Сучасныя і нямодныя героі Лопэ дэ Вега

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

Балет «Лаўрэнсія»
Гэты спектакл можна разглядаць як міжнародны праект, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі чатырох краін. Як працяг супрацоўніцтва нашага тэатра з выдатнай балерынай сучаснасці Нінай Ананіяшвілі. Як харэаграфічнае ўвасабленне літаратурных твораў даўно мінулых часоў. Або як зварот да спадчыны Вахтанга Чабукіяні, аднаго з буйнейшых дзеячаў грузінскага і савецкага балетнага тэатра.

 

У любым выпадку гледачу і чытачу цікава, што ж у рэшце рэшт атрымалася. Пачнём з літаратурнай асновы. Лопе дэ Вега, класік іспанскай і сусветнай драматургіі, напісаў вялізную колькасць п'ес -- дзве тысячы. Да нас дайшло крыху больш за 400. Сярод найбольш вядомых -- «Валенсіянская ўдава», «Дурнічка», «Вынаходлівая закаханая», «Авечая крыніца», «Сабака на сене», «Настаўнік танцаў». Жыццё самога Лопе дэ Вега нагадвае авантурны раман, у якім шмат неспадзяваных паваротаў. Мо невыпадкова рэжысёраў ягоныя п’есы вабілі вострай інтрыгай, дынамікай дзеяння, дасціпнасцю мовы?

Вядома, стварэнне «Лаўрэнсіі» пры канцы 1930-х гадоў як гераічнага балета, дзе галоўным героем з’яўляўся народ, што паўставаў супраць феадалаў, было замовай савецкай эпохі. На выбар назвы і тэмы паўплывала цікавасць тагачаснага грамадства да грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

Цяпер пра музыку. Партытура «Лаўрэнсіі» належыць да найбольш значных сачыненняў кампазітара Аляксандра Крэйна. Яна зрабілася асновай безлічы сцэнічных увасабленняў у розных тэатрах і краінах. Уражвае спіс гарадоў, дзе ставілася «Лаўрэнсія» (з ягонай музыкай, але ў прачытанні розных харэографаў): іх не менш за два дзясяткі. Ёсць у пераліку і Мінск, дзе папярэднюю версію спектакля ажыццявіў Сямён Дрэчын (1955). Значыць, хапае ў партытуры прывабных якасцей. У іх ліку -- яркасць аркестравых фарбаў, меладызм, дынаміка дзеяння і тонкае адчуванне адметнасці іспанскіх танцаў, якімі кампазітар захапляўся і якія вывучаў. Іншая справа, што Крэйн, прабачце, усё-такі не Чайкоўскі, не Рахманінаў і не Адан. У аркестроўцы часам зашмат пафасу і гучнасці, уласцівых творам менавіта савецкай эпохі. Хапае барабанаў і літаўраў -- толькі не ў прамым, а ў пераносным сэнсе. Але дух Іспаніі, яе імклівыя танцы, тэмперамент жыхароў, агнявыя пачуцці і пэўная змрочнасць страсцей у музыцы ўвасоблены.

Наступны складнік -- пластычная партытура. Трэба хоць крыху ведаць асобу славутага танцоўшчыка і харэографа Вахтанга Чабукіяні, каб зразумець, што за аднаўленне спектакля, пастаўленага ім, Ніна Ананіяшвілі не магла брацца без піетэту і трапяткога стаўлення. Пра маштаб таленту Чабукіяні сведчыць тая акалічнасць, што 2010-ы, у сотую гадавіну ягонага нараджэння, ЮНЕСКА аб'явіла годам Чабукіяні. Уяўленне пра яго выканальніцкія магчымасці можна і цяпер скласці, зазірнуўшы ў інтэрнэт. Пяціхвілінны відэафрагмент, запіс славутага па-дэ-дэ з «Баядэркі», зроблены ў 1958-м, і сёння ўражвае. Салора і Нікію ўвасабляюць Чабукіяні і Наталля Дудзінская. Танцоўшчыку амаль пяцьдзясят. Ён выглядае рамантычна: гнуткі, як малады антычны бог, дынамічны ў скачках, яго вярчэнні здаюцца бясконцымі.

Выканаўчы талент артыста і яго пастаноўкі сцвярджалі неверагодныя магчымасці мужчынскай харэаграфіі. Агульнавядома, што дзейнасць Чабукіяні вывела мужчынскі танец на прынцыпова іншы ўзровень. Гэта датычыць і «Лаўрэнсіі». Харэограф двойчы паставіў спектакль у Кіраўскім тэатры (1939 і 1955). У 1956-м -- у Вялікім тэатры Масквы. У 1948-м і 1978-м -- у Тбілісі. У 1970-м -- у Будапешце. Вера Красоўская, адзін з буйнейшых расійскіх гісторыкаў балета, лічыла, што «Лаўрэнсія» засталася адной з вяршынь савецкай харэаграфіі.

Партыю Франдоса, закаханага ў Лаўрэнсію, а потым яе жаніха, Чабукіяні сачыняў у разліку на ўласныя віртуозныя тэхнічныя магчымасці. Пазней яго выкананне зрабілася ўзорам для іншых артыстаў. Неверагоднай дынамікай і энергіяй прасякнута ўся харэаграфія «Лаўрэнсіі», дзе танец класічны і іспанскі паяднаны гарманічна і натуральна, калі кананічная пластыка афарбавана, «інкруставана» адметнасцю лексікі танца народнага. У новай мінскай «Лаўрэнсіі» сапраўдны россып характарных танцаў. Іх каштоўнасць для калектыву ўвогуле і асобных выканаўцаў у тым, што тут іншы малюнак і тэхніка. У сучасных пастаноўках іх няма, таму майстэрства выканання характарнага танца ва ўсім свеце паступова знікае.

Наша балетная трупа ўдала засвоіла віртуозную і шмат у чым нязвыклую пластычную партытуру «Лаўрэнсіі». Ніна Ананіяшвілі распавядала: на шчасце, захаваліся экземпляры клавіра балета з пазнакамі мізансцэн, зробленымі харэографам. І яна сама, і яе асістэнты (грузінка Кацярына Шаўліяшвілі і наш Ігар Артамонаў) дбайна ішлі за гэтымі запісамі.

Піетэт да спадчыны зразумелы. Але што выклікае пярэчанне, дык гэта вырашэнне вобраза камандора Гомеса, «сексуальна заклапочанага» нягодніка, багатага землеўладара. Ён -- асноўны адмоўны герой, з-за якога ў спектаклі ўвесь сыр-бор і разгарэўся. У свой час Чабукіяні вырашыў гэты вобраз праз пантаміму -- у адпаведнасці з тагачаснымі правіламі. Аднак цяпер такі герой выглядае плакатным. Яго брутальнасць ствараецца хутчэй інтрыгай, тэатральнымі эфектамі, рэакцыяй тых, хто вакол. У дадатак усе вакол танцуюць, а Гомес і яго служкі толькі ходзяць. Майстэрства абодвух выканаўцаў ролі, Юрыя Кавалёва і Антона Краўчанкі, іх здольнасць ствараць яскравыя вобразы маглі справакаваць на больш сучаснае харэаграфічнае рашэнне. Што датычыць узаемаадносін ахвяр і гвалтаўнікоў, дык сцэна Хасінты і двух слуг Гомеса міжволі нагадвае, прабачце за выраз, нейкую «групавуху». Мо да таго і не імкнуліся, але ў выніку атрымалася досыць вульгарна. Неабходнае ў дадзеным выпадку адчуванне жудасці і агіды (у дачыненні да прадстаўнікоў іспанскай улады) можна было б дасягнуць якімі-небудзь іншымі сродкамі.

Што да іншых герояў, дык яны атрымаліся рамантычнымі і і шматфарбнымі, багатымі на адценні эмоцый. Дзве пары вядучых выканаўцаў па-рознаму інтэрпрэтуюць сваіх персанажаў. У абліччы Лаўрэнсіі -- Людмілы Хітровай і Франдоса -- Канстанціна Героніка вабяць лірызм, шчырасць юнацкіх пачуццяў. Хітрова паступова расце -- ад сезона да сезона, хутка засвойваючы вядучыя партыі. Але ўпэўнена ў галоўнай ролі глядзіцца і Геронік, якога часцей даводзілася бачыць у вобразах герояў характарных.

Героі Вольгі Гайко і Ігара Аношкі паўстаюць больш дарослымі і сталымі. Гайко -- балерына выключнага сцэнічнага тэмпераменту, нездарма сярод яе лепшых тэатральных здабыткаў -- партыі Адыліі, Зарэмы, Нікіі. Таму верыш ператварэнню гарэзнай і какетлівай паненкі ў дзяўчыну зняважаную, тую, якая ўздымае аднавяскоўцаў на бунт і становіцца на чале паўстання. Экспрэсіўная пластыка салісткі ў гэтым пераконвае. Камедыйную пару, Паскуалу і Менга, з відавочным задавальненнем увасабляюць Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў.

Тэма барацьбы народа супраць прыгнятальнікаў, актуальная ў першай палове мінулага стагоддзя, на маю думку, страціла сваю вастрыню ў ХХІ. У новай мінскай «Лаўрэнсіі» на першы план выходзяць іншыя матывы. Спектакль -- пра ненатуральнасць зла, пра патрэбу змагацца супраць яго, адстойваючы ўласнае шчасце. Пра непрымальнасць гвалту ў дачыненні да жанчыны, а гэтая тэма актуальная на ўсе часы. Ён і пра тое, што жанчына -- асоба часам больш рашучая і смелая ў параўнанні з прадстаўнікамі моцнай паловай чалавецтва.

Колькі словаў наконт візуальнага вырашэння прасторы.  Апошнія сезоны сведчаць: сцэнографы надзвычай захоплены тымі магчымасцямі, якія дае праекцыя. Але часам відэа аж зашмат! Таму вяртанне да традыцыйнага маляванага жывапісу (мастак Давід Манавардзішвілі) успрымаецца з радасцю. Колер і нават фактура дэкарацый ствараюць адчуванне ўтульнасці, абжытасці прасторы ў народных сцэнах або халоднай велічы ў апошняй карціне, замку Гомеса.

Запрашэнне Аляксандра Васільева, вядомага гісторыка моды, у якасці мастака па касцюмах, правамернае. Яго імя дадае папулярнасці пастаноўцы. Але Васільеў прапанаваў і шмат арыгінальных рашэнняў сцэнічнага адзення. Колькі за жыццё я пабачыла цыганскіх і іспанскіх танцаў! Здавалася б, немагчыма нечым здзівіць! Але цыганскія касцюмы ў 2-й дзеі -- фантастычна прыгожыя. Неверагодна эфектныя сукенкі жаночага кардэбалета, нечаканы колер многіх касцюмаў. Хто думаў, што аксамітныя персікавыя нагавіцы або блакітная сукенка могуць глядзецца на сцэне так выразна?! Дарэчы выкарыстанне карункаў, вышыўкі, грэбняў. Ідэя даць у рукі кастаньеты ўсяму кардэбалету, а не толькі салістам, таксама належыць мастаку па касцюмах. Гэта штрых, які дадае пастаноўцы водар аўтэнтыкі. Адзіная заўвага вядучаму «Моднага прысуду». Сукенка Лаўрэнсіі на пачатку балета павінна быць больш яркай. Аранжавы колер прысутнічае ў вопратцы Гайко, але адзенне Хітровай занадта светлае. Калі сядзіш не блізка, не адразу разумееш: дзе Лаўрэнсія, а дзе яе сяброўка Паскуала? Колерава гераіня губляецца на стракатым фоне.

Увогуле спектакль атрымаўся эфектным і відовішчным. Толькі відовішча гэтае, з прыкметамі і цырка (што такое балетныя варыяцыі, як не цыркавыя нумары з павышанай фізічнай рызыкай?), і шоу (а наяўнасцю элементаў шоу і тлумачыцца стойкая цікавасць гледача да балета), адрасавана ўсё-такі больш дасведчанай частцы публікі.

 

Ды толькі размову пра новую «Лаўрэнсію» хацелася б завяршыць нечаканым і крыху мінорным пасажам. На прэм’еры, калі зала горача апладзіравала і крычала «брава», я міжволі пазайздросціла творчаму ўзаемаразуменню грузінскай пастановачнай групы, яе імпэту і жаданню аднаўляць, папулярызаваць у свеце спадчыну свайго выдатнага харэографа. Падумалася: а ці ёсць у даваеннай або пасляваеннай гісторыі нашага музычнага тэатра творы, якія будуць актуальнымі і цікавымі сучаснай публіцы? А калі ёсць, то якія? А галоўнае, ці могуць беларускія творцы гэтак жа аб’ядноўцца, «прасоўваючы» ў свеце сваё?

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі