У.Тоўсцік. Пецярбургская прэм`ера. 1913 год. |
27 студзеня 1913 года першая сцэнічная версія «Паўлінкі» была прадстаўлена ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. Сярод гледачоў быў і аўтар, якога публіка выклікала на сцэну, дзе яму ўручылі падарунак -- залаты гадзіннік з надпісам: «Аўтару «Паўлінкі», віленскія беларусы, 27 студзеня 1913 г.» А літаральна праз некалькі дзён -- 9 лютага -- адбыўся другі, пецярбургскі, паказ камедыі, пастаўлены Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў Санкт-Пецярбургскага універсітэта. Пастаноўка беларускамоўнай п`есы цалкам адпавядала мэтам гуртка -- навуковаму азнаямленню з духоўным (мова, літаратура, народная славеснасць) і грамадскім (этнаграфія, статыстыка, народная гаспадарка) жыццём Беларусі.
Выканаўца ролі Паўлінкі -- Паўліна Мядзёлка -- у сваіх успамінах згадвае гісторыю гэтай пастаноўкі: «Апошняя генеральная рэпетыцыя адбылася ў касцюмах і грыме. Цяжка было здабыць андаракі і гарсэцікі для дзяўчат, нагавіцы і верхнюю вопратку для хлопцаў. Пра гэта загадзя падумалі: мабілізавалі ўсе свае сілы. Жанчыны дашывалі кашулі і фартушкі, сабралі сёе-тое сярод рабочых-беларусаў, частку даслалі з вёсак». Янка Купала прысутнічаў на ўсіх рэпетыцыях, дапамагаў студэнтам, тлумачыў характар персанажаў.
Спектакль адбыўся ў клубе «Пальма», і ўсе білеты былі раскуплены задоўга да прэм`еры. Дваццатага лютага на старонках газеты «Наша ніва» быў надрукаваны водгук паэта Алеся Гурло, дзе ён падкрэсліў, што камедыя была прынята гледачамі вельмі прыхільна. І дадаў: «Артысты блізка што ўсе сыгралі добра, а публіка біла ў ладкі не толькі ў канцы з`яў, але і ў часе некаторых мейсц ігры камедыі».
Яшчэ раз звернемся да непасрэднага ўдзельніка падзеі -- П.Мядзёлкі: «З-за куліс выводзяць Купалу. Ён бярэ мяне за руку, падводзіць да рампы, і мы разам кланяемся. Студэнты ўрачыста падаюць яму гадзіннік з гравіраваным надпісам: «Бацьку «Паўлінкі» ад беларускіх студэнтаў». А Купала падносіць мне два яшчэ зусім новенькія, толькі што з-пад машыны экземпляры «Паўлінкі».
Менавіта гэты -- заключны -- момант зацікавіў Уладзіміра Тоўсціка сваёй выразнай драматургічнасцю. На карціне «Пецярбургская прэм`ера. 1913 год» асабліва звяртаюць на сябе ўвагу дзве постаці -- удзячны публіцы Янка Купала і галоўная гераіня яго п`есы. Вобраз маладога Песняра паўстае як псіхалагічны, па-мастацку маляўнічы сімвал творчасці, а ўсхваляваная Паўлінка, што з кветкамі ў руках стаіць побач, нібы ўвасабляе сабой маладую Беларусь. І гэта спалучэнне канкрэтных вобразаў з элементамі сімволікі з`яўляецца адметнай рысай твора, як і падкрэсленая выпісанасць постацей і дэталей.
Менавіта такой была пецярбургская прэм`ера камедыі «Паўлінка», якая з таго часу карыстаецца вялікім поспехам у гледачоў, не сыходзіць са сцэн тэатраў многіх краін, служыць творчым імпульсам і невычэрпнай крыніцай натхнення для стварэння новых твораў мастацтва.
Юлія ЗАГОРСКАЯ