Рэаліі і дух

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

Міжнародны кінафестываль «Лістапад»
Нацыянальны конкурс

 

Гісторыя культуры, як вядома, вызначаецца духоўнымі дасягненнямі. Айчыннаму мастацтву, у тым ліку экраннаму, ёсць чым ганарыцца. Унікальны і самабытны вопыт народа адлюстраваны ў фільмах Віктара Турава, Валерыя Рубінчыка, Валерыя Рыбарава, Ігара Дабралюбава, Вячаслава Нікіфарава, Віктара Дашука, Міхаіла Пташука, у якіх пераадольваецца так званы «экзатычны правінцыялізм» і голасам аўтара прамаўляе эпоха. У лепшых беларускіх стужках, як ігравых, так і дакументальных, жыве душа народа.

Згадаем: Карл Густаў Юнг лічыў душу роўнай па значнасці пазнавальнаму свету, прызнаваў за ёй тую ж «рэальнасць», што і за ім. Калі ж душа губляе гэтую значнасць і на першы план выходзяць амбітныя спробы злучыць нашу ментальнасць з, напрыклад, галівудскай жанравай адточанасцю, узнікаюць бессэнсоўныя гібрыды. Шкада становіцца не толькі аўтараў, але і гледачоў. Паняцце чалавечай годнасці і паняцце стасункаў паміж людзьмі -- непарыўныя. На ўнутранай пустэчы і беззмястоўнасці годнасць не грунтуецца. Яна -- духоўная суаднесенасць асобы з іншымі, чалавека з быццём і толькі дзякуючы гэтаму -- чалавека з самім сабой. Думаю, такая ідэя павінна стаць асноўнай у асэнсаванні ролі беларускай экраннай творчасці, у прыватнасці ў дыялогу культур, пры якім захоўваецца ўнікальнасць, самабытнасць, «самасць» беларускага мастацтва.

XXI Мінскі міжнародны кінафорум «Лістапад» з яго дэвізам «Такое рознае кіно!» супаў з 90-годдзем айчыннага сінематографа. І таму заканамерным і апраўданым было ўключэнне ў яго праграму нацыянальнага конкурсу. І справа нават не ў юбілейнай даце, а ў тым, што нацыянальнае ў сусветным кантэксце -- гэта не толькі і не столькі іншы ракурс. Перш за ўсё магчымасць пашырэння культурных кантактаў нашай краіны з іншымі, прэзентацыя ў свеце яе адметнасці.

Ідэя ў вышэйшай ступені высакародная. І яе правадніком пэўны час быў конкурс беларускага кіно, які раз у два гады праходзіў у Брэсце. Там цягам тыдня на суд журы і гледачоў прадстаўляліся ўсё ігравыя, дакументальныя, анімацыйныя стужкі, створаныя майстрамі і маладымі рэжысёрамі. Панарама айчыннага кінамастацтва аказвалася поўнай, але замкнёнай межамі толькі Беларусі. Зразумела, на апошнім «Лістападзе» не ставілася задача прадставіць ўсю палітру айчыннай фільматворчасці. Спадзяюся, гэтым будзе займацца брэсцкі конкурс. Сама ж ідэя заявіць пра беларускае кіно на «Лістападзе» набыла новыя формы: даслаць на нацыянальны конкурс уласныя стужкі ўпершыню змаглі нашы суайчыннікі з іншых краін. Гэтая акалічнасць не магла не выклікаць дыскусію ў членаў адборачнай камісіі: што і па якіх крытэрыях лічыць нацыянальным. Тым не менш праграма была сфарміравана, і на працягу чатырох дзён у старэйшым мінскім кінатэатры «Перамога» ішло спаборніцтва.

Агульнавядома, што на пачатку ХХІ стагоддзя ў свеце дамінуе стаўленне да кіно як да рынкавага прадукту, які ствараецца і распаўсюджваецца ў адпаведнасці з законамі самаакупнасці і прыбытку. Так, фільм -- тавар і можа прынесці велізарны прыбытак ці такія ж страты. Студыя як фабрыка перш за ўсё зацікаўлена ў выпуску стужак як рынкавых прадуктаў. З іншага боку, каб выконваць уласнае прызначэнне, наша Нацыянальная кінастудыя павінна клапаціцца пра стварэнне такіх карцін, якія былі б высокамастацкімі ўзорамі. Гэта не так і лёгка ва ўмовах глабалізацыі і стандартызацыі масавай кінапрадукцыі. Але на дзяржаўнай студыі могуць і павінны з’яўляцца фільмы, якія па зместавай скіраванасці адпавядаюць палітыцы дзяржавы ў культурнай сферы. Яны могуць па-сапраўднаму выконваць уласную функцыю, калі зняты на адпаведным мастацкім узроўні, а не проста «на тэму» (напрыклад, маладзёжную ці ваенную). У сучасным жа айчынным кінематографе прыкметная тэндэнцыя да вульгарызацыі сюжэтаў. Яна вядзе за сабой выкарыстанне драматургічных штампаў, узмацненне меладраматызму, спрашчэнне калізій і вобразаў, з'яўленне персанажаў, чые паводзіны вытлумачаны стэрэатыпна.

Увесь гэты «набор» відавочна адчуваўся ў межах нацыянальнага конкурсу. І праблема, што ёсць «нацыянальнае» і як яно праяўляецца ў творы, заяўляла пра сябе з асаблівай вастрынёй. Старшынёй журы конкурсу, пра які я вяду гаворку, быў Аруцюн Хачатран, вядомы рэжысёр, дырэктар міжнароднага фестывалю «Залаты абрыкос» у Ерэване. І ў сувязі з гэтым не магу не ўспомніць яскравы прыклад нацыянальнага ў тамтэйшай кінакультуры. «Наша стагоддзе» Артавазда Пеляшяна -- ледзь не адзіны армянскі фільм, дзе няма ніводнай ярка выяўленай нацыянальнай рэаліі. Тым не менш ён, як і іншыя стужкі рэжысёра, -- з’ява не толькі армянскай культуры, але і яркае праяўленне нацыянальнай свядомасці. Апошняя ўвасоблена не ў знешняй форме (тэма, сюжэт, адлюстраваная рэальнасць), не ў фармальна-канструктыўных прыкметах (мантаж, план, ракурс), а менавіта ў інтанацыі. Іншы прыклад. Атар Iаселiянi ўжо шмат гадоў жыве ў Францыі, але яго карціны не перастаюць быць грузінскімі. Інтанацыя захоўваецца. Магчыма, гэтыя прыклады хоць у нейкай ступені тлумачаць той факт, што прыз за лепшы ігравы фільм на беларускім конкурсе не быў уручаны ніводнай з прадстаўленых стужак. А сярод іх «Белыя Росы. Вяртанне» (рэжысёр Аляксандра Бутар), «Хард рэбут» (рэжысёр Андрэй Кудзіненка), «Смак Амерыкі» (рэжысёр Яфім Грыбаў).

У кіно як мастацтве заўсёды прысутнічае дух нацыянальнага. У кіно як індустрыі яго няма, якія б вонкавыя прыкметы нацыянальнага там ні прысутнічалі. У дакументальнай праграме, старанна і з густам адабранай Ірынай Дзям’янавай, сапраўдным экспертам у гэтай галіне, не адзін, а два фільмы атрымалі ўзнагароды. Гэта «Афганістан. Я памятаю» Халімы Хасанавай і «Скрыжаванне» Анастасіі Мірашнічэнка.

Героі карціны Хасанавай -- беларускія ветэраны афганскай вайны. Для іх выкананне інтэрнацыянальнага доўгу не засталося ўспамінамі, у душы кожнага тыя падзеі жывуць і сёння. У стужцы праз канкрэтныя лёсы паўстае праўда аб трагізме вайны і чалавечай мужнасці, праўда, якая патрэбна не толькі ім, але і ўсім нам. Кожны афганец прайшоў праз кроў, боль і пакуты -- кожны варты памяці і павагі. Калі пасля фільма героі выйшлі на сцэну, гледачы ў зале віталі іх стоячы.

Фільм Анастасіі Мірашнічэнка -- пра мясцовую славутасць Гомеля, бяздомнага блакітнавокага дзядка, які з пункту гледжання мінакоў малюе «карцінкі», а з пункту гледжання мастацтвазнаўцаў з'яўляецца сур’ёзным і самабытным мастаком. Змяняюцца поры года, праходзяць міма людзі і лёсы, а жыццё яго, героя, існуе на «скрыжаванні».

На адным з брэсцкіх фестываляў нацыянальнага кіно, дзе старшынёй журы быў вядомы кінарэжысёр Алі Хамраеў, Гран-пры не быў уручаны ніводнаму ігравому фільму. Яго атрымаў наш дакументаліст Ігар Бышнёў за карціну «Апошнія арлы» -- сціплую, знятую ў стылістыцы навукова-папулярных стужак. Але яна мела глыбінны падтэкст. Карціна «Скрыжаванне», на мой погляд, мае той жа патэнцыял.

Ігар Волчак, прызнаны мэтр беларускай анімацыі, стаў уладальнікам галоўнага прыза ў гэтым відзе кінематографа за стужку «Ронда-капрычыёза». Яна іранічная, прасякнутая разнастайным і дакладным гукавым акампанементам. Вытанчаная карціна «Шапэн. Казкі старога піяніна» Ірыны Кадзюковай, яшчэ аднаго вядомага майстра, была адзначана дыпломам. Атрымліваецца, нашы дакументалістыка і анімацыя -- па-ранейшаму тыя віды кіно, дзе беларускія рэжысёры ўпэўнена і прафесійна лідзіруюць, іх дасягненні годна адпавядаюць агульнасусветнаму кінематаграфічнаму кантэксту.

Не магу не згадаць стужкі нашых дакументалістаў, якія таксама былі ўганараваны дыпломамі конкурсу. Гэта Юры Гарулёў з карцінай «Прайграная гісторыя. Вяртанне ў Бішафсверду», дзе асабістая памяць аўтара і памяць гістарычная ўтвараюць непарыўнае адзінства. Гэта Уладзімір Луцкі і яго «Хроніка мінскага гета» з вядомага цыкла рэжысёра Уладзіміра Бокуна «Зваротны адлік».

Стужка «Баба, Ваня і каза» рэжысёра Дар’і Юркевіч (яна скончыла нашу Акадэмію мастацтваў, а потым працягвала навучанне ў Францыі) таксама была адзначана дыпломам журы як лепшы кароткаметражны ігравы фільм. У ім удала спалучаецца стылістыка розных відаў кіно, адчуваецца ўласны погляд на рэальнасць. Хочацца спадзявацца, што творчыя перспектывы Дар'і Юркевіч будуць звязаны з айчынным кінематографам. Як і тое, што на будучым «Лістападзе» прыз лепшаму ігравому беларускаму фільму ўсё-такі будзе ўручаны.

 

Калі ў нашай рэспубліцы ўзнікне кінаіндустрыя, дык яна сама адужае мноства праблем, якія раней вырашала дзяржава. Чым больш магутнай апынецца такая індустрыя, тым больш вялікім будзе прыток таленавітых людзей, карцін, дэбютаў, адукацыйных ініцыятыў. І адпаведна -- больш інтэнсіўны рух нацыянальнага кінематографа.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА