Горад культурных палярнасцей

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

Англійскія сустрэчы
Гэтай восенню пятнаццаці прадстаўнікам розных арганізацый і структур Мінска надалася магчымасць стаць удзельнікамі пяцідзённага навучальнага візіту ў Лондан, што пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі зладзіла кіраўніца грамадскай арганізацыі «Азбука прадпрымальніцтва» Марына Гаеўская.

«Люблю Шэкспіра і Галсуорсі. Апошняга — за асаблівую крыштальнасць тэксту. Чытаю яго даўно, маю па два асобнікі кніг і не здольная ад іх адмовіцца, бо магу адкрыць яго ў любы час з любой старонкі. Люблю знакамітых Джыўса і Вустэра — як літаратуру, як гумар, як кінасерыял, як акцёраў-выканаўцаў. А “Траіх у лодцы, не лічачы сабаку” — толькі як літаратуру, бо расійскі серыял з Андрэем Міронавым пакінуў мяне абыякавай. Люблю англійскае мастацтва ўсё разам: за яго як такое і запозненасць асобных працэсаў у дачыненні да еўрапейскіх (гэта дапамагае мне зразумець гісторыю нашай культуры), а яшчэ — за яго неверагодную палярнасць. Дзе яшчэ сустрэнеш адначасова і высокае шанаванне традыцыі, і прагу да вострай, шалёнай арыгінальнасці. Таму люблю Ганса Гальбейна за яго прафесійнасць і халоднасць (праз гэта ён і застаўся без паслядоўнікаў), за прыхаваны тэмперамент і “нямецкасць”, якія адчуваю ў яго шыкоўнай графіцы (гэта ж трэба было не толькі цудоўна маляваць, але і змагчы выкараскацца: рэзаць з елкі — дрэва буйнавалакністага і смалістага — невялікія выкшталцоныя дрэварыты!). Цёрнера шаную ва ўсіх праявах — аж да конкурсу яго імя, які павялічыў узрост маладосці: у гэтым спаборніцтве маладых творцаў удзел можна браць аж да 50 гадоў. Заснавальнікі маюць рацыю: мастацтва сёння — настолькі складанае соцыякультурнае ўтварэнне, што патрабуе не толькі валодання навыкамі, але і ведаў. Таму ўзрост пошуку і сталення адсунуўся на больш позні час. Люблю фатаграфію прэрафаэлітаў і Сары Лукас, а таксама Генры Мура і Барбару Хэпварт, а тое, што робіць Норман Фостэр, лічу ісцінай у апошняй інстанцыі. Люблю “Бітлз” і заўчасную нябожчыцу Эмі Уайнхаўз, Дэрэка Бейлі і Дэвіда Сільвіяна, Гарэта П’ю і Віўен Уэствуд. А таксама — 130-гадовы ўзрост англійскага метро, бясплатны ўваход у музей Вікторыі і Альберта, чырвоныя тэлефонныя будкі, двухпавярховыя амнібусы, аўсянку, чызкейк і яшчэ безліч самых нечаканых рэчаў... Гарбату з малаком піць магу, але насамрэч больш шаную яе з мятай (ці, як казала мая бабуля, — з шантай). Ну, і самае галоўнае напрыканцы: я літаральна закаханая ў тэксты і асобу мастацкага даследчыка Кенэта Кларка».

Прыкладна гэта круцілася ў маёй галаве перад першым у жыцці наведваннем Лондана. Запланаванае навучанне цікавіла: нас чакалі шматлікія візіты ў прадстаўнічыя англійскія ўстановы, дзе пасля прэзентацыі мелася мажлівасць задаць пытанні; у музеі і тэатры, у арганізацыі, якія самі займаюцца творчай дзейнасцю альбо дапамагаюць іншым у гэтай пачэснай справе. Абмяркоўваліся праблемы кіно, музыкі, тэатра, мастацтва і бізнесу. Праграма была насычанай і карыснай ужо таму, што не ўтрымлівала залішніх ведаў і інфармацыі.

Мы розныя. Але адна справа ведаць гэта, а іншая — адчуць. З самай першай сустрэчы. А яна была вельмі сімвалічнай: знаёмства з тэатрам «Глобус», ды яшчэ напярэдадні 450-годдзя Шэкспіра. Сённяшні «Глобус» — тэатр малады, спектаклі ў ім ідуць з 1997 года, але яго аналагі пабудаваны ўжо ў некалькіх краінах. Лепшае сведчанне агульнай закаханасці ў Шэкспіра. Не так даўно на месцы, дзе некалі стаяў шэкспіраўскі тэатр, нічога не было: тэатр, дзе ён працаваў акцёрам, дзе ставіліся яго п’есы, згарэў падчас вялікага лонданскага пажару 1613 года. Будынак хутка аднавілі, другі «Глобус» праіснаваў каля трыццаці год, але ўжо без Шэкспіра, які паспеў пераехаць у родны Стратфард, сёння — знанае месца шэкспіраўскага шанавання: юбілеі, фестывалі, канферэнцыі, творчыя сустрэчы. Гэта ўсіх задавальняла, адзін толькі амерыканскі акцёр і рэжысёр Сэм Уонамэйкер зацікавіўся пытаннем: «Чаму ў Лондане на месцы легендарнага тэатра сёння нічога шэкспіраўскага няма?» У неабходнасці яго аднаўлення трэба было пераканаць, а потым даказваць права свайго існавання ва ўмовах канкурэнцыі са Стратфардам.

Адкрыццю сучаснага «Глобуса» папярэднічала сур’ёзная даследчая праца, якая павінна была адказаць на два пытанні — якім тэатр быў пры Шэкспіры і якім павінен быць сёння. Былі праведзены раскопкі, новы будынак знаходзіцца ў 200 метрах убаку ад свайго гістарычнага месца. Як і ў часы генія, у «Глобусе» — закрыты акруглы двор і высунутая наперад сцэна, глядацкія месцы размешчаны на трох балконах-ярусах. Мадэрнізацыя складаецца з усталявання асвятлення (у часы Шэкспіра гралі толькі ў дзённыя часы), з неабходных супрацьпажарных мер і са злучанасці драўлянага тэатра з сучасным фае. Тэатр «Глобус» пачынаецца не з вешалкі, а з выкшталцонай пліткі, якой забрукаваны двор. На кожнай — імя таго, хто ахвяраваў на аднаўленне тэатра больш за пяць фунтаў.

З першых дзён існавання «Глобус» аддадзены на водкуп гледачу: у яго няма датацый ад дзяржавы. Пры ім быў заснаваны фонд, які займаецца фінансамі, шукае кампраміс паміж культурай і грашыма. Праз пятнаццаць год дзейнасці фінансавы абарот тэатра дасягнуў 20 мільёнаў фунтаў у год: 10 мільёнаў — білеты, 2 — адукацыйныя праграмы, 3 — выставы, 2 — спецыялізаваныя крамы, 1 — розныя формы ўрачыстасцей і яшчэ 2 — дабрачынныя праекты, бо ад пачатку тэатр зарэгістраваны як дабрачынная ўстанова. Трупа набіраецца на сезон праз кастынг. Шукаюць не новых і танных, а лепшых. Выхаваннем і рэкламай уласных «шэкспіраўскіх» зорак тэатр вельмі заклапочаны. Таму ёсць акцёры, якія працуюць з першага сезона, але кожны раз перад пачаткам — кастынг і новы кантракт. Тэатральны сезон, як і ў часы Шэкспіра, застаецца летнім — з траўня па кастрычнік.

Адкрытая пляцоўка тэатра мае 870 месцаў і яшчэ 800 — стаячых. У старыя часы просты люд вакол сцэны лічыўся самай тэмпераментнай публікай: ён плакаў і пляскаў у далоні шчыра, ад самага сэрца, а калі што не так, кідаўся яйкамі і памідорамі. Традыцыю глядзець дзею стоячы ля сцэны захавалі: гэтыя месцы немагчыма замовіць папярэдне, па тэлефоне альбо праз інтэрнэт, квіток можна набыць толькі перад спектаклем за сімвалічныя пяць фунтаў. Іх заўжды разбіраюць, і далёка не бедныя людзі. Гэта форма павагі да ўласнай культуры. За сезон тэатр ладзіць 260 спектакляў на гэтай сцэне (пару год ужо існуе і «цёплая» пляцоўка, на якой ідзе яшчэ прыкладна 240 імпрэз).

Заснаваны як даніна павагі вялікаму драматургу, «Глобус» лічыць сваю місію міжнароднай, змагаецца за любоў да Шэкспіра ва ўсім свеце. Падчас нашай вандроўкі «Кароль Лір» ішоў у Вашынгтоне, а «Сон у летнюю ноч» — у Шанхаі. У 2012-м тэатр наладзіў першы міжнародны фестываль шэкспіраўскіх п’ес на нацыянальных мовах.

Другая місія «Глобуса» шчыльна пераплецена з першай: адукацыйныя праекты ладзяцца тэатрам не толькі ў Лондане і Англіі. Тут шмат працуюць з дзецьмі, бо гэта будучыя гледачы, акцёры і фундатары. Ёсць праграмы для людзей сталага веку, для сем’яў. Ёсць творчыя майстэрні. А свае архівы тэатр трымае адкрытымі для ўсіх цікаўных. Ну і апошняя — трэцяя — задача тэатра: праца з турыстамі. Гэта экскурсіі, выставы і сувенірны бізнес.

Наступная тэатральная сустрэча была ў Чэлсі-тэатры. Чэлсі — рабочы квартал Лондана, які не так даўно змяніў статус — абуржуазіўся. Сёння гэта шматнацыянальны квартал для сярэдняга класа, у якім толькі сорак адсоткаў насельніцтва размаўляюць па-англійску. А пра тэатр, які дзейнічае тут, я шмат разоў чула ад віцебскага мастака Сан Саныча Салаўёва — такі тэатр існаваў у яго марах. Наколькі Салаўёў «іншы» тэатральны мастак, я зразумела аднойчы на выставе тэатральнага мастацтва ў мінскім Палацы мастацтва. Там былі розныя праекты і розныя творцы — цікавыя і таленавітыя. Але яны рухаліся ў адным кірунку. Салаўёў экспанаваў не жывапіс і не праект мізансцэны, а так — прыйшоў і паставіў нейкі высокі шост, да якога прыладзіў кола. І прастора палаца закруцілася вакол гэтай драбязы. Сан Саныч сумленна адпрацаваў у Коласаўскім акадэмічным тэатры, але яго сэрца імкнулася да іншага. Да тэатра, якога ў нас не было. «Як павінен выглядаць сапраўдны эксперыментальны тэатр?» — запыталася я аднойчы. «Ведаеш, гэта можна акрэсліць словам “аніяк”. Там павінен іначай працаваць прадмет. І сам акцёр, натуральна. Таму — чорная столь, чорныя сцены, чорная падлога і крэслы, чорная сцэна. Яна можа быць і не надта малой, але толькі чорнай. Чорная заслона, калі яна будзе патрэбна...»

І гэта — Чэлсі-тэатр! Лідар тэатра, акцёр і рэжысёр Фрэнсіс Аляксандр разважаў цікава і афарыстычна. Яго не задавальняе класічны брытанскі тэатр, заснаваны на Шэкспіры. Бо гэта тэкст, тэкст, тэкст. І глядач там мусіць паверыць, што акцёр — гэта Гамлет ці Лір. Вабяць сучасныя пастаноўкі, дзе гэтага няма. Вонкавыя мінусы раёна Чэлсі — насамрэч плюсы. Бо гэта ж такая поліфанія культур! Калі ў вас іншы пункт погляду, то гэта важна і цікава. Мастацкі тэкст мусіць мець колер. Трэба паважаць іншага чалавека, але тэатр павінен дапамагчы яму выйсці за межы ўласнай самарэалізацыі, за межы будзённага... А рэфрэнам гэтаму англійскаму спічу мне гучаў салаўёўскі голас. Словы і думкі былі надзіва знаёмымі, чутымі-перачутымі сто разоў. Рыгор Козінцаў аднойчы заўважыў, што самае вялікае пачуццё ў мастацтве: «Я ведаю, што гэта так, так было са мной, са знаёмымі мне людзьмі»...

Што яшчэ цікавага было на гэтых сустрэчах?

Усё.

Мастак Валерый Мартынчык, які гадоў трыццаць таму пераехаў у Лондан, вызначае сваёй тэмай цывілізацыю. Існуе канфлікт, лічыць Мартынчык, паміж вясковай і гарадской культурамі. Лепшай, натуральна, з’яўляецца апошняя. Бо горад — гэта складаная, кшталту камп’ютара, структура. Горад — гэта мастацтва, навука, гісторыя, архітэктура, мысленне, ідэі, безліч іншых цудоўных рэчаў. І прырода таксама. Такая пазіцыя магла б выглядаць крыўднай для вёскі, каб толькі мастацтва Мартынчыка не мела відавочнага прысмаку ўтопіі. А канфлікт паміж вёскай і горадам насамрэч існуе. Праўда, адыходзячы крыху ўбок, адзначым: найноўшыя сацыялагічныя даследаванні адкрылі шляхі яго вырашэння. Лічыцца, што Амерыка стварае новы тып цывілізацыі, які яднае абодва канфліктыя бакі. Бо сапраўдны амерыканец марыць працаваць у горадзе, але жыць па-за ім. І згодны траціць час на дарогу. У тэорыі Мартынчыка гэтае супрацьпастаўленне таксама мае вырашэнне. Англія для яго — краіна, якая перамагла хібы вясковай цывілізацыі, таму цалкам, з населенымі пунктамі любых памераў, належыць да гарадской. А іншыя краіны мусяць ісці за ёй. Свае погляды мастак увасабляе ў вялізныя (і не вельмі) структуры з безліччу дробных і тонкіх дэталяў, з моцнай кампазіцыяй і гучным колерам. Рэшткі беларускасці, між іншым, у яго творах расшукаць лёгка. Больш англійскім мастаком Мартынчык, на першы погляд, выглядае ў сваіх аб’ектах. У іх абагуленых і абцякальна-акруглых формах, бясспрэчна, ёсць уплывы Генры Мура, іншымі іх робіць унутраны стваральны імпульс. І яны — частка Утопіі. Невялікія і зграбныя ў рэальнасці, зробленыя з пап’е-машэ і адпацінаваныя тонкім медным лістом, у сваім канчатковым выглядзе аб’екты існуюць у якасці фотаздымкаў. Побач з аб’ёмнай выявай мастак размяшчае маленькія чалавечыя постаці, таму адбываецца імгненная маштабная гульня: аб’екты пачынаюць выглядаць як металічныя скульптуры гіганцкіх памераў, у якіх адчуваецца нешта касмічнае. Тут чуецца рэха авангардных пошукаў ХХ стагоддзя, да якіх мастак далучыўся яшчэ на нашай тэрыторыі.

Ідэі англійскага апалагета Валерыя Мартынчыка відавочна знаходзілі падтрымку ў наступных лонданскіх сустрэчах. Аскараносная кінакампанія, якая мае аддзел... па росшуку талентаў. Новая лонданская структура, заснаваная паўгода таму прадстаўнікамі дзесяці ўплывовых устаноў, каб паляпшаць адносіны ўладаў да сучаснай культуры. Без каментарыяў. Арганізацыя «Visiting Arts» («Сустракаючы мастацтва»), якая займаецца мастакамі, іх праектамі і вандроўкамі, стварае «Фонд вялікіх ідэй» і падтрымлівае інтэрнэт-праграму «Сусветная культура», дзе любы мастак можа выставіць свае творы і тлумачэнні, абмяняцца каментарыямі, бо ўсе стратэгіі і тактыкі сучаснай культуры маюць міжнародны кантэкст.

Музей Вікторыі і Альберта — самы вялікі і самы брэндавы музей прадмета. У ім цудоўна ўсё: яго неверагодны будынак і планы дзейнасці ўжо на 2020 год (шанс у дзёрзкіх і таленавітых ёсць: музей згодны адмовіцца ад запланаваных праектаў дзеля нечага цалкам незвычайнага), калекцыі, каталогі, святло, унутраны дворык, гіды-валанцёры, экспазіцыйныя адкрыцці. Яго дырэктар, бо толькі адзін Бог ведае, колькі пакаленняў культуры стварае гэткую чалавечую «селекцыю».

Наведванне галерэі «Tэйт Mодэрн» нагадала прымаўку: «Па вуснах памазалі, а з’есці не далі». Экспазіцый самой «Tэйт» мы не бачылі, толькі выставу Казіміра Малевіча. Пад знакамітымі столямі гэты парушальнік спакою выглядаў дыхтоўна, паважна і прыгожа. Наўрад ці ён сам прагнуў стварыць гэткае ўражанне. Але што зробіш: выставы Малевіча насамрэч ніколі выставамі ў звычайным сэнсе не былі. Гэта былі плацдармы для ідэйнага змагання, бо Малевіч — думка, якая ішла настолькі наперадзе ўсяго іншага, яго пластыка і тады не паспявала за яго ідэямі. Нездарма ж творца абвясціў, што мастацкі тэкст — гэта і ёсць чыстая форма. Малевіча можна любіць ці не любіць, але яму належыць адна з самых цікавых мастацкіх тэорый, ён усё яшчэ чакае інтэрпрэтатараў, вартых сябе.

Засталося згадаць лонданскую архітэктуру. Горад вялізны, па памерах — як дзве Масквы, а жыхароў меней. Таму Лондан здолеў захаваць цудоўныя рэчы — вольную раскіданасць, кварталы малапавярховай забудовы, паркі і кавалкі самай сапраўднай прыроды. Дый сам англійскі парк, у адрозненне ад рэгулярнага французскага, — ідэя жывой, нібы без чалавека, прыроды. Ад старадаўніх часоў са складанасцямі з нумарацыяй будынкаў, маючы багацце фасадаў і дахаў, бо прынцып непадабенства ўзведзены ў ранг закону. Таму тэктоніка лонданскага дойлідства, верагодна, і ёсць самае моцнае ўражанне ад горада. Падабаецца «Біг-Бэн», Вэстмінстэрскі палац (са скульптурай Генры Мура побач), масты праз Тэмзу, бачны адусюль купал сабора Святога Паўла. А яшчэ — хмарачосы. Сярод іх — вежа Мэры-Экс, якая праз фалічную форму атрымала ад мясцовых розныя мянушкі, кшталту «сексапільнага гурка» і «эратычнай цыгаркі». Пакуль лонданцы жартавалі, будынак быў адзначаны некалькімі прэстыжнымі архітэктурнымі прэміямі. Твор геніяльнага Нормана Фостэра мае акруглаватую форму, але насамрэч зроблены з роўных лістоў шкла, а гнуткія дэталі ўжытыя толькі ўверсе. Яшчэ адзін фостэраўскі твор — грандыёзны Сіці-хол, падобны да яйка, якое тонка нарэзалі ўпоперак. Архітэктар зрабіў так дзеля эканоміі электрычнасці, і ў свеце да гэтых дзён ідуць спрэчкі: ёсць тут эканомія альбо няма.

А Альберт-хол спадабаўся не вонкава, а ўнутры. Бо неабходнасць вырашыць дадатковыя акустычныя праблемы змусіла прыдумаць вельмі арыгінальнае рашэнне. Каб паслухаць музыку і паглядзець на афармленне столі Альберт-хола, мы далучыліся да традыцыі дэмакратычнага наведвання гэтай залы. Занялі чаргу і атрымалі нумары, зноў пастаялі ў чарзе перад канцэртам, за традыцыйныя пяць фунтаў набылі квіткі на арэну (прастору паміж крэсламі і сцэнай), дзе атрымалі сваю порцыю гукавай асалоды разам з лонданцамі, якія слухаюць стоячы, седзячы і лежачы. Тут самыя розныя людзі: прасунутая музычная моладзь і людзі сталага веку, заможныя сталічныя бізнесмены і залётныя правінцыялы, людзі ад культуры і ад тэхнікі, ад навукі і працы. Культура — адметнасць цывілізаванага чалавека, і ў Лондане гэта адчуваецца асабліва выразна.

Можа, тэорыя Мартынчыка на самай справе і не надта ўтапічная?..