Юлія Назарава

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Цягам дзесяцігоддзяў дакументаванне штодзённасці заставалася адной з вядучых фатаграфічных практык, знаходзячы сваё ўвасабленне ў аматарскіх сямейных альбомах.

Аднак штодзённасць як момант рэфлексіі займае сёння асаблівае месца ў творчасці не толькі фатографаў-аматараў. Сям’я — як стымул філасофскага візуальнага дыскурсу, дзеці — як люстэрка, якое паказвае позірк Іншага, што ўважліва ўглядаецца ў цябе: простыя тэмы, якія ляжаць на паверхні «пены дзён», пачынаюць падавацца ў новых ракурсах, а асобасны фатаграфічны матэрыял выкарыстоўваецца для фармулёўкі пытанняў высокага ўзроўню абстракцыі.

У апошнія гады, на думку заснавальніка прэстыжнага французскага фотаагенцтва «VU» Крысціяна Кажоля, сталенне знаходзіцца сярод самых папулярных тэм актуальных візуальных даследаванняў, дзе ў якасці матэрыялу для назірання і пераасэнсавання аўтары часта звяртаюцца да працы з уласнымі дзецьмі. Напрыклад, французскі фатограф Кладзін Дары ў большай ступені цікавіцца працэсуальнай прыродай сталення і ставіць перад сабой задачу прасачыць змены ў вобразе дачкі Сашы. А Шарлота Тангуі бачыць свайго сына адзін раз на два тыдні, таму спрабуе выкарыстоўваць «падказкі», якія ён пакідае, як паведамленні, што маюць патрэбу ў расшыфроўцы. Праз яго малюнкі, забытыя рэчы, вырабы з каштанаў або паперы Тангуі ўзнаўляе далікатны дзіцячы погляд на навакольны свет.

У нашай фатаграфіі з пераасэнсаваннем тэмы дзяцінства працуе Юлія Назарава, чый партрэт з серыі «Варварыны казкі» ў 2013 годзе трапіў у шорт-ліст канадскага конкурсу «FotoFilmic» і сярод 30 работ іншых фіналістаў быў паказаны на выставе ў Ванкуверы. А рэдактар беларускага інтэрнэт-часопіса «Imbalance» Аляксандра Салдатава змясціла яго на вокладку трэцяга выпуску, прысвечанага тэме «Людзі».

На фотаздымку мы бачым дзяўчынку, вочы якой (па сутнасці, асноўны канал любых чалавечых узаемадачыненняў са светам і людзьмі) прыкрытыя фрагментам маскі з намаляванымі на ёй вачыма дарослага. Гэта партрэт без партрэта ці нават двайны, складовы партрэт. Ён фіксуе два светы, што ўступаюць у канфлікт: дзяцінства і зададзенага звонку — з дапамогай навязвання погляду Іншага, які можа разглядацца ў некалькіх плоскасцях. Гэта погляд маці, аднаго з бацькоў, што ажыццяўляе пастаянны кантроль над сваім дзіцем, дае яму/ёй пастаянныя гатовыя адказы на пытанні і тым самым праецыруе сваё, дарослае бачанне свету. З іншага боку, гэта культурна і сацыяльна абумоўлены погляд, які фарміруе пэўныя чаканні адносна дзіцяці, прымушае яго/яе несвядома параўноўваць сябе з зададзенымі стэрэатыпамі, перажываючы фрустрацыю праз немагчымасць заставацца самім сабой, мець права на натуральны погляд, які адпавядае ўласнай прыродзе.

Цікавы і той факт, што вочы, якія закрываюць твар дзяўчынкі, уяўляюць сабой позірк менавіта дарослай жанчыны: густа нанесеныя цені і падоўжаныя вейкі — макіяж дзяўчыны ці маладой жанчыны. Выбар маскі такога роду можна растлумачыць «дарослымі» патрабаваннямі, якія прад’яўляе да дзяцей сучаснае грамадства. У іх сапраўды застаецца ўсё менш бесклапотнага дзяцінства, пра якое настальгічна згадвае пакаленне трыццацігадовых. Масмедыя з шырокім размахам пачынае выкарыстоўваць дзяцей як мэтавую аўдыторыю спажыўцоў дарослых вобразаў, а ў цэнтр штучна створанага дзіцячага сусвету змяшчаецца ідэальная прынцэса, акружаная дарагімі атрыбутамі, што запаўняюць поласці яе страчанай індывідуальнасці. А свет утульных буданоў за бабуліным домам і немудрагелістых кійкоў-конікаў застаецца згубленым сярод недарэчных архаізмаў. Мы пільна ўглядаемся ў здымак маленькай Вары і міжволі хочам убачыць яе сапраўдны погляд — яе нерасказаную казку.

Вольга БУБІЧ