Сны наяве

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Зварот тэатраў да знакавых постацей ужо сам па сабе выклікае глядацкую цікавасць. А той факт, што Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадстаўляе гледачам спектакль, у якім галоўным героем з’яўляецца не хто іншы, як менавіта Янка Купала, прыцягнуў пільную ўвагу і выклікаў шэраг дыскусій як вакол пастаноўкі рэжысёра У.Савіцкага, так і вакол тых фактаў біяграфіі паэта, якія былі агучаны ў «Снах аб Беларусі».

 /i/content/pi/mast/6/147/Komanava1.jpg
 Сцэна са спектакля.
У аснову спектакля пакладзена «Калыска чатырох чараўніц» -- п’еса яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры У.Караткевіча, які таксама ўшаноўваў хараство, прыгажосць і загадкавасць роднага краю. Містэрыяльная структура гэтага твора, які распавядае пра станаўленне творцы, даводзіць, што калі чалавек -- найвышэйшае стварэнне прыроды, то паэт, які апявае Бацькаўшчыну, -- своеасаблівая духоўная вяршыня ў эвалюцыйным ланцужку, што завецца жыццём. Але ж аўтар спектакля не абмежаваўся адно толькі драматургіяй У.Караткевіча, ён гранічна насыціў яе ўрыўкамі з вершаў Янкі Купалы, паэм «Яна і Я», «На куццю», «Сон на кургане», «Адвечная песня», «На папасе», драмы «Раскіданае гняздо». У спектаклі сплятаюцца разважанні Караткевіча-драматурга над тым, што за асобай быў Купала, з тым, якім чынам адбывалася яго творчае станаўленне, як мянялася светаадчуванне Песняра ў творах, напісаных у розныя часы.
Што склала аснову паэтычнага і мастацкага светапогляду Янкі Купалы? На гэтае пытанне рэжысёр спектакля адказвае разам з харэографам Л.Сімаковіч, што даўно займаецца збіраннем і творча-сцэнічным асэнсаваннем беларускай танцавальнай аўтэнтыкі. Менавіта з купальскіх абрадаў з іх паганскімі каранямі і еднасцю з прыроднымі стыхіямі прарастае шчымлівая Купалава лірыка. Яшчэ маленькім хлапчуком (паэт у дзяцінстве -- Ваня Шапо) на каленях у маці назірае ён за купальскімі гульбішчамі, скокамі цераз вогнішча і прывабным, раскаваным узаемапрыцягненнем мужчынскага і жаночага пачаткаў, пошукамі папараць-кветкі, якая абяцае вечнае шчасце. І нягледзячы на тое, што ранкам увесь гэты казачна-чароўны свет знікае і паганская багіня Купала, ахоўніца ўсяго жывога на зямлі, згарае ў полымі купальскага вогнішча, роўна праз год, бы міфалагічная птушка Фенікс, яна зноў адродзіцца ва ўсёй красе. Верай у неўміручасць лепшых спрадвечных якасцей беларусаў, у іх прыродную рэінкарнацыю будзе прасякнута ўся творчасць Янкі Купалы.
 /i/content/pi/mast/6/147/Komanava2.jpg

 М.Зуй (Янка Купала ў маладосці).


У цэнтры сюжэтнай лініі спектакля -- тэма смерці паэта, яго загадкавага падзення ў лесвічны пралёт гасцініцы «Масква» ў 1942 годзе. Мы і сёння не ведаем, вынікам чаго сталася тая смерць: трагічнай выпадковасці, кроку адчаю -- ці, мажліва, чыёйсьці «дапамогі» пісьменніку? Гэтая смерць, дакладней, яе рацыянальна-праўдападобнае вытлумачэнне, сталася для ўладаў праблемай. Як, зрэшты, праблемай было і ягонае жыццё. Менавіта на смяротнай мяжы Янка Купала (Аляксандр Падабед) азірае пройдзены шлях і імкнецца зразумець (і задаць гэтае ж пытанне нам, гледачам), чаму ўсё склалася так, а не іначай... Відавочна, што рэжысёр У.Савіцкі не мае намеру ўдавацца ў падрабязнасці біяграфіі Песняра і ўзнаўляць на сцэне грамадскія і сацыяльна-палітычныя рэаліі таго часу. Гэты «побыт» -- гасцінічныя пакаёўкі, прадстаўнікі КДБ, іх паводзіны і ўзаемаадносіны -- выглядае празмерна кінематаграфічна і занадта рэальна, як быццам хтосьці наўмысна намагаецца нас пераканаць у тым, чаму мы так і не можам даць веры. Ды і як паверыць у моц рэальнасці, калі і непарушныя, на першы выгляд, масіўныя металічныя калоны, і гасцінічная лесвіца, здаецца, вось-вось абрынуцца і ператворацца ў пыл і друз (сцэнаграфія В.Цімафеева).
 /i/content/pi/mast/6/147/Komanava3.jpg
 Сцэна са спектакля.
«Жыццё ёсць сон» -- гэтую назву п’есы Пэдра Кальдэрона можна было б цалкам прымяніць і да спектакля купалаўцаў. Думаецца, што менавіта сон з’яўляецца тым самым ключыкам, які адкрывае нам сакрэты і патаемныя бакі спектакля. Бо сон здольны зрабіць з’явы рэальнасці далёкімі і неістотнымі, а схаваныя мроі і жаданні ўвасобіць з надзвычайнай дакладнасцю і амаль натуралістычнай праўдзівасцю. Мы ўключаемся ў гэтую гульню і верым, што і сам Янка Купала, здаецца, жыў не ў рэальнасці, а нібы ў сне: сном былі і першыя вершы, напісаныя па-польску, і няўдалае каханне да занадта прыземленай дзяўчыны, і гора, што зазнаў ён у маладосці, і творчае прызнанне, і ўдзел у напісанні калектыўнага ўхвальнага ліста да Сталіна… І смерць -- нібы таксама несапраўдная... Малады Янка (Міхаіл Зуй) адчувае ўсе заганы вясковага жыцця, прычым больш за аб’ектыўныя цяжкасці фізічнай працы прыгнятаюць яго развагі пра непаўнацэннасць беларусаў. Але атмасфера безвыходнасці не стасуецца з ягонай верай у паганскую гармонію Сусвету -- і з рэальнага свету ён сягае ў свет паэтычны, дзе кожны можа стаць творцам прыгажосці.
Свет сталага, прызнанага паэта Янкі Купалы -- тыя мроі, якія ахутваюць творцу і прарастаюць у яго вершах, паэмах. Своеасаблівай кульмінацыяй і катэгарычным адмаўленнем ад навакольнай рэальнасці становіцца сцэна з русалкамі, што так прывабна танцуюць побач з творцам. Танец перапыняе пранізлівы тэлефонны званок з рэчаіснасці -- русалкі заміраюць, гатовыя знікнуць з поля зроку паэта, і той, каб не страціць іх, не развітацца з любымі сэрцу вобразамі... абрывае тэлефонны шнур, даючы працяг іх прывіднаму, але такому прыцягальнаму жыццю.Так склалася ў айчынным літаратуразнаўстве, што Янку Купалу традыцыйна ўяўляюць песняром беларускай зямлі, своеасаблівым літаратарам-народнікам. Між тым творца не прыхоўваў, што знаходзіцца пад моцным уплывам такога папулярнага напачатку ХХ стагоддзя накірунку ў літаратуры, як сімвалізм. Творчыя пошукі часта скіроўвалі паэта ў бок метафізічнага асэнсавання рэчаіснасці. Нават хрэстаматыйнае «Раскіданае гняздо», якое прынята лічыць «гісторыяй высялення з дому сялянскай сям’і», тоіць глыбокія філасофскія падтэксты, прычым не толькі адносна лёсу беларускага народа. Янка Купала разважае пра месца чалавека ў прыроднай сістэме каардынат і пра тое, наколькі кожны можа быць кавалём уласнага шчасця альбо гора.
Пра гэта паспрабаваў расказаць нам рэжысёр У.Савіцкі.Адметнасць пастаноўкі яшчэ і ў тым, што яна перагукаецца са спектаклем «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа, пастаўленым у Купалаўскім тэатры сезонам раней. Як і работа Мікалая Пінігіна, «Сны аб Беларусі» працягваюць разважанні пра лёс творцы, пра складанасць суаднясення мастацкага свету і свету рэальнага. Але калі ў «Сымоне-музыку» герой не знаходзіць для сябе і свайго таленту месца ў жыцці, «Сны аб Беларусі» сцвярджаюць, што ў класічным філасофскім саперніцтве паміж быццём і свядомасцю апошняя, калі яна спараджаецца сапраўдным творцам, можа не проста паспаборнічаць з рэальнасцю, але і паўплываць на яе. Хоць бы і праз сны -- такія жаданыя і пранізлівыя па сваёй унутранай праўдзівасці...

Таццяна КОМАНАВА