Мінскія вечары англійскага кампазітара

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

Праекты да 100-годдзя Бенджаміна Брытэна
Бенджамін Брытэн -- адзін з самых значных творцаў ХХ стагоддзя. Ён — аўтар знакамітых опер «Пітэр Граймс», «Смерць у Венецыі», «Паварот вінта», «Білі Бад», «Сон у летнюю ноч», стваральнік камерна-вакальных, інструментальных і сімфанічных опусаў. Кампазітар, творчасць якога неверагодна актуальная і мае высокі міжнародны аўтарытэт.

Сярод эпахальных леташніх юбілеяў — Рыхарда Вагнера, Джузэпэ Вердзі, Аляксандра Даргамыжскага — асаблівае месца заняло 100-годдзе з дня нараджэння Бенджаміна Брытэна, аднаго з самых значных творцаў ХХ стагоддзя. Ён — аўтар знакамітых опер «Пітэр Граймс», «Смерць у Венецыі», «Паварот вінта», «Білі Бад», «Сон у летнюю ноч», стваральнік камерна-вакальных, інструментальных і сімфанічных опусаў. Кампазітар, творчасць якога неверагодна актуальная і мае высокі міжнародны аўтарытэт. Цікавасць да яе ўвесь час расце.

Сусветнай музычна-тэатральнай супольнасцю юбілей Брытэна адзначаўся шырока — оперныя прэм’еры, канцэртныя праграмы, выданне манаграфій. Не засталіся ўбаку ад падзеі і дзеячы беларускай культуры: два вечары музыкі кампазітара (у камернай зале Тэатра оперы і балета і малой зале Белдзяржфілармоніі) прайшлі дзякуючы вядомаму дырыжору і піяністу Дзмітрыю Зубаву. На рахунку музыканта — выдатныя канцэрты барочнай музыкі, стварэнне і дзейнасць ансамбля «Камерныя салісты Мінска». Галоўная каштоўнасць цікавых і бездакорна складзеных праграм — выбітныя па сваіх магчымасцях выканаўцы, вакалісты і інструменталісты. Такія мерапрыемствы робяцца запамінальнымі падзеямі музычнага жыцця сталіцы. Не выключэнне — вечар музыкі Брытэна, дзе Дзмітрый Зубаў выступіў як аўтар праекта, вядучы і піяніст.

Праграма прадэманстравала разнастайнасць інтарэсаў кампазітара і гнутка сумясціла блокі «рускі» (у якім адлюстравалася эпапея сяброўскіх і творчых сувязей англійскага майстра з Дзмітрыем Шастаковічам, Святаславам Рыхтарам, Галінай Вішнеўскай і Мсціславам Растраповічам) і «еўрапейскі» (прыклад брытэнаўскага інструментальнага і вакальнага поліфанічнага мастацтва).

Вобразна глыбокі, інтанацыйна зменлівы цыкл «Рэха паэта» на вершы Аляксандра Пушкіна, з напружанай лініяй вакальнай партыі, бліскуча выканала салістка оперы Тамара Глаголева. І пераканаўча выказала сябе ў сучасным камерным рэпертуары.

Традыцыйна бездакорна і тонка прагучала Сюіта для арфы сола ў Кацярыны Жураўлёвай, якая паглыбіла слухача ў адметную гукавую аўру брытэнаўскай арфавай музыкі. Але кульмінацыяй вечарыны зрабіўся Canticle II «Aўраам і Ісаак» у выкананні лепшага беларускага барочнага мецца Наталлі Акінінай і пецярбургскага тэнара Сяргея Далгушава. Гэты твор — усхваляваная і эмацыйная гутарка з Богам на мове ХХ стагоддзя, стагоддзя войн і сацыяльных узрушэнняў. Опус дэманструе, што выкарыстанне голасу — як элемента гукавога свету кампазітара — можа адлюстраваць ператварэнне яго ўнутранага жыцця ў дасканалую драматургію.

У змененым і пашыраным выглядзе праграма паўтарылася ў зале імя Шырмы нашай філармоніі. Драматычна і містычна-загадкава прагучалі шэсць рамансаў пушкінскага цыклу ў выкананні Тамары Глаголевай і ўразілі глыбінёй пранікнення ў мелодыку пушкінскага верша. Нечаканыя фарбы і акцэнты набыла віяланчэльная Саната ў інтэрпрэтацыі Аляксея Афанасьева.

Адкрыццём вечарыны стаў саліст Опернага тэатра, тэнар Юрый Гарадзецкі. Выдатны голас, здольнасць перадаць найскладаную гаму пачуццяў, асаблівая інтэлігентнасць, высокая сцэнічная культура — якасці, якія робяць яго адным з самых яскравых выканаўцаў апошняга дзесяцігоддзя. Сэнсавай і мастацкай кульмінацыяй праграмы ў інтэрпрэтацыі Гарадзецкага сталіся творы Canticle II «Аўраам і Ісаак» (з Наталляй Акінінай) і Canticle III «Усё яшчэ падае дождж» (сумесна з валтарністам Паўлам Кузюковічам). Нельга не адзначыць асобна працу Дзмітрыя Зубава. Выдатны піяніст, які адчувае стылістыку брытэнаўскіх сачыненняў, тонкі ансамбліст і натхнёны апавядальнік, ён зрабіў вечары музыкі кампазітара нечаканым адкрыццём для слухачоў.

Падобныя праекты выклікаюць захапленне, але адначасова акрэсліваюць кола пытанняў не зусім вясёлых. Бо імя і творчасць Брытэна, на жаль, не на слыху ў шырокага кола беларускіх аматараў музыкі. Чаму творы кампазітара не гучаць ні ў тэатры, ні ў філармоніі? Чаму не ставяцца яго оперы? Чаму яго дзівосных прыпавесцей і вакальных цыклаў няма ў канцэртных праграмах салістаў оперы? Чаму згаданыя два вечары прыцягнулі ўвагу толькі прафесіяналаў — музыказнаўцаў і інструменталістаў? Бо абодва разы залы былі амаль пустыя — ні дырыжораў, ні вакалістаў, здольных ацаніць працу калег. Нарэшце, чаму ў прынцыпе ў Беларусі так мала і рэдка гучыць музыка тых, хто ў свеце даўно лічыцца класікам ХХ стагоддзя? На гэтыя пытанні пакуль няма адказаў. Але варта спадзявацца, што ўвесь неабсяжны пласт і сачыненняў Брытэна, і музыкі ХХ стагоддзя яшчэ будзе адкрыты нашымі выканаўцамі. А значыць, і намі.

Таццяна ТЭАДАРОВІЧ