія патрапілі ў «закрытыя» месцы, уручылі чырвоныя гваздзікі, з іх дапамогай можна было вызваліцца. Такі нечаканы «ваенізаваны захоп» нагадваў дзеянні, што маюць сілу закона без ідэнтычнасці, без выразна сфармуляванай мэты.
Далей ішоў саўнд-перформанс ансамбля «ПРИПОЙ» з выкарыстаннем уласнаручна спаяных генератараў шуму. У склад групы ўваходзяць тры ўдзельніцы — Анастасія Алёхіна, Дыяна Буркот, Ульяна Бычанкова. Яны растлумачылі: назва ўяўляе з сябе сінтэз дзеясловаў у загадным ладзе — «припомни!» і «спой!». Мастачак натхняе фемінісцкая, сацыяльна-ангажаваная музыка «RRRIOT GIRL»: рух, які ўзнік у індзі-панк-року 1990-х, яго склад увесь час змяняўся і спараджаў іншыя сольныя і групавыя праекты.
У першай, чырвонай зале «ЦЭХа» наведнікі маглі паглядзець фільм-інсталяцыю Машы Гадаваннай (Санкт-Пецярбург) пад назвай «Фемінісцкія тэксты: “Кінг-Конг тэорыя” В. Дэпант». Мэтай гэтага праекта з'яўлялася папулярызацыя работ сучаснай французскай пісьменніцы Віржыні Дэпант. Мастачка перапрацавала фільм «Кінг-Конг» (2005), пабудаваны на традыцыйнай рэпрэзентацыі мужчынскага і жаночага, і злучыла яго з тэкстам Дэпант. Такі сінтэз тэксту з відэашэрагам дазволіў агаліць класічныя для кіно маніпуляцыі з жаночай выявай і даць ім іншае прачытанне. Гадаванная вярнула значнасць жаночаму персанажу з фільма «Кінг-Конг», зрабіўшы гераіню адзіным носьбітам гуку ў сваім фільме.
У гэтай жа зале экспанаваўся праект «Самавызваленне» Паліны Заслаўскай (Санкт-Пецярбург), які з'яўляецца працягам графічнага праекта «Начынне. 365 дзён на кухні». На плоскасці сцяны, ушчыльную, без прамежкаў, размяшчаліся выявы пабытовых прадметаў, якія атачаюць мастачку ў паўсядзённым жыцці: ад дэталёва прамаляваных імбрычкаў і рондаляў да калажаў, што складаліся з цытат і тэкстаў. У эксплікацыі да праекта аўтарка тлумачыць: «Магу сказаць, што самавызваленне — складана, балюча і разбуральна, але, з іншага боку, калі час прыходзіць і ты бачыш, што жывеш не ў згодзе з сабой, дык гэта зусім неабходна, як бы страшна табе ні было».
У процілеглай частцы чырвонай залы размяшчалася інсталяцыя беларускай мастачкі Антаніны Слабодчыкавай «Свяшчэнны жах». Чыгунная старая ванна, напоўненая вадой, на яе паверхні ляжаць доўгія пасмы чорных валасоў, сярод якіх — невялікі экран з трансляцыяй відэа: дзяўчынка ў вадзе нешта кажа. У слухаўках гук вады і мармытанне дзяўчынкі. Назву свайго праекта аўтарка запазычыла з верша паэткі Веры Паўлавай:
Священный ужас, с которым в одиннадцать лет
кричишь, глотая слёзы: «Мама, ты дура!»,
потому что лучше неё никого нет,
а её не будет. Всё прочее — литература.
Інсталяцыя была прысвечана мацярынскім перажыванням Антаніны Слабодчыкавай. Вядомая французская даследчыца Юлія Крысцева лічыць: «Падлетак і маці — дзве вечныя фігуры чалавечага быцця». Справа ў тым, што добрая маці павінна ўмець самаўхіліцца, каб вызваліць дзіцяці прастору для «задавальнення думаць». Гэтага цяжка дасягнуць у грамадстве, дзе пастаянна разважаюць пра важнасць мацярынства, а тое, чым ёсць «матчына пакліканне», застаецца кепска асэнсаваным.
У наступнай, белай зале экспазіцыю адкрываў праект Аксаны Брухавецкай (Кіеў), што прадстаўляў яе кнігу «Мозес Герцаг пра жонку, палюбоўніцу, дачку і іншых жанчын». Мастачка крытычна прачытала раман Нобелеўскага лаўрэата Сола Белоў «Герцаг», прааналізавала пэўны часавы зрэз і пэўнае грамадства ды супаставіла яго з нашай сучаснасцю. З кніжкі можна даведацца пра тое, што, не прызнаючы навуковы талент сваёй жонкі Мадэлін, Герцаг марыць пра навуковую кар'еру дачкі Джун. Шпацыруючы з ёй па Музеі навукі, ён уяўляе, «як яна атрымлівае ў спадчыну гэты свет мудрагелістых прыбораў, законаў фізікі і прыкладной навукі. Галава ў яе цяміць. П'янкі ад ганарлівага пачуцця, ён ужо бачыў яшчэ адну мадам Кюры». Брухавецкая робіць выснову: Герцаг глядзіць у фемінісцкую будучыню, дзе яго дачка будзе мець роўныя з мужчынамі ўмовы для рэалізацыі сваіх здольнасцей.
Арт-фемінізм становіцца магчымым тады, калі ўзнікае неабходнасць выказвання, заснаванага на салідарнасці, рэфлексіўным дзеянні, асабістай аўтаноміі і эмпатыі. Гэтыя ключавыя паняцці дазваляюць выявіць і артыкуляваць палітычны і інтэлектуальны патэнцыял фемінісцкага мастацтва. Больш за тое, яго стваральніцы сёння як ніколі маюць патрэбу ў выпрацоўцы мадэлей інтэлектуальнай упэўненасці ў сабе, іх кансалідацыя можа быць крыніцай натхнення, а яны — прыкладам жанчын, якія разважаюць пра ідэі паміж сабой у адмыслова арганізаванай (камфортнай для іх) публічнай прасторы, адкрытай і для іншых. І менавіта такім месцам стаў «ЦЭХ» падчас правядзення праекта «Фемінісцкая (art) крытыка».
Ірына САЛАМАЦІНА