Загадкавая лічба 703 у назве азначала колькасць дзён, што прайшлі з папярэдняй прэзентацыі «urbi et orbi» дасягненняў беларускага выяўленчага мастацтва, якая мела мінорную назву «Тэстамент».
Для многіх еўрапейскіх культурных сталіц стала добрай традыцыяй рэгулярна ладзіць маштабныя міжнародныя экспазіцыі сучаснага мастацтва. Самай знакамітай з іх лічыцца Венецыянскае біенале, але падобныя выставы перыядычна праходзяць у Германіі, Іспаніі і іншых краінах. Накшталт Алімпійскіх гульняў у спорце і найбуйнейшых кінематаграфічных фестываляў, гэтае мерапрыемства звычайна мае высокі міжнародны статус і часта падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні. Акрамя цікавай выставачнай праграмы, арт-біенале мусіць генераваць новыя ідэі, выяўляць найбольш актуальныя праблемы мастацтва і, нарэшце, станавіцца модным месцам, прызначаным для сустрэч мастакоў, куратараў, крытыкаў, калекцыянераў, галерыстаў і людзей, якія цікавяцца сучаснай культурай.
Праз шырокі дыяпазон падачы матэрыялу, актыўнае міжнароднае ўзаемадзеянне біенале спрыяе агульнаму працэсу глабалізацыі і камунікацыі, ствараючы адзіную культурную прастору. Больш паспяховаму правядзенню мерапрыемстваў дапамагаюць інстытуцыі, якія не толькі каардынуюць праект, але і аналізуюць яго недахопы, а таксама плануюць далейшае развіццё. У выніку біенале становіцца структурай, створанай для падтрымкі культуры і фармавання новых каштоўнасных крытэрыяў у сферы мастацтва.
Беларускі саюз мастакоў ладзіць свой «працягнуты ў будучыню» біенальны праект з 2008 года. Назва папярэдняга біенале — «Тэстамент» (ад лац. testari — засведчыць) — азначала «духоўны запавет». Падзея была прысвечана памяці заўчасна пайшоўшага ад нас восенню 2012 года вядомага мастака Сяргея Цімохава, які быў пачынальнікам гэтага руху.
Паводле задумы Леаніда Хобатава, які замяніў Цімохава на пасадзе намесніка старшыні Саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці, ІІІ Біенале «Тэстамент» павінна было ператварыцца ў эксперыментальную форму адкрытай творчай лабараторыі, а залы Палаца мусілі зрабіцца вялікай майстэрняй, дзе аўтары ўвасаблялі б свае арт-аб’екты і рыхтавалі іх для экспазіцыі наўпрост на вачах наведнікаў. Зазвычай прыхаваныя рэчы сталі б галоўным візуальным атракцыёнам, падчас якога адбывалася непасрэдная размова з мастаком.
Не ўсё, што было задумана, атрымалася. Але пазначаны вектар развіцця выклікаў і ў наведнікаў, і ва ўдзельнікаў вялікую цікаўнасць і надзею на выхад за межы фармату справаздачнай выставы з развешанымі па сценах творамі.
На жаль, пасля знаёмства з экспазіцыяй IV Біенале жывапісу, графікі і скульптуры «Формазмест-703» можна канстатаваць, што надзеі не спраўдзіліся. У развіцці фэсту адбылася самая сапраўдная «прабуксоўка».
Чаму так?
Па-першае, праект быў арганізаваны толькі за ўласныя сродкі Беларускага саюза мастакоў, у выніку шмат што — напрыклад, адсутнасць суправаджальных мерапрыемстваў ці хоць у нечым прыстойнай паліграфічнай прадукцыі ў выглядзе буклетаў — становіцца зразумелым.
У прэс-рэлізе арганізатары пазначылі пазіцыі, на якія вымушаны былі адступіць: «Біенале некалькі адышло ад міжнароднага фармату і паказвае максімальна шырокі зрэз беларускага мастацтва. Гэта не дазваляе правесці яго як “суцэльны праект”, але дае магчымасць гледачу максімальна блізка пазнаёміцца з беларускім мастацтвам ва ўсіх яго праявах».
Аднак нават без наяўнасці значных сродкаў (калі іх хапала?) для разгортвання па-сапраўднаму маштабнага праекта бывае дастаткова свежых ідэй, каб удасканальвацца. На жаль, гэтае біенале не толькі не працягвала напрацоўкі папярэдняга, але і прынцыпова не адрознівалася ад амаль любой планавай групавой выстаўкі Саюза.
Выразнай канцэпцыі ў «Формазмесце» па сутнасці не было. Як, дарэчы, і афіцыйнага куратара. З усіх папярэдніх інавацый і знаходак, што былі апрабаваныя на «Тэстаменце», у «Формазмесце» засталася толькі адна. Паводле задумы аргкамітэта, біенале — не проста выстава, але і творчае спаборніцтва мастакоў. Таму кожны наведнік экспазіцыі на ўваходзе атрымліваў бюлетэнь для галасавання і меў магчымасць таемна пазначыць трох найлепшых, на яго думку, аўтараў у трох намінацыях (жывапіс, графіка і скульптура). Меркавалася, што вынікі будуць улічвацца сябрамі прафесійнага журы з айчынных мастацтвазнаўцаў, з секцыі арт-крытыкі Саюза мастакоў, якія прыкладна праз тыдзень пасля заканчэння аб’явілі імёны пераможцаў. Галоўнай узнагародай для іх планавалася выстава ў Маскве.
Але тут міжволі ўзнікала пытанне: чаму вынікам біенале ці яго працягам мусіць быць экспазіцыя «лепшых з найлепшых» у Цэнтральным доме мастака горада Масквы? Чаму не ў Варшаве, Вільнюсе ці Кіеве? Агляд падобных перспектыў адсылае нас да роздуму і пра досыць нядаўнюю гісторыю, і пра прызначэнне такіх інстытуцый, як Саюз мастакоў, на сённяшнім этапе, і пра тое, што Савецкага Саюза фармальна больш не існуе, але след, які ён пакінуў, гэткая цывілізацыйная каляіна яшчэ доўга будзе змушаць нас па інерцыі каціцца па ёй.
Біенале было пабудавана ў межах, зададзеных такім няпростым аб’ектам, як Палац мастацтва. Структура была зразумелай і даволі ўдалай. Леанід Хобатаў не толькі вядомы жывапісец і прызнаны спецыяліст па фармальнай кампазіцыі, але і вопытны экспазіцыянер. Выкарыстоўваючы ўласны густ і эмацыйнае адчуванне, ён здольны добра выбудаваць любую экспазіцыю ў самай складанай прасторы. Мастак і адзін з удзельнікаў біенале Алег Ладзісаў трапна заўважыў, што выстава больш падобная да аўтарскага праекта Леаніда Хобатава. Паводле меркавання Ладзісава, гледачу, што трапіў на «Формазмест», найперш варта было б звярнуць увагу не на асобныя творы, а на тое, як удала гэтымі работамі арганізавана прастора Палаца.
Дарэчы, выстава дапрацоўвалася амаль да апошняга. Яшчэ за паўгадзіны да адкрыцця на другім паверсе вешалі карціны. Нешта прыбіралася, штосьці мяняла сваё месца. Аднак у гэты раз, у адрозненне ад мінулага біенале, калі шмат твораў стаяла на падлозе, усё паспелі развесіць.
Першая зала традыцыйна прадстаўляла графіку, у адборы прац адчувалася нябачная рука старшыні Саюза мастакоў Рыгора Сітніцы. Імёны Паўла Татарнікава, Рамана Сустава, Валянціны Шобы, Льва Алімава даўно сталі сінонімамі шанаванага ў нас прафесіяналізму беларускай школы графікі. З пункту гледжання «формазместу», слабых работ сярод графічнай экспазіцыі не назіралася.
«Мяняецца час — мяняецца глядач. Ён ужо не задаволены толькі сузіраннем прыгажосці, узроўнем імпрэсіянізму — колеравымі адносінамі. Ён шукае інтэлектуальны складнік у творы мастацтва. Сёння патрэбны мастак, які думае», — такі адказ на «запыт часу» ў сваіх развагах на прэс-канферэнцыі даў Леанід Хобатаў. Цікава, а ці можна сказаць, што ўсе 238 мастакоў, хто трапіў у экспазіцыю (а гэта прыкладна ці не кожны пяты з сябраў Саюза), адносяцца менавіта да такога мэйнстрыму — «мастак, які думае»?
Увогуле, любая групавая выстаўка — сінтэз розных стыляў, творцаў розных пакаленняў — дэманструе праявы грамадзянскай мужнасці ў асэнсаванні выклікаў эпохі і дае на іх адэкватныя адказы. На трэцім паверсе, сярод жывапісу і скульптуры, на жаль, панаваў бесканфліктны дэкаратывізм і прахалодная прыгажосць. З тэхналагічна-рамеснага пункту гледжання ў працах усё добра, яны ўсе «на ўзроўні». Тым, хто сочыць за нашым мастацтвам апошнія дзесяцігоддзі, імёны Васіля Касцючэнкі, Валянціна Губарава, Аляксандра Некрашэвіча, Зоі Луцэвіч, Аляксандра Грышкевіча, Леаніда Хобатава, Сяргея Рымашэўскага, Аляксандра Даманава ў жывапісе, Андрэя Вараб’ёва, Уладзіміра Панцялеева, Андрэя Асташова ў скульптуры гавораць самі за сябе. Для атрымання эстэтычнай асалоды — таго, па што большасць гледачоў і ходзіць на выстаўкі, — работ было дастаткова. Шараговы глядач не быў расчараваны, аднак мала што звязвала творы з сучаснасцю і яе праблемамі. Даводзілася лішні раз углядацца ў дату стварэння, каб са здзіўленнем убачыць у подпісе — «2014 год».
Што тычыцца скульптуры, адчувалася, што ў экспазіцыі былі ўдала змешчаны найбольш эфектныя па пластыцы творы, зробленыя аўтарамі пераважна за папярэднія 703 дні напружанай працы. Аднак знайсці па-сапраўднаму нечаканыя, арыгінальныя паводле пластычных прыёмаў творы сярод скульптурнага сегменту біенале было складана. Усе на ўзроўні. Прыгожа. Прафесійна. Прадказальна. Пазнавальныя імёны, почыркі і стылі.
Здаецца, пра «сучаснасць» айчыннага біенале можна казаць толькі таму, што большасць аўтараў — нашыя сучаснікі...
У фінале прэс-канферэнцыі, пасля амаль гадзінных павольных разваг сябраў аргкамітэта пра месца беларускага мастацтва ў сучаснасці, пры ўспаміне пра наш удзел у Венецыянскім біенале ўзнікла такая цікавая сентэнцыя, ледзь не прызнанне: «Не трапляючы ў кантэкст, мы даем нагоду для таго, каб пра нас гаварылі».
На што мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн слушна спытала: «Калі мы не ў кантэксце, то дзе мы?»
Але гэтае пытанне так і засталося без адказу, бо сябры аргкамітэта ўжо спяшаліся адкрываць «Формазмест».
Андрэй ЯНКОЎСКІ