Ці была прэм’ера вашай Фантазіі ў Белым доме сюрпрызам альбо пра гэта паведамілі загадзя?
— Дзіўная гісторыя не без удалых супадзенняў. Два гады таму ў мяне гасцяваў амерыканскі флейтыст, якому падабаецца мая музыка. Ён іграе ў адмысловым аркестры, дзе прадстаўлены ўсе віды флейт: ад маленькай пікала да велізарнай басовай. Папрасіў у мяне ноты гэтага твора і сказаў, што пакажа іх кіраўнічцы аркестра. У канцы лістапада я пабачыў у «Фэйсбуку», што яна прыняла мяне ў сябры, а праз дзень даведаўся, што «Chesapeake Flute Consort» уключыў маю Фантазію ў рэпертуар. Заўважу: яна неаднойчы ўжо выконвалася ансамблем флейт «Syrinx» у Рахманінаўскай зале Масквы, шмат разоў ансамблем флейт з Анкорыджа. Я наведаў сайт «Chesapeake Flute Consort» і пабачыў, што першы Калядны канцэрт у Анапалісе адбудзецца 19 снежня. І тут раптам 4 снежня мяне віншуюць з прэм’ерай Фантазіі ў Белым доме на адкрыцці сезона Зімовых святочных канцэртаў! «Carol of the Bells» прагучала падчас канцэрта і потым яшчэ на «біс». Я задаў пытанне кіраўніку калектыву: чаму пра выступ не паведамілі загадзя? Мне патлумачылі: аддзел Белага дома па сувязях са СМІ забараніў анансаваць гэтыя канцэрты. З жонкай Таццянай мы паехалі ў Анапаліс, дзе я і зрабіў відэазапіс выканання майго твора. Там пазнаёміўся і з кіраўнічкай калектыву, ад якой даведаўся, што Фантазія прагучала ў Белым доме яшчэ раз 10 снежня. Музыка народжанага ў Беларусі кампазітара цягам тыдня прагучала ў Белым доме тройчы!
Чаму вы звярнуліся менавіта да гэтай украінскай мелодыі, якая сама па сабе з’яўляецца адной з найбольш папулярных калядак свету?
— Колькі гадоў таму, на адкрыцці міжнароднага фестывалю «Via Regia» ў Гёрліцы, Германія, выступаў ансамбль «Art Universum», складзены з музыкантаў Польшчы, Германіі і Чэхіі. З двума з іх я вучыўся ў мінскай кансерваторыі. Лічыцца, што «Via Regia» («Каралеўскі шлях») пачынаецца ў Кіеве. Мне пазваніў кіраўнік «Art Universum», даўні мой сябра, флейтыст Эдуард Сыцянка і сказаў, што калектыву даверана прадстаўляць на фэсце Украіну. А таму тэрмінова патрэбна невялічкая п’еса, якая найлепшым чынам характарызавала б краіну. І я цягам некалькіх начных гадзін напісаў Фантазію на тэму ўкраінскага шчодрыка. Тады нават і не думаў, што ў свеце існуе ці не мільён апрацовак гэтай мелодыі, вядомай у ЗША пад назвай «Carol of the Bells». Гэта ўкраінская калядка, апрацаваная Мікалаем Леантовічам.
Апошнім часам вашы творы для флейты актыўна выконваюцца ў многіх краінах. Што гэта: дэфіцыт сучаснай літаратуры для гэтага інструмента ці вы імкнецеся паказаць раней не вядомыя ягоныя магчымасці?
— Як ні парадаксальна, але на флейце я не магу здабыць аніводнага нармальнага гуку. Тым не менш мной напісана ўжо 15 кампазіцый для розных флейт і ансамблевых варыянтаў. Нічога дзіўнага: кампазітар не абавязаны іграць на інструменце, каб пісаць для яго музыку. Тым больш такую, якую пішу я. Яна заснавана на меладызме, у ёй няма завумных гармоній і штучных пабудоў. Усё ідзе ад сэрца. Я люблю музыку барока, поп-музыку, балады, таму ў маіх творах мелодыя выконвае галоўную ролю, хоць я выкарыстоўваю і поліфанічныя прыёмы, і складаныя, незвычайныя рытмы. Уяўная прастата маіх п’ес падманлівая. У іх ёсць над чым працаваць выканаўцам, але маецца і прастора. І калі мне трэба ўвасобіць нейкую ідэю, а я не ўпэўнены, ці магчыма гэта зрабіць тэхнічна, звяртаюся да музыкантаў. Так робяць усе кампазітары, таму што немагчыма ўмець іграць на ўсіх інструментах і ведаць іх асаблівыя прыёмы. Так, мае п’есы для флейты распаўсюджваюцца па ўсім свеце, і пэўны час ноты перадаваліся ад артыста да артыста. Але не так даўно мая музыка пачала выдавацца. Я заняў сваю нішу і бачу, што творы падабаюцца. Я ж не плачу за выкананне ўласных сачыненняў, іх адшукваюць самі музыканты.
Дарэчы, а якая сітуацыя ў Амерыцы з выданнем музыкі, у тым ліку і вашай?
— Для выдання музыкі за кошт выдавецтва, а не аўтара, шанцаў мала. Я спрабаваў дасылаць свае п’есы ў некаторыя інстытуцыі, але толькі з адной прыйшоў пісьмовы адказ. Іншыя нават не адгукнуліся. Ды ў адзін з дзён атрымаў ліст з англійскага «Forton Music» з прапановай надрукаваць некалькі маіх п’ес. Выдавецтва, якое спецыялізуецца на музыцы для духавых інструментаў і камерных ансамбляў, само прапанавала мне! Кантракт падпісаў на пачатку 2013 года, а ў верасні ўжо выйшлі мае першыя зборнікі. Потым паступіла прапанова ад амерыканскага «ALRY Publications», значна большага за англійскае. Калі ў апошняга сярод аўтараў я значыўся пад нумарам 15, дык у амерыканскім — пад нумарам 230. Усяго на сённяшні дзень выдадзена 22 зборнікі маіх п’ес.
Ці можа кампазітар, нават калі ягоная музыка гучыць у Белым доме, пражыць дзякуючы толькі сваёй прафесіі (мэтры ў разлік не ідуць)?
— Патлумачу на ўласным прыкладзе. З кожным годам мае творы выконваюцца ўсё часцей: 54 выкананні ў 2012 годзе, 88 — у 2013, 130 — у 2014. Гэта тое, пра што я ведаю. Думаю, недзе трэцяя частка. Адлічэнні ж аўтарам ідуць толькі ад продажу квіткоў, прытым большасць канцэртаў дабрачынныя. Часам выканаўцы просяць дазвол, каб не рабіць адлічэнні, інакш канцэрт не адбудзецца: філармонія, прыкладам, не мае грошай. Гэта характэрна для краін былога СССР, бывае і ў Польшчы. Калі ж усё ідзе законна, уладальнікі аўтарскіх правоў праз пэўны час атрымліваюць на ўсіх 5% ад выручкі за квіткі. У тэатры «Лабэра», Санта-Барбара, у 2012-м гучалі творы Моцарта, Магаліфа, Брытэна і Бёрда. Праз арганізацыю ASCAP я атрымаў сваю долю, недзе $150. Ведаю, што зала была поўная, а гэта прыкладна 800 месцаў. Моцарту аўтарскія не адлічаліся, не ведаю, як двум іншым калегам... Апрача таго, аўтары і выдаўцы зарабляюць на тым, што даюць партыі і партытуры для канцэртаў. На той момант мая п’еса выдадзена не была, таму аркестр купіў партытуры і партыі асабіста ў мяне. На адзін выступ рэнт партытуры і партый каштуе ад $250 за маленькую п’есу да тысячы долараў за сімфонію ці оперу. Таму выдавецтвы цяпер не тыражуюць сімфоніі і оперы, а маюць некалькі экзэмпляраў і даюць іх у арэнду. Гэта выгадна ўсім.
Свае нявыдадзеныя п’есы прадаю сам. Раблю гэта праз два спецыяльныя кампазітарскія сайты і ўласны. Не падлічваў колькасць прададзеных твораў і атрыманыя грошы, але жыць на гэта, безумоўна, нельга. Выдавецтвы ж робяць разлік са мной два разы на год. Пакуль заўчасна казаць пра нейкія значныя прыбыткі ад продажу нот, але ж яны выйшлі нядаўна. Таму спадзяюся, што большыя сумы пачнуць атрымліваць мае ўнукі. Зазначу: у выдавецтвах аўтарам выплачваецца ад 10 да 14 адсоткаў ад продажу.
Што было прычынай вашага пераезду ў Амерыку? Ці дапамагаў вам нехта ў гэтай справе?
— У ЗША я паехаў у канцы 1990-га да свайго сябра дзяцінства, аднакласніка. Справа ішла да развалу СССР, і мая жонка сказала, каб я шукаў любую магчымасць застацца ў Амерыцы. Знайшоў там далёкіх сваякоў, якія пагадзіліся запрасіць у госці маю сям’ю. Праз некаторы час пасля распаду Саюза мы атрымалі від на жыхарства, а пазней і іншыя афіцыйныя дакументы.
ЗША з тых краін, якія актыўна прыцягваюць да сябе музыкантаў. Іх там, такое ўражанне, з лішкам. На што вы як музыка спадзяваліся і з чым па першым часе сутыкнуліся?
— Я ехаў у ЗША без намеру застацца там адразу. Хацеў знайсці працу, а потым вярнуцца па сям’ю. На жаль, кампазітару, нават вядомаму, прабіцца тут надзвычай складана. Прыкладам могуць служыць Журбін і Дунаеўскі, якія былі вымушаны вярнуцца на радзіму. І не істотна, у якім жанры ты працуеш. Неабходны сувязі, асабістыя знаёмствы, што вымагае часу, грошы для паездак на семінары, выправы на ланч з патрэбнымі людзьмі і гэтак далей. У мяне такой магчымасці не было. Па першым часе я працаваў не па спецыяльнасці, а прыехалі мы на грошы, якія нам пазычыла Ядвіга Паплаўская, за што ёй вельмі ўдзячныя. Мінула крыху больш за пяць гадоў, перш чым мы здолелі набыць дом, здаць на ліцэнзію выкладчыкаў музыкі і ўладкавацца ў дзяржаўныя школы. Большасць музыкаў нашага ўзросту працуе альбо не па спецыяльнасці, альбо іграе ў рэстаранах ці дамах для пенсіянераў. І так сталася, што за першыя пару год я напісаў усяго адзін духоўны хор і дзве-тры новыя песні. Потым быў значны перапынак, і ў 2009-м я пераключыўся на інструментальную і вакальна-харавую музыку. Цяпер шкадую, што не зрабіў гэта раней. У 2010-м напісаў сваю цяпер найбольш вядомую п’есу для флейты і струннага ансамбля «Калібры». Яна неверагодна хутка разляцелася па ўсім свеце, прынесла мне вядомасць і была выдадзена ў розных варыянтах. Пасля «Калібры» я стварыў яшчэ некалькі п’ес, і ўсіх іх адразу ж забралі выканаўцы і выдаўцы.
Ці працуюць разам з кампазітарамі агенты, якія займаюцца прасоўваннем і продажам іх творчасці? Або агенты маюцца толькі ў поп-спевакоў?
— Кампазітары, чыя музыка паспяхова выконваецца, маюць агентаў. Часта ў гэтай ролі выступаюць і буйныя выдавецтвы. З агентамі кампазітару працуецца лягчэй, яму няма патрэбы быць самому сабе і сакратаром, і агентам, як, прыкладам, мне. Аднак я пакуль цалкам паспяхова спраўляюся са сваімі выдаўцамі і выканаўцамі.
Ці з’яўляецеся вы сябрам якой-небудзь музычнай арганізацыі? Калі так, дык у якой меры вы можаце разлічваць на яе дапамогу? І ці можна прафесійна займацца музыкай, не ўваходзячы ў шэрагі падобных інстытуцый?
— Я далучыўся да ASCAP — адной з дзвюх амерыканскіх арганізацый, якія апякуюцца аўтарамі і іх правамі. Гэта велізарная кампанія, што збірае і размяркоўвае грошы. Мае юрыстаў, часопіс з навінамі пра музыку ў розных жанрах, праводзіць конкурсы, майстар-класы, выдае страхавыя полісы і гэтак далей. Aле я не выкарыстоўваю ўсе яе магчымасці. Кожны кампазітар тут разумее: быць сябрам ASCAP прэстыжна і неабходна. Аднак прымаюць сюды толькі тых аўтараў, чыя музыка выконваецца і выдаецца афіцыйна.
Якія ўзаемаадносіны паміж кампазітарамі? Ці здаралася ў вас сустракаць нешта такое, што можна было б называць «кланавасцю»?
— Кампазітары, як правіла, сябруюць. Тым больш, калі яны працуюць у розных жанрах. Ніякай «кланавасці» няма і не можа быць. Немагчыма, да прыкладу, узяць чалавека ў трупу «Метраполітэн-опера» толькі таму, што ён — родзіч. Чалавек павінен умець спяваць, а калі такога няма, аніякія сваяцкія сувязі яму не дапамогуць. Тут разумеюць: як страціш рэпутацыю і пасаду, дык не адновіш ніколі!
Ведаю, што адно з вашых хобі, апрача калекцыянавання сувенірных лыжачак і званочкаў, — даследаванне радаводнага дрэва. Цікава, што вам дае гэтае захапленне?
— Гісторыя маёй сям’я надзвычай цікавая, асабліва па лініі бацькі. І я даўно займаюся пошукам усялякіх звестак, што датычаць маіх продкаў. Пра гэта можна напісаць не адзін прыгодніцкі раман. Бадай, кожны чалавек хацеў бы больш дазнацца пра свой род, аднак па розных прычынах мы ці не паспяваем распытаць старэйшых, ці не маем доступу да дакументаў. Я быў у архіве расійскага ФСБ, дзе ёсць справы маіх рэпрэсаваных дзеда, бабулі і бацькі, у 2003-м сустракаўся з мастаком Барысам Яфімавым, якому тады было 103 гады і які добра ведаў майго дзеда і ягоную сям’ю. Так што інфармацыя збіралася па-рознаму, і часу на гэта я паклаў шмат.
Да таго ж, дзякуючы гэтым пошукам, у мяне атрымалася вярнуць да жыцця забытую музыку. Справа ў тым, што ў дзяцінстве мой бацька часам выконваў для мяне на фартэпіяна марш, які напісаў яго «калега» па лагеры рэпрэсаваны дырыжор Канстанцін Геаргіядзі, грэк па нацыянальнасці. Ён трапіў у лагер у 1930-я, быў ужо чалавекам сталага ўзросту і вучыў майго бацьку іграць на духавых інструментах. Па вызваленні яны аднойчы сустрэліся ў Запарожжы, дзе працаваў Геаргіядзі. Марш той называўся «Пройдзены шлях». Некалькі гадоў таму я перанёс сур’ёзную аперацыю і вырашыў: пакуль жывы, паспрабую аднавіць гэты марш ужо хоць бы таму, што музыка вельмі прыгожая, а Геаргіядзі памёр у невядомасці. Зразумела, згадаць усе дэталі быў не ў стане: усё ж мінула 40 гадоў, як я слухаў бацькава выкананне. Спачатку хацеў паставіць побач сваё прозвішча і Геаргіядзі як аўтараў марша, але, як аказалася, зрабіць так было немагчыма: для выканання музыкі на Захадзе абавязкова патрэбныя даныя пра кампазітара і ягоны ўдзел у якой-небудзь арганізацыі. Таму я напісаў, што гэта канцэртны марш-фантазія на тэмы Геаргіядзі. На другой старонцы партытуры падрабязна распавёў пра яго і гісторыю стварэння марша. Некалькі гадоў расшукваў інфармацыю пра Геаргіядзі і ў рэшце рэшт высветліў, што ён пэўны час працаваў у музычнай вучэльні, кіраваў аркестрам у Доме культуры, дзяцей па сабе не пакінуў, як і архіваў. Тым не менш атрымаў тры ягоныя фотаздымкі і даведаўся год нараджэння. Марш гэты я назваў па-англійску «Нескароны».
Вясной мінулага года ансамбль флейтыстаў універсітэта Уілкс, Пенсільванія, выконваў маю п’есу. Мы з Таццянай паехалі на прэм’еру і пазнаёміліся з дэканам музычнага факультэта прафесарам Сайманам. Ён запрасіў нас на канцэрт свайго Вялікага духавога аркестра. Пасля выступу я прапанаваў калектыву марш і распавёў гісторыю твора.
Сайман дапамог мне з аранжыроўкай твора для амерыканскага духавога аркестра (а ён адрозніваецца ад еўрапейскага), і 22 лістапада 2014 года адбылася прэм’ера. За два тыдні да яе прафесар напісаў, што музыканты пажадалі бачыць кампазітара не ў зале, а за дырыжорскім пультам. Я пагадзіўся і дырыжаваў гэтай хвалюючай для мяне п’есай. На генеральнай рэпетыцыі распавёў музыкантам пра трагічны лёс Геаргіядзі, пра ГУЛАГ, пра тое, як я шукаў і аднаўляў марш. І музыканты надзвычай уразіліся пачутым. Сёлета гэты твор будзе выдадзены ў ЗША.
Вы закранулі ўніверсітэцкае жыццё. А як з музыкай у амерыканскіх ВНУ?
— Вазьму той жа ўніверсітэт Уілкс. Ён невялікі, усяго 2800 студэнтаў. Прычым музычны факультэт дыпломаў па сканчэнні не выдае. Студэнты бяруць урокі музыкі і па жаданні ўдзельнічаюць у музычным жыцці. Але гэты ўніверсітэт мае камерны, джазавы, вялікі духавы і маршыруючы аркестры, канцэртны і камерны хоры, а таксама ансамбль флейтыстаў. Студэнты-медыкі, тэхнары з задавальненнем ходзяць на рэпетыцыі і выступаюць. Усё ў дадатак да асноўнай вучэбнай нагрузкі.
А ці пішаце вы цяпер песні? Хто з беларускіх паэтаў як суаўтар быў вам найбольш блізкім, з кім працавалася ахвотней?
— Цяпер песень не пішу, хоць часам пра гэта і просяць, прапануюць вершы. Вось калі б мой любімы паэт Сяргей Сокалаў-Воюш даў мне свае новыя лірычныя творы, я з вялікім задавальненнем паспрабаваў бы напісаць музыку. Бо ў свой час у нас з ім атрымаліся выдатныя кампазіцыі: «Туманы», «Два Полацкі», «Дождж над Нёманам»... І на вершы Генадзя Бураўкіна напісаў бы. У нас нарадзіліся дзве песні, адна з якіх — «Больш табе я не пазваню» — стала вельмі папулярнай. Яе выконвалі Іна Афанасьева, Галіна Шышкова з Алегам Елісеенкавым, Эгідыюс Сіпавічус, у Амерыцы — Данчык і многія іншыя.
Ці сустракаецеся вы ў Штатах з прадстаўнікамі беларускага музычнага цэху? Якія ў вас уражанні ад гэтых сустрэч?
— Пра ўсё гэта можна расказаць шмат і забаўнага, і не вельмі прыемнага. Калі мы толькі пачалі жыць у ЗША, да нас прыязджалі Мікалай Скорыкаў і Іна Афанасьева — цудоўныя спевакі і нашы даўнія сябры. Было няпроста сумяшчаць нашу працу з іх адпачынкам. Але тыя дні згадваем з задавальненнем. Потым прыязджалі «Песняры», «Сябры», іншыя артысты. З некім сустракаліся, з некім — не. Заўважу: некаторыя артысты актыўна карысталіся тут дабрынёй старых беларускіх эмігрантаў, а потым з’язджалі і нават удзячнага ліста не дасылалі.
З тутэйшых музыкаў вельмі сябраваў з заўчасна памерлым барабаншчыкам «Песняроў» Валодзем Бяляевым. Сябрую з адным з удзельнікаў рок-групы «Сузор’е» Аляксеем Казлоўскім, музыказнаўцай і піяністкай Алай Аксельрод, спявачкай Валянцінай Пархоменка, даўнім скрыпачом і бас-гітарыстам «Песняроў» Барысам Бернштэйнам, былым гітарыстам тых жа «Песняроў» Аляксандрам Растопчыным, гітарыстам Аляксандрам Герасімовічам, спявачкай Алай Сандлер, былым рэдактарам музычнага тэлебачання Галінай Красоткінай, не губляем адзін аднаго з кампазітарам Сяргеем Хвашчынскім.
Вы часта наведваеце Беларусь. Што тут ёсць такога, чаго не адшукаць у Амерыцы?
— Цікавае пытанне, якое прымусіла мяне задумацца. З рэчаў матэрыяльных у ЗША можна набыць усё: цукеркі фабрык «Спартак» і «Камунарка», селядзец ад «Санта Брэмар», хлеб «Нарачанскі». Нават лісічкі прадаюцца! Азёры, бярозы, палі, лугі таксама ёсць. Але, відаць, у Беларусі засталася часцінка майго сэрца, старыя сябры, магілы продкаў. Усё гэта змушае нас з жонкай памятаць і прыязджаць. У Беларусі засталіся 33 гады майго жыцця, там нарадзіліся дзеці і прагучалі мае першыя песні.