Не сядзець -- глядзець!

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

Праект "Пастулат" Беларускага саюза дызайнераў
Праект, што дэманструе калекцыю крэслаў у аўтарскім выкананні, быў запушчаны два гады таму: першая выстава «Пастулата» адбылася ў мінскай галерэі «Універсітэт культуры».

У 2013 годзе ён быў паказаны ў Вільні, Варшаве, Таліне. Сёлета крэслы запоўнілі экспазіцыйныя залы галерэі «Універсітэт культуры». Цяжка ўявіць, што яны «збеглі» туды з мэблевай крамы, калі толькі тая не знаходзіцца ў паралельнай рэальнасці. Нават крэслы, што выглядаюць прыдатнымі для традыцыйнага ўжывання, не падобныя да тых, якімі мы прывыклі карыстацца. Яны незвычайнай формы, з нечаканага матэрыялу, таму выклікаюць сумнеў і... інтарэс.

На выставе ўзнікае ўражанне, што сусвет круціцца вакол крэсла. Прынамсі ў гэтай прасторавай кропцы так яно і ёсць. Крэсла тут можна пабачыць у якасці аб’екта фатаграфіі, графікі, жывапісу, у натуральную велічыню і ў мініяцюры, у інсталяцыях, макетах і прататыпах. Паводле асаблівасцей метамарфоз вылучаюцца крэслы стылізаваныя, падпарадкаваныя канцэпцыі, асэнсаваныя па-філасофску і практычна, іранічна і метафарычна, нават апасродкавана адушаўлёныя -- з пазнакамі рысаў чалавечага характару ды полу.

Так, побач з каркасным «Хол-стулам “1984”» Віталя Яварчука -- «Табурэтаўка. Тара-табурэт» Аляксея Суровага, што ўяўляе з сябе скрыню з дошак, унутры якой, пад сядзеннем, -- бутэлькі. Змрочнае «Нядрэмнае вока Саўрона» Івана Пісарыка суседнічае з адмыслова «перакручаным» (на дзвюх ножках стаіць, дзве ўзнімае ўгору) безназоўным зэдлікам Генадзя Катлінскага. Літаральна «вылепленае» з валёнкаў крэсла «Дзед Панкрат» Дзмітрыя Сурскага і Дзяніса Трапашкі. На мультымедыйным экране дэманструецца мадэль «адсутнага» крэсла -- «крэсла-прывід» дызайнераў Максіма Кудрашова і Алега Чарнышова. Фокус у тым, што контуры крэсла ствараюцца пустэчамі ў паралелепіпедзе. Парадаксальным чынам дэкларуецца існаванне крэсла, якога няма.

Куратар «Пастулата», старшыня Саюза беларускіх дызайнераў Дзмітрый Сурскі распавядае: «Калі шчыра, гэтым разам мы пусцілі праект крыху на самацёк, каб паназіраць, што ў выніку атрымаецца. Гэтая выстава больш сціплая па маштабах за папярэднюю. Аднак толькі таму, што мінулая акумулявала дасягненні ранейшых дзесяці-пятнаццаці гадоў. Яна была першай, прысвечанай гэтаму аб’екту. Тады экспанаваліся такія выдатныя творы, як сусветнавядомае крэсла Цэслера, драўлянае крэсла Ігара Герасіменкі, крэсла-сундук Юрыя Мяккага, крэсла знакамітага архітэктара Раміля Маскова, зробленае для рэстарана «Заслаўе», аб'ект скульптара Валянціна Борздага. Цяпер працы ствараліся спецыяльна для выставы. Адзіны даўні экспанат, які ў апошні момант выпадкова сюды трапіў, гэта «Зэдлік» Генадзя Хацкевіча. Рыхтуючы выставу, мы прытрымліваліся старой ідэі -- прадставіць крэсла ў трох іпастасях: як утылітарны прадмет, як арт-аб’ект і як вобраз у выяўленчым мастацтве. Раней праект быў міжнародным. Сёлета планавалі выставіць польскія крэслы, ды не ўдалося праз фінансавыя акалічнасці. Але ўсё роўна было шмат выразных, цікавых знаходак. Практычна нікому ва ўдзеле не адмовілі. Праўда, хацелася б у некаторых працах з сімпатычным рашэннем бачыць больш якасці выканання». Маецца на ўвазе арт-аб’ект «Крэсла з гафрыраванага кардона» Гурбана Атаева. Дарэчы, з ім можа здарыцца тое ж самае, што і з крэслам «Біёнік» Ігара Салаўёва. На мінулым «Пастулаце» яно прысутнічала ў белым гіпсе, а цяпер экспануецца дапрацаваным, пафарбаваным і мае «дарагі» выгляд. Адпаведна на будучым «Пастулаце» ёсць шанец пабачыць ужо не дэма-версію, а «чыставы», завершаны варыянт крэсла Гурбана Атаева і з іншай назвай.

Дзмітрый Сурскі прызнаецца, што да гэтага часу сабралася немалая калекцыя, якая дае падставы адчыніць у Мінску музей крэслаў. Ён можа выконваць функцыі шоу-рума, прымаць замовы ад пакупнікоў на копіі выстаўленых прадметаў, прадаваць паменшаныя версіі экспанатаў у якасці сувеніраў.

Можна бясконца разважаць пра крэсла, якое з'яўляецца і прадметам для натхнення мастака ці дызайнера, і часткай пэўнага інтэр’ера, і носьбітам прыкмет часу, эпохі, краіны. Як і паказчыкам сацыяльнага статусу свайго ўладара, яго густу ці звычак. Пакажы мне сваё крэсла, і я скажу, хто ты... У творчага чалавека заканамерна ўзнікае спакуса пагуляцца з папулярным вобразам, пакруціць яго па-рознаму і, можа стацца, прыдумаць унікальную рэч, канвертаваць канцэпт у твор мастацтва, які з імем аўтара стане бессмяротным і будзе згадвацца ў адным шэрагу з крэсламі Эндзі Уорхала і Гюнтэра Юкера.

Аднак не менш пачэсна і карысна сканструяваць варыянт не-эксклюзіўнага, не-музейнага крэсла -- стыльны, эрганамічны, максімальна функцыянальны, а галоўнае -- даступны прадмет, які любы зможа набыць за прымальны кошт з мэтай і пасядзець на ім, і паглядзець на яго, то-бок -- палюбавацца. У Ільфа і Пятрова падчас апісання мэблевага музея згадваецца фатэль, у які «хацелася зараз жа сесці, але сядзець у ім забаранялася». Здаецца, іншым разам дазвол не зашкодзіць. І не будзе расцэнены як блюзнерства.

 

Жарт, але праўда: «вечная» тэма крэсла.

Паліна ПІТКЕВІЧ