Адметнасці пятага форуму — беспрэцэдэнтная колькасць прэм’ер самога тэатра і з’яўленне ў праграме І Мінскага міжнароднага конкурсу вакалістаў. Зразумела, у такой сітуацыі калектыў вымушаны адмовіцца ад запрашэння асобных труп з гасцявымі спектаклямі. На ранейшых форумах яны былі своеасаблівымі «разынкамі» і выклікалі каласальную цікавасць. Апошнім разам «разынак» таксама хапала, але яны аказаліся іншымі. Зрэшты, пра ўсё па парадку.
«Смейся, паяц!..»
Афіша ўключала оперы «Рыгалета» і «Пікавая дама», прэм’еры 2014 года. Асаблівы інтарэс выклікалі зусім новыя спектаклі — «Паяцы» Руджэра Леанкавала, аднаактовыя «Капельмайстар» Даменіка Чымароза і «Служанка-пані» Джавані Пергалезі. «Паяцамі» форум адкрываўся. Завядзёнку паказваць на адкрыцці тое, што толькі-толькі «згатавана» і яшчэ не паспела «астыць», варта ўсяляк вітаць. Так, гэта прэм’ера, але і ўдалы маркетынгавы ход, які правакуе здаровы ажыятаж і абуджае дадатковую цікавасць да пастаноўкі і фестывалю ўвогуле.
Не буду распавядаць падрабязна пра Леанкавала і такі накірунак, як верызм, з ім трывала звязаны і «Сельскі гонар» Масканьі, і «Паяцы». Пра гэта можна прачытаць у Інтэрнэце. Лепей пра сцэнічнае ўвасабленне партытуры. У нашым Оперным «Паяцы» ішлі даўно і ў канцэртнай версіі. У Музычным тэатры некалькі сезонаў таму былі пастаўлены Ганнай Маторнай.
Як і іншыя работы Міхаіла Панджавідзэ, гэты спектакль выклікаў самыя розныя меркаванні. Ёсць скептыкі, іх няшмат, ёсць і тыя, хто лічыць новую версію «Паяцаў» лепшым, што пастаноўшчык увасобіў у Мінску. У оперы галоўнае — умоўнасць, што робіць жанр усемагутным. Але адначасова ўмоўнасць — бар’ер, які замінае актуалізацыі сюжэтаў, вобразаў. Калі глядач той бар’ер не пераадолеў, то дзівіцца, чаму героі ў хвіліну небяспекі стаяць нерухома і спяваюць, замест таго каб ратавацца.
Як прымусіць гледача не зважаць на ўмоўнасці? Як зрабіць сюжэт актуальным, а герояў блізкімі? Як у калізіях, акрэсленых паўтара стагоддзя таму, адшукаць моманты, што судакранаюцца з цяперашнім часам? Адзін са шляхоў прапанаваны ў «Паяцах». Рэжысёр віртуозна іграе сцэнічнай прасторай. Умее бачыць яе незашораным вокам. Спачатку ў аркестравай яме замест дырыжора з’яўляецца Тоніа (Уладзімір Пятроў). Той самы — рухавік усяго сюжэта. Зайздроснік і зласлівец, даўно і безвынікова закаханы ў Нэду. Калі ён пачынае кіраваць аркестрам, разумееш: Тоніа — дырыжор фарса, а потым і драмы, якая неўзабаве выбухне.
Разгорнутыя ўверцюры цяпер рэдка выконваюцца пры закрытай заслоне — маўляў, атрымлівайце слыхавую асалоду! Сучасны глядач з кліпавым мысленнем, распешчаны і разбэшчаны тэлебачаннем, калі ідзе бясконцая змена «карцінкі», такога не ўспрымае. Адкрылася заслона, і мы бачым фінал рэпетыцыі, дэмантаж дэкарацый опернай «Аіды» (дарэчы, пастаноўкі гэтага ж рэжысёра). У тэатральным закуліссі і будзе адбывацца ўся 1-я дзея оперы.
Нарэшце, галоўныя героі выходзяць на сцэну не з-за куліс, а з’яўляюцца ў праходах партэра. Агаломшаны глядач толькі круціць галавой у розныя бакі. І Каніа (Сяргей Франкоўскі) у касцюме, які ззяе і пераліваецца золатам, і яго жонка Нэда (Кацярына Галаўлёва), прымадонна, у велізарных акулярах, капелюшы з пер’ямі, і Бэпа (Юрый Гарадзецкі), што неяк падазрона нагадвае ці то Філіпа Кіркорава, ці то Сяргея Зверава, — прадстаўнікі «папсы», зоркі шоу-бізнэсу. За імі імчаць папарацы: журналісты з дыктафонамі, тэлеаператары з камерамі...
Падчас інтэрпрэтацыі знакамітых партытур і твораў, даўно ўсім вядомых, галоўнае — «зняць» хрэстаматыйны глянец. Адшукаць навізну і расставіць нечаканыя акцэнты ў маналогах і працяглых эпізодах. У дуэтнай сцэне Нэды і Тоніа размова не пра непадзеленыя рамантычныя памкненні, а пра банальнае дамаганне і, прабачце, жаданне згвалціць. Сільвіа (Уладзімір Громаў), закаханы ў Нэду, не селянін, якім яго даводзілася бачыць у многіх ранейшых пастаноўках, а рабочы сцэны, у зусім сучаснай куртцы, накінутай на голае цела. Зразумела і тое, што стары муж прайграе маладому каханку па ўсіх параметрах, і тое, што падобны мезальянс (прымадонна і рабочы) загадзя асуджаны і не будзе мець шчаслівага працягу. Калі Сільвіа з’яўляецца на сцэне ў атачэнні натоўпу дзяцей (магчыма, тых, якія займаюцца ў гэтым Палацы культуры або тэатры), разумееш: уласнымі дзецьмі Нэду жыццё, хутчэй за ўсё, абдзяліла.
Нэдзе надакучыла не так вандроўнае жыццё, як усведамленне мітуслівасці і марнасці існавання, жыццё навідавоку, пад прыцэлам тэлекамер. Яна хоча схавацца ад натоўпу, шукае шчырасці, чысціні пачуццяў. І тут дарэчы аказваюцца танцавальныя фрагменты, далікатна і вынаходліва пастаўленыя харэографам Вольгай Костэль. Нэда спявае пра птушак як сімвал лёгкасці, палёту, шчасця, а дзеці — будучыня, але таксама шчырасць і наіўнасць — рэпеціруюць ля станка. Арыя доўжыцца, і ўдалечыні, на высокім памосце, з’яўляюцца пары, якія ў пластыцы нібыта ўвасабляюць памкненні жанчыны. Разгорнуты дуэт Нэды і Сільвіа — адна з самых яркіх і светлых сцэн спектакля. Тут гераіня — не капрызлівая прымадонна, што імкнецца кожную хвіліну зрабіць уражанне, а жанчына, якая марыць пра шчасце.
Калі Каніа ўсведамляе, што Нэда даўно яго не кахае, а аддае перавагу іншаму, жыццё героя надломваецца. І пачынае развівацца зусім іншы, да таго мала прадказальны сцэнарый лёсу. Каніа цяпер — не кумір, не ідал, варты агульнага захаплення, а непрывабны, а мо і нікчэмны чалавек, апанаваны рэўнасцю і жаданнем помсціць. Знакамітую арыю «Смейся, паяц!» Каніа Сяргея Франкоўскага спявае ў пустым грымёрным пакоі, седзячы перад люстэркам. Амаль празрыстым, так што глядач можа назіраць за зменай ягоных эмоцый.
У «Паяцах» рэжысёр шчодра карыстаецца сатырычнымі фарбамі. Па сутнасці, ён развенчвае герояў, якія спачатку ўспрымаюцца як зоркі, потым як звычайныя людзі, а пазней — як ахвяры ўласных страсцей. Гэта становіцца відавочным у 2-й дзеі. Ужыты тут у адпаведнасці з сюжэтам прыём «тэатр у тэатры» не новы, ім пастаноўшчык карыстаўся ў «Севільскім цырульніку». Там гледачы (а насамрэч артысты хору) знаходзіліся на сцэне, у «Паяцах» — яны ў зале. Лагічна! Калі ўлічыць, што акцёры глядзяць той жа спектакль трупы Каніа, што і мы. Хор моцны, галасы трохі аглушаюць, асабліва калі сядзіш побач. Але што паробіш — навізна вымагае ахвярнасці!
Спектакль, паказаны трупай Каніа, нельга ўспрымаць усур’ёз. Тут усё знарок перабольшанае: велізарная бутэлька шампанскага, агромністая курыца, якая выклікае гамерычны смех залы. «А ты курыцу купіў?» — рэпліка Нэды нібыта з сённяшняга дня. Адчуванне дэжавю ствараецца дэталямі. Адзенне Арлекіна-Бэпы — гэта сцэнічны строй Фігара з «Севільскага». Маўляў, калісьці было геніяльна і непараўнальна з тым, што цяпер. А лепшага не чакайце! Драма, разгорнутая ў 1-й дзеі, ператвараецца ў фарс. Другая палова «Паяцаў» — насмешка і ціхі здзек рэжысёра з непераборлівасці публікі. Бо тая апладзіруе якім заўгодна глупству, пошласці і адсутнасці сэнсу.
У камерным жанры
Паказваць аднаактовыя спектаклі ў Камернай зале імя Александроўскай тэатр пачаў яшчэ на форуме 2013 года. Тады былі прэзентаваны ажно шэсць (!) аднаактовых спектакляў. Падобны рэкорд, пэўна, яшчэ доўга будзе непераўзыдзеным. На форуме 2014-га камерных пастановак было толькі дзве, але прэм’еры. Зазначу: абедзве назвы з’яўляліся на афішы тэатра. У «Капельмайстры», як згадваюць меламаны, зіхацеў талент спевака Віктара Скарабагатава, «Служанку-пані» ставіла Маргарыта Ізворска. Але на пачатку 1980-х, і тыя пастаноўкі памятаюць хіба толькі меламаны-старажылы.
Гэтым разам рэжысёрам абодвух спектакляў выступаў Міхаіл Панджавідзэ. Іх нельга параўноўваць з операмі-seria, такія аднаактоўкі часта даваліся ў якасці ўступу да асноўнага спектакля або ў якасці антракту. А паколькі тэрыторыя камічнага ў нашым тэатральным ландшафце не будзе запоўнена ніколі, а патрэба ў пастаноўках такога кшталту ёсць, дык чаму б і не?..
«Капельмайстар» пакінуў больш цэласнае ўражанне. У ім шмат прываблівае — лёгкая, вытанчаная музыка, дасціпная сітуацыя, калі дырыжор-«самазванец», ён жа і спявак, спрабуе кіраваць аркестрам. Нарэшце, выключнае камедыйнае майстэрства Сяргея Лазарэвіча, здатнага трымаць увагу залы. У мінулыя сезоны спявак часцей выконваў партыі другога плана. Прэм’ера «Капельмайстра» сведчыць: дакладна падабраная роля выяўляе многія якасці, пра якія сам артыст, мо і не падазрае.
Што да «Служанкі-пані», дык тут уражанні больш стракатыя. Да відавочных «плюсаў» пастаноўкі я аднесла б тое, што рэжысёр здолеў захаваць італьянскую мову ў арыях і дуэтах (бягучага радка ў Камернай зале, вядома, няма), а вось рэчытатыўныя фрагменты і дасціпныя каментары слугі Вяспонэ (кшталту «У гэтай арыі спяваецца пра...») даюцца на рускай. Дарэчы, аўтар рускага перакладу — рэжысёр. Поспех пастаноўкі шмат у чым залежаў і ад таго, што ў «Служанцы...» занятыя вакалісты, у чыім таленце ярка выяўлены камедыйны пачатак — Дзмітрый Капілаў (доктар Уберта), Алена Сіняўская (Сярпіна), Алег Гардынец (Вяспонэ).
Да агульнага рэжысёрскага рашэння… Фотаздымкі з папярэдняй версіі «Служанкі…» сведчаць: яна атрымалася, скажам так, больш цнатлівай. Але, як сцвярджае назва вядомага фільма, «Некоторые любят погорячее». Тут дзеянне оперы разгортваецца... на ложку, што займае ўсю прастору. На ім героі спяць, сядзяць, стаяць, куляюцца. Спрачаюцца і змагаюцца, размаўляюць, ядуць. Такім чынам дасягаецца ўражанне няспыннага руху. Зразумелае жаданне артыстаў і пастаноўшчыкаў трымаць увагу публікі. Але ў якой ступені відовішча атрымалася на мяжы фолу, кожны глядач і крытык вырашыць сам для сябе.
Паказы аднаактовак выявілі праблему. Прастора залы ідэальная для камерных праектаў (спявак і раяль). Для прэс-канферэнцый і пасяджэнняў мастацкай рады. Як толькі патрабуюцца дэкарацыі, ужо становіцца цесна. Тым больш у куце трэба пасадзіць камерны аркестр. Не хапае вышыні столі (хоць бы на метр або паўтара), каб гук фармаваўся больш палётным. Дый з вентыляцыяй не ўсё як мае быць, бо пры канцы спектакля кіслароду не хапае. Гэта прэтэнзіі да праекціроўшчыкаў, якія, можа, і не зазіралі так далёка. Чакаць новую рэканструкцыю? Але ж пасля апошняй прайшло ўсяго шэсць гадоў!
Вакол Ірыны Багачовай
«Пікавая дама», паказаная на форуме, выклікала ажыятажны інтарэс. Яшчэ і таму, што Графіню мелася спяваць Алена Абразцова, ці не лепшая ў свеце выканаўца партыі. Квіткі на оперу Чайкоўскага былі раскуплены найперш. Салістка захварэла, тэатр аператыўна знайшоў замену: Ірына Багачова, таксама мецца і народная артыстка СССР, прадстаўніца пецярбургскай школы. Абразцова абяцала прыехаць у Мінск і праспяваць Графіню ў лютым-сакавіку. У сярэдзіне студзеня з Германіі прыйшла сумная вестка: зорка сусветнай оперы, чыё 75-годдзе шырока адзначалася летась, памерла.
Графіню Абразцовай давялося пабачыць у двух відэазапісах: са славутымі Уладзімірам Атлантавым і Уладзімірам Галузіным, якія спявалі Германа. Кадры пакідалі моцнае ўражанне. Здавалася, Графіня ніяк не можа ўзняцца з крэсла. У яе баліць спіна, не гнуцца ногі. Жудасць узнікала ад выразу вачэй, змены мімікі і погляду. Ад таго эмацыйнага стану, які артыстка трансліравала. Змрочная, таямнічая, сапраўды інфернальная асоба! З магутнай энергетыкай, магчыма, разбуральнай. Гераіня вабіла Германа, як бездань. І зразумела — пераможцам ён не будзе.
Графіня Ірыны Багачовай іншая. Заўважу: спявачка амаль аднагодка Абразцовай, але на якасць яе голасу, роўнасць і насычанасць вакалу ўзрост таксама не паўплываў. Багачова не акцэнтавала злавеснасць. Па гераіні відаць: яна пецярбуржанка і бездакорна выхаваная арыстакратка з эпохі, якая беззваротна мінула. Уласная сцэнічная вопратка не парушыла колеравае рашэнне спектакля. Добра, што падчас сцэны ў казарме не было белай прасціны, а ўзнікла карункавая накідка.
Партыя Графіні вакальна невялікая. Запомніліся адметныя акцёрскія штрыхі. У 2-й карціне бабуля заходзіць у пакой Лізы, бо яе непакоіць шум, і схіляецца да ўнучкі. А па ўсмешцы Графіні відаць: яна здагадваецца, што Ліза — зусім не ціхамірная паненка, а здольная да авантур, чым вызначалася ў гады маладосці і бабуля. Іх глыбіннае сваяцтва праяўляецца нечакана і тонка.
У знакамітай сцэне ў спальні гераіня Багачовай памірала не ад старасці ці страху. А хутчэй ад абурэння, што хтосьці можа з ёй так нахабна, з пагрозамі размаўляць! Перад сконам Графіня як сапраўдная верніца перажагналася. І ўзнікла пытанне: а мо ніякай дамовы з д’яблам і не было?! Апошні эпізод з удзелам Графіні, сцэна ў казарме была віртуозна сыграна артысткай і Эдуардам Мартынюком — Германам. Здавалася, сутарга або д’ябальская сіла ўздымала цела героя з падлогі. Дазнаўшыся пра таямніцу карт, гэты Герман сыходзіў са сцэны, гайдаючыся, як нецвярозы або пасля цяжкай хваробы. Ягоны смех — ці здаровага, ці вар’ята. У падтэксце гучала: я ўсё-такі даведаўся пра тры карты! А вы не верылі і з мяне смяяліся!
Ярка і экспрэсіўна прагучалі ў спектаклі асноўныя арыі «Откуда эти слезы?», «Прости, небесное созданье», «Ах, истомилась, устала я...» і «Что наша жизнь? Игра!». Узроўню, зададзенаму госцяй, цалкам адпавядалі нашы салісты — Анастасія Масквіна (Ліза), Уладзімір Пятроў (Томскі), Ілля Сільчукоў (Ялецкі), Аксана Волкава (Паліна).
Канкурсанты з 20-ці краін
А цяпер пра І Міжнародны Калядны конкурс вакалістаў. Мажлівасць яго правядзення ў межах форуму дадала новы штуршок развіццю фестывалю. Каб стварыць чытачу ўяўленне пра размах, згадаю некаторыя лічбы. Пра свой удзел у спаборніцтве заявілі больш за 200 удзельнікаў. У Мінск прыехала 155 вакалістаў з 20-ці краін. Звесткі пра іх і сціслыя творчыя біяграфіі змешчаны ў шыкоўным буклеце, які тэатр выпусціў перад форумам. Каштоўнае даведачнае выданне; яно спатрэбіцца яшчэ не адзін сезон. 100 старонак з інфармацыяй, хто з салістаў адкуль, дзе вучыўся і працуе, якія партыі выконвае, у якіх конкурсах перамагаў.
Наш вакальны турнір меў дастаткова прадстаўнічае міжнароднае журы. Пералічваць не буду: прозвішчы былі на сайце Опернага. Добра, што да тэатральных дзеячаў, кіраўнікоў труп і фестываляў (па вялікім рахунку — антрэпрэнёраў) дадаліся спецыялісты па вакале: Аксана Волкава, Ніна Ламановіч, Ніна Казлова. Не паленавалася і палічыла: у журы з 15-ці чалавек прадстаўнікоў Беларусі аказалася траціна. Сярод удзельнікаў 1-га тура таксама трэцяя частка айчынных вакалістаў. Студэнтаў «консы», салістаў тэатра, тых, хто нарадзіўся ў Беларусі, а звязаў лёс з іншымі вакальнымі школамі. Вопыт удзелу ў любым спаборніцтве каштоўны, нават калі не прыносіць лаўраў. Конкурс у сталіцы, не трэба нікуды ехаць. Чаму ж не паспрабаваць?!
Два першыя туры ішлі на Эксперыментальнай сцэне. Яны былі закрытыя для прэсы. Праўда, музыказнаўца Надзея Бунцэвіч туды трапіла. І заўважыла: магчыма, варта ўсё-такі рабіць адборачны тур. І таму, што велізарная нагрузка на канцэртмайстраў. І таму, каб журы не пакутавала. Бо пасля першых нот часам можна і не слухаць далей, усё зразумела. Мо некага нечакана або планава «згубілі» і «патапілі»? На буйных спаборніцтвах такое часам здараецца. Надта яркіх прытрымліваюць, каб больш прэзентабельна выглядалі пераможцы. Але Надзея запярэчыла: «Не, не згубілі нікога!»
Вынікі аб’ектыўныя і суб’ектыўныя
У 2-гі тур трапіла 36 вакалістаў, у фінале апынулася 11. Яны прадстаўлялі шэсць краін. Трэці тур здаўся цікавым па раскладзе галасоў. Гендарнай раўнавагі не атрымалася: тры жанчыны і васьмёра мужчын. На 1-м з вялікім адрывам дамінавалі сапрана. У фінале пераважалі мужчыны: чацвёра барытонаў, па два тэнара і баса. Пэўна, адлюстраванне таго, якія галасы найбольш запатрабаваныя ў сусветнай оперы.
Фінал выглядаў відовішчным і таму, што разгорнутыя сцэны з класікі далі магчымасць канкурсантам паказаць акцёрскі талент. І гледачу цікавей, чым слухаць асобныя канцэртныя арыі. Супастаўленне адных і тых жа фрагментаў, увасобленых рознымі артыстамі, дазваляла параўнаць трактоўкі, якасць голасу, харызму. Такім чынам, дзве Мімі, два Рудольфы, па два Жэрмоны і Альфрэды. Ажно тры фрагменты з «Травіяты», па два з «Яўгена Анегіна» і «Багемы».
Не магу ставіць пад сумненне вердыкт журы, бо для яго рашэння меліся аргументы. Але піраміду, на вяршыні якой уладальнік Гран-пры, а бліжэй да зямлі менш значныя пераможцы, я б перавярнула дагары нагамі. Асабіста ў мяне найбольш моцныя ўражанні выклікалі малады грузінскі спявак і прадстаўніца Украіны. Лаша Сесіташвілі (ІІІ прэмія і 3 тысячы еўра) у дуэце з нашай Аленай Бундзелевай прадставілі сцэну Жэрмона і Віялеты з 2-й дзеі «Травіяты». У барытона неверагодна прыгожы голас, гук натуральны, ліецца без намаганняў. Адразу згадваеш грузінскую харавую музыку, даўнія спеўныя традыцыі, творы Гіі Канчэлі. Чыстае горнае паветра, грузінскае віно, старыя вулачкі Тбілісі. Цяжка ўявіць: Жэрмон, якому відавочна 45-50 гадоў, увасоблены спеваком, якому ўсяго 24! Ніякай адлегласці, нават шчылінкі паміж артыстам і героем. Парык, грым, адзенне, манеры — усё надзіва арганічнае! Ніколі не бачыла бацьку Альфрэда, які б так перажываў і за сына, і за яго каханую. Паглыбленасць у ролю, тонкае разуменне псіхалогіі і матывацыі паводзін выклікаюць захапленне. Падобная трактоўка выглядае нават больш пераканаўчай, чым тая, што была ўвасоблена расійскай спявачкай Веранікай Джыоевай і нашым Іллёй Сільчуковым у праекце «Вялікая опера»: ён суровы і непахісны бацька, якога са слязамі моліць Віялета. Алена Бундзелева з яе кранальнай жаноцкасцю і крохкасцю, высокай ахвярнасцю падаецца бліжэй да вобраза славутай куртызанкі, чым Джыоева з яе страснасцю.
Нечакана яркія ўражанні пакінула ўкраінскае сапрана Валянціна Федзянёва (ІІ прэмія і 5 тысяч еўра). Ёй 33 гады, да нядаўняга часу спявала ў данецкім тэатры, а цяпер у «Санкт-Пецярбургскай оперы». Уладальніца голасу насычанага і багатага на фарбы. Высокая, прыгожая, стромкая — візуальны складнік важны для ўвасаблення маладых і закаханых гераінь. Але найбольш прываблівала магутная энергетыка вакалісткі. Каб выбраць для паказу сцэну пісьма Таццяны з «Анегіна», трэба мець смеласць. Няма дэкарацый, папярэдніх сцэн, якія даюць эмацыйны «разгон». Артыстка здолела стварыць чысты і ўзнёслы вобраз пушкінскай гераіні. Карціна летняй ночы, якая разгортвалася ў аркестры пад чуйным кіраўніцтвам Вячаслава Воліча, і паэзія сэрца, што ўпершыню зведала пачуццё кахання, вельмі далікатна дапаўнялі і ўзмацнялі адно аднаго. Эпізод пісьма Таццяны пры знешняй прастаце складаны. Артыст павінен «трымаць залу» харызматычнасцю. Быць разнастайным. Дабіцца натуральнасці рухаў, псіхалагічнай пераканаўчасці. Думаю, наперадзе ў Валянціны сур’ёзная спеўная кар’ера. Салістка з такім комплексам дадзеных будзе запатрабаванай на многіх сцэнах.
Узбекскі тэнар Раміз Усманаў, уладальнік Гран-пры (10 тысяч еўра), і беларускае сапрана Марыя Шабуня (І прэмія і 7 тысяч) не зрабілі такога ашаламляльнага ўражання. Усманаў не ўпершыню прыязджае ў Мінск — за плячыма выступы на ранейшых нашых форумах. Яго небеспадстаўна называюць «узбекскім салаўём».
Але па акцёрскіх якасцях і разняволенасці Усманаў відавочна саступаў Мартынюку, які ў тым жа праекце спяваў Рудольфа з іншай канкурсанткай. Што да вакалу — чыста, акуратна, прыемна. Але, на мой погляд, на яго перамогу істотна паўплывала і майстэрства Анастасіі Масквіной, усмешлівай і рамантычнай Мімі, якая выконвала разам з ім дуэт з «Багемы» і ўсяляк спрыяла таму, каб калега паўстаў у найлепшым святле. Шабуня прадстаўляла сцэну з «Севільскага» і каваціну Разіны. У яе лёгкі і палётны голас, віртуозныя «вярхі». Вакалістка стварыла гарэзны вобраз, прасякнуты бляскам і радасцю жыцця. Але Таццяна атрымалася ў Федзянёвай больш маштабнай і глыбокай.
Заахвочвальную прэмію (і 1000 еўра) атрымаў наш саліст Ілля Сільчукоў. Мо журы палічыла, што пасля перамогі ў тэлепраекце «Вялікая опера» і татальнай папулярнасці барытону хопіць і яе. І ў ранейшыя сезоны вакал Сільчукова быў незвычайна насычаны. Яму ўласцівыя пластычнасць і прыгажосць гукавядзення. Калі ж саліст знайшоў у сабе немалы акцёрскі тэмперамент, што выяўляецца ў многіх выступленнях апошняга часу (у тым ліку і сцэне з апошняй карціны «Анегіна», якую спявак прэзентаваў у фінале конкурсу), — нават яго вакал пачаў успрымацца іначай.
Вялікая колькасць перамог, заваяваных апошнім часам нашым тэнарам Паўлам Пятровым, паўплывала на скупасць журы ў дачыненні да яго. Мяккі, пластычны голас, высакародны тэмбр наўрад ці можна забыць. Кар’ера Паўла ў тэатры складваецца больш чым удала, таму адсутнасць прэмій на конкурсе — не загана.
Удалым падалося выкарыстанне падчас фіналу конкурсу фрагментаў сцэнаграфіі з «Пікавай дамы». Велізарныя люстраныя паверхі дазваляюць дасягаць розных візуальных эфектаў і ствараць настрой, адпаведны пэўнаму ўрыўку.
Кода
Правядзеннем V Каляднага форуму тэатр годна адзначыў першы юбілей свайго дзецішча і нечакана выйшаў на новыя творчыя і іміджавыя абсягі. Успрыманне нашага горада як аднаго з цэнтраў вакальнага мастацтва Усходняй Еўропы да грамадскасці прыходзіць паступова. Але ў пэўны момант назапашаныя традыцыі пачынаюць працаваць самі. Прыцягваць новых спевакоў, сябраў журы, канкурсантаў, крытыкаў, гледачоў. Ідэальна, каб хапіла арганізацыйнага імпэту і фінансавых сродкаў ладзіць міжнародны турнір вакалістаў штогод. Праз нейкі час, калі ён заваюе вядомасць і аўтарытэт, інтэрвал можна зрабіць і большым. А што трапіць у праграму форуму-2015? Відаць, прэм’ера «Царскай нявесты» і новая версія «Кармэн». Што яшчэ? Тэатральная рэальнасць не заўжды прадказальная. Як кажуць, пажывём — пабачым.
Таццяна МУШЫНСКАЯ
Звычайна абмеркаванне маштабнага музычнага фестывалю адлюстроўвае шырокую панараму ўражанняў. Але гэтым разам усё атрымалася наадварот! Парадаксальная і неспадзявана яркая пастаноўка «Паяцаў» захапіла ўяўленне экспертаў і апынулася ў цэнтры ўвагі кожнага замежнага крытыка.
Іван Фёдараў:
Палітра мінскага форуму змясціла ў сабе мноства яркіх фарбаў, але самымі значнымі і запамінальнымі старонкамі ў кнізе фестывальных мерапрыемстваў сталіся, безумоўна, конкурс вакалістаў і прэм’ера «Паяцаў», і толькі фармат артыкула не дазваляе аддаць належнае кожнай з іх. «Паяцы» ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ зрабіліся сенсацыяй. З першых тактаў уступу публіка заціхла ў здзіўленні: замест заяўленага ў праграмцы Віктара Пласкіны за дырыжорскім пультам «паўстаў» невядомы сівавалосы спадар, які раптам павярнуўся да залы і загаварыў... Потым адкрылася заслона, і глядач канчаткова перастаў разумець, што адбываецца. «Давалі» фінал «Аіды». Артысты разыходзяцца пасля паклонаў, пачынаецца дэмантаж грувасткіх дэкарацый і падрыхтоўка да чарговага спектакля.
Пасля шпацыру па закуліссі рэжысёр выпраўляе гледача ў інтэрактыўны тур па глядзельнай зале. У атачэнні захопленага натоўпу, рэпарцёраў і тэлекамер сюды ўрываецца трупа гламурных гастралёраў; яны спяшаюцца на сцэну, дзе ўсё прыгатавана для прэс-канферэнцыі. Так — тэатрам у тэатры і яшчэ раз у тэатры — пачалася крывавая драма, якая павінна разыграцца ў закуліснай цясніне.
Каніа (Тэймураз Гугушвілі) — поп-ідал, аблашчаны святлом сафітаў і нечуванымі ганарарамі. Прэм’ер, спустошаны штодзённай пагоняй за вонкавым поспехам. Адпавядае яму і немаладая жонка Нэда (Ніна Шарубіна). Прымадонна эстраднага подыума стамілася ад фанфаронства дурнога мужа і кідаецца ў абдымкі рабочага сцэны, брутальнага Сільвіа (Ілля Сільчукоў), а той рады задаволіць уласную пыху з шыкоўнай жанчынай. Тоніа (Сяргей Маскалькоў), паяц непрыемнага выгляду, таксама не супраць пазабаўляцца з жонкай свайго прыяцеля. Бэпа (Янаш Нялепа) — падобны да жанчыны аматар зіхоткіх убораў і ўпрыгожванняў. З дапамогай падрабязнай рэалістычнай прамалёўкі персанажаў і іх узаемаадносін рэжысёр паказвае зваротны бок «зорнага» жыцця, агаляючы яго непрывабную сутнасць. Але ўсё ж тэатральныя ўражанні ад «Паяцаў» перакрылі вакальныя адкрыцці. Трыумфальным успрымалася выступленне грузінскага тэнара Гугушвілі. Яго гарачы спеў, які літаральна пранікаў пад скуру, не пакінуў абыякавым ніводнага чалавека ў зале. Артыст не іграў ролю, а пражываў яе.
У перадапошні дзень форуму адбыўся фінальны тур конкурсу вакалістаў. Уладальнікам Гран-пры стаў тэнар з Узбекістана Раміз Усманаў, які сумесна з Анастасіяй Масквіной выканаў сцэну Рудольфа і Мімі з першай дзеі «Багемы». Артыст вылучаецца сонечным іскрыстым тэмбрам, што нагадвае прыцягальны голас Павароці. Спевы Усманава не цалкам свабодныя ад тэхнічных шурпатасцей, аднак яго харызматычнасць, доўгае дыханне, упэўненае паўнавартаснае верхняе «до» ў папулярнай арыі «Che gelida manina» забяспечылі тэнару прызнанне публікі і сябраў журы.
А вось з рашэннем прысудзіць першую прэмію Марыі Шабуні, сапрана з Беларусі, можна паспрачацца. Каваціна, рэчытатыў і дуэт Разіны і Фігара з «Севільскага» былі выкананы на годным тэхнічным узроўні, але без вакальнага бляску. Сваім поспехам маладая спявачка шмат у чым абавязана партнёру — Уладзіміру Пятрову, які бліскуча абыграў акцёрскія нюансы дуэта.
Затое другая прэмія Валянціны Федзянёвай, сапрана з Данецка, не выклікае ніякіх сумневаў. У сцэне пісьма Таццяны з оперы «Яўген Анегін» спявачка прадэманстравала выдатны артыстычны талент і стварыла цэласны і аб’ёмны вобраз пушкінскай гераіні — гарачай, летуценнай, чыстай. Валянціна завалодала ўвагай публікі і не адпускала яе ні на адно імгненне доўгага нумара. Сапраўдная магія пачынаецца тады, калі перастаеш аналізаваць тэхнічныя моманты — палётнасць гуку, вытанчанасць фразіроўкі, дыяпазон дынамічных адценняў, ступень валодання легата — і пачынаеш суперажываць гераіні.
Варты першай прэміі быў і 24-гадовы барытон з Грузіі Лаша Сесіташвілі, які ў выніку атрымаў трэцюю. Яго магутны і адначасова высакародны, насычаны абертонамі, сапраўдны вердзіеўскі голас выдатна гучыць ва ўсім дыяпазоне. У вакаліста ёсць усе дадзеныя, каб зрабіцца артыстам сусветнага ўзроўню.
Іван Фёдараў (Санкт-Пецярбург, Расія) — піяніст, музычны крытык, заснавальнік і галоўны рэдактар Belcanto.ru. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класе фартэпіяна, там жа прайшоў асістэнтуру-стажыроўку. Лаўрэат Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў у Кальтанісета (Італія, 1998). Канцэртаваў у Еўропе, ЗША, Расіі. З 2007 — дацэнт кафедры спецыяльнага фартэпіяна, сябра Саюза канцэртных дзеячаў Расійскай Федэрацыі.
Алена Траццякова
Мінскі форум — праект прадстаўнічы і амбітны ў лепшым сэнсе слова. Апошнім разам праграму фестывалю склалі прэм’еры сезона, падрыхтаваныя толькі мінскім тэатрам. Найбольшую цікавасць публікі выклікалі «Паяцы». Спектакль прыдуманы з удзелам гледачоў як сведкаў закуліснага і параднага жыцця тэатра. Таму быццам і няма дэкарацый: фрагменты сцэнаграфіі розных пастановак, не прыбраныя пасля папярэдніх паказаў. Адсюль урачысты праход праз партэр артыстаў а-ля поп-зорак у касцюмах, што ззяюць срэбрам і золатам. На падмостках узнаўляецца то «сцэна на сцэне», ярка асветленая, то не надта прывабная грымёрка, якая патанае ў цемры.
Мэта такога афармлення і мэта спектакля — увасобіць філасофію быцця артыста. Па законах мастацтва ён не павінен блытаць эмоцыі ўласныя і чужыя, прадпісаныя роляй. У адпаведнасці з праўдай жыцця здараецца наадварот — адно ўзмацняе другое. І вось ужо звар’яцелы, шалёны раўнівец Каніа забівае не толькі жонку і яе палюбоўніка, але ўсіх, хто побач. Робіць гэта так, як нярэдка адбываецца на тэлеэкранах, у навінах або ў баевіках, калі кроў і смерць перастаюць успрымацца нечым страшным. Спектакль нагадвае: гвалт нараджае гвалт, ламае тармазы; сцвярджае: рэальнасць мацнейшая за мастацтва — больш драматычная і трагічная. Рэжысёр дэманструе, якая гэта выбуховая сумесь — тэатр і жыццё, як яна ўздзейнічае на псіхіку чалавека.
Працэс актуалізацыі твора — даўно вызначаны напрамак развіцця тэатра. Часам такі падыход прыводзіць да рашэнняў лабавых, але ў лепшых узорах дае адчуванне новага разумення механізмаў быцця. Адсутнасць жа спалучэння з рэальнасцю — тое, што можна было назіраць у «Пікавай даме» і «Рыгалета» — таксама маюць свае «за» і «супраць». Тут небяспечнае тыражаванне, сыход у штамп і вар’іраванне даўно вядомых рашэнняў. Гэта заўсёды тоіць спрашчэнне, усечанасць сэнсу, закладзенага ў творы.
У агульнай праграме форуму важнае месца заняў міжнародны конкурс вакалістаў. Фінальны вечар зрабіўся ўпрыгожваннем опернага марафону. У ім была асаблівая атмасфера, калі ў зале збіраюцца не проста гледачы, а меламаны.
Алена Траццякова (Санкт-Пецярбург, Расія) — тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства. Прафесар кафедры рускага тэатра Акадэміі тэатральнага мастацтва, дырэктар Расійскага інстытута гісторыі мастацтваў. Сябра журы расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска». Аўтар навуковых артыкулаў па пытаннях музычнага тэатра. Пастаянна друкуецца ў «Петербургском театральном журнале», «Музыкальной академии», «Музыкальной жизни» і інш.
Марына Гайковіч
Мне даспадобы, што Калядны форум у Мінску «абзавёўся» конкурсам вакалістаў — гэта дазваляе прыцягнуць увагу ўсёй Еўропы да беларускага тэатра оперы і балета. Але, вядома, самае яркае ўражанне фестывалю — прэм’ера «Паяцаў» Леанкавала. Мне спадабалася, як Міхаіл Панджавідзэ вырашыў гэтую оперу — і з візуальнага, і са змястоўнага бакоў. Калі большасць спектакляў рэжысёра, пастаўленых у Вялікім тэатры, адрозніваліся пышнай сцэнаграфіяй, эфектнымі тэхнічнымі прыёмамі, то тут — свядомая скупасць па прынцыпе: «Зрабілі з таго, што было». Але спрацавала! Дэкарацыі першага дзеяння — вешалкі з тэатральнымі касцюмамі, другога — подыум і паветраныя кулісы. «Працуе» і чорны заднік сцэны, і светлавое абсталяванне (напрыклад, калі ў першай дзеі яно апускаецца і завісае амаль над галовамі ў герояў, становіцца не па сабе). Гэты спектакль — у тэатры і пра тэатр. Дзеянне пачынаецца «з канца» — толькі не «Паяцаў», а «Аіды»: мы бачым фінальныя паклоны і ўсю тую працу, якая робіцца за закрытай заслонай. Разбягаюцца артысты, дэмантуюцца дэкарацыі, прыбіральшчыкі мыюць сцэну, летуценная памочніца рэжысёра застывае на троне фараона з клавірам Леанкавала. Знакамітых гастралёраў сустракае натоўп журналістаў. Мяркуючы па бліскучых апранахах а-ля Элвіс Прэслі, рэжысёр парадыруе свет поп-культуры. І ў рэшце рэшт ужо не разумееш — муж ты ці артыст, мужчына ці паяц. Адно пранікае ў іншае — так захоплівае цябе тэатр. Знакаміты грузінскі тэнар Тэймураз Гугушвілі спявае арыю «Смейся, паяц!» літаральна на разрыў аорты, так што гледачы ладзяць авацыі, не чакаючы фіналу. А далей — усё як у тэатры, дзе заўжды ёсць момант нечаканасці і імправізацыі. Тэнар дзе-нідзе парушае рэжысёрскі малюнак (мо, не хапіла рэпетыцый). Панджавідзэ мяркуе, што пасля таго, як Паяц-Каніа расстраляе палюбоўнікаў, а заадно і палову тэатра (усіх, хто пад руку патрапіць), ён-такі застрэліцца сам. Так і было ў першым спектаклі. У другім, дзе якраз і спяваў Гугушвілі, акцёр выпусціў усе патроны датэрмінова — так што прыйшлося яму зымправізаваць і стаць ахвярай сардэчнага прыступу. Зрэшты, такія моманты толькі працуюць на рэжысёрскую задуму, ствараючы шматслаёвую сэнсавую фактуру пастаноўкі.
Марына Гайковіч (Масква, Расія) — тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства. Скончыла гісторыка-тэарэтычны факультэт і аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі. З 2005 года музычны аглядальнік, з 2013 — загадчык аддзела культуры «Независимой газеты». Сябра экспертнага савета расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска».
Марына Чаркашына-Губарэнка
Адметнасцю апошняга форуму стаў І Міжнародны конкурс вакалістаў. Ён не толькі адбываўся паралельна з асноўнай праграмай, але зрабіўся яе арганічнай часткай дзякуючы трэцяму туру і гала-канцэрту, у якім разам з запрошанымі салістамі з іншых краін і з вядучымі майстрамі мінскай оперы выступілі лаўрэаты першых прэмій толькі што завершанага вакальнага спаборніцтва. І якраз гэты вопыт дапамог выявіць стан спеўнага майстэрства ў самых розных тэатрах на тэрыторыі СНД. Трэба шчыра сказаць: нягледзячы на маладосць і недастатковы артыстычны досвед некаторых лаўрэатаў, яны выглядалі значна лепш, больш ярка, чым некаторыя запрошаныя «зоркі». Для рэйтынгу апошніх такое суседства аказалася небяспечным. Гэта актуалізуе пытанне пра стан вакальных школ і ўмовы працы салістаў у тэатральных трупах. Мабыць, не ўсюды справа наладжана ідэальна, галасы хутка зношваюцца, не надаецца належнай увагі культуры спеваў, рабоце над дыкцыяй і музычна-сцэнічным вобразам.
Што да праграмы фестывалю, дык выбар прэм’ерных назваў сведчыў: тэатр працягвае ўзяты раней курс на стварэнне хадавога опернага рэпертуару. Спектаклі «Рыгалета» і «Пікавая дама» ажыццёўлены пастаноўшчыкамі з Эстоніі і Балгарыі. Неэме Кунінгас названы ў праграме форуму адным з самых запатрабаваных эстонскіх рэжысёраў. Званне акадэміка мае дырэктар Сафійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета Пламен Карталаў, рэжысёр «Пікавай дамы». Можна было чакаць, што пастаноўшчыкі прапануюць арыгінальныя рашэнні і пакажуць адносна кансерватыўнай мінскай публіцы, «як гэта робіцца ў Еўропе». Але ў «Рыгалета» ўсё аказалася прадказальным, а «Пікавая дама» калі і выклікала пытанні, то не з-за жадання Карталава ісці насуперак традыцыям.
У адрозненне ад гэтых пастановак, неардынарнай падзеяй лічу спектакль «Паяцы», ажыццёўлены дырыжорам Віктарам Пласкінай і рэжысёрам Міхаілам Панджавідзэ. Твор зрабіўся ўзорам мастацкага асэнсавання першакрыніцы. Пастаноўшчык здолеў расшыфраваць прыхаваныя сэнсавыя пласты папулярнага спектакля, абапіраючыся на традыцыю і развіваючы яе з пазіцый зменлівага часу. Вобраз цэнтральнага героя набыў іншы маштаб. Асноўная калізія «тэатр і жыццё» таксама пераасэнсоўвалася. Стваральнікі «Паяцаў» і Сяргей Франкоўскі, выканаўца галоўнай партыі, здолелі паказаць, у якой ступені сучасныя ўмовы абвастрылі адлюстраваны ў оперы канфлікт — супрацьстаянне вобраза акцёра і яго чалавечай сутнасці.
Пастаноўка «Паяцаў» па ўсіх параметрах адпавядае агульным для сусветнага опернага тэатра памкненням да паглыблення трактоўкі і новага прачытання класікі. Іншая не менш значная тэндэнцыя звязана з пашырэннем рэпертуарных межаў, са зваротам да забытых твораў мінулых эпох, прычым не толькі самых аддаленых. Яркія ўзоры можна адшукаць у спадчыне такіх вядомых аўтараў, як Расіні і Вердзі. Так, мінулым летам у Італіі, на оперным фестывалі Расіні ў горадзе Пезара, дзе кампазітар нарадзіўся, публіка змагла пазнаёміцца з новым бачаннем несмяротнага «Севільскага цырульніка», а таксама з малавядомымі операмі «Аўрэліян у Пальміры» і «Арміда».
Марына Чаркашына-Губарэнка (Кіеў, Украіна) — музыказнаўца, музычны крытык, лібрэтыст, педагог. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры замежнай музыкі Нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны імя Чайкоўскага. Заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны. Аўтар шэрагу кніг, у тым ліку «Оперны тэатр у прасторы зменлівага свету».