Лірычны сезон

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

«Пасля лета» Васіля Матусевіча і Валерыя Песіна
Выстава ў мінскай галерэі выклікала інтарэс у прафесіяналаў і калекцыянераў. Экспазіцыя зацікавіла з розных прычын, у прыватнасці — супастаўленнем творчасці двух цалкам розных паводле мастацкіх памкненняў аўтараў, якія здаўна і плённа працуюць у беларускай арт-прасторы і па-за яе межамі.

Выстава ў мінскай галерэі выклікала інтарэс у прафесіяналаў і калекцыянераў. Экспазіцыя зацікавіла з розных прычын, у прыватнасці — супастаўленнем творчасці двух цалкам розных паводле мастацкіх памкненняў аўтараў, якія здаўна і плённа працуюць у беларускай арт-прасторы і па-за яе межамі.

Васіль Матусевіч скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Тэатральна-мастацкі інстытут, быў вучнем Гаўрылы Вашчанкі. Сёння гэты творца вядомы як майстар манументальнага мастацтва, у яго даробку — дзясяткі вітражоў, дэкаратыўных роспісаў і габеленаў.

А Валерый Песін працярэбліваў сваю сцяжыну па цаліку. Не атрымаўшы спецыяльнай адукацыі, ён змяніў багата розных заняткаў, перад тым як прысвяціць сябе творчасці. Самотнік Песін здабыў сабе славу ў 1990-я як творца-нонканфарміст. Сёння яго ўважаюць за аднаго з класікаў нефармальнага мастацтва.

Адначаснае знаёмства з такімі рознымі аўтарамі, якіх лучыць хіба толькі тое, што яны карэнныя мінчукі, дало багатую спажыву для разваг. Авангардыста Валерыя Песіна і марыніста-манументаліста Васіля Матусевіча аб’яднала тэматыка экспазіцыі. Выстава жывапісу «Пасля лета», на якой было паказана больш за дваццаць твораў абодвух майстроў, — своеасаблівае пасляслоўе да прамінулага цёплага сезона, шэраг жывапісных асацыяцый з летуценнай ціхамірнасцю, з адчуваннем шчасця, якое нам дарыць гэтая часіна года.

Жывапісныя работы Васіля Матусевіча — паводле стылю — блізкія да вітражоў. Нагадаю, што галоўны кірунак творчасці Васіля Матусевіча — праца над вітражамі. Свядома і асэнсавана адмаўляючыся ад нюансаў, мастак паслугоўваецца чыстымі колерамі, выразна крэсліць лініі, пераводзячы свой жывапіс амаль у графічныя выявы. Гэтак жа, як і ў вітражы, карціны Матусевіча прасякнутыя сонечным святлом. Сам майстра прызнаваўся ў адным з інтэрв’ю, што яго мэта — тварыць ясна і зразумела, тады карціны будуць блізкія гледачу. Васіль Матусевіч ставіць перад сабой вельмі простую, але зразумелую для многіх наведнікаў выставы мастацкую задачу — прыносіць сваімі працамі радасць. Аднак яго жывапіс утрымлівае і іншы пасыл: творца імкнецца спрычыніць гледача да саўдзелу ў маляўнічых расповедах: гэта адбываецца і праз абагульненне вобразаў, і праз адсутнасць у працах канкрэтнага наратыву.

Валерый Песін, які адначасна працуе і ў Мінску, і ў Маскве, гэтым разам выступіў як лірык. Ягоныя паэтычныя вобразы ўздымаюцца да шматзначнай недаказанасці, збудаванай, у адрозненне ад карцін Матусевіча, на цёплых жывапісных нюансах. У новай нізцы «Пасля лета» дамінуе рамантычны, элегічны пачатак, адчуванне незвычайнага спакою і душэўнай раўнавагі. Кожны твор — унутраны аўтапартрэт. Валерый Песін не абапіраецца на канкрэтны сюжэт і дазваляе сабе падчас працы траціць кантроль над палатном, тады рука дамалёўвае сама.

Мастакі прэзентуюць нам свой ідэальны свет. Яны прапануюць гледачу ствараць уласныя асацыятыўныя шэрагі і шукаць у сваім светаўспрыманні і асабістым досведзе пачуцці, сугучныя памкненням аўтараў.

Нагадаю, што выстава была разлічана ў тым ліку і на абазнаных калекцыянераў, і на пакупнікоў, якія, можа, упершыню былі гатовыя набыць мастацкія творы на свой густ. Карціны Васіля Матусевіча ўжо знаходзяцца, апроч Беларусі, у прыватных калекцыях Балгарыі і Швецыі, Расіі і Ізраіля, Цэйлона і Японіі. А палотны Валерыя Песіна ёсць ці не ў кожнай краіне Еўропы — ад Іспаніі да Люксембурга. І гэта яшчэ адна акалічнасць, што рабіла выставу «Пасля лета» цікавай: магчымасць спраўдзіць уласны густ і зразумець, што сёння вабіць пакупнікоў мастацтва ў нашай краіне. Мяркую — нейтральнасць сюжэтаў і памкненне да сузіральнасці.

Сяргей ХАРЭЎСКІ