Мне думаецца, што з цягам часу вучоныя грунтоўна і ўсебакова даследуюць той складаны перыяд у гісторыі айчыннага тэатра. Сёння ж магу засведчыць толькі адно: як і заўсёды, беларускія тэатральныя рупліўцы знайшлі выйсце з той драматычнай сітуацыі. Варта адзначыць, што мастацкім кіраўнікам, галоўным рэжысёрам, дырэктарам тэатраў у той час дапамогу аказалі Міністэрства культуры нашай краіны, творчыя саюзы, абласныя ўпраўленні культуры, іншыя дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі. Я маю на ўвазе сапраўды гістарычную падзею, якую стварылі агульнымі намаганнямі, -- зараджэнне ў сярэдзіне 1990-х гадоў нацыянальнага фестывальнага руху. Маладзечна, Мінск, Гомель, Брэст, Гродна, Бабруйск, Магілёў, Віцебск у розныя гады сталі месцамі правядзення самых разнастайных тэатральных фэстаў -- рэгіянальных, рэспубліканскіх, міжнародных. Сярод тых апантаных энтузіястаў, што ўзялі на свае плечы цяжар клопатаў і адказнасці за правядзенне тэатральных фестываляў, хачу прыгадаць Мікалая Яроменку, Аляксея Дударава, Аляксандра Козака, Міхаіла Шавеля, Валянціну Рагоўскую, Яўгена Клімакова, Антаніну Міхальцову, Вадзіма Дапкюнаса, Вацлава Валадзько і іншых таленавітых рупліўцаў
"Паляванне на качак" А.Вампілава. Маскоўскі мастацкі тэатр |
Тэатральны фестываль -- гэта не толькі свята для майстроў сцэны і гледачоў, але яшчэ і магутны рухавік творчага развіцця, своеасаблівы генератар новых тэатральных ідэй і рэжысёрскіх канцэпцый; гэта месца гарачых дыскусій пра лёс сучаснага сцэнічнага мастацтва і яго будучыню. На тэатральных фэстах запальваюцца новыя «зоркі» драматургаў, рэжысёраў, акцёраў, сцэнографаў, кампазітараў, крытыкаў і іншых дзеячаў сцэны. Адным словам, беларускі тэатр ХХІ стагоддзя ўжо нельга ўявіць без фестывальнага руху. Значыць, усім, хто мае дачыненне да айчыннай тэатральнай справы, наканавана і надалей займацца арганізацыяй разнастайных тэатральных фестываляў. Бо ўжо не трэба нікому даказваць, што прэстыжны міжнародны тэатральны фестываль (напрыклад, «Белая Вежа» ў Брэсце, «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Гомелі, «Панарама» ў Мінску і інш.) -- гэта не толькі ўласна тэатральная падзея, але і культуралагічная, і палітычная, якая эфектыўна працуе на стварэнне адпаведнага іміджу Беларусі.
У фестывальнага руху ёсць будучыня.
Рычард СМОЛЬСКІ,
рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў,
старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкай крытыкі