Старыя фільмы з новай музыкай

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

Творчы праект «Кінемо»
У межах творчага праекта «Кінемо» ў сталічным кінатэатры «Масква» цягам трох тыдняў па пятніцах ішлі нямыя фільмы пачатку ХХ стагоддзя. Здавалася б, ну і што з таго? Якое дачыненне яны маюць да нашай нацыянальнай культуры? Адказ просты: музыку да іх стварылі маладыя айчынныя кампазітары. І гучала яна цалкам жыўцом. Прычым як у камерна-інструментальным варыянце, калі за раялем ці сэмплерам знаходзіўся кампазітар, так і ў аркестравым, калі творы выконваліся Музычнай капэлай «Санорус» на чале з дырыжорам Аляксандрам Хумалой.

Апошняя з паказаных стужкак «Жылец: гісторыя лонданскага туману» Альфрэда Хічкока з жывым аркестравым саўнд-трэкам сталася сапраўднай кульмінацыяй праекта. Дакладней -- адной з кульмінацый. Бо само «Кінемо» мае куды больш працяглую гісторыю. Гэта вынік сумесных намаганняў удзельнікаў праекта «Сіnемаscоpe» і Асацыяцыі маладых беларускіх кампазітараў. Праект доўжыцца ўжо другі год і нават выйшаў на міжнародны ўзровень. А калі раней і не меў такога шырокага грамадскага розгаласу, дык толькі таму, што ладзіўся ў больш камернай абстаноўцы -- ва ўнутраным дворыку Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура. Па-за межамі сталіцы, на «Прызба-фэсце» ў Белавежскай пушчы, да беларускіх кампазітараў далучыліся замежныя музыканты, не толькі выканаўцы, але і імправізатары з Германіі, Польшчы, Украіны.

Інфармацыя пра летнія прагляды стужак у музеі Азгура распаўсюджвалася найперш праз сацыяльныя сеткі, якімі так любіць карыстацца моладзь. Разлік менавіта на такую публіку меў, да ўсяго, яшчэ і асветніцка-выхаваўчы аспект. Бо праект «Кінемо», што абсалютна відавочна, фарміруе гістарычнае мысленне, якога так не хапае ўсім нам і асабліва маладому пакаленню. З аднаго боку, моладзь знаёміцца са старымі стужкамі. З другога -- з сучаснай музыкай. З трэцяга – уласна з айчыннымі кампазітарамі, сярод якіх ёсць і ўжо знакамітыя, і яшчэ не надта вядомыя нават у прафесійных колах. Гэта адзін з ініцыятараў «Кінемо» Вольга Падгайская, старшыня Асацыяцыі маладых беларускіх кампазітараў Канстанцін Яськоў, кампазітар Віталь Дарашук, нядаўні выпускнік і цяпер выкладчык Беларускай акадэміі музыкі Максім Круглы, аспірант гэтай навучальнай установы Юрый Цалко, сёлета прынятая ў Беларускі саюз кампазітараў Алена Гуціна.

Выяўленне кампазітарскіх індывідуальнасцей у музыцы да нямога кіно -- тэма, прыдатная нават для навуковых даследаванняў. Але ўжо цяпер зразумела, што ўдзел у праекце значна паўплываў на кожнага з кампазітараў, дапамог выпрацоўцы ў іх драматургічнага мыслення. Не засталіся ўбаку і аркестранты: аркестр «Саноруса» цудоўна справіўся з найскладанай партытурай Вольгі Падгайскай, выявіў здольнасць імгненна рэагаваць на дырыжора, які паралельна сачыў за экранам (дадамо, што Хумала ўжо мае вопыт працы ў оперных і музычных тэатрах Еўропы). Да ўсяго ў кінатэатры дэманстравалася крыху іншая версія фільма, на 15 хвілін даўжэйшая за тую, да якой стваралася музыка першапачаткова. Таму дадатковыя нотныя старонкі калектыў атрымаў літаральна перад выступленнем.

-- Для гэтага паказу, -- распавёў Георгій Глік, вядучы адміністратар аддзела інфармацыі і рэкламы кінавідэапракату Мінгарвыканкама, каардынатар праекта «Сіnемаscоpe», часткай якога і стала цяперашняя праграма «Кінемо III», -- мы дамаўляліся з Вялікабрытаніяй, з архівам, дзе адрэстаўравалі ўсе захаваныя стужкі Хічкока. Але рабіць такія праекты неабходна: без мінулага няма цяперашняга, а тым больш -- будучыні. Іншая справа, у якой форме прадстаўляць старыя карціны. Здараецца, цалкам перадаць тую атмасферу, у якой яны калісьці паказваліся, папросту немагчыма. Дзесьці музыка захавалася, дзесьці не, бо тагачасныя запрошаныя музыканты, гледзячы на экран, імправізавалі. Але ўсё роўна, калі аднаўляць тую музыку, узнікне адчуванне архіву. Безумоўна, такія максімальна «аўтэнтычныя» паказы таксама патрэбны. Але любое мастацтва жыве далейшым развіццём, пераасэнсаваннем ранейшых здабыткаў. І спалучэнне гэткага сусветнага арт-хаўса з творчым поглядам на яго маладых беларускіх кампазітараў надае кінатворам новае дыханне: часам зменіць акцэнты, дапаможа штосьці ўбачыць па-новаму. Праз музыку можна засяродзіць увагу гледача на дэталях, актуальных сёння. Усё гэта і ёсць тое «новае прачытанне», якім так ганарыцца, да прыкладу, тэатр. Звычайна падкрэсліваюць, што тэатр -- мастацтва жывое, у адрозненне ад кіно. Але дзякуючы такім праектам, як «Кінемо», са старых стужках знікае архіўны пыл.