Рычард Смольскі: "Рухавік творчага развіцця"

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Даўно пераканаўся, што тэатральныя дзеячы -- людзі не толькі станоўчай духоўнай ментальнасці, але яшчэ і даволі вынаходлівыя, якія з любой складанай сітуацыі заўсёды знойдуць выйсце. Сведчаннем таму -- шматвяковая гісторыя айчыннага тэатра, у тым ліку і гісторыя сучасная.

 /i/content/pi/mast/6/145/Smolsky1.jpg
Напрыклад, у пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя нечакана і рэзка спынілася актыўная гастрольная дзейнасць, абарваліся трывалыя, шматстайныя і надзвычай плённыя тэатральныя сувязі на прасторы былога СССР… У выніку многія тэатральныя калектывы апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Зразумела, гэта не магло не адбіцца самым адмоўным чынам на творчым і псіхалагічным самаадчуванні дзеячаў сцэнічнага мастацтва ўсіх пакаленняў: і сталых, і маладых. Сярод людзей тэатральнага свету пачаліся размовы (і не без падстаў!) пра сістэмны крызіс драматычнага мастацтва, яго незапатрабаванасць грамадствам і дзяржавай.
Мне думаецца, што з цягам часу вучоныя грунтоўна і ўсебакова даследуюць той складаны перыяд у гісторыі айчыннага тэатра. Сёння ж магу засведчыць толькі адно: як і заўсёды, беларускія тэатральныя рупліўцы знайшлі выйсце з той драматычнай сітуацыі. Варта адзначыць, што мастацкім кіраўнікам, галоўным рэжысёрам, дырэктарам тэатраў у той час дапамогу аказалі Міністэрства культуры нашай краіны, творчыя саюзы, абласныя ўпраўленні культуры, іншыя дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі. Я маю на ўвазе сапраўды гістарычную падзею, якую стварылі агульнымі намаганнямі, -- зараджэнне ў сярэдзіне 1990-х гадоў нацыянальнага фестывальнага руху. Маладзечна, Мінск, Гомель, Брэст, Гродна, Бабруйск, Магілёў, Віцебск у розныя гады сталі месцамі правядзення самых разнастайных тэатральных фэстаў -- рэгіянальных, рэспубліканскіх, міжнародных. Сярод тых апантаных энтузіястаў, што ўзялі на свае плечы цяжар клопатаў і адказнасці за правядзенне тэатральных фестываляў, хачу прыгадаць Мікалая Яроменку, Аляксея Дударава, Аляксандра Козака, Міхаіла Шавеля, Валянціну Рагоўскую, Яўгена Клімакова, Антаніну Міхальцову, Вадзіма Дапкюнаса, Вацлава Валадзько і іншых таленавітых рупліўцаў
 /i/content/pi/mast/6/145/Smolsky2.jpg

 "Паляванне на качак" А.Вампілава. Маскоўскі мастацкі тэатр
імя А.Чэхава (Расія).

беларускай тэатральнай справы. Менавіта яны стаялі ля вытокаў сучаснага беларускага тэатральнага фестывальнага руху, які сёння атрымаў надзвычай плённы працяг. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць і Міжнародны тэатральны фестываль «Панарама», якія сёлета трэці раз пройдзе ў Мінску.
Тэатральны фестываль -- гэта не толькі свята для майстроў сцэны і гледачоў, але яшчэ і магутны рухавік творчага развіцця, своеасаблівы генератар новых тэатральных ідэй і рэжысёрскіх канцэпцый; гэта месца гарачых дыскусій пра лёс сучаснага сцэнічнага мастацтва і яго будучыню. На тэатральных фэстах запальваюцца новыя «зоркі» драматургаў, рэжысёраў, акцёраў, сцэнографаў, кампазітараў, крытыкаў і іншых дзеячаў сцэны. Адным словам, беларускі тэатр ХХІ стагоддзя ўжо нельга ўявіць без фестывальнага руху. Значыць, усім, хто мае дачыненне да айчыннай тэатральнай справы, наканавана і надалей займацца арганізацыяй разнастайных тэатральных фестываляў. Бо ўжо не трэба нікому даказваць, што прэстыжны міжнародны тэатральны фестываль (напрыклад, «Белая Вежа» ў Брэсце, «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Гомелі, «Панарама» ў Мінску і інш.) -- гэта не толькі ўласна тэатральная падзея, але і культуралагічная, і палітычная, якая эфектыўна працуе на стварэнне адпаведнага іміджу Беларусі.
У фестывальнага руху ёсць будучыня.

                                                                                                   Рычард СМОЛЬСКІ,
                                                                             рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў,
                                    старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкай крытыкі