Шкляныя прыступкі ў неба

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

Інсталяцыя «Шлях паэта» Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы
Шчыра кажучы, працавалася цяжка. Напэўна, з-за сур’ёзнасці і балючасці тэмы, а яшчэ таму, што рэчы, якія павінны стаць галоўнымі, былі аўтэнтычныя: наш мастацкі аб’ект планаваўся для музейнай экспазіцыі.

Як яе кантрапункт, а таксама — абсталяванне для дэманстрацыі рэальных прадметаў, што мелі дачыненне да апошніх хвілінаў жыцця паэта. Таму выяўленчае рашэнне зведзена да мінімалізму — сімвалічныя прыступкі з адбіткамі радкоў вершаў, шкляныя прамавугольныя элементы, што нагадваюць пра паэзію рытмам і структурай.

Выконваючы музейную функцыю, інсталяцыя адначасова з’яўляецца творам сучаснага мастацтва, інтэрпрэтацыяй трагічнага фіналу жыццёвага шляху Янкі Купалы. Яе мэта — эмацыйнае ўздзеянне на наведвальнікаў.

Складнікі аб’екта — сталь, шкло, гук і накіраванае электрычнае святло. Шклу адведзена вядучая роля, бо гэта субстанцыя знаходзіцца паміж светамі прадметным і нерэальным, метафара бязважкасці драматычнага імгнення і паэтыкі экзістэнцыі. Найноўшыя мастакоўскія практыкі — пошук новых сродкаў выяўлення, амаль да дэматэрыялізацыі медыума на карысць канцэптуальнага выказвання. У такім кантэксце шкло — матэрыял цалкам рэлевантны сучаснасці. Прынцыповая адметнасць такога твора — наяўнасць унутранай прасторы і няпэўныя стасункі са знешнім асяроддзем.

Структураваны ў выглядзе спіралі, сімвалічны водаварот з празрыстых элементаў імкнецца ўгору — насуперак падзенню фізічнага цела паэта ў лесвічны пралёт. Сталёвыя вертыкалі пераходзяць у шкляныя лініі, што нібыта раствараюцца ля столі і візуальна задаюць рух уверх. У той жа час яны з’яўляюцца апорай кампазіцыі. Калі накіраваная ў чатырохметровую вышыню «лесвіца», вобраз якой прачытваецца ў інсталяцыі, заклікана сімвалізаваць жыццёвы шлях, то яе раскіданыя прыступкі могуць асацыявацца з распадам жыцця, яго крохкасцю. Для нас шкляныя прыступкі атаясамліваюцца з апошнімі трагічнымі імгненнямі шляху паэта. Па меры руху ўверх прапорцыі прыступак паступова змяншаюцца, падкрэсліваючы перспектыву — сыход лесвіцы ў нябёсы. Не зможам сказаць лепш за супрацоўнікаў купалаўскага музея: «Магутная пластыка стальных вертыкалей сімвалічнай спіралі перамяняе падзенне ва ўзвышэнне, скіроўвае крохкія, як само жыццё, шкляныя прыступкі нібы проста ў неба, сцвярджае драматызм і балючую вастрыню апошняга кроку Янкі Купалы — кроку ў вечнасць».

Шкляны вір улучае элементы музейнай калекцыі: аўтэнтычныя рэчы з пакоя № 414, люстраныя дзверы, у запыленай глыбіні якіх у апошні раз адбілася аблічча паэта, прыступкі і парэнчы лесвічнага пралёта гасцініцы «Масква» — нямыя сведкі трагедыі 28 чэрвеня 1942 года, калі ў 22 гадзіны 30 хвілін абарвалася жыццё Янкі Купалы. Нечаканыя ракурсы і палажэнні прадметаў збіваюць залішнюю мемарыяльнасць, а таксама надаюць інсталяцыі дынамічнасць і драматызм. Мы паслядоўна і прынцыпова пазбягалі антрапамарфізму, але акурат прысутнасць рэчаў, прызначэнне якіх — узаемадзейнічаць з чалавечым целам, нагадвае аб зніклай чалавечай постаці — перакуленыя крэслы, падшклянак, валіза... І адлюстраванне наведвальніка ў дзвярах — тых самых...

Што дадаць? На ўрачыстым адкрыцці філасофска-паэтычнай інсталяцыі «Шлях паэта» мы былі ўражаны і ўзрушаны светлымі словамі, сказанымі пра наш твор, але галоўная радасць — паразуменне і захапленне, якое выказалі нават не калегі і музейныя эксперты, але простыя наведвальнікі. Бо было крыху боязна, што «Шлях» — такі нязвыклы, не музейны — рызыкуе застацца незразумелым. І мы ўдзячныя дырэктару музея Алене Ляшкевіч, якая не пабаялася замовіць даволі радыкальны твор. А яшчэ — усім супрацоўнікам, што нас натхнялі, і тым, хто дапамагаў і падтрымліваў. Без вас «Шлях» стаўся б немагчымым!

Павел ВАЙНІЦКІ
Алена ЗЛАТКАВІЧ