Вайны жаночае аблічча

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Адкрываць у наш час новыя рэпертуарныя тэатры «нямодна» дый і непрактычна. Нашмат большы прыбытак прыносяць антрэпрызы ці якія-небудзь адмысловыя «праекты». А што свежага зможа прапанаваць у сталічнай мастацкай прасторы новы калектыў -- Драматычны тэатр Беларускай Арміі, які існуе з 2004 года?..

 /i/content/pi/mast/6/148/Vajny ablichcha1.jpg
 Сцэна са спектакля.
Як вядома, у свой час ініцыятарам і галоўным «рухавіком» яго стварэння пад эгідай Міністэрства абароны быў драматург і старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў, які сёння з’яўляецца, да ўсяго, і мастацкім кіраўніком тэатра. Натуральна, што яго адкрыццё -- надзвычайны падарунак для драматурга. Не матэрыяльны, зразумела, а -- творчы: паводле адной з модных тэорый, толькі драматург ведае, пра што насамрэч яго п’еса і як яе варта ставіць на сцэне. А.Дудараў атрымаў унікальную магчымасць стварыць «свой» тэатр і менавіта ў ім увасобіць уласныя п’есы так, як ён іх бачыў і першапачаткова задумваў. З чатырох рэпертуарных спектакляў тры -- паводле п’ес, напісаных ім у апошнія гады. Сярод іх і «Не пакідай мяне», створаная на хвалі святкавання 60-годдзя Перамогі.
Для народа, які ў Вялікую Айчынную страціў кожнага чацвёртага, сёння, здаецца, няма нічога ў той вайне, пра што яшчэ не было сказана, напісана, сыграна. За 60 гадоў вырасла не адно мірнае пакаленне беларусаў, але тэма гэтая ўсё ніяк не адпускае айчынных творцаў. У свой час, больш за два дзесяцігоддзі таму, калі ў святле рампы паўстала п’еса А.Дударава «Радавыя», многія са здзіўленнем адзначалі яе глыбіню і пранізлівае адчуванне драматызму вайны чалавекам, які нарадзіўся пазней і не заспеў тых жахаў. Сёння ж, у трэцім тысячагоддзі, ваенныя п’есы А.Дударава маюць іншую функцыю -- «разварушыць» душы людзей, для якіх вайна амаль страціла рэальнасць (нягледзячы на тое, што страляніна ў свеце не спыняецца, для абывацеля яна ператварылася ў звыклы шэраг тэлерэпартажаў з гарачых кропак, дакументальных фільмаў, газетных публікацый). «Перабудаваць» гэтыя веды, выціснуць іх з інтэлектуальнай плоскасці і перавесці ў сферу чалавечых эмоцый, пазбавіць ваенную тэматыку будзённасці ўспрымання, «збіць» звыкласць і абудзіць у людзях суперажыванне -- такія задачы ставіць перад сабой аўтар. Нездарма ён у шматлікіх інтэрв’ю зазначае, што галоўнае для яго -- эмацыянальны лад твора і тыя перажыванні, якія разам з героямі зазнае і глядач.
Самае ж першае знаёмства з п’есай практычна адразу ўваскрашае ў памяці аповесць «А досвіткі тут ціхія» Барыса Васільева і яе экранізацыю -- гісторыя пагібелі пяці маладых дзяўчат надзвычай закранула ў свой час усіх яе чытачоў-гледачоў. Не адмаўляе гэтага васільеўскага «следу» і сам драматург, зазначаючы, аднак, што падобных гісторый у ваенныя часы было шмат, так што «пазыка» гэтая цалкам натуральная. Да таго ж,
 /i/content/pi/mast/6/148/Vajny ablichcha2.jpg

 Я.Пятрова (Ладысева), М.Дзянісава (Бацян), Г.Южакова (Гурская).

А.Дудараў, безумоўна, расказвае нам самастойную, адрозную ад васільеўскай гісторыю пра тое, «як павінна быць страшна і сорамна мужчынам, калі ваююць жанчыны, зусім юныя дзяўчаты». Нездарма ў ёй «запаралельваюцца» лёсы палкоўніка і яго сына з лёсамі капітана Міхасёва і яго маленькай дачкі. Для абодвух вайскоўцаў дзяўчаты, якіх яны мусяць адправіць на немінучую пагібель, -- своеасаблівая матэрыяльная «замена» ўласных дзяцей «тут і цяпер».
Галоўныя гераіні спектакля -- нядаўнія вучаніцы, вырваныя вайной з-за школьных парт. Менавіта гэткія драўляныя парты мы бачым з двух бакоў авансцэны. Адна з іх -- «стаўка» Палкоўніка (Яўген Нікіцін), за другой будзе сядзець Міхасёў (Ігар Фільчанкоў), экзаменуючы дзяўчат. На задніку -- велізарны, складзены з шырокіх металічных пласцін «сонечны круг», расколаты на тры часткі. А ў цэнтры сцэны – шмат’ярусная канструкцыя з доўгіх і вузкіх промнепадобных плоскасцей. На працягу спектакля яна ператвараецца то ў спальныя месцы для дзяўчат, то ў вялікую лесвіцу ў неба (сцэнаграфія Ганны Мятліцкай).
Абмалёўку характараў гераінь аўтар пакідае рэжысёру. Але Марына Дударава не імкнецца ў іх вобразах прадставіць гледачам персанажы-індывідуальнасці. Хутчэй, наадварот, для яе яны -- тыповыя дзяўчаты вайны, і пэўная іх універсальнасць бачыцца рэжысёру адлюстраваннем масавага характару падобных драматычных гісторый у час вайны. Перад намі -- доўгавалосыя лірычныя юныя бландзінкі ў сукенках з дробненькім малюнкам, якія пазней яны зменяць на форму аднолькава-універсальную -- і пры тым «фантазійную», далёкую ад тагачасных узораў вайсковай амуніцыі.
 /i/content/pi/mast/6/148/Vajny ablichcha3.jpg
 Сцэна са спектакля.
Лірызм і рамантычнасць пераважаюць і ў тым, якімі перад намі паўстаюць гераіні спектакля. Здаецца, яны так да канца і не ўсведамляюць, што навокал адбываецца жахлівая, крывавая вайна, -- яны весела мыюць бялізну, жартуюць, узгадваюць вясёлыя гісторыі. Але цягам спектакля мы разумеем, што кожную з іх закранула гэтая навала, забраўшы самых блізкіх людзей -- матулю, сястру, сябра... Бадай, ярчэй за астатніх сваіх сябровак выглядае ў спектаклі Зіна Бацян (Марына Дзянісава) -- дзякуючы актыўнасці сваёй гераіні з неспакушанай дзіцячай душой, якая толькі-толькі ўступае ў дарослае жыццё і сустракаецца з каханнем да Міхасёва. Вераніку Крэміс (Юлія Бажутава) з яе драматычнай гісторыяй (дзяўчына пабывала ў фашысцкім палоне, страціла маленькую сястрычку, з-за чаго пазбавілася магчымасці спаць) рэжысёр, насуперак драматургічнаму матэрыялу, шкадуе -- у час танца яна-такі засынае на плячы ў капітана. Аля Ладысева (Яўгенія Пятрова) і Ядвіга Гурская (Ганна Южакова) таксама з’яўляюцца перад намі дзяўчатамі кранальнымі ў сваёй сціпласці і, здаецца, зусім не прыстасаванымі да жорсткага жыцця.
На фоне іх капітан Міхасёў у выкананні акцёра І.Фільчанкова выглядае своеасаблівым бацькам вялікага сямейства. Дакладная, удумлівая ігра акцёра, няспешнасць яго сцэнічных паводзінаў і ўчынкаў, прадыктаваная найперш унутранымі перажываннямі і ваганнямі чалавека, які свядома мусіць «падрыхтаваць да смерці» чатырох маладых дзяўчат, стварае тое маральнае напружанне, якое ўзнімае гісторыю на ўзровень драматычнай балады. І, у адрозненне ад дзяўчат, чые ўчынкі ўсяго толькі падпарадкоўваюцца загадам вышэйстаячага камандавання, ён -- сапраўдны рабочы вайны, кожны крок робіць абдумана, імкнучыся выверыць да апошняй дробязі ход будучай сакрэтнай аперацыі.
Нягледзячы на тое, што рэжысёрскі почырк М.Дударавай вызначаецца актыўным выкарыстаннем харэаграфіі (у рэжысуру яна прыйшла пасля таго, як доўгі час працавала ў беларускіх тэатрах харэографам-пастаноўшчыкам), у гэтым спектаклі адчуваецца спроба абысціся без вобразна-пластычных уставак і алегарычных сцэн, закліканых «патлумачыць» гледачам, што ж адбываецца ў душах персанажаў, у прасторы самога спектакля. І гэта, безумоўна, «згусціла» пастаноўку, дазволіла не страціць яе галоўную лінію за харэаграфічна-пластычнымі разважаннямі пра метафізіку вайны ўвогуле.
Адзіная пластычна-харэаграфічная сцэна, цесна звязаная з сюжэтнай лініяй -- танец Агню ў выкананні гераінь -- сталася, бадай, самым кранальным эпізодам і своеасаблівым апагеем душэўнага напружання дзяўчат. У крывава-чырвоным святле яны, апранутыя ў белыя камбінацыі, з вузенькімі стужкамі ў руках пачынаюць свой танец («падарунак» немцам) нерашуча, але з кожнай хвілінай набіраюць унутранай сілы, у рухах з'яўляюцца рашучасць і адчуванне непазбежнай драматычнай развязкі. Застываючы на «паліцах» цэнтральнай сцэнаграфічнай канструкцыі ў прыгожых, «маляўніча»-змярцвелых позах, у промні святла, што раптам пранізвае сцэнічную цемру, яны ўтвараюць крутую вінтавую лесвіцу ў неба…
І ўсё ж не гераізм дзяўчат становіцца галоўным «пасылам» аўтараў спектакля да гледачоў -- падобнае рашэнне падаецца ім залішне лабавым. Не да подзвігу заклікаюць нас -- да таго, каб вайна наогул больш ніколі не паўтарылася

Таццяна КОМАНАВА