Энергія руху

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

Тэатр
Заўважныя зрухі, якія напрыканцы адыходзячага года адбыліся ў айчынным тэатры, для многіх былі нечаканымі. Што само па сабе дзіўна і сведчыць хутчэй аб агульнай разбалансаванасці тэатральнай справы. Але ў жыцці нішто не здараецца раптам. І закон назапашвання энергіі яшчэ ніхто не адмяняў.

2014-ты распачынаўся гучна. На піку спрэчак і дыскусій апынуўся спектакль «Пан Тадэвуш» паводле Адама Міцкевіча Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, які адразу ж пабіў усе рэкорды па колькасці меркаванняў выказаных у інтэрнэце. Смелая спроба ўзняць сцэнічна неўздымны паэтычны матэрыял (не дапамог і зорны склад выканаўцаў) сталася даволі праблематычнай. У Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа Валерый Анісенка паставіў «Пахавайце мяне пад плінтусам» паводле Паўла Санаева. Цягам года спектакль, нягледзячы на відавочную мастацкую другаснасць, збіраў станоўчыя водгукі крытыкі і быў паказаны падчас III Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Ацэнкі атрымаў самыя розныя.

У Цэнтры беларускай драматургіі адбываліся чыткі, на якіх былі прадстаўлены п’есы новай генерацыі айчынных драматургаў — Сяргея Анцэлевіча, Андрэя Іванова, Анатоля Шпаратава, Віктара Красоўскага, Андрэя Саўчанкі... Чыткі карысталіся нязменнай цікавасцю ў ініцыятыўнай часткі тэатральнай моладзі. Думаю, мы яшчэ ацэнім іх непасрэдны ўплыў на агульны працэс.

У Гродзенскім абласным тэатры плённа працаваў рэжысёр Генадзь Мушперт, у Магілёўскім — вытанчаны і адмысловы Саўлюс Варнас. Лялечнікі па чарзе прэзентавалі беларускай публіцы тэатральныя шэдэўры. Алег Жугжда, Аляксей Ляляўскі, Аляксандр Янушкевіч, Ігар Казакоў — самы час казаць пра сапраўдны лялечны «бум». Свой важкі ўнёсак у здабыткі года зрабіў Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. Яго афішу ўпрыгожыла містэрыя «Дон Жуан» Жана-Баціста Мальера. Адзін з лепшых піцерскіх рэжысёраў Анатоль Праўдзін разгарнуў сваю пастаноўку ў нязвыклым для купалаўцаў фармаце. Трапяткая, зіхатлівая атмасфера павольнай плынню пералівалася з эпізоду ў эпізод, перамяжоўвалася жарсцямі, аздаблялася лёгкай і палётнай іроніяй, шчымлівым сумам, яркімі акцёрскімі ўвасабленнямі. Пры гэтым выканаўцы галоўных роляў Павел Харланчук-Южакоў і Віктар Манаеў паўставалі зусім у новай і нечаканай якасці.

Паміж прэм’ерамі, якіх цягам года адбылося не вельмі шмат, палягалі міжнародныя фестывалі — «М.арт кантакт» і «Белая Вежа». Сёлета яны ўразілі тэатральнымі шэдэўрамі. Займець у фестывальную афішу спектакль Рымаса Тумінаса, рэжысёра, які знаходзіцца на вяршыні сусветнай славы, вядома ж, няпроста. Тэатральнае шчасце ў сакавіку зведалі магілёўскія гледачы. «Містрас» Марыўса Івашкявічуса Дзяржаўнага вільнюскага малога тэатра быў дасканалым ва ўсіх адносінах. Высокі ўзор сцэнічнага мастацтва. Фестывальны верасень у Брэсце асвятліўся «Кнігай Ёвы» (рэжысёр Эймунтас Някрошус, Тэатр-студыя Мена Фортас, Вільнюс, Літва), «Апошнім тэрмінам» паводле Валянціна Распуціна (рэжысёр Уладзімір Петрыў, Роўненскі абласны акадэмічны музычна драматычны тэатр, Украіна), «Ю» Вольгі Мухінай (рэжысёр Леў Эрэнбург, Невялікі драматычны тэатр, Санкт-Пецярбург, Расія). Спектаклі змянілі звыклы для нас тэатральны пейзаж, рассунулі далягляды, адкрылі зусім іншы прафесійны кантэкст.

Тое, што сцэнічнае мастацтва, незалежна ад яго відаў і жанраў, развіваецца і ўзмацняецца ў сусветных варунках засведчылі «Лялькі над Нёманам» і Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек. А яшчэ Міжнародны форум «Тэарт», які цягам месяца ўладарыў на сталічных падмостках. І не толькі пацвердзіў рэпутацыю фэсту, дзе кожны спектакль пазначаны своеасаблівым знакам якасці, але і вывеў пад фестывальныя сафіты беларускую тэатральную моладзь. Ніводная існуючая ініцыятыва не засталася без увагі. Гэта адразу адзначыла прафесійная супольнасць.

Напрыканцы года адбылася III Нацыянальная тэатральная прэмія. Яе праграма была ўзважанай і якаснай. Яна адэкватна адлюстравала існуючую ў сцэнічным мастацтве сітуацыю. Паводле якой «лялькі» перажываюць прафесійны ўздым, «драма», ў лепшым выпадку, удала карыстаецца здабыткамі мінулага. Пра сучасную тэатральную лексіку, часцей за ўсё, гаворка не ідзе. Страсці, якія віравалі пасля заканчэння паказаў, шмат у чым былі штучнымі. Думаю, гэта заканамерны вынік раз'яднанасці прафесійнай супольнасці. Так і хацелася сказаць: часцей хадзіце адзін да аднаго ў тэатр, шаноўныя калегі.

Людміла ГРАМЫКА

МЕРКАВАННІ:

Рычард Смольскі:

Уражанняў, як заўсёды, даволі шмат: ад узнёсла-аптымістычных да звыкла-песімістычных. Гэта нармальна, калі верыць у тэзу, што тэатр — люстэрка свету…

Галоўнай і пазітыўнай з’явай тэатральнага 2014 года стала правядзенне III Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная тэатральная прэмія». Айчынная грамадскасць і цікаўная публіка на ўласныя вочы пераканаліся, што адмысловыя, а часам і вельмі таленавітыя дзеячы сцэнічнага мастацтва (акцёры, а таксама рэжысёры, сцэнографы)  ёсць не толькі ў сталіцы, але і ў Віцебску, Магілёве, Гродне, Брэсце.

З цікавасцю і надзеяй я ўспрыняў прэм’еру спектакля паводле п’есы маладога драматурга Васіля Дранько-Майсюка «Пясняр» у рэжысуры Валянціны Ераньковай з музыкай Аляксея Еранькова ў Нацыянальным драматычным тэатры імя М.Горкага.

Яшчэ адна падзея года — творчая актыўнасць новага прыватнага тэатра «Ч», спектакль якога «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча выклікаў жывы розгалас сярод гледачоў і крытыкаў.

Да расчараванняў 2014-га адношу старую хранічную хваробу — адсутнасць (на працягу ўжо двух дзесяцігоддзяў!) безумоўнага драматурга-лідара, накшталт тых, што былі ў мінулым XX стагоддзі, творы якіх давалі беларускім тэатрам магчымасць у поўны голас гаварыць пра вечнае, актуальнае, высокае, прыгожае… Вельмі шкада, што спроба амбітнага маладога драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага «прымерыцца» да такой ролі (а чаму б і не?!) прайшла не вельмі ўдала. Я маю на ўвазе больш чым сціплую прэм’еру спектакля «Тата» ў Купалаўскім  тэатры.

Засмучае і акалічнасць, якая доўжыцца не адзін год: шырокая тэатральная грамадскасць краіны фактычна не ведае, як сёння жывуць-выжываюць «маленькія» тэатры ў Мазыры, Пінску, Слоніме, Бабруйску, Маладзечне…

І апошняе расчараванне: у 2014-м адзначалася 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А нашыя тэатры гістарычную падзею быццам бы не заўважылі…

У некаторых вядучых тэатрах адмовіліся ад мастацкіх саветаў. Ці не з’яўляемся мы сведкамі ўнікальнага працэсу фарміравання своеасаблівых беларускіх тэатральных «Напалеонаў»? Хоць, як мудра заўважыў Гегель, «гісторыя вучыць, што нічому не вучыць». Вось тое ж і ў нашай сён-няшняй тэатральнай справе…

 

Галіна Алісейчык:

Самым яркім уражаннем года была праграма тэатраў лялек на ІІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Многія спектаклі я бачыла раней, ды калі на конкурсных паказах яны сталі шэрагам, такія розныя, таленавітыя, нечаканыя, стала зразумела, што ў нашай краіне з’явіўся новы тэатральны накірунак. І гэта ўжо не той тэатр, да якога з дзяцінства многія прывыклі. Не, лялькі нікуды не зніклі, але да іх дадаліся маскі, драматычная ігра, элементы мюзікла, оперы. Новая плынь здымае міжвідавыя абмежаванні, рассоўвае рамкі звыклых стыляў і жанраў, дэманструе якасна іншы ўзровень творчай свабоды. Гэта не проста эксперыменты, а мастацкая з’ява, якую ўвасабляюць рэжысёры, акцёры, сцэнографы розных пакаленняў: Алег Жугжда, Аляксей Ляляўскі, Ігар Казакоў, Аляксандр Янушкевіч, Уладзімір Грамовіч, Аляксандр Вахрамееў, Таццяна Нерсісян, Людміла Скітовіч і многія іншыя. За апошнія дваццаць гадоў сфарміравалася беларуская школа тэатра лялек, яе ведаюць і любяць як на Захадзе, так і на Усходзе: у Расіі, Украіне, Літве, Германіі, Бельгіі. Можа быць, з цягам часу яе палюбяць і на радзіме...

Сцэнаграфія конкурсных спектакляў «Ладдзя роспачы» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і «Самазванец» Брэсцкага тэатра лялек — апошнія работы цудоўнага тэатральнага мастака Валерыя Рачкоўскага. Ён сышоў па ўзлёце свайго таленту, рана, нечакана...

 

Таццяна Арлова:

Думаю, сёння тэатральнае мастацтва спрабуе дагнаць і трымацца на тым эстэтычным ўзроўні, якога іншыя віды мастацтва дасягнулі раней. Жадаючы выжыць у новых рыначных умовах, наш тэатр усё менш працуе з тэкстам п’есы і ўсё часцей робіць стаўку на візуалізацыю. Паспяховымі крокамі рухаецца беларуская сцэнаграфія ў тэатрах драмы і лялек, часам істотна дапамагаючы рэжысёру, часам яго апярэджваючы. У Беларусі гэта заслуга Барыса Герлавана, яго школы, а таксама — творча асэнсаванага вопыту літоўскага і польскага тэатраў. Робіцца крышачку сумна, калі сур’ёзны і да нядаўняга часу папулярны Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі становіцца на шлях танных канцэртаў і перформансаў замест таго, каб якасна прасоўваць айчынную п’есу. На недастатковым выканальніцкім узроўні працуе пакуль Рэспубліканскі тэатр юнага гледача, супакойваючы сябе тым, што абавязковыя культпаходы школьнікаў усё роўна забяспечаць запаўняльнасць глядзельнай залы.

Радуе, што Нацыянальная тэатральная прэмія сёлета дазволіла паўнацэнна пазнаёміцца з так званымі правінцыйнымі тэатрамі. Яны пазбаўлены местачковасці, іх ведаюць за межамі Беларусі, яны, на шчасце, здольныя ствараць канкурэнцыю сталічным калектывам.

 

Алена Мальчэўская:

2014-ы для мяне адметны найперш тэатральнымі поспехамі маладых. Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры правёў дзве лабараторыі і выпусціў спектакль «Яго клікалі спадар» Філіпа Лёле (рэжысёр Наталля Леванава).

Цэнтр беларускай драматургіі таксама зладзіў чарговую лабараторыю і чытанні па яе выніках. Тэатральны праект Андрэя Саўчанкі і Цэнтра беларускай драматургіі «Бі-Лінгвы» ўвайшоў у праграму «Маска Плюс» знакамітай расійскай «Залатой Маскі». Аляксандр Марчанка выпусціў у РТБД дакументальны спектакль «Мабыць?..», дзе на рэпертуарную сцэну нарэшце выйшлі сучасныя беларусы.

Самай значнай падзеяй, на маю думку, стала аб’яднанне ў праграме «Belarus open» Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «Тэарт» усіх лепшых ініцыятыў беларускага тэатральнага ландшафту і пазбаўленне большасці з іх маргінальнага статусу.