Паспрабаваў першым

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

Рэжысёр і педагог Уладзімір Маланкін
Выкажу крамольную думку, але цяпер, калі мінулі гады, я думаю менавіта так: рэжысёр Уладзімір Андрэевіч Маланкін быў у Беларусі першым, хто зразумеў, што існуючы тэатр трэба рашуча змяняць. І ён паспрабаваў гэта зрабіць. Хоць на рэвалюцыю сам доўга не мог наважыцца праз сваю сціпласць і, магчыма, некаторую закамплексаванасць.

 

У поўнай меры шляхам рэфармавання пайшлі ягоныя вучні. Варта нагадаць іх імёны: Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка, Валерый Мазынскі, Уладзімір Рудаў, Валерый Маслюк, Мікалай Пінігін. Эліта сучаснай беларускай рэжысёрскай школы. У тэатразнаўчых і біяграфічных працах рэдка адсочваюць ланцужок настаўнікаў з некалькіх пакаленняў, у лепшым выпадку называюць аднаго майстра. Усё астатняе, маўляў, рэжысёр зрабіў сам і абавязаны выключна ўласнаму таленту. Думаю па-іншаму. Настаўнік выхаваў вучня, і калі ўсё зрабіў пісьменна, той пойдзе далей за настаўніка. Эстафета пры гэтым вельмі важная.

Маланкін уваходзіў у прафесію ў пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Тэатр быў шэрым, панурым, аднолькавым, нясмелым і ў сэнсе формы. Тэарэтычна ўсе кляліся, што працуюць «па сістэме Станіслаўскага». Практычна гэта было далёка не так. Рэжысёрская і акцёрская моладзь бачыла Станіслаўскага разумным, правільным і таму вельмі сумным настаўнікам. Ужо ніхто яго не абагаўляў як унікальнага практыка: новых работ даўно не было. Дый і яго самога пачыналі забываць, заставаліся толькі байкі і легенды. Публіка хадзіла «на акцёраў». Візуальнаму абліччу сцэнічных твораў не надавалі асаблівай увагі, затое з захапленнем прымалі ўсё класічнае. Па справядлівасці, і тады, у пасляваенныя дзесяцігоддзі, і цяпер стала немагчыма працаваць «па сістэме Станіслаўскага» з многіх прычын (кароткія тэрміны выпуску спектакляў, міграцыя акцёраў і іншае).

Галоўным у рабоце айчыннага класіка рэжысуры было жорсткае, бескампраміснае выхаванне калектыву паводле прынцыпаў, у імя якіх ён сам жыў. Скажыце, каму сёння гэта па сілах? Толькі адзінкам.

Настаўнікі Уладзіміра Андрэевіча Маланкіна Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў і Марыя Восіпаўна Кнэбель былі фанатычнымі прыхільнікамі метадаў Станіслаўскага. Яны ведалі гэта не па кніжках і апавяданнях, а, можна сказаць, «з першых вуснаў». І гэтую любоў імкнуліся перадаць сваім вучням. У Мінску Маланкін вучыўся на акцёрскім курсе, быў упэўнены, што гэта яго прызначэнне. У дзённіку, які будучы рэжысёр старанна вёў у юнацкія гады і які толькі цяпер знайшла ягоная дачка Ганна, ён з юнацкім максімалізмам і наіўнасцю запісаў: «Ведаю толькі адно -- трэба жыць сумленна... І яшчэ ведаю -- я буду акцёрам (і неблагім), я буду сумленна рабіць тое, што трэба рабіць дзеля людзей, я буду ўдумлівы ў сваёй прафесіі -- жыцці».

Чалавек мяркуе, жыццё паварочвае па-свойму. Згадваючы Маланкіна, думаю, што ён наўрад ці мог стаць добрым акцёрам. У яго былі вельмі сціплыя псіхафізічныя дадзеныя, аднак прысутнічаў бясспрэчны, рэдкі талент, якому ён не надаваў значэння: веданне літаратуры, глыбокія аналітычныя здольнасці. На акцёрскай ніве, магчыма, Уладзімір Андрэевіч мог і не спраўдзіцца ў поўнай меры. Для рэжысёрскай прафесіі ён выспеў даволі рана. Здольнасці заўважыў яго педагог у тэатральным інстытуце, пачаў выкарыстоўваць Маланкіна ў якасці свайго памочніка і асістэнта, паспрабаваў у педагагічнай працы. Напрыканцы вучобы параіў грунтоўна заняцца рэжысурай. Арлоў сказаў: «Трэба ехаць у Маскву. У ГІТІСе курс набіраюць Аляксей Дзмітрыевіч Папоў і Марыя Осіпаўна Кнэбель. Гэта мае настаўнікі і сябры. Напішу ліст. Лепшай рэжысёрскай школы цяпер няма».

Маланкін паехаў. Яго прынялі.

Так склаўся вельмі важны ланцужок: Станіслаўскі вучыў Кнэбель, Кнэбель і Папоў былі настаўнікамі Арлова. Арлоў выхаваў Маланкіна. Усе пачыналі як акцёры і паступова прыйшлі да рэжысёрска-педагагічнай дзейнасці.

У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Усё жыццё» Кнэбель некалькі разоў згадвае Маланкіна і прызнаецца, што яны з Аляксеем Дзмітрыевічам Паповым «вучылі студэнтаў і вучыліся самі... маючы справу не з акцёрамі, не з акцёрскім самалюбствам, штампамі і г.д., не з тэрмінамі, якія ціснулі на працу, а з молоддзю, заўсёды гатовай на эксперымент з поўнай магчымасцю спрабаваць, шукаць, думаць».

Зразумела, Маланкін належаў да разраду вучняў, якія шукаюць і думаюць. Цікава, што пазней у сваёй практычнай дзейнасці свае ўменні і прынцыпы ён увасабляў на класічнай літаратуры. У Рускім тэатры паставіў «Нашэсце» Леаніда Лявонава, «Дзеці Ванюшына» Сяргея Найдзёнава, «Апошнія» Максіма Горкага, «Мальер» Міхаіла Булгакава. П’есы сучасныя былі яму менш цікавыя, хоць рэжысёр з задавальненнем працаваў з тэкстамі Аркадзя Маўзона, Уладзіміра Мехава, Чынгіза Айтматава. Эксперыменты з класікай, дзе на поўную моц маглі заззяць акцёры, яму болей сагравалі душу.

У маім архіве захаваліся лісты Кнэбель да маёй маці Зоі Свінарскай, з якой яны навучаліся акцёрскаму майстэрству ў студыі Міхаіла Чэхава. Там ёсць вельмі добрыя радкі пра беларуса Маланкіна, ягоную няўрымслівасць.

Падчас вучобы ў Маскве Уладзімір Маланкін падтрымліваў кантакт з маім бацькам. Прыязджаў у Мінск, падоўгу распавядаў Арлову пра свае ўражанні і адкрыцці.

Вельмі працаздольны і дысцыплінаваны, Маланкін не марнаваў час. Шмат паспеў пабачыць у сталіцы, быў сваім у абраных кампаніях, пачаў цікавіцца актуальным тэатрам. Аднойчы падчас чарговага прыезду ў нас дома ён сказаў штосьці зняважлівае пра метад дзейснага аналізу па Станіслаўскаму, пра старамоднасць Кнэбель, чым выклікаў моцны гнеў майго бацькі. Арлоў закрычаў, паказаў Маланкіну на дзверы і загадаў болей не пераступаць парог нашага дома. Яны, канешне ж, хутка памірыліся…

Уладзімір Маланкін атрымаў прызначэнне ў Рыжскі тэатр юнага гледача, на той час вельмі яркі калектыў, які ведалі ва ўсім СССР. Прыбалтыйскі перыяд творчасці не прайшоў марна. У 1962 годзе яго з задавальненнем узялі ў Дзяржаўны рускі тэатр імя М.Горкага і на педагагічную працу ў тэатральна-мастацкі інстытут. Пазней у жыцці быў яшчэ і наш тэатр юнага гледача.

Сёння ў любым годным тэатральным спектаклі мы перш за ўсё звяртаем увагу на яго канцэпцыю. За апошнія паўстагоддзя рэжысёрская думка рушыла вельмі далёка. Між тым, з сумам даводзіцца канстатаваць, што рэжысёрская думка рушыла далёка і ад літаратурнай першакрыніцы: дзёрзка і свавольна абыходзіцца з новай драмай, інсцэніроўкамі, дакументальным матэрыялам. Не шкадуе і класічных аўтараў.

Гэтага ніколі сабе не дазваляў Уладзімір Андрэевіч Маланкін. Не ўтойваў, што любіць вострую эксцэнтрычную форму. Прадэманстраваў яе ва «Узыходжанні на Фудзіяму» Чынгіза Айтматава. Калі вучыўся ў Кнэбель і Папова, як акцёр праявіў яе ў выпускным спектаклі «Кароль Лір», дзе іграў Блазна. Памятаю, Маланкін распавядаў пра незабыўныя ўрокі сваіх настаўнікаў, якія не стамляліся паўтараць, што Шэкспір, напрыклад, правакуе акцёра на страсці і эмоцыі. Паддавацца нельга. Эмоцыі могуць узнікнуць толькі пасля аналізу падзей, дзеянняў, руху думкі. Тое ж самае ў Горкага: страсці -- сацыяльныя, эмоцыі -- славянскія. Мне гэта ўспомнілася, калі Уладзімір Маланкін ставіў адзін з лепшых сваіх спектакляў -- «Апошнія».

Злы лёс заўсёды суправаджаў п’есу Міхаіла Булгакава «Мальер». Штосьці ў гэтых вялікіх пісьменнікаў не складвалася з Госпадам Богам. «Мальер» стаў апошнім спектаклем Маланкіна. Прэм’еру ён ужо не бачыў. Майстар пайшоў з жыцця ў няпоўныя сорак дзевяць гадоў, даў свету таленавітую актрысу дачку, выпусціў пяць акцёрскіх курсаў і пакінуў пра сябе добрую памяць.

 

Летам гэтага года ў Нацыянальным драматычным тэатры імя М.Горкага прайшоў вечар памяці з нагоды 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Маланкіна. Мінула 36 гадоў, як яго няма. Сівыя заслужаныя вучні з гумарам расказвалі, як пабойваліся майстра, вучыліся ў яго этыцы і ўменню вывучаць матэрыял, які распавядалі са сцэны. Яны самі даўно майстры: Барыс Луцэнка, Вольга Клебановіч, Аляксандр Ткачонак, Арнольд Памазан і іншыя. Запрашальныя квіткі былі выкананыя ў форме старонкі са школьнага дзённіка. У графе «хатняе заданне» стаяла тэма: «Падзея, звязанная з Уладзімірам Андрэевічам Маланкіным, якая змяніла маё жыццё». У кожнага знайшлося, што расказаць. Гэта і пацвярджае перакананне, што Уладзімір Маланкін быў першапраходцам.